Да поспеху — разам!

У Цэнтры развіцця маладзёжнага прадпрымальніцтва БДУ, на базе якога існуе Школа прадпрымальніцтва і менеджменту для моладзі, прайшоў дзень адкрытых дзвярэй.

Упершы дзень мерапрыемства наведалі старшакласнікі ліцэяў, гімназій, школ з розных раёнаў сталіцы і Мінскай вобласці, а ў другі — студэнты каледжаў, універсітэтаў і маладыя спецыялісты. Для іх былі арганізаваны карысныя сустрэчы з выкладчыкамі школы, яе колішнімі выпускнікамі і бізнесменамі.


Пачынаючы з 2006 года Цэнтр развіцця маладзёжнага прадпрымальніцтва БДУ рэалізоўвае інавацыйны праект дзелавой адукацыі моладзі, накіраваны на фарміраванне прадпрымальніцтва ў Беларусі. Навучанне праходзіць у два этапы: тэарэтычная падрыхтоўка і практычная. На першым этапе моладзі даюцца веды аб сутнасці прадпрымальніцтва, лідарстве, каманда-ўтварэнні, менеджменце і маркетынгу, падаткаабкладанні і г.д. На другім ідзе распрацоўка і абарона бізнес-праекта “Уласная справа”. Пасля заканчэння навучання выпускнікі атрымліваюць пасведчанне дзяржаўнага ўзору.

“Мы разбіваем няправільную карціну аб тым, што прадпрымальнікам можна нарадзіцца, а не стаць ім у працэсе навучання, вучым, як набыць “прадпрымальніцкую абалонку”, звяртаем увагу на развіццё асобы”, — адзначыла кіраўнік Цэнтра развіцця маладзёжнага прадпрымальніцтва БДУ Любоў Шумская. — Трэба памятаць, што адкрыццё ўласнай справы — нялёгкая праца, каласальная адказнасць і за свае рэсурсы, якія чалавек укладвае ў бізнес, і за людзей, якіх ён запрашае на работу, і за ўласную сям’ю”.


Біснесмен, адзін з заснавальнікаў тэлеперадачы “Мой бізнес” Аляксандр Кныровіч пабудаваў свае стасункі з наведвальнікамі дня адкрытых дзвярэй у форме інтэрактыву. Ён прапанаваў маладым людзям задаваць пытанні. “Дзе пачынаць кар’еру? Ці трэба мець нейкія асаблівыя якасці, каб стаць прадпрымальнікам? Як палічыць магчымыя рызыкі?” — толькі нямногае з таго, што цікавіла аўдыторыю.

“Існуюць гісторыі пра тое, як Стыў Джобс кінуў вучобу, а Марк Цукерберг у свае 18 гадоў стварыў “Фэйсбук”. Але гэтыя яскравыя прыклады засланяюць сабой той фактар, што толькі 5% насельніцтва здольны быць прадпрымальнікамі”, — сказаў Аляксандр Кныровіч. Бізнесмен перакананы, што кар’еру трэба пачынаць там, дзе сканцэнтраваны людзі, якія займаліся падобнай дзейнасцю і дасягнулі пэўных поспехаў. Ён расказаў, якімі якасцямі неабходна валодаць прадпрымальніку, патлумачыў, што калі нешта немагчыма вымераць, то ім нельга кіраваць. Адказваючы на пытанне “Адкуль узяць грошы на развіццё ўласнай справы?”, Аляксандр Кныровіч расказаў аб правіле 3F — family, friends, fools (сям’я, сябры, дурні). “Адзіны рэсурс, якім распараджаецца чалавек, — яго час”, — запэўніў маладых людзей бізнесмен.


“Важна пачаць, — адзначыў Сяргей Драбышэўскі, які ў Школе прадпрымальніцтва і менеджменту для моладзі выкладае прадмет, звязаны з камандаўтварэннем. — У будучыні ўзнікне шмат пытанняў, але ў вас ужо ёсць перавага: вы ўмееце іх задаваць”. Прамоўца на ўласным прыкладзе даў зразумець, што ў эканоміцы ўсё даволі проста, “трэба толькі браць, спрабаваць і ствараць”. А яшчэ ён паведаміў прысутным, што на практыцы мала што можна ажыццявіць аднаму. Вельмі важна сабраць вакол сябе аднадумцаў і ўстанавіць паміж імі шчырыя працоўныя адносіны.

Выкладчык школы Марына Рошчына заўважыла, што прадпрымальніцтва раскрывае ў студэнтаў іх патэнцыял, адкрывае перад імі новыя магчымасці (кантакты, веды, уменні), дапамагае не баяцца змен. “Першы крок да разумення і пазнання сябе вы ўжо здзейснілі”, — звярнулася спецыяліст да моладзі.


Затым слова ўзялі выпускнікі Школы прадпрымальніцтва і менеджменту для моладзі Валянцін Дашкевіч і Эльдар Гасымаў, якія расказалі гісторыю свайго станаўлення. Хлопцы прызналіся, што напачатку было цяжка перамагчы сябе. Калі б тады хтосьці сказаў, што прыйдзе час і яны будуць выступаць перад аўдыторыяй невядомых людзей, то не паверылі б, бо публічныя выступленні наганялі страх. “Ва ўніверсітэце вельмі шмат тэорыі і не зусім зразумела, як прымяніць усё гэта на практыцы, а ў Школе прадпрымальніцтва і менеджменту для моладзі хутка знаходзіліся адказы на ўсе пытанні”, — згадаў Валянцін Дашкевіч. “Тут знікае страх”, — запэўніў Эльдар Гасымаў і дадаў: “Калі нехта гаворыць вам, што вы не зможаце, вас падманваюць”.

Закрываў мерапрыемства выкладчык Школы прадпрымальніцтва і менеджменту для моладзі Канстанцін Жураўскі, які сваёй прамовай не толькі змог зацікавіць моладзь, але і пакінуў глебу для роздуму.

Уражаннямі ад сустрэчы са спецыялістамі падзялілася студэнтка 3 курса юрыдычнага факультэта БДУ Юлія Сурта, якая марыць у будучыні адкрыць уласную справу. “Цікавасць да праекта супала з амбіцыямі, таму дзень адкрытых дзвярэй прамінуць не змагла, — гаворыць дзяўчына. — У мяне ёсць пэўныя задумкі, і гэта яшчэ больш падагравае цікавасць да школы”.

Супрацоўнікі Цэнтра развіцця маладзёжнага прадпрымальніцтва змаглі знайсці падыход да кожнага прысутнага і запаліць у іх жаданне вучыцца працаваць у камандзе. Бо вопыт, атрыманы ў Школе прадпрымальніцтва і менеджменту для моладзі, спалучаны з ведамі па спецыяльнасці, можа прынесці вельмі добры плён. І не калі-небудзь там, праз гады, а вельмі хутка — у выглядзе паспяховых стартапаў і ўласнай справы.

Ірына ІВАШКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.