Вучыцца прымаць рашэнні і дзейнічаць

Інстытут бізнесу і менеджменту тэхналогій БДУ, які сёлета адзначыў сваё 20-годдзе, ад самага пачатку з’яўляецца ўнікальнай установай адукацыі з адметнай траекторыяй развіцця. У свой час ён стаў першай бізнес-школай у Беларусі і дагэтуль займае вядучае месца ў сваёй сферы. І калі многія ўстановы адукацыі пачыналіся з малога і толькі з цягам часу дарасталі да магістратуры, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі, то ў ІБМТ усё адбывалася інакш. Спачатку тут з’явілася магістратура (у тым ліку першая ў краіне магістарская праграма МВА на англійскай мове), былі запушчаны розныя праграмы павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў, і толькі потым — у 2004 годзе — пачаўся прыём студэнтаў на першую ступень вышэйшай адукацыі. Нядзіўна, што ўсе праграмы ІБМТ вызначаюцца моцным практычным складнікам і маюць трывалую сувязь з рэальнасцю.

Пра бізнес-адукацыю і яе запатрабаванасць на рынку працы мы гутарым з дырэктарам Інстытута бізнесу і менеджменту тэхналогій, доктарам фізіка-матэматычных навук, прафесарам У.У.АПАНАСОВІЧАМ. Дарэчы, Уладзімір Уладзіміравіч узначальвае інстытут з дня яго заснавання.

— Традыцыі бізнес-адукацыі ў нашай краіне закладзены параўнальна нядаўна (інстытуты народнай гаспадаркі і вышэйшыя партыйныя школы наўрад ці можна назваць прамымі папярэднікамі бізнес-адукацыі). І адна з галоўных роляў у стварэнні гэтых традыцый належыць Інстытуту бізнесу і менеджменту тэхналогій. Уладзімір Уладзіміравіч, раскажыце, як адбываўся гэты няпросты працэс — трансфармацыя ад адукацыі, што рыхтавала кадры для планавай эканомікі, да адукацыі, скіраванай на патрэбы свабоднага рынку?

— Уявіце 1995 год. Рыначная эканоміка ўрываецца ў наша жыццё і нашу свядомасць. Заканамерна ўзнікае пытанне аб тым, наколькі людзі гатовы працаваць ва ўмовах рынку і кіраваць новымі працэсамі. Зразумела, ніхто не быў да гэтага гатовы, і трэба было штосьці рабіць.

На Захадзе бізнес-адукацыя склалася гістарычна, у нас жа на працягу дзесяцігоддзяў была планавая эканоміка і адпаведная адукацыя. Трэба было ўсё мяняць, але на тое, каб распрацаваць штосьці сваё, у нас не было ні часу, ні рэсурсаў. У выніку было прынята рашэнне звярнуцца да заходняга вопыту і ствараць у нашай краіне бізнес-школу. Амерыканскі ўрад падтрымаў беларускую ініцыятыву і выдзеліў адпаведны грант, які выйграў Інстытут эканомікі пры ўніверсітэце Каларада (ЗША). Рэалізаваць праект было даручана Беларускаму дзяржаўнаму ўніверсітэту.

У нас былі два альтэрнатыўныя варыянты: ствараць бізнес-школу на базе эканамічных падраздзяленняў універсітэта або з самага пачатку. Пасля шматлікіх абмеркаванняў было прынята, я лічу, правільнае рашэнне — не прывязвацца да наяўных структур, а стварыць асобнае падраздзяленне. І пачалі мы з праграм магістарскай падрыхтоўкі.

Першы год у нас працавалі толькі амерыканскія выкладчыкі. Паралельна група нашых маладых выкладчыкаў была накіравана ў ЗША для праходжання адпаведнага навучання. І цэлых 6 гадоў мы рэалізоўвалі нашы адукацыйныя праграмы цалкам на англійскай мове. Па-першае, гэта было звязана з вялікай колькасцю запрошаных выкладчыкаў з-за мяжы. А па-другое, на той момант у Беларусі практычна не было падручнікаў — толькі англамоўная літаратура. Пазней, калі ўжо з’явіліся перакладныя падручнікі, мы адкрылі праграмы і на рускай мове.

Пры гэтым у нас па-ранейшаму запатрабавана англамоўная праграма МВА, якая рэалізоўваецца ў інстытуце ад пачатку яго работы. Акрамя таго, ёсць попыт на англамоўнае навучанне на першай ступені. Напрыклад, на спецыяльнасці “Бізнес-адміністраванне” ў англамоўнай групе вучыцца нават больш беларусаў, чым замежнікаў.

— Інстытут пачынаў сваю дзейнасць з праграм для дарослых, і сёння студэнты першай ступені складаюць палову ўсіх навучэнцаў інстытута. Другая палова — гэта магістранты і дыпламаваныя спецыялісты, якія праходзяць перападрыхтоўку і павышэнне кваліфікацыі. Скажыце, Уладзімір Уладзіміравіч, якія новыя, карысныя для сябе веды могуць атрымаць у інстытуце вопытныя бізнесмены, практыкі?

— Мы разумеем і не баімся браць на сябе адказнасць за тыя чаканні, з якімі прыходзяць да нас вопытныя спецыялісты. Многія з іх займаюцца бізнесам і спрабуюць адразу на практыцы прымяніць атрыманыя веды. Таму практычны складнік заўсёды прысутнічае ў аўдыторыі, і нашы слухачы вучацца не толькі ў выкладчыкаў, але і адно ў аднаго. Абмяркоўваючы праблемы сваіх прадпрыемстваў з аднагрупнікамі, яны разам шукаюць (і знаходзяць) патрэбныя рашэнні.

Мы бачым, як заўважна растуць нашы студэнты і магістранты. Акрамя таго, што яны павышаюць уласны прафесіяналізм, многія атрымліваюць хуткае павышэнне па службе, часта знаходзяць новую, больш цікавую работу. Іх патэнцыял істотна ўзрастае, і яны могуць паспрабаваць сябе ў больш маштабных праектах. Калі на нейкім прадпрыемстве яны не могуць рэалізаваць тыя інструменты, якія засвоілі ў нас, то прымаюць натуральнае рашэнне аб стварэнні ўласнага бізнесу.

— Напэўна, пастаяннае ўзаемадзеянне з практыкамі і выкладчыкам ідзе на карысць, “зазямляе” іх і дазваляе рэалістычна глядзець на ўсе сучасныя працэсы ў бізнесе?

— Сапраўды, у адрозненне ад іншых устаноў адукацыі да нас прыходзяць людзі з рэальнага бізнесу. І прыходзяць не проста вучыцца, а жадаюць вырашыць свае праблемы і патрабуюць ад выкладчыкаў дапамогі. Таму выкладчыкі, безумоўна, ведаюць працэсы, якія адбываюцца ў бізнесе. Можна сказаць, што праз студэнтаў яны павышаюць сваю кваліфікацыю.

Калі на прадпрыемствах узнікаюць пэўныя праблемы, і гэта агучваецца ў аўдыторыях, то нашы выкладчыкі гатовы дапамагаць. Ёсць шмат прыкладаў, калі кіраўнікі прадпрыемстваў запрашаюць іх для кансалтынгу. Гэта свайго роду ацэнка нашага прафесіяналізму рэальным бізнесам.

Цікавасць моладзі да бізнес-адукацыі ва ўсе гады даволі высокая. Бюджэтны прыём у Інстытут бізнесу і менеджменту тэхналогій невялікі, і конкурс існуе нават на платнае навучанне. Летась, напрыклад, прахадныя балы на бюджэт у залежнасці ад спецыяльнасці вагаліся ад 369 да 374, на платнае навучанне прахадны бал на спецыяльнасць “Кіраванне інфармацыйнымі рэсурсамі” быў 237, на “Лагістыку” — 243, на “Бізнес-адміністраванне” — 276.

Як паведаміў дэкан факультэта бізнесу Уладзімір Пятровіч Самусевіч, у папярэднія гады каля 50 чалавек мусілі забіраць дакументы, бо не праходзілі на платную форму. Таму сёлета, улічваючы значны попыт на згаданыя спецыяльнасці, было прынята рашэнне павялічыць прыём. І калі летась на “Бізнес-адміністраванне” прынялі 70 чалавек, то сёлета набіраюць 115. А ўсяго на 1 курс па дзённай форме навучання плануецца залічыць 222 чалавекі (толькі 12 з іх за кошт бюджэту).— Нашы студэнты вельмі добра вучацца, — расказвае дэкан. — Гэта звязана не толькі з высокім узроўнем падрыхтоўкі абітурыентаў. У інстытуце дзейнічае ІТ-сістэма, якая дазваляе ажыццяўляць пастаянны кантроль і складаць рэйтынг студэнтаў. Разлічваць на тое, што можна расслабіцца падчас семестра і потым атрымаць добрую адзнаку на экзамене, не атрымаецца. На працягу семестра ёсць розныя пункты кантролю, і выніковая адзнака выстаўляецца з улікам прамежкавых вынікаў. Гэта стымулюе студэнтаў вучыцца не ад сесіі да сесіі, а пастаянна.Сёлета інстытут выпусціў 216 чалавек, і 29 з іх (13%) атрымалі дыпломы з адзнакай.— У нас ёсць цэлая сістэма скідак у аплаце для студэнтаў, якія добра вучацца. І мы рады, што 109 чалавек маюць такія скідкі, — гаворыць Уладзімір Пятровіч. — Акрамя таго, мы разлічваем, што сёлета ўсе нашы студэнты будуць заселены ў інтэрнат. Справа ў тым, што ў гэтым годзе ў нас было два выпускі (тых, хто вучыўся 4 гады, і тых, хто заканчваў вучобу па 5-гадовых праграмах), таму пэўныя складанасці з інтэрнатам былі. Зараз усё будзе прасцей.Нягледзячы на тое, што Інстытут бізнесу і менеджменту тэхналогій параўнальна малады, сюды паступаюць ужо не толькі дзеці, але і ўнукі першых студэнтаў. Дэкан факультэта бізнесу расказаў, што ўжо нават фарміруюцца маленькія дынастыі. Напрыклад, зараз у інстытуце вучыцца 8 пар студэнтаў, якія з’яўляюцца братамі і сёстрамі. Малодшыя ўслед за старэйшымі выбіраюць інстытут і спецыяльнасць. Для выкладчыкаў ІБМТ гэта найлепшая ацэнка іх работы.

— А што тычыцца першай ступені вышэйшай адукацыі, наколькі маладыя людзі без жыццёвага вопыту гатовы вывучаць і асэнсоўваць бізнес-працэсы?

— Уся наша адукацыя — ад першай ступені да праграм павышэння кваліфікацыі — практыка-арыентаваная, і на ўсіх саветах мы абмяркоўваем, як яшчэ больш узмацніць практычны складнік падрыхтоўкі. Хацелася б, каб нашы выпускнікі камфортна адчувалі сябе ў бізнесе і ў іх не было ніякіх бар’ераў для дзеянняў. Таму стараемся, каб студэнты як мага раней далучаліся да практычнай дзейнасці. Зараз фарміруем групу патэнцыяльных работадаўцаў, і не толькі для будучага працаўладкавання выпускнікоў, а і для занятасці студэнтаў на перыяд вучобы.

Дарэчы, мы імкнёмся разглядаць нашых студэнтаў не як кліентаў, якія атрымліваюць адукацыйную паслугу, а як інтэлектуальны капітал. Сёння шмат гаворыцца пра тое, што ў кожнага ўніверсітэта ёсць тры місіі: адукацыйная, навуковая і прадпрымальніцкая. І калі ўніверсітэт становіцца не толькі адукацыйнай і навуковай, але і прадпрымальніцкай установай, то тут павінны з’яўляцца адпаведныя структуры: акселератары, інкубатары і г.д.

Напрыклад, мы хочам пабудаваць бізнес-акселератар для нашых студэнтаў і выпускнікоў, каб дапамагаць ім ствараць уласны бізнес. Гэтая форма падтрымкі стартапаў адрознівацца ад бізнес-інкубатара тым, што інстытут не толькі аказвае кансультацыйную, фінансавую і экспертную падтрымку бізнес-праекту, але і становіцца яго раўнапраўным удзельнікам. У гэтым выпадку верагоднасць поспеху можа дасягаць не 10%, як у бізнес-інкубатары, а 90%.

Адзінае, што ніколі нельга спыняцца. Сёння навучанне праз усё жыццё не проста дэкларацыя — без гэтага ўжо немагчыма. І мы бачым тое па нашых выпускніках. Вось яны прыйшлі пасля школы 17-гадовымі маладымі людзьмі, правучыліся 4 гады, атрымалі вышэйшую адукацыю. Мы не рэкамендуем ім адразу ісці ў магістратуру, бо тая дзейнасць, якую яны выбралі, патрабуе пастаяннага падмацавання практыкай і вопытам. У нас ёсць праграмы, на якія мы ўвогуле не прымаем, калі ў чалавека няма трохгадовага стажу. Ёсць праграмы, дзе сярэдні ўзрост студэнтаў перавышае 30 гадоў.

Таму пераважная большасць нашых выпускнікоў першай ступені ідзе працаваць. Праз некалькі гадоў многія заканчваюць магістратуру. А праз час, ужо дасягнуўшы пэўных поспехаў, вяртаюцца на павышэнне кваліфікацыі ці перападрыхтоўку. Праходзячы розныя этапы навучання, людзі знаходзяцца ў выдатнай прафесійнай форме, якая дазваляе ім рабіць кар’еру і быць паспяховымі.

Пераважная большасць нашых выпускнікоў першай ступені ідзе працаваць. Праз некалькі гадоў многія заканчваюць магістратуру. А праз час, ужо дасягнуўшы пэўных поспехаў, вяртаюцца на павышэнне кваліфікацыі ці перападрыхтоўку. Праходзячы розныя этапы навучання, людзі знаходзяцца ў выдатнай прафесійнай форме, якая дазваляе ім рабіць кар’еру і быць паспяховымі.

— Лічыцца, што для навучання ў тэхнічных універсітэтах патрэбен тэхнічны склад розуму. Скажыце, якімі ўласцівасцямі інтэлекту трэба валодаць для паспяховага асваення бізнес-адукацыі? І ў якіх галінах абараняюць дысертацыі вашы выкладчыкі?

— Сапраўды, многія думаюць, што бізнес — гэта пераважна эканоміка. Але гэта не так. У нас каля 70% выкладчыкаў маюць навуковую ступень, аднак кандыдатаў і дактароў эканамічных навук — менш за палову. У нашай сферы вы сустрэнеце шмат спецыялістаў у галіне псіхалагічных, фізіка-матэматычных, тэхнічных навук, бо важнай якасцю ў бізнес-адукацыі з’яўляецца сістэмнасць мыслення.

І яшчэ адзін патрэбны складнік — лідарскія якасці. У бізнесе нельга быць адзіночкай, поспеху можна дасягнуць толькі ў камандзе. А калі чалавек заканчвае наш інстытут, то ён павінен быць не проста членам каманды, а яе кіраўніком. Таму тыя, у каго ёсць задаткі кіраўніка, хто займаўся нейкай арганізатарскай дзейнасцю ў школе, павінны ўмацоўваць свае лідарскія здольнасці і развіваць іх.

— Уладзімір Уладзіміравіч, мы пачалі гутарку з таго, што інстытут ствараўся па мадэлі амерыканскай бізнес-школы і пры падтрымцы амерыканскіх спецыялістаў. Скажыце, а зараз вы падтрымліваеце сувязь з заходнімі інстытутамі бізнес-адукацыі?

— Безумоўна, наша супрацоўніцтва працягваецца. У нас рэгулярна чытаюць лекцыі запрошаныя прафесары з ЗША, Італіі, Швецыі і іншых краін.

Мы актыўна арганізоўваем практыкі нашых студэнтаў за мяжой. Штогод каля 100 чалавек выязджаюць у Польшчу, Германію, Фінляндыю, Славенію, Францыю на тэрмін ад некалькіх тыдняў да года. Нас радуе, што ў замежных універсітэтах нашы студэнты адчуваюць сябе як дома. Гэта значыць, што тыя стандарты добрай амерыканскай бізнес-школы, якія мы заклалі з самага пачатку, адпавядаюць сусветнаму ўзроўню. І сёння наш інстытут не толькі паспяхова канкурыруе з беларускімі ўстановамі адукацыі, але і з’яўляецца годнай альтэрнатывай замежным бізнес-школам.

— Дзякуй, Уладзімір Уладзіміравіч, за гутарку.

Галіна СІДАРОВІЧ.