Леанід Бялей: “Трэба слухаць людзей, абараняць іх і не забываць хваліць”

З абітурыенткамі 2015 года — выпускніцай Карэліцкай гімназіі Валерыяй Андрэйчык і выпускніцай гродзенскай сярэдняй школы № 32 Пелін Дзюндар — мы сустрэліся ў Гродзенскім дзяржаўным прафесійным тэхналагічным каледжы. Разам з мамамі — гэта ж вельмі адказны момант! — дзяўчаты падавалі дакументы ў прыёмную камісію ўстановы. Валерыя выбрала прафесію афіцыянта-бармена, а Пелін — кухара-кандытара.

Папаўненне

Дырэктар каледжа Леанід Іосіфавіч Бялей штодня знаёміцца з ходам прыёму дакументаў. І хоць на апошні дзень чэрвеня, за два тыдні ад пачатку ўступнай кампаніі, было пададзена каля 90 заяў і, здавалася б, вялікіх турбот пры такім яе ходзе быць не павінна, дырэктар трымае руку на пульсе. Пачынае работу з будучымі навучэнцамі ўжо ў гэтыя дні. Даведаўшыся, што Пелін скончыла акадэмію дзіцячай творчасці і мае мастацкія здольнасці, паведамляе, што навучэнцы каледжа атрымалі дыплом І ступені ў намінацыі “Музычны тэатр (агітбрыгада)” на Рэспубліканскім конкурсе “Арт-вакацыі”. Таму ў навучальнай установе дзяўчына будзе мець усе магчымасці для творчага развіцця. Белей в пріменой коміссіі(Сайт)
Падчас размовы з Валерыяй і яе мамай дырэктар расказвае пра ўмовы пражывання ў інтэрнаце і што ўжо 1 верасня дзяўчына пабывае ў Гродзенскім драматычным тэатры, бо менавіта ў гэтай установе праводзіцца традыцыйнае ўрачыстае мерапрыемства з нагоды пачатку новага навучальнага года.
Ведаць кожнага — ад навучэнца да выкладчыка, майстра вытворчага навучання, работніка сталовай і інтэрната — прынцыповая пазіцыя дырэктара тэхналагічнага каледжа. У гэты ж дзень у Леаніда Іосіфавіча адбылася гутарка з маладым майстрам вытворчага навучання, якая пачынае работу ў каледжы.
— У новым навучальным годзе ў нас пачынаюць прафесійную дзейнасць 4 маладыя спецыялісты: два выпускнікі Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта харчавання, ад зін выпускнік Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы і адзін — Віцебскага дзяржаўнага індустрыяльна-педагагічнага каледжа, — гаворыць Леанід Іосіфавіч. — Мы вельмі ўважліва ставімся да тых, хто прыходзіць да нас на работу, бо кадры і матэрыяльная база — аснова падрыхтоўкі добрага спецыяліста. Я нават не магу сказаць, што з гэтага паставіць на першае месца. А крытэрый падбору — працавітасць і маральныя якасці.
— У каледжы дзейнічае сістэма настаўніцтва, — працягвае Леанід Іосіфавіч. — Савет настаўнікаў узначальвае майстар вытворчага навучання Алена Журава. Кожны малады спецыяліст працуе разам з вопытнымі куратарам групы і майстрам вытворчага навучання. А яшчэ мы забяспечваем маладых супрацоўнікаў інтэрнатам, робім даплату ў памеры 20% да акладу.

Прынцып — мусе разамо

Па выніках мінулага года Гродзенскі дзяржаўны тэхналагічны каледж быў адзначаны граматай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь “За выніковую работу па забеспячэнні падрыхтоўкі кадраў у адпаведнасці з запатрабаваннямі арганізацый”. Такі поспех калектыву грунтуецца на многіх фактарах. Як гаворыць дырэктар, трэба кожны дзень рухацца наперад, думаць пра будучыню, ствараць такую атмасферу, каб кожны мог рэалізаваць сябе і ў рабоце, і ў вучобе.
Стварыць такі калектыў аднадумцаў было няпроста. Каледж утварыўся ў 2007 годзе з дзвюх устаноў — Гродзенскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа хімічнай прамысловасці і Гродзенскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага вучылішча № 225 гандлю. Гэта быў першы вопыт па аптымізацыі прафесійных устаноў адукацыі ў вобласці. Дзякуючы зладжанай і адказнай рабоце, “хвароб” росту не было. Хаця складанасцей і тады, і зараз хапае. Узяць хоць бы разнапланавы пералік прафесій: тут рыхтуюць работнікаў для хімічнай вытворчасці, для грамадскага харчавання і гандлю, а на завочнай форме — для лясной гаспадаркі краіны (па прафесіі ляснік).
Выслухаць кожнага, пачуць кожнага, скіраваць на прафесійны рост і ўдасканаленне — такога прынцыпу ў сваёй рабоце прытрымліваецца дырэктар. Кожны месяц на абмеркаванне пытанняў збіраюцца ўсім калектывам, гэта акрамя педагагічных і метадычных саветаў.
— Працуем у адкрытым фармаце, — падкрэслівае Л.І.Бялей. — Трэба слухаць людзей, абараняць іх і не забываць хваліць!

Майстэрства

Усе першыя месцы на абласным конкурсе прафесійнага майстэрства WorldSkills, які праводзіўся па трох прафесіях, занялі навучэнцы Гродзенскага тэхналагічнага каледжа. Яны прымуць удзел у рэспубліканскіх спаборніцтвах, а потым, магчыма, і ў міжнародных. Падрыхтоўка да іх будзе весціся з пачатку новага навучальнага года. Каб быць у трэндзе, намеснікі дырэктара Ірына Брушко і Зоя Хмаль з’ездзілі ў Казань і паназіралі, як праходзіць конкурс прафесійнага майстэрства WorldSkills СНД, якія патрабаванні, мода і тэндэнцыі існуюць у кулінарным і кандытарскім свеце.
— Так, існуе мода і ў такой, здавалася б, традыцыйнай галіне, як харчаванне, пастаянна адбываюцца змяненні, — гаворыць намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Ірына Юр’еўна Брушко. — Вось, напрыклад, вельмі папулярны сёння падыход да стравы як да мастацкага палатна. На талерцы ствараецца сапраўдная карціна. Гэта так званая арт-кулінарыя.
Вельмі важным Леанід Іосіфавіч лічыць і работу з заказчыкамі кадраў. У паспяховым супрацоўніцтве бачыць адзін з элементаў якаснай падрыхтоўкі выпускнікоў. Па-першае, у такой галіне, як грамадскае харчаванне, гандаль, сёння адбываюцца станоўчыя змены: з’яўляюцца новыя тэхналогіі, новае і часам вельмі дарагое абсталяванне. Таму ў базавых прадпрыемстваў можна шмат чаго падгледзець і выкарыстаць іх магчымасці ў вучэбным працэсе. Па-другое, заказчыкі кадраў таксама павінны бачыць сваіх заўтрашніх работнікаў.
— Вельмі прыемна было назіраць, як пасля заканчэння абласных спаборніцтваў прафесійнага майстэрства дырэктар гродзенскага “Кронан Парк Атэля” ўручыў нашым дзяўчатам Злаце Шпак, Вользе Шарубскай і Наталлі Занеўскай, якія сталі пераможцамі, букеты руж і падарункі, — расказвае Леанід Іосіфавіч. — У складзе журы конкурсу былі толькі прафесіяналы — дырэктары рэстаранаў, кіраўнікі гандлёвых арганізацый.
Дарэчы, апошнія чатыры гады ў каледжы 100-працэнтнае размеркаванне выпускнікоў. Летась конкурс па прафесіі кухар-кандытар” склаў 3,8 заявы на месца, прадавец — 2,5 заявы на месца.
Падгледзець сакрэты стараюцца і ў замежных калег. Для ўзаемаадносін шырока выкарыстоўваюцца магчымасці Skype, што дапамагае даведацца пра навінкі, абмяняцца метадычнымі напрацоўкамі з расійскімі калегамі з Калінінградскага каледжа сэрвісу і турызму і Таганрогскага тэхналагічнага тэхнікума харчавання і гандлю. Плануецца, што ў кастрычніку ў каледжы пабываюць госці з Калінінграда, потым адбудзецца візіт гродзенцаў у адказ.

Каб навучэнец быў гаспадаром

Матэрыяльна-тэхнічная база каледжа — гэта 24 вучэбныя кабінеты, 3 лабараторыі, 6 майстэрань, бібліятэка, а таксама вялікая актавая зала, спартыўны комплекс — спартыўная, трэнажорная залы, зала для заняткаў тэнісам, сталовая, буфет, музейны пакой. А яшчэ інтэрнат на 440 месцаў. І ўсюды парадак, утульнасць. Лабараторыі па чысціні можна параўнаць з аперацыйнымі.
— Як жа інакш: трэба паказваць навучэнцам стандарты, прывіваць адпаведныя адносіны да працы і маёмасці, — гаворыць Леанід Іосіфавіч. — У нас парадак не таму, што рамонты часта робім, а таму, што яго падтрымліваем.
І ўсё ж абнаўленне адбываецца ў каледжы пастаянна. Асобная гордасць дырэктара — камп’ютарныя класы і лінгафонныя кабінеты для заняткаў замежнай мовай, абсталяваныя па самых сучасных тэхналогіях. Выпускнікі працуюць на камп’ютарызаванай хімічнай вытворчасці, а валоданне замежнай мовай для работнікаў службы гандлю і сэрвісу сёння разглядаецца як абавязковая ўмова. Да новага навучальнага года 5 кабінетаў плануюць абсталяваць новай тэхнікай і забяспечыць усёй патрэбнай метадычнай літаратурай.
Метадычнаму забеспячэнню вучэбнага працэсу тут удзяляюць асаблівую ўвагу. Па выніках абласнога агляду-конкурсу на лепшую распрацоўку вучэбна-метадычнага комплексу толькі па спецыяльнасці “Грамадскае харчаванне” педагогі атрымалі чатыры дыпломы.
Зараз у каледжы пачынаецца работа па стварэнні рэсурснага цэнтра. Гэты праект, завяршэнне якога запаланавана да наступнага навучальнага года, увайшоў у абласную інавацыйную праграму.
З адкрыццём рэсурснага цэнтра ў каледжы звязваюць вялікія надзеі. Тут будуць створаны ўмовы для паляпшэння якасці падрыхтоўкі спецыялістаў. У складзе рэсурснага цэнтра — 2 лабараторыі, кандытарскі і кулінарны цэхі. Каледж зможа зарабляць дадатковыя сродкі за кошт выпуску і рэалізацыі прадукцыі (падчас вытворчай практыкі навучэнцы будуць удзельнічаць у вытворчым працэсе). На базе цэнтра арганізуюць і перападрыхтоўку кадраў рэгіёна.
Зрэшты, такая дзейнасць ажыццяўляецца і зараз. Толькі ў мінулым навучальным годзе ў каледжы прайшлі перападрыхтоўку і павысілі разрад з трэцяга на чацвёрты 170 кухараў са школ і дзіцячых садкоў Гродзеншчыны. Супрацоўнічае тэхналагічны каледж і з цэнтрам занятасці. Тут праходзяць навучанне кухары і прадаўцы. Гэта таксама прыносіць даход. За мінулы год ад пазабюджэтнай дзейнасці атрымана 3,2 мільярда рублёў.
І яшчэ адна лічба з невытворчай дзейнасці — звыш 80% навучэнцаў тэхналагічнага каледжа наведваюць розныя гурткі і спартыўныя секцыі. Гэта таксама дае свой плён: каманда каледжа стала пераможцай абласной спартакіяды сярод устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі; заняла 1-е месца ў абласным этапе Рэспубліканскага конкурсу сучаснай лічбавай творчасці навучэнцаў устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі “Арт-партал” у намінацыі “Відэакліп. Калектыўныя работы”; атрымала дыплом І ступені ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама за лепшую пастаноўку работы па развіцці дэкаратыўна-прыкладной творчасці сярод устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі. І з апошняга — 1-е месца ў чэмпіянаце вобласці па летнім мнагаборстве “Здароўе”.
За апошнія пяць гадоў без уважлівай прычыны з каледжа не выбыў ніводзін навучэнец.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.