СКБ для школьнікаў

Школьнікі прыходзяць сюды па суботах, студэнты — штодня. Студэнцкае канструктарскае бюро, створанае на фізіка-тэхнічным факультэце Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, аб’ядноўвае студэнтаў розных факультэтаў і школьнікаў горада.

Таццяна Чарняк вучыцца ў 10 класе 31-й гродзенскай школы. Адзнака па фізіцы — “дзясятка”. Дзяўчына не проста добра вучыцца. Пад кіраўніцтвам настаўніцы фізікі сваёй школы Алы Таркоўскай яна займаецца даследчай работай. Ала Анатольеўна ў свой час параіла таленавітай вучаніцы заняткі ў гуртку, а зараз для большай самарэалізацыі і знаёмства з новымі кірункамі даследаванняў — і ў студэнцкім канструктарскім бюро.
Аб тым, што заняткі ў СКБ дапамагаюць у вучобе і даследаваннях, сведчыць і такі факт: у маі Таццяна Чарняк будзе ўдзельнічаць у конкурсе навукова-тэхнічнай творчасці навучэнцаў Саюзнай дзяржавы “Таленты ХХІ стагоддзя”, дзе прадставіць даследаванне па рэсурсазберагальных тэхналогіях.
Дагэтуль на факультэце больш за дзесяць гадоў існаваў гурток “Прамысловая электроніка”, якім кіраваў энтузіяст сваёй справы інжынер Вячаслаў Назаркін. Творчы падыход і адказная праца, якой ён захапляў студэнтаў, стварылі ўмовы для далейшага развіцця гэтага напрамку студэнцкай творчасці — і ў мінулым годзе было створана студэнцкае канструктарскае бюро.
— Ставілася задача ўзняць на новы ўзровень правядзенне практычных заняткаў у галіне распрацоўкі і стварэння радыёэлектронных устройстваў, арганізацыю самастойнай работы студэнтаў па профільных дысцыплінах, курсавое і дыпломнае праектаванне, рэалізацыю навукова-даследчых праектаў, — расказвае старшы выкладчык кафедры электронікі і электратэхнікі Леанід Батура, які вядзе заняткі са студэнтамі і школьнікамі. — У СКБ займаюцца студэнты не толькі фізіка-тэхнічнага факультэта, але і ўсе, хто цікавіцца тэхнікай і канструяваннем, напрыклад, студэнты, якія вучацца на інжынерна-будаўнічым факультэце ці факультэце біялогіі і экалогіі. Бачым вялікую зацікаўленасць студэнтаў і школьнікаў у развіцці робататэхнікі. Паспрабуем гэтым таксама заняцца.
А пакуль члены СКБ займаюцца радыёэлектронікай і мікрапрацэсарнай тэхнікай, вывучаюць асновы праграмавання. Тут можна стварыць карысную прыкладную мадэль, напрыклад, блок забеспячэння ці люстру Чыжэўскага.
— Засвоіўшы многія прыкладныя навыкі, студэнты могуць зарабляць грошы, — гаворыць дырэктар вучэбна-навукова-вытворчага цэнтра “Тэхналаб” кіраўнік студэнцкага канструктарскага бюро Аляксандр Васілевіч. — Падчас тэхналагічнай практыкі яны выконваюць зборку лабараторнага і дэманстрацыйнага абсталявання для школ і ўстаноў вышэйшай адукацыі. Так, у мінулым годзе студэнты зарабілі па 6,5 млн рублёў.
Для вучня 8 класа сярэдняй школы № 31 Гродна Аляксея Свінціцкага гэта пакуль перспектыва. А сёння школьнік з цікавасцю займаецца ў студэнцкім канструктарскім бюро Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота Юрыя ІВАНЮКА.