Калі няма добрага чалавека, не можа быць і псіхолага

Інтэрв’ю з прафесійным псіхолагам не можа быць звычайным, асабліва калі гэта намеснік дырэктара Інстытута псіхалогіі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка С.Н.Жарабцоў. Калі за маім суразмоўцам зачыніліся дзверы і я засталася сам-насам з сабой, першая думка, якая з’явілася ў мяне: сёння мы бралі інтэрв’ю адно ў аднаго. Першы такі вопыт за два дзясяткі гадоў маёй журналісцкай дзейнасці.

Сяргей Нічыпаравіч — незвычайны чалавек, незвычайны выкладчык і вучоны. Ён шчыра любіць справу, якой займаецца, і заўсёды знаходзіцца ў пошуку новых даследаванняў у бязмежнай навуцы псіхалогіі. Неяк натрапіла на яго выказванне: “Прафесія выкладчыка псіхалогіі і практыкуючага псіхолага — вар’яцкая і брыдкая справа, горш за якую можа быць толькі адно: псіхолагам не быць”. Гэта як мага лепш характарызуе стаўленне чалавека да сваёй прафесіі.

Сёння псіхалогія вабіць многіх юнакоў і дзяўчат. Адны бачаць сябе ў будучыні сапраўднымі прафесіяналамі, іншыя робяць выбар, паддаючыся вялікай папулярнасці прафесіі. Хто ў выніку дасягае поспеху, што трэба разумець, выбіраючы псіхалогію як будучую дзейнасць, у чым заключаюцца тонкасці гэтай навукі — аб гэтым і іншым мы гутарым з С.Н.Жарабцовым.

— Сяргей Нічыпаравіч, зараз многія маладыя людзі выбіраюць сваёй прафесіяй псіхалогію. Але, напэўна, большая частка з іх добра не ўсведамляе, што такое псіхалогія…

— Прафесія псіхолага, мяр­куючы па колькасці паступаючых, вельмі папулярная, і можна зразумець чаму. Гэтая прафесія дапамагае людзям разумець сябе і іншых, навучыцца мець зносіны. Яна дапамагае ўвогуле спасцігаць жыццё. Калі людзі ідуць па гэтае разуменне і іншых тады падрыхтоўка ў Інстытуце псіхалогіі, на факультэтах псіхалогіі мае сэнс. Неабавязкова ўсім потым працаваць псіхолагамі, але калі выпускнікі разумеюць нешта пра сябе, пра іншых людзей — гэта ўжо не мала, незалежна ад таго, у якой сферы дзейнасці яны сябе знойдуць. Па маіх падліках, па спецыяльнасці ідзе працаваць каля 30—40% выпускнікоў. Астатнія таксама паспяхова рэалізоўваюць сябе ў прафесіях, звязаных са зносінамі з людзьмі. Гэта могуць быць спецыялісты па персанале, у сферы маркетынгу, менеджары, людзі, якія пра­цуюць у кол-цэнтрах буйных кампаній, дзе трэба ўмець размаўляць. Напрыклад, шмат нашых выпускнікоў працуе ў кампаніях мабільнай сувязі.

— Што павінны ведаць і разумець абітурыенты, якія прыходзяць ва ўніверсітэт вывучаць псіхалогію? Да чаго павінны імкнуцца, каб стаць прафесіяналамі?

— Галоўнае, да чаго яны павінны імкнуцца, — гэта арыентавацца на каштоўнасці жыцця. Я маю на ўвазе каштоўнасці з разраду гуманітарных, чалавечых. Калі чалавека не цікавяць іншыя людзі, не кранаюць іх перажыванні, то ў псіхалогію лепш не ісці. І хоць ка­жуць, што добры чалавек — гэта не прафесія, спецыялісту неабходна мець розныя веды і навыкі. Псіхолаг таксама не выключэнне. Але для яго дабрыня — гэта тая база, на якой грунтуюцца прафесійныя якасці. І калі няма добрага чалавека, то не можа быць і псіхолага. Веды, навыкі, уменні толькі ўзмацняюць гуманныя тэндэнцыі, і чалавек не проста хоча дапама­гаць іншым людзям, а ведае, як гэта зрабіць.

— Сяргей Нічыпаравіч, у вас вялікі вопыт выкладання. Ці шмат “выпадковых” студэнтаў сярод тых, хто пры­ходзіць атрымаць прафесію псіхолага?

— Цяжка сказаць у працэнтных адносінах, але такіх нямала. “Выпадковымі” я называю тых, каму нецікава вучыцца, каго не захапляе псіхалогія, хто не можа выкарыстоўваць гэтую навуку ў сваім жыцці ці проста не разумее яе, хто памылкова прыйшоў на гэтую спецыяльнасць. Аднак калі яны знаходзяць нешта каштоўнае для сябе, то гэта ўжо не выпадковыя людзі ў Інстытуце псіхалогіі.

— Разам з тым не выключана магчымасць зацікавіць студэнта, няхай і “выпадковага”, навукай, дапамагчы яму перагледзець арыенціры. Што для гэтага патрэбна?

— Я часам назіраю, што студэнты не вельмі разумеюць, што такое псіхалогія, але па меры навучання яны пачынаюць разбірацца ў гэтай навуцы і сапраўды захапляюцца. І калі на 1—2 курсах у іх нізкая паспяховасць, то на старшых курсах яны пачынаюць усведамляць каштоўнасць псіхалагічных ведаў. Магчыма, гэта яшчэ звязана і з узростам: людзі становяцца старэйшымі, адбываецца пераацэнка. Вось тады і з’яўляецца захапленне, прыхо­дзіць жаданне выкарыстоўваць атрыманыя веды ў сваім жыцці, а потым — і ў прафесіі.

— Сёння практычна ўсе ўстановы адукацыі маюць у штаце псіхолагаў. Наколькі гэта апраўдана? Прыходзяць жа часцей маладзенькія дзяўчаты, якім, напэўна, самім нярэдка патрэбна псіхалагічная дапамога. Ці могуць яны аказаць рэальную падтрымку навучэнцам?

— Упэўнены, што ўсім людзям, нават прафесійным псіхолагам, патрэбна псіхалагічная дапамога. Напрыклад, на Захадзе ёсць такое правіла: кожны псіхолаг, прынамсі, раз у паўгода павінен сядзець у крэсле кліента. Іншая справа, што не ўсе людзі могуць быць эфектыўнымі псіхолагамі. Маю на ўвазе іх нейкія актуальныя жыццёвыя цяжкасці або асобасныя якасці, якія перашкаджаюць ім быць дыялагічнымі ў зносінах і сарыентавацца на іншага чалавека. Дарэчы, часта гэта бывае звязана і з узроставымі асаблівасцямі. Калі гэта малады спецыяліст, які яшчэ не адбыўся ў асобасным плане, то рызыка быць неэфектыўным у яго дастаткова высокая. Але ж у любой дзейнасці прафесіяналізм прыходзіць з вопытам. У любым выпадку выпу­скнікі-псіхолагі маюць шмат каштоўных ведаў і навыкаў, якія яны могуць выкарыстоўваць у зносінах са школьнікамі і іх бацькамі, з педагогамі і дапамагаць ім у розных сітуацыях. Тут мае значэнне нават не столькі вопыт, колькі нейкія асабістыя якасці спецыяліста, яго веды.

Тое, што практычна ўсе ўстановы адукацыі маюць у штаце псіхолага, насамрэч вялікая каштоў­насць для сістэмы адукацыі, бо гэта гуманізуе адукацыйнае асяроддзе. Пагадзіцеся: калі дзеці, бацькі, педагогі могуць у любы час прыйсці ў кабінет да псіхолага і абмерка­ваць нейкую жыццёвую сітуацыю, — гэта ўжо выдатна. Часцяком жа ў многіх людзей няма магчымасці пагаварыць з кім-небудзь глыбока і сур’ёзна. Тым больш, калі гава­рыць пра падлеткаў, крызісы і перажыванні ў якіх звычайна праходзяць складана, ім патрэбен той, хто зразумее і параіць. Я ведаю, што ў многіх установах адукацыі псіхолагі аказваюць такую дапамогу. Акрамя таго, яны право­дзяць шмат розных мерапрыемстваў, якія развіваюць псіхалагічную культуру школьнікаў.

— У нашай краіне падрыхтоўка псіхолагаў сарыентавана пераважна на ўстановы адукацыі, сацыяльныя ўстановы. Але ж сфера дзейнасці спецыялістаў-псіхолагаў вельмі і вельмі шырокая…

— Так, падрыхтоўка псіхолагаў у нас у значнай ступені сарыен­тавана на сферу адукацыі, але, напрыклад, у Інстытуце псіхалогіі БДПУ імя Максіма Танка ёсць такія спецыялізацыі, як “сацыяльная псiхалогiя”, “псіхалогія сямейных зносiн”, “псіхалогія прадпрымальніцкай дзейнасці”, “практычная псiхалогiя” і інш. Псіхолагі запатрабаваны ва ўсіх сферах дзейнасці. На жаль, нашаму грамадству пакуль не хапае разумення неабходнасці псіхалагічнай дапамогі. Ёсць прадузятасць, што да псіхолага ходзяць псіхічна нездаровыя людзі, няма добрага разумення адносна дзейнасці псіхолага і псіхіятра. А гэта абсалютна розныя рэчы. Мы з гонарам кажам: “У мяне ёсць свой стаматолаг”, “У мяне ёсць свой адвакат” і чамусьці саромеемся сказаць, што “ў мяне ёсць свой псіхолаг”. Хаця коль­касць псіхолагаў, якія аказваюць дапамогу прыватным чынам, пакрысе расце.

— Наколькі паспяховай можа быць прыватная практыка псіхолага?

— Шчыра кажучы, толькі высокія прафесіяналы могуць мець прыватную практыку, якая дазволіць ім зарабляць на жыццё. Абраўшы для сябе аказанне псіхалагічнай дапамогі прыватным чынам, зрабіўшы гэта сваім асноўным заняткам, псіхолаг у нейкім сэнсе робіць выклік самому сабе. Варта сказаць, што многія выкладчыкі даюць прыватныя кансультацыі. І тое, што да іх прыходзяць людзі, плацяць грошы, служыць пацвярджэннем, што яны добрыя прафесіяналы.

— Кажуць, што добры педагог абавязкова павінен быць добрым псіхолагам. Што вы думаеце на конт гэтага?

— Менавіта так. Я наогул упэўнены, што любая прафесія, звязаная са зносінамі, прадугледжвае наяўнасць псіхалагічнай культуры. Што гэта такое? Гэта веды і навыкі ўзаемадзеяння з іншымі людзьмі. Веданне псіхалогіі, веданне сябе як асобы, веданне іншых людзей, у якіх таксама ёсць псіхіка, асаблівасці характару, душа. Вельмі важна бачыць гэтыя душэўныя праявы. Без псіхалагічнай культуры чалавек гуманітарнай сферы проста прафесійна непрыдатны.

Вядома, псіхалагічная культура можа быць і жыццёвай — калі мы многае засвойваем без спецыяльных ведаў, а можа быць і навуковай. Важна, каб у прафесіяналаў была не толькі жыццёвая, але і навуковая псіхалогія. Без гэтага нельга быць эфектыўным педагогам. Педагог садзейнічае развіццю, і ў яго павінна быць рузуменне таго, як развіваецца псіхіка, як развіваецца асоба і чалавек. Мне падабаецца такое выказванне: “Педагогіка без псіхалогіі  сляпая, а псіхалогія без педагогікі  мёртвая”. Гэта зна­чыць, што псіхалогія знаходзіць свае праявы ў тым ліку і ў педагогіцы, а педагогі з дапамогай ведаў псіхалогіі атрымліваюць арыенціры ў сваёй дзейнасці.

— Існуе меркаванне, што псіхолаг можа дапамагчы каму хочаце, акрамя сябе самога. Што вы думаеце?

— Не пагаджуся. Адна з якасцей псіхолага заключаецца ў тым, што ён можа аказваць псіхалагічную дапамогу і самому сабе, выкарыстоўваючы псіхалагічныя тэхнікі і веды. Але я ўжо казаў, што псіхолаг без іншага псіхолага не заўсёды можа быць адэкватны, і яму перыядычна патрэбна дапамога калегі. У гэтым і заключаецца разуменне неабходнасці псіхалагічнай дапамогі. Ніхто не ідэальны. Чалавеку патрэбен чалавек. Чалавеку патрэбен псіхолаг. Псіхолагу патрэбен псіхолаг.

— Калі б вы, скажам, былі кіраўніком буйной кампаніі і вам патрэбна было пры­няць на працу псіхолага, для вас дастаткова было б проста наяўнасці дыплома? Ці па якіх крытэрыях вы выбіралі б спецыяліста?

— Зразумела, дыплома недастаткова. Найперш я звяртаў бы ўвагу на асабістыя якасці спецыяліста, затым — на яго прафесійныя якасці, на тое, як ён мае зносіны з людзьмі, сам пагутарыў бы з ім. Для мяне былі б важнымі таксама водгукі іншых людзей аб гэтым спецыялісце.

— Якія вашы асноўныя прынцыпы выкладання псіхалогіі?

— Адзін з найважнейшых прынцыпаў — зрабіць так, каб студэнты захапіліся маім прадметам. Перш за ўсё я стараюся “ўвязаць” выкладанне дысцыпліны ў жыццё студэнта. Для мяне важна, каб ён зразумеў, як можна выкарыстоўваць атрыманыя веды ў сваім жыцці. Потым можна звязваць яго веды з будучай прафесіяй. У гэтым плане псіхалогія — вельмі выгадная дысцыпліна, паколькі з ёй мы сустракаемся на кожным кроку, у кожнае імгненне свайго жыцця. Псіхалогіяй захапіць няцяжка, і ў гэтым сэнсе я шчаслівы чалавек і выкладчык. Наступны прынцып — маё асаблівае стаўленне да студэнта. Мне здаецца, што калі ў педагога няма трапяткога стаўлення да асобы студэнта, вучня, то яго праца ператвараецца ў прафанацыю і ён прафесійна непрыдатны. Вось гэтыя два асноўныя прынцыпы вельмі важныя, усё астатняе — другаснае.

— Што вы самі думаеце аб прафесіі псіхолага і прафесіі выкладчыка псіхалогіі?

— Вось тут для мяне якраз усё сыходзіцца: я і практыкуючы выкладчык, і практыкуючы псіхолаг. Вельмі рады, што магу аказваць псіхалагічную дапамогу лю­дзям і выкладаць псіхалогію студэнтам. Нават не ведаю, што ўва мне перамагае і што ў прыярытэце. Яшчэ дадаў бы, што неабходна займацца навукай. Навука — гэта такая цікавая рэч, якая дапамагае чалавеку адчуваць сябе свабодным. Залежнасць ад навукі — гэта прафілактыка ўсіх іншых залежнасцей: ад рэкламы, ад ідэалогіі, ад рэлігіі і многага іншага ў жыцці. Л.С.Выгоцкі тлумачыў развіццё свабоды чалавека праз развіццё паняційнага мыслення. Любая навука, любая адукацыя — гэта фарміраванне ў чалавека паняційнага мыслення.

— Ідэальны студэнт і ідэальны выкладчык — які ён, на вашу думку?

— Ідэальны студэнт — той, хто імкнецца да свабоды, да пазнання, той, хто захоплены жыццём. Мне здаецца, што пазнанне і захопленасць жыццём цесна ўзаемазвязаны. Тое ж і ідэальны выкладчык. Захопленыя аднолькавымі рэчамі, яны знаходзяць адзін аднаго. У гэтым шчасце і сэнс любой педагагічнай дзейнасці, а можа, нават і жыцця.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

Пожалуйста напечатайте буквы/цифры изображенные на картинке

Увядзiце лiтары, якiя вы бачыце на малюнку. Гэта засцярога ад спама.

*