На стыку эканомікі і інфарматыкі

Чаму ПВТ зацікаўлены ў выпускніках БДЭУ

Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт на працягу шэрага гадоў плённа супрацоўнічае з Паркам высокіх тэхналогій, і лекцыя дырэктара адміністрацыі ПВТ Валерыя Цэпкалы для студэнтаў — гэта ў тым ліку пацвярджэнне даўніх дзелавых сувязей. Шмат выпускнікоў БДЭУ пасля заканчэння ўніверсітэта ідуць працаваць у кампаніі — рэзідэнты ПВТ. Парк, адпаведна, аказвае ўніверсітэту дапамогу ў падрыхтоўцы спецыялістаў. Пра эфектыўнасць такога супрацоўніцтва нам расказаў прарэктар па вучэбнай рабоце БДЭУ Андрэй СЕДУН.

— Вядома, што Парк высокіх тэхналогій істотна дапамагае тэхнічным універсітэтам, якія рыхтуюць інжынерныя кадры. Скажыце, Андрэй Максімавіч, як пачалося супрацоўніцтва ПВТ з эканамічным універсітэтам.

— У свой час я працаваў на кафедры інфармацыйных тэхналогій, а зараз курырую распрацоўку, укараненне і развіццё інфармацыйнай сістэмы кіравання ўніверсітэтам. Яшчэ на кафедры ўзнікла пытанне: наколькі актуальныя веды ў сферы інфармацыйных тэхналогій мы даём студэнтам? Зразумела, мы шмат абмяркоўвалі гэта з калегамі, у тым ліку з іншых універсітэтаў, але самую праўдзівую інфармацыю на гэты конт можна атрымаць толькі на вытворчасці — там, куды ідуць працаваць нашы выпускнікі. Так мы пачалі супрацоўнічаць з Паркам высокіх тэхналогій.

Спачатку гэта былі праекты, звязаныя з падрыхтоўкай вучэбных праграм. Усе студэнты эканамічнага ўніверсітэта вывучаюць базавую дысцыпліну “Камп’ютарныя інфармацыйныя тэхналогіі”, якая доўжыцца 3 семестры, таму мы ўзгаднілі з паркам, якія веды, уменні і навыкі павінны быць у студэнтаў — і не толькі на момант здачы залікаў і экзаменаў, але і пасля атрымання дыплома. Устанавілі цеснае супрацоўніцтва як з адміністрацыяй, так і з рэзідэнтамі Парка высокіх тэхналогій, пачалі выбудоўваць вучэбныя праграмы з улікам меркавання практыкаў. Зараз гэты працэс паспяхова пройдзены. Мы істотна павысілі якасны складнік нашых вучэбных праграм з пункту гледжання практыкаарыентаванасці.

Наступным крокам супрацоўніцтва стала стварэнне сумесных вучэбна-навуковых лабараторый з кампаніямі — рэзідэнтамі ПВТ. У 2012 годзе разам з кампаніяй EPAM Systems адкрылі лабараторыю па вывучэнні SАР тут, у Мінску, а праз год — у нашым філіяле ў Бабруйску (у абодвух гарадах вядзецца падрыхтоўка па спецыяльнасці “Эканамічная інфарматыка”, выпускнікоў якіх ахвотна прымае на работу Парк высокіх тэхналогій).

Дзякуючы гэтаму, мы атрымалі доступ да самых сучасных праграмных прадуктаў, падрыхтавалі нашых выкладчыкаў для работы з імі. Больш за тое, мы ўвайшлі ва ўніверсітэцкі альянс SАР і пачалі рыхтаваць спецыялістаў у адпаведнасці з сусветнымі тэндэнцыямі. Сёння нашы студэнты вывучаюць той жа прадукт, што і іх равеснікі ў Германіі, ЗША і іншых краінах. Мы аператыўна атрымліваем усе абнаўленні праграмнага забеспячэння і неадкладна ўключаем усё новае ў навучальны працэс.

Трэцяя лабараторыя адкрыта на факультэце камерцыі і турыстычнай індустрыі і мадэлюе работу магазіна. У адным кабінеце студэнты могуць убачыць усе працэсы, якія ажыццяўляюцца ў магазіне, пачынаючы ад паступлення тавара на склад і заканчваючы касавым апаратам.

Наступны этап — вытворчая практыка. Паспяховыя кампаніі — рэзідэнты ПВТ з’яўляюцца базавымі арганізацыямі для правядзення студэнцкай практыкі. Работа ў лабараторыях — гэта ўсё ж такі вучэбны працэс, а ў кампаніях нашы студэнты маюць справу з тым жа прадуктам, але ўжо ў рамках вытворчага працэсу. У выніку да моманту заканчэння ўніверсітэта яны аказваюцца добра падрыхтаванымі да прафесійнай дзейнасці. Адметна, што і размяркоўваюцца выпускнікі ў тыя кампаніі, дзе праходзілі практыку. Сёлета, напрыклад, у кампанію EPAM Systems пайшло працаваць больш за палову выпускнікоў-бюджэтнікаў спецыяльнасці “Эканамічная інфарматыка”.

А нядаўна на базе гэтай кампаніі мы адкрылі філіял кафедры эканамічнай інфарматыкі. Там выкладаюць не толькі нашы супрацоўнікі, але і спецыялісты EPAM Sуstems, якія ствараюць праграмны прадукт і працуюць над праектамі, у тым ліку для вядучых сусветных кампаній. І студэнты маюць магчымасць быць побач з гэтымі людзьмі, задаваць ім пытанні, атрымліваць каштоўныя практычныя парады.

Хачу зазначыць, што раней на спецыяльнасць “Эканамічная інфарматыка” мы набіралі адну групу студэнтаў, але з улікам яе запатрабаванасці сёлета павялічылі набор да дзвюх груп. Было прыемна бачыць, што на бюджэтную форму навучання прахадны бал склаў 331. Выпускнікі згаданай спецыяльнасці атрымліваюць кваліфікацыю “эканаміст-інфарматык”. Асаблівасць у тым, што яна існуе на стыку дзвюх навук і дае выпускнікам шырокія магчымасці для працаўладкавання.

— Дарэчы, вельмі добрае рашэнне для тых маладых людзей, якія не хочуць здаваць уступныя экзамены па фізіцы. Паступаючы на спецыяльнасць “Эканамічная інфарматыка”, трэба здаваць англійскую мову і матэматыку, але пасля заканчэння ўніверсітэта можна лёгка трапіць у ІТ-сферу…

— Так, нашы абітурыенты добра ведаюць гэты момант і ахвотна ім карыстаюцца. Падчас вучобы яны мэтанакіравана працуюць дзеля таго, каб трапіць на практыку ў Парк высокіх тэхналогій, што дае добрыя шансы атрымаць размеркаванне туды на работу. Усё ясна і празрыста.

За апошнія гады мы пабудавалі вельмі добрую сістэму падрыхтоўкі спецыялістаў, і нашы выпускнікі запатрабаваны ў кампаніях — рэзідэнтах ПВТ. Справа ў тым, што эканамісты-інфарматыкі дакладна і тонка разумеюць бізнес-працэсы ў ІТ-індустрыі. Менавіта яны ў перспектыве павінны першымі прыходзіць да заказчыка, высвятляць, што неабходна здзейсніць, потым удзельнічаць у напісанні тэхнічных заданняў і, магчыма, у далейшым тэсціраваць праграмны прадукт.

— Раскажыце, Андрэй Максімавіч, чым адметная спецыяльнасць “Эканамічная кібернетыка”.

— Калі “Эканамічная інфарматыка” — гэта эканоміка плюс ІТ, то “Эканамічная кібернетыка” — гэта эканоміка плюс вельмі моцны матэматычны апарат. Выпускнікам прысвойваецца кваліфікацыя “кібернетык-эканаміст”. Узровень матэматычнай падрыхтоўкі дазваляе ім займацца мадэляваннем працэсаў і распрацоўкай метадалогіі, безумоўна, з выкарыстаннем сучаснага інструментарыю, у тым ліку інфармацыйных тэхналогій. Пры паступленні на спецыяльнасць “Эканамічная кібернетыка” абітурыенты здаюць фізіку і матэматыку. Выпускнікі гэтай спецыяльнасці таксама часта знаходзяць сябе ў сферы ІТ.

У сучаснай падрыхтоўцы спецыялістаў важна наладзіць супрацоўніцтва з кампаніямі, арганізацыямі і прадпрыемствамі, якія з’яўляюцца спажыўцамі кадраў, і разам з імі выбудоўваць вучэбны працэс. Вельмі добра, калі кампаніі з’яўляюцца лідарамі ў сваіх галінах. З боку ўніверсітэта павінна быць навуковае суправаджэнне і арганізацыя вучэбнага працэсу, а з боку кампаній — непасрэдны ўдзел у падрыхтоўцы як у плане экспертнай ацэнкі, так і ў плане ўдасканалення матэрыяльна-тэхнічнай базы. У такім выпадку падрыхтоўка спецыялістаў задавальняе і прадпрыемствы, бо яны атрымліваюць маладых перспектыўных супрацоўнікаў, і саміх выпуснікоў, якія выходзяць на рынак працы з высокай кваліфікацыяй.

— Нядаўна на базе эканамічнага ўніверсітэта прайшоў стартап-форум, дзе вашы студэнты вельмі актыўна выступілі са сваімі праектамі і занялі большасць прызавых месцаў. Раскажыце, калі ласка, пра развіццё стартап-руху ў БДЭУ.

— Сапраўды, стартап-рух развіваецца, студэнты генерыруюць ідэі, увасабляюць іх у цікавыя праекты. Як будучыя эканамісты яны не абмяжоўваюцца эфектнымі вобразамі, а маюць дакладнае ўяўленне, якім чынам іх матэрыялізаваць. У нашых студэнтаў заўсёды ёсць бізнес-план, які паказвае шляхі рэалізацыі ідэі, кошт праекта і момант, калі плануецца прыбытак. І менавіта гэтая завершанасць праектаў, магчыма, спрыяе таму, што нашы студэнты часта выйграюць конкурсы. Членам журы падабаецца сістэмны падыход да справы і тое, як навучэнцы БДЭУ вырашаюць пастаўленую задачу.

— Дзякуй, Андрэй Максімавіч, за гутарку.

Гутарыла Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА
і з архіва ўніверсітэта.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

Пожалуйста напечатайте буквы/цифры изображенные на картинке

Увядзiце лiтары, якiя вы бачыце на малюнку. Гэта засцярога ад спама.

*