Лепшыя ў веданні мовы, першыя ў навуцы

Сёння “Настаўніцкая газета” вырашыла завітаць на факультэт беларускай і рускай філалогіі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, каб пагутарыць з яго дэканам Васілём Дзянісавічам СТАРЫЧОНКАМ. Пытанняў набралася шмат — ад навучання да факультэцкіх конкурсаў, у якіх удзельнічаюць і школьнікі. Васіль Дзянісавіч, безумоўна, пагадзіўся на іх адказаць.

— Васіль Дзянісавіч, на факультэце беларускай і рускай філалогіі студэнты атрымліваюць класічную адукацыю. Аднак цяжка ўявіць, што час не ўносіць пэўныя карэктывы і класіка не зазнае змены. Што новага адбылося за апошнія гады на факультэце? Што робіцца зараз, каб адукацыя ішла ў нагу з сучаснымі патрабаваннямі?
— Сапраўды, вывучэнне беларускай ці рускай мовы, беларускай або рускай літаратуры — справа класічнай філалогіі. Аднак мы ні ў якім разе не адмяжоўваемся ад сучасных працэсаў. Таму факультэт і пайшоў па шляху інтэрнацыяналізацыі філалогіі. Так, была адкрыта спецыяльнасць “Руская мова і літаратура. Замежная мова (кітайская)”. Яшчэ раней — спецыяльнасць “Руская мова і літаратура. Замежная мова (італьянская)”, “Руская мова і літаратура. Замежная мова (англійская)”, “Беларуская мова і літаратура. Замежная мова (англійская)”.
Праўда, набор на такія спецыяльнасці, акрамя тых, дзе замежнай мовай з’яўляецца англійская, амаль “паштучны”: прыблізна пяць бюджэтных месцаў, астатнія — платныя. Упэўнены, што навучанне ў такіх невялікіх групах спрыяе больш якаснай падрыхтоўцы студэнтаў.

—Васіль Дзянісавіч, нягледзячы на такую, як вы кажаце, “паштучнасць”, усё роўна ўзнікае пытанне, ці можна за чатыры студэнцкія гады засвоіць кітайскую мову, сістэма якой кардынальна адрозніваецца ад нашай?
— Бясспрэчна, седзячы ў аўдыторыі, кітайскую мову вывучыць цяжка. Таму студэнты менавіта гэтай спецыяльнасці цэлы навучальны год вучацца ў Ланьчжоўскім універсітэце ў Кітаі. Там, як кажуць, яны дзень і ноч чуюць мову Паднябеснай, што, безумоўна, ім вельмі дапамагае.
Для таго каб мы залічылі нашым студэнтам дысцыпліны, якія яны праходзілі ў Кітаі, мы склалі аднолькавыя праграмы і планы навучання з Ланьчжоўскім універсітэтам. Сюды, напрыклад, уваходзіць вывучэнне граматыкі, маўлення, літаратуры, гісторыі, краіназнаўства.
Дарэчы, у гэтым годзе пройдзе першае размеркаванне студэнтаў, якія вучыліся па спецыяльнасці “Руская мова і літаратура. Замежная мова (кітайская)”. Ужо зараз кітайскую мову ўсё часцей прапаноўваюць у школах у якасці замежнай. Да таго ж, улічваючы развіццё адносін паміж Беларуссю і Кітаем, можна меркаваць, што да нас прыедзе шмат кітайскіх спецыялістаў. Таму людзі, якія ведаюць кітайскую мову, будуць запатрабаванымі.

— Нягледзячы на такую папулярнасць мовы і культуры Паднябеснай, упэўнена, што на факультэце ёсць месца і іншым краінам.
— Безумоўна. Адразу хочацца адзначыць наш куточак беларускасці — Цэнтр беларускай літаратуры імя Максіма Танка. Акрамя гэтага, у нас працуе Цэнтр азербайджанскай мовы і культуры, Цэнтр літуаністыкі, кабінет паланістыкі, Цэнтр ізраільскай культуры і вывучэння мовы іўрыт.
Так, у Цэнтры азербайджанскай мовы і культуры збіраецца азербайджанская дыяспара нашай краіны — як моладзь, так і людзі старэйшыя, ладзяцца святы, праводзяцца мерапрыемствы. У цэнтры таксама працуе школа па вывучэнні азербайджанскай мовы. Вельмі важна, што за некалькі тыдняў да таго, як гэты цэнтр расчыніў у нас дзверы, у Бакінскім славянскім універсітэце быў адкрыты Цэнтр беларускай мовы і культуры.
У гэтым рэчышчы не магу не сказаць пра беларуска-азербайджанскі слоўнік. Зараз ён знаходзіцца ў выдавецтве і ў хуткім часе будзе выдадзены. Над ім працавалі і нашы спецыялісты, і спецыялісты з Бакінскага славянскага ўніверсітэта. У планах — падрыхтоўка азербайджанска-беларускага слоўніка, а таксама беларуска-азербайджанскага і азербайджанска-беларускага размоўнікаў.
Знамянальна, што мы маем дазвол на адкрыццё спецыяльнасці “Руская мова і літаратура. Замежная мова (азербайджанская)”. Аднак пакуль вядзём толькі падрыхтоўчую работу.
Як я ўжо казаў, ёсць у нас і Цэнтр літуаністыкі. Да нас са сваімі лекцыямі прыязджаюць літоўскія выкладчыкі па гісторыі, мове, літаратуры. Такія сустэчы сталі ўжо традыцыйнымі.
Што да Цэнтра ізраільскай культуры і вывучэння мовы іўрыт, то ён быў адкрыты пры дапамозе Пасольства Ізраіля. Для ўсіх, хто мае жаданне, тут два разы на тыдзень праводзяцца заняткі па мове іўрыт.
Кожны цэнтр — гэта не толькі вывучэнне мовы і культуры. Яны дапамагаюць усталёўваць міжнацыянальныя сувязі. У будучым збіраемся адкрыць Цэнтр туркменскай культуры, бо ў БДПУ зараз навучаецца вялікая колькасць студэнтаў з Туркменістана.

— Васіль Дзянісавіч, ведаю, што на факультэце ладзяцца сустрэчы як з мэтрамі літаратуры, так і з маладымі талентамі. Ці карыстаюцца такія мерапрыемствы папулярнасцю сярод моладзі? Раней падобныя сустрэчы выклікалі сапраўдны ажыятаж.
— Літаральна на днях у нас прайшла сустрэча з Васілём Зуёнкам. У яго не проста бралі аўтографы, яму яшчэ трыццаць хвілін пасля сустрэчы задавалі пытанні. Студэнты цікавіліся многімі рэчамі. Гэта сустрэча запомніцца ім на ўсё жыццё.
Традыцыйна на факультэце праводзяцца сустрэчы з аўтарамі часопіса “Полымя”, вядомымі артыстамі, культуролагамі, навукоўцамі.

— Сярод выпускнікоў факультэта шмат знакамітых людзей. Напэўна, і зараз ёсць кім і чым ганарыцца.
— Многія нашы выпускнікі сталі бачнымі асобамі, асабліва тыя, якія працуюць на тэлебачанні. Аднак мы вельмі ганарымся тымі, хто пайшоў у навуку. У гэтым сэнсе наш факультэт вылучаецца сярод іншых факультэтаў універсітэта — менавіта ў нас найбольшая колькасць аспірантаў.

— Васіль Дзянісавіч, днямі на факультэце прайшла студэнцкая канферэнцыя. Якія тэмы зараз цікавяць маладых людзей?
— На факультэце дзейнічае 4 студэнцкія навуковыя лабараторыі: па пытаннях беларускай літаратуры, замежнай літаратуры, беларускага мовазнаўства і рускага мовазнаўства.
Кожная студэнцкая лабараторыя мае сваю тэматыку. Напрыклад, лабараторыю па беларускім мовазнаўстве цікавяць пытанні культуры маўлення. Лабараторыя замежнай літаратуры апошнім часам аналізуе амерыканскую літаратуру.
Канферэнцыя, пра якую вы гаворыце, была прысвечана сучаснаму мовазнаўству, літаратуразнаўству і культуралогіі. Разлічана яна як на студэнтаў, так і на школьнікаў з 6 па 10 клас. Дарэчы, школьнікаў было шмат.

— Навучэнцы школ з’яўляюцца частымі гасцямі вашага факультэта. Яны актыўна ўдзельнічаюць у конкурсах, якія праводзіць факультэт. Якія асабіста вам запомніліся больш за ўсё?
— Не магу не згадаць конкурс на лепшае сачыненне, прысвечанае настаўніку. Удзельнічалі ў ім ажно 168 чалавек, сярод якіх былі як школьнікі, так і студэнты. Вы толькі паслухайце (Васіль Дзянісавіч дастаў зборнік лепшых сачыненняў і зачытаў. — Заўв. аўт.): “Обаятельный, жизнерадостный, веселый, тактичный, он не только учил детей математике. Без преувеличения можно сказать, что учил жизни, готовил к тому, что может встретиться потом, после школы. И делал это как-то ненавязчиво, просто и легко… Казалось, не было такой задачи, даже самой трудной, с которой не справился бы наш учитель”. Так пра свайго настаўніка матэматыкі напісала вучаніца 10 класа школы № 139 Мінска Ганна Чалая.

— Можа, хутка пройдзе і яшчэ які-небудзь конкурс?
— Праз тыдзень, з 22 па 24 красавіка, у БДПУ будзе праходзіць конкурс чытальнікаў “Не гаснет памяти свеча”, прысвечаны 70-годдзю Вялікай Перамогі. Праводзіцца ён сярод школьнікаў дзявятых, дзясятых і адзінаццатых класаў. Ужо зараз заявак шмат, так што, думаю, удзельнікаў 200—250 будзе. Лепшыя выступленні мы запішам на відэакамеру і на іх аснове падрыхтуем фільм.

— Васіль Дзянісавіч, вялікі дзякуй за размову!

Святлана ШЫЯН.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.