Зрабіць грамадства больш зразумелым…

Па традыцыі ўрачыстая цырымонія пасвячэння першакурснікаў спецыяльнасці “Сацыялогія” ў студэнты ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы адбываецца 14 лістапада. Менавіта ў гэты дзень ва ўсім свеце адзначаецца Дзень сацыёлага.

У рамках святкавання дзён сацыялогіі ва ўніверсітэце арганізоўваюцца навуковыя семінары, сустрэчы з прадстаўнікамі арганізацый і прадпрыемстваў, заказчыкамі кадраў, выпуск газет і плакатаў, студэнцкі тэатралізаваны капуснік. Зрэшты, не толькі святы і капуснікі вызначаюць існасць падрыхтоўкі студэнта-сацыёлага. Каб стаць спецыялістам, трэба шмат вучыцца, займацца навуковай і даследчай дзейнасцю.
Падрыхтоўка па спецыяльнасці “Сацыялогія” ажыццяўляецца ў ГрДУ імя Янкі Купалы з 2002 года. У 2006 годзе створана кафедра сацыялогіі і спецыяльных сацыялагічных дысцыплін.
— На працягу апошніх гадоў захоўваецца стабільная цікавасць моладзі да сацыялагічнай адукацыі. У нас пастаянны конкурс 3 і больш чалавекі на месца, — гаворыць загадчык кафедры Наталля Казлоўская. — Падрыхтоўка спецыялістаў вядзецца ў трыадзінстве “вучоба — навука — практыка”. Такі падыход непасрэдна звязаны з сучасным разуменнем сацыёлага як даследчыка сацыяльных працэсаў, які валодае рознымі метадамі і тэхнікамі вывучэння з’яў і працэсаў у грамадстве; эксперта і аналітыка; выкладчыка сацыялогіі і сацыяльна-палітычных дысцыплін.
Тут стараюцца ўключыць як мага больш студэнтаў у навукова-даследчую дзейнасць і шукаюць новыя формы работы. З 2007 года на кафедры арганізоўваецца Рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя “Сацыялагічныя чытанні”. У 2016 годзе адбудуцца юбілейныя, 10-я, чытанні, прымеркаваныя да 10-годдзя кафедры. Канферэнцыя як пляцоўка для абмеркавання актуальных праблем развіцця сучаснага грамадства збірае студэнтаў, магістрантаў і аспірантаў устаноў адукацыі з усёй Беларусі. Тэматыка вельмі разнастайная. Усе выступленні аб’ядноўвае тое, што яны адлюстроўваюць найбольш вострыя праблемы сацыяльнага развіцця Беларусі і сусветнай супольнасці на пачатку ХХІ стагоддзя.
На кафедры працуе студэнцкі міждысцыплінарны семінар “Навуковае асяроддзе: даследчыя праекты студэнтаў-сацыёлагаў”. Лепшыя работы штогод падаюцца на Рэспубліканскі конкурс навуковых работ студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў і штогод адзначаюцца дыпломамі. Так, у 2015 годзе работа Рамана Шаўко “Субкультура металістаў як форма сацыякультурнага самасцвярджэння моладзі” адзначана дыпломам I ступені. У мінулым годзе за даследаванне “Феномен інтэрнэт-рэальнасці: стратэгіі асэнсавання і ўплыў на соцыум” Ілья Сульжыцкі ўдастоены звання лаўрэата конкурсу. Сёння Ілья працягвае навучанне ў магістратуры БДУ, аднак у будучыні плануе звязаць свой лёс з навуковай і выкладчыцкай дзейнасцю на роднай кафедры ў Гродзенскім універсітэце.
Сапраўднай пляцоўкай прафесійнага станаўлення з’яўляецца студэнцкая сацыялагічная лабараторыя. Напрамкі яе дзейнасці — правядзенне сацыялагічных даследаванняў па актуальных пытаннях жыццядзейнасці ўніверсітэта і яго структурных падраздзяленняў, а таксама па заказах устаноў і прадпрыемстваў Гродна і рэгіёна. У прыватнасці, праводзіліся даследаванні “Армія і ВНУ: ваенны факультэт ГрДУ імя Янкі Купалы ва ўяўленнях студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў Гродна”, “Імідж музея гісторыі ўніверсітэта: сацыялагічны аналіз уяўленняў супрацоўнікаў і студэнтаў ГрДУ імя Янкі Купалы”, “Адаптацыя студэнтаў-першакурснікаў спецыяльнасці “Гісторыя” да ўмоў універсітэцкага жыцця: сацыялагічны аналіз” і інш.
Вялікую ўвагу на факультэце гісторыі, камунікацыі і турызму, дзе ажыццяўляецца падрыхтоўка сацыёлагаў, удзяляюць рабоце са школьнікамі. Шукае сваіх абітурыентаў і кафедра сацыялогіі і спецыяльных сацыялагічных дысцыплін. Так, у мінулым навучальным годзе тут пачала працаваць школа “Займальная сацыялогія” для старшакласнікаў гродзенскіх школ. Кіруе школай Наталля Уладзіміраўна Казлоўская, а мадэратарамі на занятках выступаюць як выкладчыкі, так і студэнты, якія праявілі сябе ў навуковай дзейнасці.
Сёлета кафедра пры падтрымцы ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама ўпершыню арганізавала рэгіянальную алімпіяду па грамадазнаўстве сярод школьнікаў 9—11 класаў Гродна і Гродзенскай вобласці. Былі прадстаўлены 24 навукова-даследчыя праекты па актуальных праблемах развіцця сучаснага грамадства.
— Сацыялагічная адукацыя адкрывае перад моладдзю шырокія перспектывы прафесійнага і асобаснага росту, — лічыць Наталля Казлоўская. — Гэта выдатны інструмент, які спрыяе дасягненню поспеху практычна ў любой галіне: ад эканамічных і палітычных структур да сродкаў масавай інфармацыі і рэкламных агенцтваў. Сучасны спецыяліст у любой сферы дзейнасці мае патрэбу ў сацыялагічных ведах, якія забяспечваюць разуменне сутнасці сацыяльна-эканамічных з’яў і працэсаў, што адбываюцца ў сучасным свеце. Неяк пачула выказванне, што сацыёлагі адрозніваюцца ад журналістаў занудлівасцю, ад філосафаў — таварыскасцю, ад псіхолагаў — жыццярадаснасцю. Падзяляю гэтае сцвярджэнне. Лічу нашых студэнтаў самымі мэтанакіраванымі, крэатыўнымі, з развітым сацыялагічным уяўленнем і імкненнем зрабіць грамадства больш зразумелым.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.