Пра філфак, студэнтаў і сесію…

Што такое філалогія і як яна звязана з юрыспрудэнцыяй? Чаму філолаг — гэта не толькі настаўнік у школе? Ці варта бацькам кантраляваць сваіх дзяцей-студэнтаў? На гэтыя пытанні мы знайшлі адказы на філалагічным факультэце БДУ.

Ці сталі студэнты больш прагматычнымі?
Як расказалі на факультэце, раней галоўнай мэтай было менавіта паступленне ў ВНУ і атрыманне адукацыі. Зараз абітурыентаў цікавіць тое, дзе яны будуць працаваць і колькі зарабляць.
“Не было такой прывязкі “работа — грошы”. Асабліва не задумваліся над гэтым”, — гаворыць дэкан філалагічнага факультэта Іван Сямёнавіч Роўда. Аднак ён папярэдзіў, што стрыгчы ўсіх пад адзін грэбень нельга.
Некаторыя студэнты ўсведамляюць, што добрыя веды дапамогуць знайсці ім добрую працу з добрым заробкам. Для іх гэта аксіёма. Таму практыцызм можа праявіцца менавіта ў здабыванні ведаў.

Што ёсць філалогія?
“У свой час акадэмік Ліхачоў пісаў, што філалогія — гэта найвышэйшая форма гуманітарнай адукацыі. Для недасведчаных людзей філолагі — людзі, звязаныя з мовай, з літаратурай. Аднак гэта і тэорыя мовы, і тэорыя літаратуры, і іх гісторыя. Па вялікім рахунку, гэта і аналіз тэксту, як сучаснага, так і гістарычнага. Такім чынам, самыя глыбокія гуманітарныя веды дае менавіта філалогія”, — адзначыў Іван Сямёнавіч.
Дэкан факультэта расказаў, як кіраўнік адной з фірм прыходзіў да яго па “добрага” студэнта. У якім сэнсе? Гэтаму чалавеку абсалютна не важнай была спецыяльнасць, на якой вучыўся студэнт. Яго цікавіў менавіта здольны і падрыхтаваны чалавек. Ён шукаў спецыяліста, які б працаваў з грамадскасцю, прадстаўляючы арганізацыю.

Філолаг і юрыспрудэнцыя: як яны ўзаемазвязаны?
“Не магу назваць ніводнай сферы гуманітарнай дзейнасці чалавека, дзе б не працавалі нашы выпускнікі. Абсалютна ўсюды працуюць. Уяўленне, што філолаг — гэта толькі настаўнік у школе, няправільнае. Гэта толькі адна з сотні прафесій, па якой працуюць нашы выпускнікі, — адзначыў Іван Сямёнавіч. — Натуральна, працуюць і ў сістэме адукацыі, і ў Міністэрстве замежных спраў, у Акадэміі навук, на радыё, тэлебачанні…”
Дэкан факультэта расказаў, што спецыялісты-філолагі працуюць і ў юрыдычнай сферы. Існуе ўпраўленне, якое займаецца аналізам самых розных тэкстаў, як вусных, так і пісьмовых. Робіцца гэта, каб дапамагчы раскрыць злачынства. Існуе нават напрамак — лінгвакрыміналістыка, па якім таксама працуюць выпускнікі факультэта.

Што помніцца з гадамі?
Праз факультэт праходзіць шмат студэнтаў. Многіх нават цяжка ўспомніць. І такіх большасць. Аднак ёсць асобы, якія запамінаюцца на ўсё жыццё. Як станоўча, так і са знакам “мінус”.
Дэкан узгадаў сваю былую студэнтку, цяперашнюю загадчыцу кафедры рыторыкі і методыкі выкладання мовы і літаратуры. Чым яна запомнілася?
“Нават зараз перад сабой бачу карціну: чытаю лекцыю, хаджу па аўдыторыі. Перад студэнткай ляжыць канспект. Увесь калярова размаляваны. Што гэта такое?” — успамінае Іван Сямёнавіч.
Канспект студэнткі складаўся з некалькіх частак. У асноўнай была запісана лекцыя. Збоку — месца для заўваг і аналізу тэксту. Галоўная думка, на што звярнуць увагу — усё было пазначана, усё выдзелена маркерам. “Гэта не проста канспект, не проста запіс лекцыі выкладчыка. Гэта глыбокі аналіз”, — патлумачыў Іван Сямёнавіч.
Дэкан факультэта расказаў, што ўжо з першых лекцый можна вызначыць, што сабой уяўляе студэнт: “Часцей за ўсё, лепшыя сядзяць за першымі партамі. Гляджу, як яны пішуць, задаюць пытанні. Амаль ніколі не памыляюся”.

Чым можа здзівіць студэнт?
“Часам прыходзяць студэнты, якія літаральна з першых дзён заняткаў на факультэце просяць прызначыць ім навуковага кіраўніка, бо хочуць займацца навукай”, — адзначыў Іван Сямёнавіч.
І.С.Роўда ўспомніў, як студэнт яшчэ толькі 2 курса прыйшоў да яго з падручнікам, які сам напісаў.
“У лабараторыі тэхнічных сродкаў факультэта працаваў наш выпускнік. Ён ствараў сайты, камп’ютарныя праграмы. Некаторыя выпускнікі філфака працуюць нават у Крэмніевай даліне. Гэта мяне цешыць”, — падзяліўся Іван Сямёнавіч.
Прыемна радуюць выкладчыкаў і студэнты, якія загадзя паспяваюць прачытаць матэрыял і ўжо па сутнасці задаюць пытанні на лекцыі.

Студэнт: што трэба ведаць?
“У яго павінны быць “двайныя” веды. Тыя, якія мы даём у аўдыторыі па спецыяльнасці, і жыццёвыя: як паводзіць сябе ў канкрэтнай сітуацыі, як наладжваць кантакт з людзьмі. Калі за 5 гадоў ён атрымае іх, то зможа пайсці ў самастойнае жыццё”, — упэўнены І.С.Роўда.
Дэкан факультэта папярэдзіў, што больш-менш самастойнае жыццё пасля школы пачынаецца толькі для тых, хто прыехаў у Мінск з рэгіёнаў. Больш прыстасаванымі да жыцця аказваюцца студэнты, якія пяць гадоў пражылі на адлегласці ад бацькі і маці.
“Не сакрэт, што ўсе хочуць застацца ў сталіцы. Аднак не так даўно ў нас быў выпускнік-мінчанін. Ён вельмі прасіў, каб мы размеркавалі яго куды заўгодна, толькі не ў Мінск. Усе члены камісіі былі здзіўлены. Студэнт хацеў жыць самастойна, не з бацькамі, каб праверыць, чаго ён сам варты ў жыцці”, — узгадаў Іван Сямёнавіч.

Цікавіцца дзецьмі-студэнтамі — не значыць іх кантраляваць
“Трэба цікавіцца, чым займаюцца дзеці, нягледзячы на тое, што яны студэнты. Гэта разумеюць, калі ўзнікае крытычная сітуацыя, калі справа даходзіць да адлічэння. Калі выклікаем бацькоў, яны звычайна рэагуюць так: “Як такое магло здарыцца?! У школе было ідэальнае дзіця. Што адбылося?!”
Чалавек прыехаў з перыферыі. У вялікім горадзе шмат чаго цікавага. Як кажуць, выходзіць за парог і пайшоў налева. Такое і з мінчанамі бывае. Так што трэба цікавіцца сваімі дзецьмі, часцей зазіраць у залікоўку”, — упэўнены І.С.Роўда.
Здараюцца часам і нестандартныя выпадкі. На факультэт патэлефанавала маці і вельмі прасіла, каб яе дачку “нагрузілі” больш. Звычайна ж наадварот. Скардзяцца на вялікую загружанасць.
Бывае, што і бацькі не надта зацікаўлены ў вучобе сваіх дзяцей. Дэкан узгадаў, як да яго прыйшла студэнтка, якую варта было б адлічыць. “Адразу было відаць, што яна замкнёная ў сабе. Потым яе як прарвала, яна расплакалася. З маці яны жылі ўдзвюх. І маці была настроена на тое, каб дачка не столькі вучылася, колькі зарабляла грошы. Сама ж студэнтка вельмі хацела вучыцца”, — успомніў Іван Сямёнавіч. Дэкан працягнуў ёй тэрмін здачы экзаменаў, і ў дзяўчыны ўсё атрымалася. Зараз яна ўжо скончыла ўніверсітэт.

Учарашняму выпускніку школы: рыхтаваць шпаргалкі карысна
Студэнту ўніверсітэта прадастаўляецца значна больш свабоды. Няма ўжо такога штодзённага кантролю з боку выкладчыка. Ці ўсё ты ведаеш — асабліва востра паўстае пытанне менавіта перад сесіяй. Калі запусціць матэрыял, хутчэй за ўсё, часу не хопіць, каб падрыхтавацца да залікаў і экзаменаў. Прывядзём некаторыя парады, якія даюць студэнтам выкладчыкі філалагічнага факультэта.
Па-першае, не варта поўнасцю запісваць усё, што гаворыць выкладчык. Трэба злавіць галоўную думку, вылучыць асноўныя факты. Пры канспектаванні дапамогуць скарачэнні (напрыклад, метад выключэння галосных пры вядзенні канспекта). Па-другое, шпаргалкі рыхтаваць карысна, упэўнены выкладчыкі, аднак пакідаць іх трэба дома. Сэнс падрыхтоўкі шпаргалак заключаецца ў сістэматызацыі ведаў.
Існуюць і розныя эфектыўныя спосабы паўтору матэрыялу перад экзаменам. Калі, напрыклад, да іспыту застаўся тыдзень, паўтараць матэрыял можна па наступнай схеме. Першы дзень — два паўтарэнні. Другі — адно. Трэці — нічога не паўтараць, можна адпачываць. Чацвёрты — адно. Пяты-шосты — ізноў пропуск. Сёмы — адно ці два. Як папярэдзілі на факультэце, пропускі — гэта не мёртвы час. Ён патрэбны для падсвядомага засваення матэрыялу.
Бывае, што часу зусім бракуе і трэба аўральна падрыхтавацца. Тады рэкамендуецца іншы рэжым: беглае паўтарэнне адразу пасля прачытання, потым праз 20 хвілін, потым — праз 8 гадзін і, нарэшце, праз 24 гадзіны. Эфект ад такога запамінання будзе дастаткова моцным, але не працяглым. Таму ўвесь час так рыхтавацца непажадана.

Электронныя перакладчыкі з вобласці фантастыкі?
Размаўляючы з дэканам філалагічнага факультэта, не магла не пацікавіцца, што ён думае пра электронныя перакладчыкі. Навукоўцы абя-цаюць стварыць ідэальную сістэму, якая заменіць жывых людзей.
“Пафантазіраваць на гэтую тэму можна. Магчыма, праз некаторы час такі перакладчык будзе створаны. Аднак, калі ўжо сёння мы будзем звяртацца толькі да камп’ютарнага перакладчыка, мову забудзем. Гэта будзе іншая граматыка, іншая лексіка. Гэта небяспечна распадам нормы, якая сёння існуе. Безумоўна, распрацоўшчыкі стараюцца зрабіць так, каб была і граматычна правільная сувязь слоў. Аднак далёка не заўсёды гэта атрымліваецца”, — расказаў Іван Сямёнавіч.
Сапраўды, сінонімаў шмат, аднак яны не заўсёды ўзаемазамяняльныя. Пра вобразнасць маўлення гаварыць ужо не даводзіцца. Менавіта ў такія моманты ўсведамляеш усю моц нашай мовы і важнасць паважлівага да яе стаўлення.

Святлана ШЫЯН.