Аграрны ўніверсітэт выйшаў у свет

Упершыню дзень адкрытых дзвярэй Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт правёў не на сваёй тэрыторыі, ля галоўнага корпуса, а на вялікай пляцоўцы амаль у цэнтры Гродна. І аб’яднаў мерапрыемства з выставай-кірмашом “Агравосень-2016”.

Прафарыентацыйнае мерапрыемства на такой пляцоўцы дазваляе расказаць пра навучальную ўстанову і паказаць вынікі сельскагаспадарчай вытворчасці Гродзеншчыны, дзе працуюць шматлікія выпускнікі аграрнага ўніверсітэта. На выставе-кірмашы было арганізавана больш за 70 месцаў для гандлю сельгаспрадукцыяй, вырабамі малочных, мясных, хлебапякарных вытворчасцей. Прадставілі свае экспазіцыі навукова-даследчыя інстытуты cадавіны і агародніны і раслінаводства, фермерскія гаспадаркі вобласці.Пра гісторыю, сённяшні дзень, перспектывы, спецыяльнасці аграрнага ўніверсітэта абітурыентам са школ Гродна і Гродзенскага раёна расказвалі на пляцоўках усіх факультэтаў. Тут прысутнічалі дэканы і намеснікі дэканаў, а студэнты былі самымі актыўнымі і непасрэднымі агітатарамі за свой факультэт і свой універсітэт.

Вадзім Пятрок і Дзмітрый Каскевіч вучацца на 2 курсе факультэта бухгалтарскага ўліку. Навучэнцам з сярэдняй школы № 12 Гродна яны не толькі расказалі аб сваім факультэце, а патрыятычна заявілі, што для Беларусі, якая з’яўляецца аграпрамысловай краінай, Гродзенскі аграрны ўніверсітэт рыхтуе вельмі добрыя кадры, а таксама аб тым, што яны будуць праходзіць практыку ў Белаграпрамбанку, а жыццё ва ўніверсітэце вельмі цікавае і разнастайнае не толькі ў плане вучобы, але і спорту, адпачынку, творчасці.

Гэты пасыл творчыя калектывы аграрнага ўніверсітэта дэманстравалі спевамі і танцамі. А яшчэ абітурыенты атрымалі вычарпальную інфармацыю пра падрыхтоўчыя курсы.

— Удзел студэнтаў у прафарыентацыйных мерапрыемствах — гэта і вучоба для іх, і вопыт, бо мы рыхтуем кіруючыя кадры, якія павінны валодаць не толькі прафесійнымі ведамі, але і ўменнем арганізацыйнай работы, — гаворыць дэкан інжынерна-тэхналагічнага факультэта прафесар Гендрых Жолік.

Студэнты старанна падрыхтаваліся да сустрэчы з абітурыентамі. На пляцоўцы факультэта можна было не толькі атрымаць буклеты і вусную інфармацыю, але і пачаставацца смачнай выпечкай, якую будучыя тэхнолагі прыгатавалі самі.

— Работа з абітурыентамі вядзецца ва ўніверсітэце на працягу ўсяго года, і для яе выкарыстоўваем кожную магчымасць, — расказвае выконваючы абавязкі дэкана факультэта даўніверсітэцкай падрыхтоўкі і прафарыентацыйнай работы ГрДАУ кандыдат сельскагаспадарчых навук Віктар Паплеўка. — Ужо ў верасні на выставе “Вінаград”, якая стала рэгулярнай і прыцягвае вялікую колькасць наведвальнікаў рознага ўзросту, мы актыўна вядзём такую работу. Практыкуем выезды ў школы і ўстановы прафтэхадукацыі не толькі Гродзеншчыны, але і іншых рэгіёнаў з удзелам кіраўнікоў упраўленняў сельскай гаспадаркі. А калі ў нашым універсітэце вучыцца выпускнік адпаведнай навучальнай установы, то ён таксама раскажа пра вучобу ў аграрным універсітэце. Дарэчы, усе нашы іншагароднія студэнты забяспечваюцца інтэрнатам.

Аб тым, што карпатлівая праца прыносіць вынікі, сведчыць і такі факт. Сёлета студэнтамі аграрнага ўніверсітэта сталі шэсць выпускнікоў хіміка-біялагічнага класа ліцэя № 1 Гродна, тры з іх паступілі на спецыяльнасці сельскагаспадарчага профілю. Разам з навуковым аддзелам факультэт даўніверсітэцкай падрыхтоўкі і прафарыентацыйнай работы правёў некалькі мерапрыемстваў з навучэнцамі гэтага класа. Яны пабывалі ў навукова-даследчых лабараторыях, у тым ліку ў першай ў краіне лабараторыі ДНК-тэхналогій, біятэхналагічным цэнтры, на доследных палях. Выпускніца ліцэя Юлія Бялко, якая паступіла на біятэхналагічны факультэт, стала абітурыенткай з самымі высокімі баламі.

Арганізавана ва ўніверсітэце і падрыхтоўка абітурыентаў да цэнтралізаванага тэсціравання. Так, школьнікі Гродзенскага раёна могуць падрыхтавацца да ЦТ па хіміі, біялогіі, замежнай мове, рускай і беларускай мове, грамадазнаўстве і гісторыі ў Школе выхаднога дня, дзе заняткі адбываюцца па суботах.

Наладжана сувязь з абітурыентамі і іх бацькамі, а таксама з усімі, каго цікавіць аграрны ўніверсітэт, непасрэдна праз скайп. Анлайн-размова з дэканам ці яго намеснікам можа адбывацца штодня з 15 да 17 гадзін. А на дні адкрытых дзвярэй Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта ў кастрычніку пабывалі навучэнцы з 40 школ Гродна і Гродзенскага раёна.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.