Viva academia, або Як вывучыцца на Айбаліта?

Віцебская ордэна “Знак Пашаны” дзяржаўная акадэмія ветэрынарнай медыцыны — адзіная ў Беларусі ўстанова вышэйшай адукацыі, у сценах якой на працягу 90 гадоў набывалі і набываюць прафесійныя веды многія пакаленні ветэрынарных урачоў.

Сучасныя калегі добрага доктара ведаюць і ўмеюць значна больш за свайго знакамітага папярэдніка: ветэрынарная медыцына імкліва развіваецца. Сёння яна ператварылася ў адну з найважнейшых галін навукі і практычнай дзейнасці людзей, стала неад’емным атрыбутам сацыяльнага прагрэсу. І ў той жа час асновай ветэрынарнай прафесіі па-ранейшаму застаюцца дабрыня і міласэрнасць, гатоўнасць у любы час аказаць патрэбную дапамогу хворай ці параненай істоце.

На любы густ: выбірай, абітурыент

Структура акадэміі прадстаўлена 5 факультэтамі, заняткі на якіх забяспечваюць 28 кафедр, навукова-даследчым інстытутам прыкладной ветэрынарнай медыцыны і біятэхналогіі, аграрным каледжам і філіяламі.
На факультэце ветэрынарнай медыцыны праходзяць падрыхтоўку будучыя ўрачы ветэрынарнай медыцыны, прычым не толькі агульнага профілю, але і па спецыялізацыях: “Ветэрынарная бактэрыялогія і вірусалогія”, “Захворванні птушак”, “Ветэрынарная біяхімія”, “Захворванні дробных жывёл”, “Захворванні рыб і пчол”, “Захворванні свіней”, “Гінекалогія і біятэхналогія размнажэння жывёл”.
Біятэхналагічны факультэт ажыццяўляе падрыхтоўку па трох спецыяльнасцях: “Заатэхнія”, “Ветэрынарная санітарыя і экспертыза”, “Ветэрынарная фармацыя”. Сучасны зааінжынер павінен быць тэхнолагам вытворчасці, які забяспечвае атрыманне ад жывёл высокай прадукцыйнасці пры мінімальных выдатках на іх утрыманне. І, безумоўна, гэта спецыяліст, здольны арганізаваць вытворчасць і рэалізацыю прадукцыі жывёлагадоўлі. Факультэт рыхтуе зааінжынераў агульнага профілю і са спецыялізацыямі “Біятэхналогія і селекцыя”, “Тэхналогія пярвічнай перапрацоўкі прадукцыі жывёлагадоўлі”, “Птушкаводства”. Ветэрынарна-санітарныя ўрачы забяспечваюць кантроль якасці і бяспекі харчовых прадуктаў пры іх вытворчасці, захоўванні, экспарце і імпарце, нясуць адказнасць за санітарную ахову межаў краіны. Ветэрынарная фармацыя — перспектыўная галіна, якая займаецца пошукам, вырабам, стандартызацыяй, даследаваннем, захоўваннем і водпускам лекавых сродкаў, а таксама арганізацыяй лекавага забеспячэння.
На факультэце завочнага навучання ажыццяўляецца падрыхтоўка па спецыяльнасцях “Ветэрынарная медыцына” і “Заатэхнія”. Дарэчы, пры паступленні на гэты факультэт абітурыенты могуць на выбар прадастаўляць сертыфікаты ЦТ або здаваць экзамены ў акадэміі ці яе філіялах. Такіх філіялаў два — у Рэчыцы і Пінску.
На ўсіх трох факультэтах ёсць групы са скарочаным тэрмінам навучання па бесперапыннай інтэграванай сістэме прафесійнай адукацыі для выпускнікоў профільных устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі.
У акадэміі ёсць таксама факультэт даўніверсітэцкай падрыхтоўкі і факультэт павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў.

Адукацыя адпавядае міжнародным стандартам

— Адукацыйны працэс у акадэміі ажыццяўляецца на аснове новых адукацыйных стандартаў і тыпавых планаў трэцяга пакалення, які забяспечваюць каля 350 выкладчыкаў, у тым ліку 20 дактароў і 168 кандыдатаў навук, — адзначыў рэктар акадэміі, доктар ветэрынарных навук, прафесар, акадэмік Антон Ятусевіч. — Да правядзення заняткаў далучаюцца вучоныя навукова-даследчых інстытутаў, кіраўнікі і спецыялісты сельскагаспадарчых арганізацый нашай краіны і замежжа.
У чэрвені мінулага года быў праведзены чарговы інспекцыйны кантроль сістэмы менеджменту якасці, і па яго выніках атрымана пацвярджэнне адпаведнасці патрабаванням СТБ ISO 9001—2009, а ў снежні акадэмія паспяхова прайшла акрэдытацыю на адпаведнасць заяўленаму віду адукацыйнай дзейнасці. Таксама ў 2013 годзе на базе філіялаў кафедр створаны вучэбна-навуковыя вытворчыя комплексы па розных напрамках, прызначаны адказныя і арганізаваны рабочыя групы для падтрымкі сувязі паміж акадэміяй і профільнымі прадпрыемствамі.
Навуковыя даследаванні супрацоўнікаў арыентаваны на вырашэнне актуальных праблем сельскагаспадарчай вытворчасці краіны і рэгіёна. Значная іх частка выконваецца ў рамках дзяржаўных рэспубліканскіх і рэгіянальных навукова-тэхнічных праграм.
Працягваецца ўдасканаленне матэрыяльна-тэхнічнай базы кафедр і НДІ. Вялікую падтрымку ў гэтым плане аказвае Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі: толькі летась на набыццё новага навуковага абсталявання акадэміі было выдзелена больш за 1,5 млрд рублёў.
Пастаянна пашыраецца міжнароднае супрацоўніцтва акадэміі з прызнанымі за мяжой даследчымі цэнтрамі, ветэрынарнымі клінікамі, школамі і факультэтамі. Па дагаворах паміж Міністэрствам сельскай гаспадаркі і харчавання і Федэральным міністэрствам сельскай гаспадаркі Германіі студэнты акадэміі выязджаюць на замежную практыку па праграмах “Нямецкі сялянскі саюз”, “Баварскі сялянскі саюз”, “Дойла Нінбург”, “Апола”. Напрыклад, за мінулы год такую практыку прайшло больш за 200 чалавек. Дарэчы, прафесійную адукацыю ў акадэміі поруч з беларусамі набываюць грамадзяне 13 краін свету — гэта пераканаўчы доказ высокага рэйтынга акадэміі за мяжой.
Студэнты паспяхова займаюцца навукова-даследчай дзейнасцю па актуальных пытаннях ветэрынарыі, заатэхніі, біялогіі і эканомікі сельскагаспадарчай вытворчасці. Для гэтага ёсць усё неабходнае абсталяванне і ўмовы. Як паведаміў прарэктар акадэміі па навуковай рабоце, кандыдат ветэрынарных навук, дацэнт Аляксандр Бялко, тут працуюць 24 навуковыя лабараторыі пры кафедрах і навукова-даследчы інстытут.
Прадстаўнікі акадэміі актыўна ўдзельнічаюць у прафесійных і прадметных алімпіядах, конкурсах, канферэнцыях. Так, летась каманда студэнтаў заняла 1 месца на Міжнароднай алімпіядзе па хіміі, якая праходзіла на базе Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі.
Таленавітай і адоранай моладзі аказваецца ўсебаковая падтрымка: напрыклад, па выніках мінулага года імянныя стыпендыі атрымалі больш за 20 студэнтаў. Заўсёды вітаецца жаданне выпускнікоў працягваць адукацыю ў магістратуры, аспірантуры і дактарантуры. Зараз у акадэміі вучыцца 25 аспірантаў дзённай (з іх 6 — замежныя грамадзяне) і 15 — завочнай формы навучання, 2 дактаранты, 6 саіскальнікаў вучонай ступені доктара і 2 — кандыдаты навук.

Ёсць перспектывы!

Усім выпускнікам акадэміі гарантавана першае працоўнае месца. Спецыялісты ветэрынарнай медыцыны запатрабаваны як у сельскагаспадарчай вытворчасці, так і ў іншых галінах народнай гаспадаркі. Фактычна выпускнік, які прыходзіць на вытворчасць, адразу становіцца кіраўніком невялікага калектыву. Для мэтанакіраваных і працавітых адкрыты перспектывы кар’ернага росту — практычна ўсе галоўныя ветурачы раёнаў, абласцей атрымалі вышэйшую адукацыю ў віцебскай акадэміі ці філіялах. Акадэмія дала пуцёўку ў жыццё многім кіраўнікам сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, раённых, абласных і рэспубліканскіх органаў кіравання.
Найважнейшую ролю ў станаўленні будучага спецыяліста і выпускніка падчас вучобы ў акадэміі адыгрывае наладжаная сістэма выхаваўчай і ідэалагічнай работы, якая непасрэдна інтэгруецца з вучэбнай і навуковай дзейнасцю.
— Адзінства вучэбнага і выхаваўчага працэсу забяспечваюць куратары, — расказаў прарэктар акадэміі па выхаваўчай, інфармацыйнай рабоце, кандыдат ветэрынарных навук, дацэнт Віталь Веліканаў. — Першыя месяцы вучобы — гэта, вядома ж, адаптацыя. Варта асобна зазначыць: усе нашы першакурснікі, якім патрэбна жыллё, забяспечваюцца месцамі ў інтэрнаце, і вельмі зручна, што інтэрнаты знаходзяцца побач, на тэрыторыі студэнцкага гарадка. У інтэрнатах эфектыўна працуюць студэнцкія саветы і аператыўныя атрады, якія забяспечваюць ахову і падтрыманне парадку. Паступова першакурснікі прыстасоўваюцца да студэнцкага жыцця — і акадэмія дапамагае ім у гэтым, прапануючы шырокія магчымасці для самарэалізацыі.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота Аляксандра УЖГАРОДСКАГА.