Школа для будучых акадэмікаў

Нацыянальная акадэмія навук чарговы раз запрасіла мінскіх навучэнцаў у школы юных даследчыкаў, якія дзейнічаюць пры акадэмічных інстытутах пад кіраўніцтвам вучоных. У дзяцей з’явілася выдатная магчымасць не толькі атрымаць дадатковыя веды па вучэбных прадметах і навыкі даследаванняў, але і дакрануцца да таямніц высокай навукі.

Школы юных падтрымаў старшыня прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Уладзімір Рыгоравіч Гусакоў. Ён нават прыйшоў на першы сход, калі ўсе школьнікі сабраліся разам, каб павітаць іх і пажадаць поспехаў у навуковых пачынаннях.

Мы таксама наведалі адну з такіх школ, якая дзейнічае пры лабараторыі флоры і сістэматыкі раслін на базе Інстытута эксперыментальнай батанікі імя В.Ф.Купрэвіча. Быў вечар пятніцы, час заслужанага адпачынку пасля працоўнага тыдня, а дзеці як сапраўдныя батанікі вывучалі гербарыі і занатоўвалі свае назіранні.
Адметна, што заняткі праходзілі ў кабінеце акадэміка Віктара Іванавіча Парфёнава, дзе растуць сапраўдная трапічная пальма і лімоннае дрэва, плады якога памерам з грэйпфрут. Цяжка сказаць, ці ўсведамляюць дзеці асаблівасць моманту — не кожнаму даросламу здаралася пабываць у кабінеце акадэміка, — але калі некаму з іх пашанцуе і яны стануць вучонымі, то, верагодна, будуць успамінаць, што іх шлях у навуку пачынаўся менавіта тут, пад лімонным дрэвам акадэміка Парфёнава.

— У свой час я і марыць не мог пра такія магчымасці, — гаворыць кіраўнік школы навуковы супрацоўнік лабараторыі флоры і сістэматыкі раслін Уладзімір Мікалаевіч Лябедзька. — Для мяне гэта было б вялікім гонарам — прыйсці ў сцены Нацыянальнай акадэміі навук, дзе са мной займаліся б вучоныя і я атрымліваў бы новыя веды.У школах юных займаюцца пераважна навучэнцы 9—11 класаў (ёсць і малодшыя). Заняткі праводзяцца па дагаворы з Мінскім дзяржаўным палацам дзяцей і моладзі (вучоныя, кіраўнікі школ выступаюць як педагогі дадатковай адукацыі).

— Заняткі ў школах юных маюць моцны прафарыентацыйны эфект, — зазначае Уладзімір Лябедзька. — Дзеці пранікаюцца цікавасцю да даследаванняў, і мы разлічваем, што сярод іх знойдуцца тыя, хто ў будучыні абярэ навуковую дзейнасць і прыйдзе ў навуковыя інстытуты.Праграма заняткаў разлічана на ўвесь навучальны год. У працэсе дзеці будуць рыхтаваць рэфераты і рабіць даследаванні. Вясной і на пачатку лета запланаваны выезды на прыроду для практычных заняткаў.

— Звычайныя лекцыі не далі б такога добрага эфекту, — тлумачыць Уладзімір Мікалаевіч. — Сэнс нашай работы не ў тым, каб паглыбіць школьныя веды, мы стараемся выйсці на новы ўзровень разумення прадмета. Заўсёды дапамагаем дзецям вызначыцца з тэмай даследавання, кансультуем на ўсіх этапах. Нашы выхаванцы прадстаўляюць свае работы на навуковых конкурсах рознага ўзроўню і, як паказвае практыка, часта займаюць прызавыя месцы.

Даследчая дзейнасць зацягвае. Уладзімір Лябедзька расказвае, што ёсць дзеці, якія і пасля заканчэння школы (а яна дзейнічае з 2013 года) жадаюць праводзіць даследаванні і просяць дапамагчы ім знайсці перпектыўную тэму. Гэта сведчыць пра тое, што школа аказвае станоўчы ўплыў і пасля завяршэння навучання.Уладзімір Мікалаевіч паказвае дзецям аркуш, на які наклеены знакаміты венерын чаравічак. Шчыра кажучы, я ўпершыню ўбачыла гэтую расліну ў натуральную велічыню і здзівілася, якая яна вялікая і прыгожая.

— Мы не маем права працаваць з чырвонакніжнымі раслінамі, і я паказваю дзецям венерын чаравічак як узор, — тлумачыць Уладзімір Лябедзька. — На занятках мы робім вялікі ўхіл на ахову раслін. Лічу, што беражлівае стаўленне да прыроды — адна з найважнейшых выхаваўчых мэт у рабоце з дзецьмі. Вельмі хочацца, каб яны ўсвядомілі, наколькі багата беларуская зямля на прыродную прыгажосць, як шмат у нас цікавых раслін, якія маюць еўрапейскую значнасць, і захацелі іх вывучаць і аберагаць.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

Пожалуйста напечатайте буквы/цифры изображенные на картинке

Увядзiце лiтары, якiя вы бачыце на малюнку. Гэта засцярога ад спама.

*