Упершыню ў БДУ— конкурс анлайн-рэсурсаў

У БДУ не першы год ідзе распрацоўка адукацыйных анлайн-рэсурсаў па самых розных дысцыплінах — ад гуманітарных да прыродазнаўчанавуковых. Ствараюцца яны на базе электронных сістэм кіравання навучаннем, сярод якіх, напрыклад, Moodle і e-University, якія атрымалі распаўсюджанасць. Тым не менш конкурс, дзе б ацэньвалася якасць гэтых анлайн-рэсурсаў, у вядучым універсітэце краіны праводзіўся ўпершыню. Аб гэтым нам расказаў адзін з арганізатараў конкурсу — Уладзімір Галынскі, які ў БДУ займае пасаду намесніка начальніка галоўнага ўпраўлення вучэбнай і навукова-метадычнай работы.

“Адукацыйныя анлайн-рэсурсы выкарыстоўваюцца для вучэбна-метадычнага суправаджэння вучэбнага працэсу. Яны з’яўляюцца зручным сродкам для арганізацыі доступу да вучэбных матэрыялаў, арганізацыі ўзаемадзеяння выкладчыка са студэнтамі. Каб падтрымаць выкладчыкаў, якія ствараюць адукацыйныя анлайн-рэсурсы, мы і арганізавалі конкурс”, — адзначыў Уладзімір Галынскі.

Першыя адукацыйныя анлайн-рэсурсы ў БДУ сталі з’яўляцца ў 2008 годзе. Спачатку іх распрацоўкай займаліся маладыя выкладчыкі і некалькі сталых педагогаў з кафедры замежных моў — ім прыйшліся даспадобы магчымасці, якія дае сістэма (напрыклад, магчымасць размясціць гукавы файл і адразу яго праслухаць анлайн, што вельмі зручна для правядзення аўдзіравання). Зараз анлайн-рэсурсы ў сваёй выкладчыцкай дзейнасці прымяняюць выкладчыкі незалежна ад узросту і дысцыпліны гуманітарнага ці прыродазнаўчанавуковага кірунку.

“Анлайн-рэсурсы выкладчыкі распрацоўваюць і загружаюць на платформу самі. Каб яны ўмелі гэта рабіць, мы праводзім для іх спецыяльныя курсы, — адзначыў Уладзімір Галынскі. — Зрэшты, навучыцца ствараць адукацыйныя анлайн-рэсурсы на базе электронных сістэм кіравання навучаннем можна і самому, было б жаданне. У выпадку, калі штосьці незразумела, заўсёды можна пракансультавацца ў нас”.

Арганізаваныя для выкладчыкаў курсы па стварэнні адукацыйных анлайн-рэсурсаў далі свой плён — некаторыя выкладчыкі пасля іх праходжання стварылі ўласныя анлайн-рэсурсы.

“Распрацаваныя выкладчыкамі анлайн-рэсурсы могуць быць даступныя ўсім карыстальнікам інтэрнэту (такіх меншасць) або толькі студэнтам, якія вывучаюць дысцыпліну. Каму будзе даступны рэсурс, вырашае выкладчык”, — заўважыў Уладзімір Галынскі.

Звычайна адукацыйныя анлайн-рэсурсы ўключаюць у сябе вучэбна-праграмную дакументацыю (сюды, напрыклад, уваходзіць праграма дысцыпліны, даюцца спасылкі на тыпавы і стандартны планы), электронны падручнік па дысцыпліне (яго раздзелы адаптуюцца да анлайн-чытання), падрыхтаваныя да кожнай лекцыі прэзентацыі. На гэтым пералік абавязковых раздзелаў адукацыйнага анлайн-рэсурсу не заканчваецца.

“Электронны падручнік, размешчаны ў інтэрнэце для спампоўвання студэнтамі, ні ў якім разе не з’яўляецца анлайн-рэсурсам. Адукацыйны анлайн-рэсурс абавязкова павінен мець інтэрактыўныя элементы”, — заўважыў Уладзімір Галынскі.

Прыкладам такіх інтэрактыўных элементаў можа стаць рэсурс “Семінар”, які падразумявае сумеснае выкананне заданняў студэнтамі.

“Студэнт рыхтуе адказ на пытанне і публікуе яго. Другі студэнт правярае адказ, дае яму ацэнку і, галоўнае, пакідае каментарый. Выкладчык можа ставіць адзнаку не толькі за адказ, але і за якасць пакінутага каментарыя з прафесійнага пункту гледжання”, — адзначыў спецыяліст.

Яшчэ адна інтэрактыўная форма, якая актыўна выкарыстоўваецца ў адукацыйных анлайн-рэсурсах, — тэсты. У якім кірунку будзе рухацца студэнт, залежыць ад таго, ці правільна ён дасць адказ на зададзенае яму сістэмай пытанне. Пры правільным адказе студэнт можа брацца за вывучэнне наступнага параграфа, пры няправільным — будзе аўтаматычна накіраваны на старонку з больш падрабязнай інфармацыяй па тэме.

“На занятках у некаторых выкладчыкаў студэнты ствараюць лакальную Вікіпедыю і напаўняюць яе зместам па дысцыпліне”, — прывёў прыклад яшчэ аднаго інтэрактыўнага элемента Уладзімір Галынскі.

Выкладчыкі ў сваіх анлайн-рэсурсах актыўна выкарыстоўваюць магчымасці форуму, гульняў. Убудоўваюць у рэсурсы і відэа.

“Распрацоўка неабходных для якаснага навучання анлайн-рэсурсаў патрабуе часу. Таму конкурс адукацыйных анлайн-рэсурсаў, па выніках якога прэміруюцца выкладчыкі, якія іх распрацоўвалі, будзе праводзіцца і далей”, — рэзюмаваў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення вучэбнай і навукова-метадычнай работы БДУ.

Адзначым, што сёлета пераможцамі конкурсу ў намінацыі “Адукацыйныя анлайн-рэсурсы прыродазнаўчанавуковых факультэтаў” сталі тры распрацоўкі, у намінацыі “Адукацыйныя анлайн-рэсурсы гуманітарных факультэтаў” выдзелена пяць пераможцаў. Узнагароджаны былі і прызёры конкурсу.

Святлана ШЫЯН.