Адчыніць дзверы ў будучыню

Які студэнт не марыць стаць запатрабаваным спецыялістам, майстрам сваёй справы, а ў перспектыве — кіраўніком прадпрыемства або ўстановы? Сёлетніх выпускнікоў універсітэтаў ад намераў да пачатку іх здзяйснення аддзяляюць лічаныя месяцы. Безумоўна, кожны з іх спадзяецца атрымаць цікавую работу і набыць заслужаную павагу калег, імкнецца да прафесійнага росту і матэрыяльнага дабрабыту. Аднак ці не завышаны гэтыя чаканні? Што патрабуецца, каб дыплом стаў добрай пуцёўкай у самастойнае жыццё?
Колькі людзей — столькі адказаў. Тым не менш рызыкну спаслацца на талстоўскі афарызм пра шчаслівыя лёсы: усе яны ў нечым падобныя. Алгарытм паспяховай падрыхтоўкі маладога спецыяліста таксама знаёмы: высокакваліфікаваныя выкладчыкі і трывалыя сувязі з галіновымі прадпрыемствамі, далучэнне да навукова-даследчай дзейнасці і гарманічнае развіццё творчых здольнасцей студэнтаў, выхаванне актыўнай грамадзянскай пазіцыі і здаровага ладу жыцця.Старшакурснікаў тых універсітэтаў, дзе эфектыўна дзейнічае такая сістэма, наймальнікі ўжо ведаюць пайменна, чакаюць да сябе ў калектыў і часам не на жарт за іх канкурыруюць. Ва ўсякім разе, такое часта здараецца са студэнтамі Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта.

Прыклад, што для ўсіх навука

На працягу дзесяцігоддзяў кафедры ВДТУ плённа супрацоўнічаюць з прамысловымі прадпрыемствамі — ад арганізацыі вытворчых практык, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі спецыялістаў да выканання навукова-даследчых і вопытна-канструктарскіх работ. На базавых прадпрыемствах працуюць філіялы кафедр. Фактычна ўніверсітэт з’яўляецца яркім прыкладам сучаснага вучэбна-навукова-вытворчага комплексу.
Навуцы надаецца выключнае значэнне: універсітэт удзельнічае ў выкананні дзяржаўных праграм навуковых даследаванняў. Многія распрацоўкі вучоных маюць унікальны характар, іх укараненне ў вытворчасць штогод дае шматмільённы эканамічны эфект.
Асаблівы гонар ВДТУ — дасканалая сістэма арганізацыі навукова-даследчай дзейнасці моладзі. Захапленне навукай мае сапраўды масавы характар: колькасць студэнтаў, якія займаюцца навукова-даследчай работай, набліжаецца да 90%. Як вынік — прадстаўнікі ўніверсітэта штогод перамагаюць і становяцца прызёрамі прэстыжных рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў і выстаў, канферэнцый і алімпіяд.
Універсітэт мае навукова-тэхналагічны парк, дзейнасць якога скіравана на камерцыялізацыю праектаў вучоных і студэнтаў і іх суправаджэнне ад рэалізацыі ідэі да ўкаранення ў вытворчасць.

Ад вынаходніцтва да ўкаранення

— Сёння рэальна арганізаваць бесперапынны адукацыйны працэс, дзе навучанне і вытворчасць будуць цесна ўзаемазвязаны, — лічыць загадчык кафедры аўтаматызацыі тэхналагічных працэсаў і вытворчасцей ВДТУ Андрэй Кузняцоў. — Асабліва гэта тычыцца ІТ-сферы — а мы якраз і займаемся распрацоўкай сучасных аўтаматызаваных сістэм аддаленага кіравання і кантролю стану прамысловых аб’ектаў. Нашы студэнты-старшакурснікі з’яўляюцца аўтарамі некалькіх арыгінальных праектаў, некаторыя з якіх прымяняюцца ў вытворчасці.
Напрыклад, аўтары аднаго з іх Аляксандр Астапенка і сёлетнія выпускнікі Ганна Шышакова і Сцяпан Лучанкоў задаліся мэтай удасканаліць работу цеплавых пунктаў і распрацавалі аўтаматызаваную сістэму аддаленага маніторынгу.
— На жаль, і ў наш час на большасці аб’ектаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі існуюць складанасці з абслугоўваннем цеплапунктаў, — расказвае Сцяпан Лучанкоў. — Размешчаны яны ў спецыяльных (найчасцей — падвальных) памяшканнях. Няма прыбораў індывідуальнага рэгулявання цяпла ў кватэрах — адсюль вядомая ўсім праблема: аднаму з жыхароў здаецца, нібыта батарэі занадта гарачыя — і ён выклікае інжынера кантролю вымяральных прыбораў і аўтаматыкі. Другі пасля рэгуліроўкі абураецца: “Холадна!” — і зноў інжынер прыязджае па выкліку, старанна падбірае аптымальны варыянт. А такіх спецыялістаў у адным Чыгуначным раёне Віцебска задзейнічана каля 20 чалавек. З дапамогай прапанаванай намі сістэмы можна будзе рэгуляваць гэтыя параметры на адлегласці, і неабходнасць ва ўтрыманні такога вялікага штату знікае, як і патрэба штодзень абыходзіць жылыя дамы і знімаць паказчыкі тэхналагічных параметраў — расход, тэмпературу, ціск і іншыя. Аўтаматызаваная сістэма з’яўляецца ўніверсальным рашэннем не толькі для цеплалічыльнікаў і цеплапунктаў, але і для іншых аб’ектаў уліку і кантролю.
— Акрамя фіксацыі даных з цеплалічыльнікаў, мы прадугледзелі сістэму кантролю (супрацьпажарнага, а таксама за перыметрам аб’екта, накіраванага на прадухіленне несанкцыянаванага пранікнення), — дадае Ганна Шышакова. — Сістэмы аддаленага кантролю зараз пачынаюць распаўсюджвацца ў нашай краіне. Ёсць фірмы, якія прапаноўваюць гэтыя паслугі. Аднак яны досыць дарагія і патрабуюць уключэння параўнальна вялікай колькасці асобных модуляў, якія адказваюць за збор і перадачу даных. Наша сістэма ўніфікаваная і значна больш танная.
Трэба дадаць, што сёння згаданая сістэма ўстаноўлена і дзейнічае на прадпрыемствах жыллёва-камунальнай гаспадаркі Віцебска і Наваполацка.

Каб квітнела Беларусь

Сёння Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт ператвараецца ў своеасаблівы кансалідацыйны цэнтр для таленавітай моладзі рэгіёна.
— Калі абітурыент становіцца першакурснікам, мы заўсёды яму кажам, што наперадзе некалькі гадоў вучобы. Іх можна правесці па-рознаму: проста атрымаць спецыяльнасць або, акрамя таго, навучыцца чамусьці большаму, напрыклад, паралельна з вучобай атрымаць другую спецыяльнасць (у нас такія ўмовы ёсць), праявіць сябе ў навуцы, спорце, мастацкай самадзейнасці, — адзначыў рэктар ВДТУ Валерый Башметаў. — Мы, педагогі, заўсёды адчуваем адказнасць за арганізацыю гэтай работы і імкнёмся стварыць усе ўмовы для таго, каб малады чалавек мог праявіць сябе ў розных напрамках, не толькі ў вучобе. Бо важна падрыхтаваць не толькі спецыяліста па нейкай прафесіі, але і грамадзяніна.

Падрыхтавала Таццяна БОНДАРАВА.