Свет робатаў і псіхатэрапеўтаў

У зоне рызыкі — усе прафесіі, якія можна аўтаматызаваць

Адным з самых цікавых мерапрыемстваў, што праходзіла ў рамках навуковага фэсту “Карпарацыя ведаў”, стала панэльная дыскусія “Прафесіі будучыні”. Вучоныя, выкладчыкі ўніверсітэтаў, студэнты і школьнікі абмеркавалі тое, якім яны бачаць будучы свет, якія прафесіі будуць у трэндзе праз 25—50 гадоў, а якія загадаюць доўга жыць.

У дыскусіі прынялі ўдзел:
Мікалай ТУШЫН, загадчык кафедры ядзернай і радыяцыйнай бяспекі Міжнароднага дзяржаўнага экалагічнага інстытута імя А.Д.Сахарава БДУ;
Аляксандр АВЯЦЮК, студэнт факультэта камп’ютарных сістэм і сетак БДУІР;
Максім ПАТРУШАЎ, дырэктар біёлага-хімічнага інстытута Балтыйскага федэральнага ўніверсітэта імя Імануіла Канта (Расія);
Ягор ЗАДЗЯРЭЕЎ, вучоны сакратар Інстытута біяфізікі Сібірскага аддзялення Расійскай акадэміі навук;
Алег ФЕЯ, супрацоўнік лабараторыі камп’ютарнага дызайну матэрыялаў дзяржаўнага ўніверсітэта “МФТІ” (Расія);
Ілья ЖЫТКОЎ, дырэктар Інфармацыйнага цэнтра па атамнай энергіі горада Уладзіміра (Расія), мадэратар дыскусіі.

 

Прафесіі агляднай будучыні

Мікалай ТУШЫН:
— Сёння вялікі дэфіцыт на добрых хлопцаў і дзяўчат з фізіка-матэматычнымі мазгамі. Матэматыка, як вядома, каралева навук, фізіка дапамагае рэалізаваць усе інжынерныя дадаткі.
Разважаючы над прафесіямі будучыні, я буду зыходзіць у першую чаргу з патрэб сваёй кафедры. У нас ёсць дзве спецыяльнасці, якія супадаюць з тымі звышзадачамі, што вырашае наша дзяржава. Адна з іх — стварэнне Беларускай атамнай электрастанцыі. Калі першая працоўная змена, што кіруе атамным рэактарам, будзе скамплектавана з беларускіх спецыялістаў, мы скажам, што ў іх — прафесія будучыні. Акрамя таго, мы лічым вельмі перспектыўнай спецыяльнасць health-physics (медыцынскую фізіку), дзе шырока выкарыстоўваюцца ядзерныя тэхналогіі абследавання і лячэння. Мяркуецца, што яны дазволяць павялічыць працягласць жыцця чалавека як мінімум на 3—4 гады. Гэта таксама прафесія будучыні.
Безумоўна, неўзабаве з’явіцца маса новых прафесій на сутыкненні ядзерных тэхналогій, біятэхналогій, фізікі, матэматыкі, з’явіцца мноства цікавых дадаткаў, якія будуць працаваць і на наша здароўе, і на наш дабрабыт. Угадаць, што гэта за прафесіі, даволі складана, але яны будуць генерыравацца тымі прафесіяналамі, якія працуюць зараз.

Максім ПАТРУШАЎ:
— Адразу хачу ўступіць у дыскусію з паважаным калегам, які лічыць, што ў будучыні патрэбны будуць спецыялісты для абслугоўвання атамных электрастанцый. Я якраз лічу, што ў будучыні АЭС будуць кіравацца выключна аўтаматыкай. Там спатрэбіцца адзін чалавек, не больш.
Мне падаецца, што ў найбліжэйшыя дзесяцігоддзі з’явіцца попыт на людзей такой прафесіі, як нейрапілоты. Менавіта яны будуць кіраваць рознымі аватарамі — робатамі, якія стануць падпарадкоўвацца ўсім пажаданням чалавека.
Няма сумнення, што папулярнасць заваююць розныя прафесіі, звязаныя з біямедыцынай, напрыклад, малекулярны дыетолаг.
Акрамя таго, будуць запатрабаваны урбаэколагі. Насельніцтва гарадоў няўхільна расце, і сёння ў буйных гарадах багатых краін (я ведаю гэта, напрыклад, па Нью-Ёрку) ужо зараджаецца тэндэнцыя да самазабеспячэння. Гэта значыць, будуецца дом, які сам для сябе выпрацоўвае энергію, унутры яго, на даху і фасадах размяшчаюцца сады і агароды, дзе вырошчваюцца пэўныя расліны. Так адначасова вырашаюцца экалагічныя задачы і ствараецца прывабны для гарадскога вока выгляд. Спецыялісты, якія валодаюць архітэктурна-тэхнічнай адукацыяй і адукацыяй у галіне канструявання экасістэм, будуць вельмі запатрабаваны. Ды і проста канструктары экасістэм ніколі не застануцца без працы. Але, каб набыць такога роду прафесіі, патрэбны грунтоўныя веды ў галіне фізікі, матэматыкі, біялогіі і ўсяго прыродазнаўчанавуковага блока дысцыплін.
Сёння мы ўсе карыстаемся інтэрнэтам, але, па прагнозах Манчэстэрскага ўніверсітэта, Масачусецкага тэхналагічнага інстытута, праз дзесяцігоддзе з’явіцца новы глабальны WEB — так званы нейраінтэрнэт. Гэта значыць, што будуць распрацаваны новыя інтэрфейсы, якія змогуць перадаваць не толькі інфармацыю, але і эмоцыі чалавека. Нягледзячы на тое, што гучыць фантастычна, спецыялістам ужо зразумела, як гэта зрабіць, і адпаведныя тэхналогіі актыўна распрацоўваюцца.

Ягор ЗАДЗЯРЭЕЎ:
— Акрамя фізікі і біялогіі, пра якія згадвалі калегі, у ліку прафесій будучыні я назваў бы работу з вялікімі данымі (big data). Яна ўжо выходзіць на першы план, але з цягам часу будзе ўсё больш і больш запатрабаванай. Чалавецтва прыйшло да таго, што называецца глабальным кіраваннем — кіраваннем рэгіёнамі, экасістэмамі і г.д. У космасе зараз вялікая колькасць спадарожнікаў, якія здымаюць інфармацыю пра тое, што адбываецца на планеце. Разгортваюцца шматлікія наземныя станцыі, нашпігаваныя рознымі датчыкамі, якія таксама назапашваюць інфармацыю. Сёння ў кожнага ў кішэні — мабільны тэлефон, які можа даць пра нас самыя разнастайныя звесткі. Усё гэта трэба інтэграваць у праграмныя прадукты і выкарыстоўваць для рашэння розных задач. Таму з цягам часу будзе ўсё больш узрастаць попыт на спецыялістаў, здольных працаваць з вялікімі аб’ёмамі інфармацыі. І тут — зноў жа матэматыка, праграмаванне, пераход да нейранавукі. Праз 10—20 гадоў гэта будзе адзін з топавых напрамкаў.
Што да штучнага інтэлекту, які можа падпарадкаваць сабе чалавецтва (адказ на пытанне з залы Г.С.), то, па шчырасці, сёння няма ніякіх подступаў да яго стварэння. Калі казаць пра складаныя алгарытмы, экспертныя сістэмы і г.д., то ўсё гэта, безумоўна, ёсць і працуе. Але аўтаномнага ўтварэння, здольнага да мэтапастаноўкі, уласнага мыслення і эмацыянальнасці, нават аддалена супастаўляльнага з чалавечым мозгам, не існуе нават у распрацоўках. Або яно з’явіцца выпадкова, або (што найбольш верагодна) з’явіцца вельмі няхутка.

Алег ФЕЯ:
— Я працую ў лабараторыі камп’ютарнага дызайну матэрыялаў МФТІ, але гэта не азначае, што мы ствараем прыгожыя карцінкі. Мы займаемся стварэннем новых матэрыялаў — і гэта адназначна прафесія будучыні. Новыя матэрыялы з новымі зададзенымі ўласцівасцямі будуць патрэбны заўсёды.
Сённяшнія танныя 3D-прынтары, якія можна купіць, друкуюць розныя брындзікі для забавы. Але ўжо з’явіліся прылады, здольныя друкаваць чалавечыя косці і крывяносныя сасуды, а ў будучыні яны змогуць друкаваць складаныя чалавечыя органы, ежу і г.д. Не за гарамі той час, калі ў вас дома будзе стаяць 3D-прынтар, з дапамогай якога вы зможаце стварыць практычна любую рэч.

Прафесіі, якіх не стане

Алег ФЕЯ:
— У зоне рызыкі — усе прафесіі, якія можна аўтаматызаваць. Напрыклад, прафесія прадаўца. Пакупнік сам зможа ўзважыць тавар, паднесці яго да счытвальніка штрых-кода і расплаціцца карткай. Усе гэтыя дзеянні вельмі простыя, і ўжо зараз, нават у Маскве, ёсць магазіны, дзе колькасць прадаўцоў мінімальная, а шэраг працэсаў аўтаматызаваны.
У будучыні, хутчэй за ўсё, не будзе таксістаў. Ужо сёння ёсць аўтамабілі без вадзіцеляў, якія атрымліваюць усе звесткі пра дарожны рух і з’яўляюцца больш бяспечнымі, чым трыдыцыйныя аўто. Вядомы адзін выпадак аварыі беспілотнага гугламабіля — гэта было, калі ў яго ўрэзаўся вадзіцель-чалавек.
Эксперты даюць прагноз таго, што знікне нават прафесія эканаміста (47% рызыкі). Пры гэтым застануцца прафесіі, звязаныя з эмацыянальнай падтрымкай людзей, бо машыны пакуль што не могуць увайсці ў становішча іншага чалавека і праяўляць эмпатыю. Адна з самых нізкіх пагроз (усяго 2% рызыкі знікнення) — у прафесіі фітнес-трэнера.

Ягор ЗАДЗЯРЭЕЎ:
— Карацей, у будучыні будуць толькі робаты і псіхатэрапеўты?!

Максім ПАТРУШАЎ:
— Насамрэч, ніхто ніколі не заменіць настаўнікаў, выкладчыкаў універсітэтаў, акцёраў. Нягледзячы на тое, што сучасныя тэхналогіі дазваляюць маляваць фільмы і ёсць ужо нават балет робатаў, акцёры ўсё роўна застануцца.

Алег ФЕЯ:
— Я раю ўсім пачытаць выдатную кнігу Курта Вонегута “Механічнае піяніна”. Там апісаны свет, у якім усё рабатызавана і большасць людзей нічога не робіць. Вельмі цікавая кніга, хаця, на мой погляд, гэта антыўтопія, і ў свеце робатаў для кожнага чалавека знойдзецца справа.
Увогуле, маладым людзям, якія выбіраюць прафесію, важна зразумець, наколькі яна будзе запатрабаванай праз 5—6 гадоў, калі яны закончаць навучанне ва ўніверсітэце. Напрыклад, сёння я займаюся дызайнам матэрыялаў і выкарыстоўваю тыя алгарытмы, якія з’явіліся ў той год, калі я паступіў у МФТІ. Калі я выбіраў прафесію, нічога падобнага яшчэ не было, а літаральна за 6—7 гадоў гэта развілося ў магутную індустрыю, якая будзе ўплываць на будучыню.

Аб рабочых прафесіях

Дар’я КАСАВЕЦ, супрацоўнік Інфармацыйнага цэнтра атамнай энергетыкі (Расія):
— Я скончыла Вышэйшую школу эканомікі ў Маскве — гэта топавая расійская ВНУ. Але ў нейкі момант жыцця я зразумела: тата, які казаў, што калі я не паступлю ва ўстанову вышэйшай адукацыі, то пайду ў кулінарнае вучылішча і, прынамсі, навучуся гатаваць, па вялікім рахунку, меў рацыю. Калі я даведалася, наколькі запатрабаваныя шэф-кандытары і шэф-кухары і як шмат яны зарабляюць, то падумала, што гэта быў бы не самы горшы варыянт. Калі б пры гэтым я атрымала прафесію тэхнолага, якая для мяне была б ужо ў значнай ступені прыкладной, гэта была б выдатная адукацыя.
Сёння да нас прыехалі вельмі крутыя эксперты, якія расказваюць пра атамную галіну, нейранэт і г.д. Але ў мяне пытанне: а хто ж будзе вырошчваць і пячы хлеб, карміць усіх нейрабіёлагаў, атамшчыкаў і іншых канструктараў робатаў?..

Ягор ЗАДЗЯРЭЕЎ:
— Я проста не паспеў сказаць… Усё, што звязана з вытворчасцю прадуктаў харчавання, перспектыўна. Пры гэтым трэба разумець, што, напрыклад, ураджайнасць бульбы ў высокатэхналагічным працэсе можа быць 160 тон з гектара супраць 16 т/га пры звычайнай агратэхніцы. Таму без біятэхналогій у сельскай гаспадарцы будучыні таксама не абысціся.

Максім ПАТРУШАЎ:
— Хіба 50 гадоў назад можна было ўявіць, што машыны будуць гатаваць нам каву? Сёння кава-машыны стаяць паўсюдна, і ўжо з’явіліся аўтаматы, якія робяць выпечку. Яны і будуць пячы хлеб.
Ручная праца, безумоўна, застанецца, але гэта будзе штосьці эксклюзіўнае. Калегі тут казалі, што прыйдзе час, калі на дарогах не застанецца аўтамабіляў, якімі кіруюць людзі. Я думаю, хутчэй за ўсё ручное кіраванне аўтамабілем стане забавай, за якую трэба будзе плаціць вялікія грошы.
А квінтэсэнцыя развіцця цывілізацыі будзе заключацца ў тым, што чалавеку застанецца займацца толькі творчасцю, навукай і распрацоўкамі.
Вышэйшая адукацыя: мода ці прафесійная неабходнасць?

Максім ПАТРУШАЎ:

— Калі ласка, падыміце рукі ўсе, хто хоча атрымаць вышэйшую адукацыю.
(Лес рук, усе хочуць атрымаць.)
А навошта яна вам?
(У зале дружна гучаць адказы: “Атрымаць лепшую работу”, “Прэстыжна”, “Патрэбен дыплом”…)
Маладыя людзі, якія выпускаюцца са школы, у большасці сваёй ірвуцца паступіць у ВНУ і атрымаць гэтую самую вышэйшую адукацыю. Але пагадзіцеся, у многіх матывацыя — не ў самой адукацыі, а ў тым, каб атрымаць дыплом. І вось вы адвучыцеся 4—6 гадоў (у залежнасці ад спецыяльнасці), і што далей?
А давайце ўявім іншую сітуацыю. Малады чалавек замест таго, каб паступіць ва ўніверсітэт, ідзе вучнем да якога-небудзь прафесіянала, пагаджаецца 4 гады працаваць бясплатна, каб той навучыў яго таму, што ўмее сам.
(“А як даказаць потым, што я вучыўся ў майстра?” — гучыць пытанне з залы.)
Добрае пытанне. Зайдзіце ў інтэрнэт, і вы пабачыце, што сёння ёсць мноства магчымасцей для дыстанцыйнага навучання. Калі вам патрэбен дыплом — калі ласка, практычна любы ўніверсітэт свету прапаноўвае дыстанцыйныя праграмы.
Ва ўніверсітэт трэба ісці, калі вы хочаце займацца навукай — тут неабходны навыкі, што можа даць толькі пэўная супольнасць, якая лакалізуецца, як правіла, менавіта ва ўніверсітэтах і ў навукова-даследчых інстытутах. Калі ж вы не збіраецеся займацца навукай, то навошта вам марнаваць 4—5 гадоў? Моладзі гэты тэрмін не здаецца надта вялікім, але старэйшыя людзі разумеюць: гэта велізарны адрэзак жыцця. І наўрад ці варта траціць яго на тое, каб атрымаць нейкую “корку”.
Ведаеце, чым адрозніваецца вышэйшая адукацыя ад сярэдняй? Чалавек з сярэдняй адукацыяй павінен умець убудавацца ў існуючыя працэсы (тэхнічныя, тэхналагічныя і г.д.), а чалавек з вышэйшай адукацыяй павінен гэтыя працэсы ствараць.
Таму калі ў вас ёсць нястрымнае жаданне ствараць штосьці новае, ідзіце ва ўніверсітэт. Калі ж вы маеце нармальныя чалавечыя жаданні: хадзіць на працу, забяспечваць сям’ю, гадаваць дзяцей — то для гэтага вышэйшая адукацыя не патрэбна. Вы будзеце значна больш эфектыўнымі і лепш зарабляць, калі вы будзеце карыснымі.
Давайце гаварыць шчыра: у асноўных прыкладных сферах нашага жыцця ВНУ абсалютна бескарысныя. Там не вучаць навыкам выжывання ў сучасным свеце, уменню “круціцца” і знаходзіць выйсце з розных сітуацый.

Ілья ЖЫТКОЎ:
— Лічыцца, што чалавек з вышэйшай адукацыяй можа ў больш кароткі час перакваліфікавацца і атрымаць дадатковую ці нават новую адукацыю.

Максім ПАТРУШАЎ:
— Паверце мне як дырэктару інстытута вышэйшай навучальнай установы, гэта памылковае меркаванне.
Я гавару гэта ад імя ўстановы, якая ўваходзіць у лік 15 лепшых ВНУ Расіі. І ўсе гэтыя размовы, што ўніверсітэт павінен навучыць чалавека вучыцца, — поўная лухта. Універсітэт павінен выпусціць чалавека, які гатовы да рэальнай дзейнасці. Але сёння ніводзін універсітэт свету не паспявае за эканомікай. Любая сфера ўсё роўна наперадзе адукацыі. Так заўсёды было і будзе. Таму 10 разоў падумайце над уласным выбарам. Магчыма, вы будзеце на парадак больш эфектыўнымі, калі не пойдзеце ва ўстанову вышэйшай адукацыі, а станеце прафесіяналам у пэўнай сферы (хай нават і без дыплома) і будзеце запатрабаванымі.

Аб ролі настаўніка ў жыцці чалавека

Мікалай ТУШЫН:
— Асабіста я думаю, што, каб быць запатрабаваным і карысным, трэба знайсці свайго настаўніка. Універсітэт якраз і дае такую магчымасць. Ніводзін дыстанцыйны метад навучання яшчэ не сфарміраваў спецыяліста.

Ягор ЗАДЗЯРЭЕЎ:
— Некалькі гадоў назад Google рэалізоўваў вялікі праект, калі афрыканскіх школьнікаў забяспечылі планшэтамі і бясплатным доступам у інтэрнэт. Было спадзяванне, што гэта рэзка павысіць развіццё адпаведнага рэгіёна. Праз 5 гадоў было прызнана, што праект праваліўся, бо не было выяўлена ніякіх адрозненняў паміж школьнікамі, якія мелі гаджэты і бязмежны доступ у інтэрнэт, і тымі, хто гэтага не меў.
Дыстанцыйная адукацыя сапраўды дае велізарныя магчымасці, і многія мае знаёмыя атрымліваюць новыя кампетэнцыі ў Гарвардзе, Масачусецкім тэхналагічным інстытуце і г.д. Але гэта спрацоўвае толькі тады, калі ў чалавека ёсць адпаведная база і дакладнае разуменне таго, што менавіта яму патрэбна. Калі казаць пра дыстанцыйнае навучанне з нуля, то асабісты кантакт і наяўнасць настаўніка вельмі часта значна больш эфектыўныя.

Максім ПАТРУШАЎ:
— А як вы лічыце, хто з’яўляецца лепшым настаўнікам: універсітэт ці прадпрыемства рэальнага сектара эканомікі?

Ягор ЗАДЗЯРЭЕЎ:
— Сёння гэтыя межы размываюцца, бо ўніверсітэты рэалізоўваюць канкрэтныя праекты і робяць навуку на ўзроўні канкрэтных вытворчасцей. Таму лепшы настаўнік — чалавек, які займаецца справай, а дзе ён гэта ажыццяўляе (ва ўніверсітэце ці на вытворчасці) — ужо не так важна.
Што да жыццёвай траекторыі, то, напрыклад, у мяне — дзве вышэйшыя адукацыі, фізічная і гуманітарная. І ў розныя перыяды жыцця я рэалізоўваю праекты з розных сфер. Таму якой бы ні была ваша адукацыя, важна, каб вы заўсёды былі гатовы чамусьці вучыцца. Як толькі чалавек блакіруе ў сабе гатоўнасць даведацца нешта новае і пагаджацца з тым, што ён чагосьці не ведае, то ён спыняецца ў развіцці.

Дарожная карта будучыні

Ягор ЗАДЗЯРЭЕЎ:
— Тая ўніверсітэцкая мадэль, якая дайшла да нас амаль што з сярэдневякоўя (з факультэтамі і класічным прафесарскім выкладаннем), сёння практычна не працуе. Зараз ідзе пошук новых форм, такіх як сеткавыя ўніверсітэты, кансорцыумы, калі студэнту прапаноўваюць адзін курс прайсці ў адным універсітэце, другі — у другім, нейкія курсы — дыстанцыйна і г.д., і ён спрабуе, як мазаіку, з прапанаваных магчымасцей скласці сваю асабістую траекторыю.
Таму калі мы гаворым пра прафесіі будучыні, то павінны мець на ўвазе адукацыю будучыні, якая будзе вельмі моцна трансфармавацца ў найбліжэйшы час.

Максім ПАТРУШАЎ:
— Сапраўды, вышэйшая школа — даволі косная структура. Паступіўшы туды на стандартную адукацыйную праграму, вельмі складана атрымаць кампетэнцыі, якія спатрэбяцца праз 5—10 гадоў пасля атрымання дыплома. Таму зараз (я не ведаю, як у Беларусі, магу казаць толькі за Расію) універсітэты перабудоўваюцца. Аўдыторная нагрузка студэнтаў зводзіцца да мінімуму, бо ўсё, што расказваюць на лекцыях, можна пачытаць у інтэрнэце. Штатны прафесар універсітэта, як правіла, не працуе ў рэальным сектары эканомікі на рэальным прадпрыемстве, а значыць, інфармацыю ён таксама чэрпае з нейкіх крыніц. Кожны матываваны студэнт можа сам пачытаць гэтую інфармацыю.
Таму зараз мы пачалі актыўна рэалізоўваць два трэкі. З аднаго боку, ужо з 1 курса ўключаем студэнтаў у праектную дзейнасць. У выніку павінен з’явіцца пэўны прадукт — навуковы ці прыкладны. Калі студэнт не выдае такі прадукт, ён не дапускаецца да выніковай атэстацыі.
З другога боку, мы ведаем, што студэнт, калі нават ён асвойвае прафесійныя кампетэнцыі, часта не мае камунікатыўных навыкаў, што дазволіла б яму эфектыўна прасоўваць свой стартап, знайсці інвестараў і г.д. Таму мы ўзялі за аснову так званыя шматкарыстальніцкія стратэгіі (хто гуляе ў камп’ютарныя гульні, той ведае, што гэта). Студэнт атрымлівае заданні з рэальнага жыцця і выконвае іх. Напрыклад, яму трэба пайсці ў банк і атрымаць крэдыт. Вядома, у большасці выпадкаў ён атрымае адмову. Але студэнт будзе ведаць працэс, і ў наступны раз, калі будуць падставы для атрымання крэдыту, у яго будзе значна менш пытанняў. Або студэнту трэба ўключыцца ў пэўную стыпендыяльную праграму. Для гэтага яму неабходна прайсці цэлы шэраг інстанцый аж да рэктара. Вопыт? Несумненна.
Гэта ў нас пакуль эксперымент, але з наступнага года ўсе студэнты будуць так “мучыцца”. У першым трэку яны павінны даць штосьці фантазійна-прагнознае, што можа спатрэбіцца ў будучыні. У другім — рыхтавацца да рэальнага жыцця.

Прафесіі, запатрабаваныя ўжо сёння

Ягор ЗАДЗЯРЭЕЎ:
— Сёння мы шмат гаворым пра прафесіі будучыні, але моладзь павінны цікавіць перш за ўсё прафесіі сучаснасці, бо не так доўга вам трэба будзе вучыцца і даволі хутка вы пойдзеце працаваць.
Сёння ВНУ рыхтуюць мноства спецыялістаў, месца якіх у эканоміцы не зусім зразумелае. У той жа час у рэальным жыцці ёсць шэраг задач, рэалізоўваць якія няма каму. Напрыклад, у Расіі зараз ствараецца некалькі перадавых медыцынскіх цэнтраў, дзе будзе і сучасная тамаграфія, і пратонная медыцына, і ядзерныя тэхналогіі. І ніводная ВНУ не рыхтуе спецыялістаў, якія могуць працаваць на адпаведных прыборах, разумеюць і ядзерную фізіку, і медыцыну. Таму ў Сібірскі федэральны ўніверсітэт (Краснаярск), які я таксама прадстаўляю, звярнулася Федэральная медыка-біялагічная служба, створана спецыяльная праграма, і там будуць вучыцца людзі, пра якіх загадзя вядома, дзе яны будуць працаваць. Выпускнікі атрымаюць кампетэнцыі, якія не дае ні адна іншая ВНУ, — гэта замова заказчыкаў з рэальнага жыцця.
Гэтаксама прыходзяць прадстаўнікі сусветных ІТ-кампаній, якія заказваюць спецыялістаў з пэўным наборам кампетэнцый і расказваюць, як іх навучыць. Утвараюцца сапраўдныя кангламераты вытворцаў і ўніверсітэтаў, якія фарміруюць новыя вучэбныя праграмы і даюць запатрабаваныя прафесіі сённяшняга, а не ўчарашняга дня.

Мікалай ТУШЫН:
— Выбіраючы прафесію, маладым людзям трэба зыходзіць з таго, ці ёсць у іх жаданне вырашаць звышзадачы, ці ёсць у іх адпаведная падрыхтоўка для гэтага. Калі так, то, калі ласка, ва ўніверсітэт! Будучыня адкрыта для кожнага.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.