Расійскія навацыі і беларускі вопыт

Роўна 15 гадоў назад, у чэрвені 1998 года, Выканаўчы Камітэт Саюза Беларусі і Расіі прыняў рашэнне аб стварэнні філіяла Расійскага дзяржаўнага сацыяльнага ўніверсітэта ў Мінску. І на сённяшні дзень гэта адзіная ўстанова адукацыі, створаная за кошт сродкаў бюджэту Саюзнай дзяржавы.
Усе гэтыя гады філіял вельмі актыўна развіваўся і спакваля з малюсенькай ВНУ ператварыўся ў сучасную ўстанову адукацыі, дзе вядзецца падрыхтоўка па самых запатрабаваных спецыяльнасцях, а колькасць студэнтаў узрасла ў 17,5 раза (у 1998 годзе было 125 студэнтаў, а цяпер — больш за 2200 ).
Пра тое, як развіваецца гэтая ўнікальная ўстанова адукацыі, нам расказаў дырэктар філіяла РДСУ ў Мінску, кандыдат эканамічных навук, дацэнт Сяргей Аляксандравіч Палятаеў.

— Зразумела, Сяргей Аляксандравіч, што першыя гады дзейнасці філіяла былі няпростымі: вы фарміравалі калектыў, будавалі свой дом, стваралі храм навукі і ведаў… Але сёння можна з упэўненасцю сказаць, што праект адбыўся: ваша ўстанова адукацыі атрымала прызнанне ў Беларусі. Скажыце, якія вынікі 15-гадовай работы падаюцца вам найбольш значнымі?
— Першы і самы галоўны вынік заключаецца ў тым, што філіял РДСУ ў Мінску, сапраўды, адбыўся. Але калі ўзгадаць самы пачатак, то відавочна, што гэта было б немагчыма без падтрымкі органаў Саюзнай дзяржавы і Парламенцкага сходу Беларусі і Расіі, рэктара-заснавальніка РДСУ акадэміка РАН Васіля Іванавіча Жукава. Наш філіял — гэта плён дзейнасці многіх людзей, і мы ім сёння за гэта вельмі ўдзячныя.
Калі казаць пра відавочныя вынікі, то, вядома, гэта вучэбна-матэрыяльная база філіяла. Мы стваралі яе на месцы разбуранага дзіцячага садка на працягу 10 гадоў (да 2004 года вучэбны працэс ажыццяўляўся на арэндаваных плошчах па ўсім Мінску). Будаўніцтва вялося на сродкі Саюзнай дзяржавы, а таксама за кошт грошай, якія мы зараблялі шляхам кантрактнага навучання студэнтаў. У выніку створана сучасная вучэбна-матэрыяльная база, якая не толькі дазваляе весці паўнавартасны адукацыйны працэс, але і дае адчуванне вышэйшай навучальнай установы.
Напрыклад, вучэбны комплекс філіяла РДСУ ў Мінску ўключае 2 лекцыйныя залы на 120 месцаў кожная, 20 вучэбных аўдыторый (12 з іх абсталяваны мультымедыйнымі сродкамі навучання), 3 камп’ютарныя класы, электронная чытальная зала, 112 камп’ютарных месцаў, аб’яднаных у лакальную вылічальную сетку з выхадам у інтэрнэт . Дзейнічаюць сацыяльна-псіхалагічная лабараторыя, аддзел інавацыйных адукацыйных тэхналогій, капіравальна-множальны цэнтр. Абсталяваны кабінеты сацыяльнай работы, псіхалогіі, юрыспрудэнцыі. Для правядзення заняткаў па фізічнай культуры і арганізацыі спартыўных секцый абсталяваны трэнажорная зала плош чай 200 кв.м., створаны ўмовы для заняткаў більярдам, тэнісам, спартыўнымі танцамі.
Вельмі важна, што нам удалося сфарміраваць прафесійны калектыў выкладчыкаў і супрацоўнікаў. Гэта доўгі працэс, бо калектывы не ствараюцца адразу, але цяпер мы ганарымся тым, што тры чвэрці прафесарска-выкладчыцкага складу маюць вучоныя ступені і званні. Акрамя таго, амаль 20% выкладчыкаў з ліку штатных работнікаў ажыццяўляюць падрыхтоўку доктарскіх і кандыдацкіх дысертацый па актуальных напрамках сацыяльнай гісторыі, сацыяльнай псіхалогіі, псіхалогіі сям’і і г.д.
Яшчэ адно безумоўнае дасягненне — гэта стварэнне сапраўднага студэнцкага асяроддзя. У філіяле функцыянуюць не толькі грамадскія аб’яднанні і арганізацыі, якія існуюць у Беларусі, але і расійскія арганізацыі, напрыклад, Студэнцкая сацыяльная акадэмія навук. Гэта дазваляе нашым студэнтам удзельнічаць у расійскіх алімпіядах, конкурсах, выставах і займаць там высокія месцы. Такім чынам, у студэнтаў ёсць добрая матывацыя да навучання, а гэта самы галоўны здабытак, які вельмі шануецца ў вышэйшай школе.

— Філіял РДСУ ў Мінску ствараўся і ў першыя гады фінансаваўся за кошт сродкаў бюджэту Саюзнай дзяржавы. Потым такое фінансаванне было спынена. Як змянілася ў сувязі з гэтым сацыяльная накіраванасць дзейнасці філіяла?
— Сапраўды, Саюзная дзяржава дапамагла нам у цяжкі момант устаць на ногі, і мы за гэта вельмі ёй удзячныя. Аднак трэба прызнаць, што яна не абяцала карміць нас пастаянна. Зараз фінансаванне філіяла ажыццяўляецца за кошт федэральнага бюджэту Расійскай Федэрацыі і сродкаў галаўнога ўніверсітэта.
Што тычыцца менавіта навучання, то частка студэнтаў вучыцца ў нас на кантрактнай аснове. Але вельмі важна, што захавалася і бюджэтнае навучанне.

— Вядома, што адначасова з дзіцячым садком, дзе пасля рэканструкцыі размясціўся вучэбны корпус філіяла, у адным з мінскіх інтэрнатаў вам былі выдзелены месцы для пражывання студэнтаў. Раскажыце, Сяргей Аляксандравіч, ці хапае гэтых месцаў, каб рассяліць ўсіх, хто мае такую патрэбу?
— У мінулым годзе мы пасялілі ў інтэрнат ўсіх, хто меў неабходнасць, і ў нас няма незадаволеных з гэтай нагоды. Справа ў тым, што ўсе паўнамоцтвы па размеркаванні месцаў мы дэлегавалі Студэнцкаму савету і прафсаюзу. Грамадскія актывісты самі распрацавалі крытэрыі, якія дазваляюць студэнтам атрымаць месца ў інтэрнаце, напрыклад, аддаленасць ад Мінска, даход на аднаго члена сям’і і г.д. (Натуральна, выключнае права застаецца за тымі, хто па законе мае права на пазачарговае засяленне). У выніку з засяленнем у інтэрнат у нас усё зразумела і празрыста.

— Адна з пераваг работы філіяла РДСУ ў Мінску — ва ўмовах прыёму абітурыентаў. У той час як у Расіі і Беларусі ўступныя выпрабаванні праходзяць цэнтралізавана, ваш філіял праводзіць уласныя ўступныя выпрабаванні. Вельмі зручна для тых, хто “праспаў” ЦТ або ў апошні момант вырашыў змяніць профіль падрыхтоўкі…
— Ну, гэта хутчэй не перавага, а асаблівасць нашай дзейнасці. У Расіі ва ўстановы вышэйшай адукацыі прымаюць па выніках АДЭ, у Беларусі — па выніках ЦТ. І пры тым, што мы жывём у Саюзнай дзяржаве, з пункта гледжання прыёму ў расійскую ўстанову адукацыі беларускія грамадзяне з’яўляюцца замежнікамі і, адпаведна, здаюць уступныя выпрабаванні непасрэдна ў нас. Для многіх абітурыентаў гэта сапраўды зручна, тым больш, што ўступныя выпрабаванні на некаторыя напрамкі падрыхтоўкі адрозніваюцца ад тых, што прапаноўваюцца пры паступленні ў беларускія ўстановы адукацыі.

— Філіял РДСУ ў Мінску ўвесь час прапаноўвае беларускім абітурыентам нешта новае. Напрыклад, сёлета будзе ажыццяўляцца набор на напрамак падрыхтоўкі, якога няма ў беларускім класіфікатары. Раскажыце, калі ласка, пра гэта падрабязней.
— Сапраўды, Расія ўступіла ў Балонскі працэс, і мы перайшлі на двухузроўневую падрыхтоўку па сістэме “бакалаўр — магістр”. Гэта новая прапанова на беларускім адукацыйным рынку. Зараз мы рыхтуем магістраў па двух напрамках — “Сацыяльная работа” і “Псіхалогія”, бакалаўраў — па ўсіх напрамках, якія ёсць у філіяле.
Што да напрамку падрыхтоўкі “Канфлікталогія”, які мы адкрываем сёлета на ўзроўні бакалаўрыяту, то тут, у Беларусі, мы будзем піянерамі, хоць у Расіі ён ужо атрымаў развіццё. Гэта міждысцыплінарны напрамак, які ўключае ў сябе шмат псіхалогіі, а таксама кіраўніцкіх дысцыплін. Бакалаўр у галіне канфлікталогіі зможа правільна, абапіраючыся на сучасныя веды і тэхналогіі, вырашаць канфліктныя сітуацыі, якія ўзнікаюць паўсюль, дзе ёсць людзі і іх інтарэсы. Ён дапаможа ўзгадняць гэтыя інтарэсы не шляхам барацьбы і супрацьстаяння, а шляхам знаходжання ўзаемавыгадных рашэнняў.

— У апошнія гады сістэма сацыяльнай абароны і сацыяльнага абслугоўвання ў нашай краіне прыкметна ўдасканальвалася. Як вы думаеце, Сяргей Аляксандравіч, у якім напрамку будзе развівацца сацыяльная работа ў будучыні? І ў сувязі з гэтым якія тэндэнцыі ў падрыхтоўцы спецыялістаў для сацыяльнай галіны вы б маглі адзначыць?
— Трэба сказаць, што наша эканоміка, пры ўсіх агаворках, ужо стала рыначнай. А вось сацыяльная галіна шмат у чым засталася яшчэ савецкай: людзі прывыклі да таго, каб дзяржава ўвесь час іх апекавала. Вядома, з аднаго боку, яны хочуць свабоды, незалежнасці, самастойнасці, але з другога — не імкнуцца бра ць адказнасць за сваё жыццё ў свае рукі.
Сёння, калі параўнаць сталасць нашага грамадства са сталасцю чалавека, — гэта, безумоўна, юнацтва: калі гаворка ідзе аб правах, то я дарослы, а калі аб абавязках — я маленькі. Так і грамадства патрабуе рыначных адносін, але пры гэтым жадае, каб дзяржава вырашала ўсе нашы праблемы.
Я чытаю студэнтам курс сацыяльнай палітыкі і звычайна на першай лекцыі пытаюся ў іх, хто вінаваты, калі ў краіне маленькія зарплаты, маленькія пенсіі і г.д. І 17-гадовыя маладыя людзі хорам выкрыкваюць: “Го-су-дар-ство!”. Потым мы пачынаем разбірацца ў сутнасці сучаснай сацыяльнай палітыкі, калі кожны чалавек сам адказвае за свой дабрабыт, а дзяржава стварае для гэтага адпаведныя ўмовы і дапамагае ў выпадку цяжкіх жыццёвых сітуацый… Але я бачу, што нават маладым людзям цяжка ўсвядоміць неабходнасць браць адказнасць за сябе і сваю сям’ю ў свае рукі.
Для таго, каб у свядомасці грамадства адбыўся прарыў, трэба больш шырока выкарыстоўваць сучасныя тэхналогіі сацыяльнай работы. І вось для гэтага вельмі патрэбныя кваліфікаваныя спецыялісты.

— У мінскім філіяле РДСУ ёсць напрамак падрыхтоўкі “Юрыспрудэнцыя” (у Беларусі аналагічная спецыяльнасць называецца “Правазнаўства”), і, натуральна, усе вучэбныя праграмы пабудаваны на базе расійскага заканадаўства. Але ж вашы студэнты пераважна беларусы, якія потым прыходзяць працаваць на беларускі рынак. Як яны выкарыстоўваюць атрыманыя веды на практыцы?
— Па-першае, паміж расійскім і беларускім правам няма такіх прынцыповых адрозненняў, як, напрыклад, паміж еўрапейскім (кантынентальным) і англа-саксонскім правам прэцэдэнтаў. Наша права заснавана на традыцыйных еўрапейскіх прынцыпах і мае агульныя карані яшчэ з часоў Савецкага Саюза. Акрамя таго, нашы эканомікі і заканадаўчыя акты ў асноўным падобныя. Вядома, на занятках мы даём параўнальны аналіз расійскага і беларускага права, тым больш што ўсе выкладчыкі — беларусы.
Па-другое, і гэта самае галоўнае, кодэксы мяняюцца вельмі часта, але справа юрыста не ў тым, каб іх завучыць, а ў тым, каб зразумець дух права, логіку прававых адносін і выпрацаваць юрыдычную культуру і тэхніку. І калі ёсць гэты падмурак, юрыст можа выбіраць не толькі спецыялізацыю, але нават дзяржаву, дзе ён будзе працаваць.
У сувязі з гэтым навучанне па сістэме “бакалаўр — магістр” мае перавагу, бо малады чалавек, які атрымаў ступень бакалаўра права, можа больш свядома выбудоўваць сваю адукацыйную траекторыю. Першакурснікі, прыходзячы ва ўніверсітэт, увогуле дрэнна разумеюць, кім яны хочуць быць. Ужо ў працэсе вучобы ўзрастае матывацыя і з’яўляецца дакладнае ўсведамленне, у якім напрамку рухацца. Пазней выпускнікі выбіраюць магістарскую праграму, каб атрымаць спецыялізацыю ў больш вузкай галіне.

— Скажыце, Сяргей Аляксандравіч, ці лёгка філіялу расійскага ўніверсітэта знаходзіць базавыя арганізацыі для правядзення студэнцкіх практык у Беларусі?
— Мы ўжо напрацавалі добры вопыт і выдатна ўзаемадзейнічаем з многімі арганізацыямі. Так, першы дагавор аб супрацоўніцтве ў галіне практычнай падрыхтоўкі студэнтаў быў заключаны ў 1999 годзе з Мінскім гарадскім камітэтам па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва. Сёння такіх дагавораў ўжо больш за 300. Гэта арганізацыі рознай ведамаснай падпарадкаванасці, дзе студэнты набываюць прафесійныя ўменні, узаемадзейнічаюць са спецыялістамі, выконваюць прафесійныя даручэнні, распрацоўваюць і рэалізуюць студэнцкія інавацыйныя праекты.
Больш за тое, зараз мы стараемся прыцягваць практыкаў і да кіраўніцтва курсавымі і дыпломнымі праектамі. Справа ў тым, што да апошніх курсаў студэнты ўжо насычаюцца тэарэтычнымі ведамі і ім цікава мець зносіны з людзьмі, якія гэтыя веды ператвараюць у жыццё.

— З пераходам на двухузроўневую падрыхтоўку вашы выпускнікі атрымліваюць дыпломы не спецыялістаў, як у Беларусі, а бакалаўраў. У сувязі з гэтым ці няма ў іх праблем з працаўладкаваннем у нашай краіне?
— Існуюць ўзаемныя дамоўленасці паміж Расіяй і Беларуссю, і, натуральна, у нашых выпускнікоў няма ніякіх праблем з працаўладкаваннем. Яны знаходзяць працу самастойна, абавязковага размеркавання, як у беларускіх установах адукацыі, тут не прадугледжана.
Вядома, мы адсочваем лёс нашых выпускнікоў, ўзаемадзейнічаем з імі. Вельмі прыемна, што многія з іх зрабілі кар’еру ў сістэме сацыяльнай абароны: атрымаўшы спецыялізаваную адукацыю, яны два-тры гады адаптуюцца ў новым асяроддзі, а потым даволі хутка ідуць угору.
Прыемна, што многія нашы выпускнікі знаходзяць сябе ў бізнесе. Справа ў тым, што ў нас яны атрымліваюць добрую базу, якая дазваляе ім рэалізавацца практычна ў любой сферы. Хаця, зразумела, многае залежыць ад працавітасці кожнага канкрэтнага чалавека, абставін, стартавых умоў і г.д.

— Сур’ёзная праблема для беларускіх устаноў вышэйшай адукацыі — забеспячэнне вучэбнага працэсу сучаснай літаратурай: па-першае, дорага, а па-другое, неабходна праводзіць тэндар на закупку (пакуль правялі, патрэбныя кнігі ўжо зніклі з продажу). А як у вас вырашаецца пытанне камплектавання бібліятэкі?
— Мне падабаецца, што, калі гаворка заходзіць пра наш філіял, то многія перапытваюць: “А… гэта там, дзе добрая бібліятэка?!”.
Сёння бібліятэчны фонд філіяла налічвае больш як 65 тысяч экзэмпляраў. Прычым, згодна з расійскімі патрабаваннямі, якія мы абавязаны выконваць, падручнік па гуманітарным цыкле павінен выкарыстоўвацца 5 гадоў, а па агульнапрафесійным — 10 гадоў. Таму ўся літаратура ў бібліятэцы сучасная і актуальная.
Неад’емнай часткай навуковай калекцыі бібліятэчнага фонду з’яўляюцца беларускія і расійскія перыядычныя выданні. Падпіска на іх пастаянна ажыццяўляецца з 1999 года. Сёння бібліятэка мае перыядычныя выданні больш як ста найменняў.
Ёсць у філіяле і электронная бібліятэка, якая падключана да расійскіх, беларускіх і замежных баз. Напрыклад, можна падключацца да галаўнога ўніверсітэта ў Маскве і карыстацца яго рэсурсамі.
Бібліятэка абсталявана персанальнымі камп’ютарамі, якія ўваходзяць у лакальную вылічальную сетку філіяла. Карыстальнікі маю ць свабодны доступ да электронных вучэбна-метадычных комплексаў кафедраў, інфармацыйных рэсурсаў сеткі інтэрнэт, пры гэтым могуць працаваць у стандартных праграмах Microsoft для эфектыўнай падрыхтоўкі да семінарскіх заняткаў, залікаў і экзаменаў.

— Сяргей Аляксандравіч, раскажыце пра навукова-даследчую работу, якая праводзіцца ў Мінскім філіяле РДСУ. Усё ж такі менавіта навука робіць установу адукацыі ўніверсітэтам?..
— Навукова-даследчая работа — важны складнік дзейнасці нашага філіяла. Прычым маюцца на ўвазе не проста даследаванні самі па сабе, але і ўкараненне вынікаў, арганізацыйныя інавацыі, асваенне новых фінансавых інструментаў і адпаведнае мысленне. Сёння такія задачы ставяцца перад навуковымі калектывамі і ў Расіі, і ў Беларусі, таму істотна ўзрастаюць патрабаванні да даследаванняў. Хачу адзначыць, што наш прафесарска-выкладчыцкі склад удзельнічае ў навукова-даследчых работах і ў рамках беларускіх праграм, і ў складзе галаўнога ўніверсітэта.
Адным з моцных бакоў дзейнасці нашага філіяла з’яўляецца навуковая работа студэнтаў. У нас склалася цэласная сістэма прыцягнення студэнтаў у навуковую творчасць, пачынаючы з першага курса. З часам усё больш маладых людзей уключаюцца ў гэты працэс: рыхтуюць даклады для навуковых канферэнцый, распрацоўваюць курсавыя і навукова-даследчыя праекты, укараняюць іх у практыку. У выніку амаль 40% студэнтаў мінскага філіяла РДСУ з’яўляюцца ўдзельнікамі навукова-даследчай работы. Не выпадкова за апошнія тры гады больш як 45 студэнцкіх даследаванняў былі адзначаны прызавымі катэгорыямі на Рэспубліканскім конкурсе навукова-даследчых работ Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.
Мы разглядаем удзел студэнтаў у навукова-даследчай рабоце як найважнейшы спосаб развіцця творчага прафесійнага мыслення, цікавасці да прафесійнай дзейнасці з пункта гледжання навацый і адкрыццяў. І хай не ўсе з іх стануць навукоўцамі, але вопыт даследаванняў, атрыманы ў юнацтве, абавязкова спатрэбіцца ім у будучай кар’еры.

— Дзякуй, Сяргей Аляксандравіч, за гутарку.

 

Гутарыла Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.