З вышэйшага каледжа ў акадэмію: новыя магчымасці для курсантаў

У канцы зімы адукацыйную прастору нашай краіны ўскалыхнула навіна — колькасць акадэмій краіны павялічваецца. Было аб’яўлена, што на базе Мінскага дзяржаўнага вышэйшага авіяцыйнага каледжа ствараецца Беларуская дзяржаўная акадэмія авіяцыі. І ўжо сёлетнія выпускнікі атрымаюць дыплом аб заканчэнні акадэміі. 
Падзея выклікала вялікую цікавасць, як і вялікую колькасць пытанняў. Чаму ўзнікла неабходнасць пайсці на такі крок? Што дасць курсантам, якія там вучацца ці будуць вучыцца, пераўтварэнне каледжа ў новы тып навучальнай установы? Ці зменяцца патрабаванні да абітурыентаў? Адказы мы атрымалі ў прарэктара па вучэбнай рабоце Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі Сяргея Вячаслававіча СІЗІКАВА.

МАТУГА, вышэйшы каледж і акадэмія

“Карэнныя жыхары Мінска памятаюць і нават у размове цяперашнюю акадэмію часам называюць МАТУГАй, што расшыфроўваецца як Мінскае авіяцыйнае тэхнічнае вучылішча грамадзянскай авіяцыі”, — расказвае Сяргей Вячаслававіч.
Створана ўстанова адукацыі ў 1974 годзе. Праўда, вучыліся там толькі на тэхнікаў — спецыялістаў з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй, якія абслугоўвалі авіяцыйную тэхніку на зямлі. Авіяцыйных спецыялістаў вышэйшага ўзроўню для грамадзянскай авіяцыі ў нашай рэспубліцы пакуль не рыхтавалі. Інжынеры прыязджалі з Расіі, Украіны, Прыбалтыкі — адтуль, дзе былі адпаведныя інстытуты.
“Складанасць авіяцыйнай тэхнікі павышалася. З распадам СССР узнікла неабходнасць у падрыхтоўцы спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй і ў нас”, — расказвае С.В.Сізікаў.
Задача забяспечыць краіну авіяцыйнымі кадрамі з вышэйшай адукацыяй была ўскладзена на айчынную ўстанову адукацыі, дзе пачаў мяняцца і змест вучобы. Гэта дало падставы ў 2001 годзе стварыць Мінскі дзяржаўны вышэйшы авіяцыйны каледж, які і праіснаваў да нядаўняга часу.

Прафесары са сваіх выпускнікоў

Перад установай адукацыі час паставіў новыя задачы. І перш за ўсё задачу падрыхтоўкі ўласных авіяцыйных кадраў вышэйшай навуковай кваліфікацыі, гэта значыць спецыялістаў, якія б працавалі над кандыдацкімі і доктарскімі дысертацыямі па авіяцыйных спецыяльнасцях і якія б па меры неабходнасці змянілі старэйшае пакаленне на выкладчыцкіх пасадах.
Справа ў тым, што ў адпаведнасці з Кодэксам аб адукацыі вышэйшы каледж, нягледзячы на тое, што гэта ўстанова вышэйшай адукацыі, не павінен займацца навуковымі даследаваннямі. Таму, калі ў авіяцыйным каледжы і рыхтавалі навуковыя працы, то толькі па ўласнай ініцыятыве.
Вышэйшы каледж не мае магчымасці рыхтаваць спецыялістаў і на другой ступені вышэйшай адукацыі, г.зн. магістраў. Права на ўсё гэта дае статус акадэміі. Мінскі дзяржаўны вышэйшы авіяцыйны каледж выконваў многія патрабаванні да такога тыпу навучальнай установы, таму адпаведны загад аб пераўтварэнні ў акадэмію быў падпісаны ў канцы лютага гэтага года.
Беларуская дзяржаўная акадэмія авіяцыі ўжо атрымала пацвярджэнне ліцэнзіі на аказанне адукацыйных паслуг. Наперадзе чакае акрэдытацыя, да якой тут амаль падрыхтаваліся.
“Мы працуем над тым, каб змянілася не толькі шыльда, але і начынка. Зараз у новым штаце акадэміі ёсць навуковая вертыкаль, якую ўзначальвае прарэктар па навуковай рабоце”, — адзначыў Сяргей Вячаслававіч.
Статус акадэміі дазваляе мець як навукова-даследчыя падраздзяленні кшталту навукова-даследчых лабараторый, так і магістратуру і аспірантуру па авіяцыйных спецыяльнасцях.
“Вельмі цяжка знайсці прафесара з іншага ўніверсітэта для работы ў нашай акадэміі. Безумоўна, методыкай выкладання ён валодае, аднак тонкасцей, якія знаёмы авіяцыйнаму спецыялісту, ён не будзе ведаць. Таму нам самім трэба рыхтаваць выкладчыкаў, якія маюць авіяцыйную адукацыю і абаранілі дысертацыі па авіяцыйных спецыяльнасцях”, — адзначыў прарэктар па вучэбнай рабоце.
“Магістратуру мы можам адкрыць самастойна, паколькі яна з’яўляецца другой ступенню вышэйшай адукацыі. Зрабіць гэта мы плануем у 2016/2017 навучальным годзе. Каб адкрыць аспірантуру, неабходна будзе атрымаць дазвол Міністэрства адукацыі. Гэта не такая хуткая справа. Пры добрым раскладзе хадайнічаць аб адкрыцці аспірантуры мы можам у 2018/2019 навучальным годзе, пасля першага выпуску сваіх магістраў”, — патлумачыў Сяргей Вячаслававіч.

Што чакае абітурыентаў?

У бліжэйшыя тры гады падрыхтоўка авіяцыйных спецыялістаў будзе праходзіць па тых жа праграмах, па якіх працавалі ў Мінскім дзяржаўным вышэйшым авіяцыйным каледжы. Нагадаем, што раз у пяць гадоў адбываецца распрацоўка новых адукацыйных стандартаў, да якіх мяняюцца і кваліфікацыйныя патрабаванні. Дыктуе іх заказчык, гэта значыць авіяцыйныя прадпрыемствы нашай краіны, сярод якіх Белавія і Трансавіяэкспарт.
Пакуль змены не закранулі змест вучобы на першай ступені навучання, чаго нельга сказаць пра структуру навучальнай установы. Замест трох факультэтаў, якія былі ў каледжы, у акадэміі працуюць два факультэты і адзін інстытут: факультэт грамадзянскай авіяцыі, дзе рыхтуюць спецыялістаў па 6 спецыяльнасцях, ваенны факультэт, які выпускае авіяцыйных спецыялістаў для патрэб Міністэрства абароны і па заказе гэтага ведамства, і Інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі. Як і раней, у акадэміі таксама будуць рыхтаваць кадры з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй.
Што да спецыяльнасцей, то значных змен тут пакуль не будзе. Праўда, у акадэміі спадзяюцца, што з часам на факультэце грамадзянскай авіяцыі з’явіцца спецыяльнасць “Беспілотныя авіяцыйныя комплексы”, па якой ужо рыхтуюць курсантаў на ваенным факультэце.
“Пакуль грамадзянская авіяцыя заяў і заказаў на падрыхтоўку такіх кадраў для народнай гаспадаркі не дае. Аднак такіх спецыялістаў рыхтаваць мы здольныя, тым больш што гэтая спецыяльнасць перспектыўная”, — адзначыў Сяргей Вячаслававіч.
У гэтым годзе набор на бюджэтныя месцы ў акадэмію амаль не зменіцца ў параўнанні з наборам у вышэйшы каледж у мінулыя гады. Кантрольныя лічбы прыёму для акадэміі авіяцыі ўжо перазацверджаны.
Як і раней, набор будзе здзяйсняцца па выніках ЦТ. Суадносіцца бюджэтныя і платныя месцы будуць прыблізна 50/50. “Думаю, што статус не будзе з’яўляцца вызначальным у назначэнні платы за навучанне”, — адзначыў Сяргей Вячаслававіч.
Нагадаем, каб набыць вышэйшую адукацыю, вучыцца трэба будзе пяць гадоў, сярэднюю спецыяльную — тры гады. Атрыманыя кваліфікацыі будуць гучаць адпаведна “інжынер” і “тэхнік”. Атрымаўшы сярэдняю спецыяльную адукацыю, можна набыць і вышэйшую на скарочанай завочнай форме.
“Узровень, які дае наша навучальная ўстанова, дастатковы, каб чалавек, які атрымаў вышэйшую адукацыю, заняў пасаду начальніка аддзела альбо начальніка цэха на вытворчасці”, — расказаў Сяргей Вячаслававіч. —“Выпускаючы курсантаў у жыццё, мы даём ім метадалогію, навыкі асваення тых ведаў, якія ім яшчэ не знаёмы. Далейшае станаўленне іх як спецыялістаў, набыццё вопыту будзе залежаць ад іх саміх”, — удакладніў прарэктар па вучэбнай рабоце Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі.

Святлана ШЫЯН.
Фота прадастаўлена Беларускай дзяржаўнай акадэміяй авіяцыі.