Моў шмат не бывае

Ганна Скалабан вучыцца на трэцім курсе перакладчыцкага факультэта МДЛУ. Сярод сваіх аднакурснікаў, ды што казаць, і сярод студэнтаў старшых курсаў вылучаецца тым, што паралельна вывучае 6 замежных моў, 3 з якіх — самастойна.

“Англійская, нямецкая, венгерская, украінская, сербская і албанская”, — пералічвае Ганна. На маё здзіўленне гаворыць, што англійскую мову ведае добра, а вось венгерскую і албанскую вывучаць толькі пачала.
“Зараз перакладаю англійскія класічныя творы на беларускую мову”, — у пацвярджэнне сваіх ведаў расказвае Ганна.
Разам з іншымі студэнтамі МДЛУ дзяўчына перакладае, напрыклад, на родную мову апавяданні Эдгара По. Некаторыя з іх у беларускім варыянце ўжо можна прачытаць у часопісе “Маладосць”.
“Паспрабаваць сябе ў гэтым нам параіла выкладчыца, што мы і зрабілі. Нам спадабалася”, — расказвае Ганна.
Нядзіўна, што англамоўныя творы “паддаліся” маладым перакладчыкам. Для Ганны англійская мова ва ўніверсітэце першая. Ды і школу яна скончыла з яе паглыбленым вывучэннем. Другой мовай, якую вывучае Ганна ва ўніверсітэце, стала нямецкая.
“Нягледзячы на тое, што вывучаю толькі другі год, дзякуючы нашым выкладчыкам разумею яе добра. Як пісьмовы тэкст, так і на слых. А вось над уласным вымаўленнем працаваць яшчэ трэба”, — гаворыць Ганна.
Што да венгерскай мовы, то Ганне пашчасціла. Не так даўно на факультэце адкрыўся бясплатны факультатыў. Заняткі праводзіць выкладчыца, якая родам з Венгрыі.
“Ужо на першых занятках мне спадабалася, як гучыць мова. Даспадобы і падыход выкладчыка”, — дзеліцца ўражаннямі Ганна.
Вывучэнне трох моў ва ўніверсітэце пакідае ўсё менш часу на вывучэнне, ужо самастойнае, сербскай, албанскай і ўкраінскай моў.
“Займаюся імі ў асноўным на канікулах. Аднак кожны дзень стараюся пачуць гаворку на гэтых мовах, хаця б у песнях, — гаворыць Ганна. — Дарэчы, жаданне ведаць сербскую і албанскую мовы пачалося якраз з песень, якія гучалі на “Еўрабачанні”.
Прагляд украінскага тэлеканала з дзяцінства навучыў разумець мову суседзяў, аднак не гаварыць на ёй. Уменне размаўляць прыйшло з часам, не без дапамогі ўкраінскіх сяброў.
“У інтэрнэце ёсць рэсурс пад назвай Conversation Exchange, якім карыстаюцца людзі з усяго свету. Пішуць аб сваіх захапленнях, аб тым, якімі мовамі свету валодаюць, на якім узроўні і якія хацелі б вывучаць. Многія сербы, напрыклад, хочуць ведаць рускую мову. Так у мяне з’явілася шмат знаёмых, якія дапамагаюць асвоіць мне сваю мову, а я ім — рускую”, — расказвае Ганна.
Зараз дзяўчына добра разумее сербскую мову. Ды і сама не разгубіцца, калі трэба адказаць.

Святлана ШЫЯН.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.