Арыентацыя на практычную падрыхтоўку

Інжынеры і праграмісты — спецыялісты будучыні. Ужо зараз перад імі адкрываюцца вялікія магчымасці, і яны, безумоўна, будуць пашырацца з развіццём прагрэсу, таму не здзіўляе, што фізічны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны становіцца ўсё больш папулярным сярод маладых людзей. Тут можна засвойваць як ІТ-тэхналогіі, так і інжынерную фізіку, без якой нельга ўявіць работу многіх сучасных машын і абсталявання.

Бліжэй да вытворчасці

Фізічны факультэт — найстарэйшы ва ўніверсітэце. Асноўныя сферы дзейнасці выпускнікоў факультэта — адукацыя, навука, інфармацыйныя тэхналогіі, вытворчасць паўправадніковых прыбораў, інтэ­гральных схем, мікра- і нанаразмерных сістэм, распрацоўка новых тэхналогій і матэрыялаў, камп’ютарнае мадэляванне і аналіз тэхналагічных працэсаў, арганізацыя і кіраванне тэхналагічнымі працэсамі.

Зараз у нашай краіне, як і ва ўсім свеце, пры падрыхтоўцы спецыялістаў установы вышэйшай адукацыі больш арыентуюцца на практычныя навыкі, якія з’яўляюцца важным дадаткам да тэарэтычных ведаў. Такі падыход ужо робіць неактуальным стары жарт пра тое, што на прадпрыем­стве маладому спецыялісту раілі забыць усё, чаму яго вучылі ва ўніверсітэце.
Варта адзначыць, што кірунак на практычныя веды існаваў заўсёды. Студэнты засвойвалі іх у спецыялізаваных вучэбных лабараторыях і створаных на прадпрыемствах філіялах кафедр. Зараз такая работа ля­жыць у аснове вучэбнага працэсу тэхнічных універсітэтаў і спецыяльнасцей. Напрыклад, у складзе фізічнага факультэта — 8 студэнцкіх навукова-даследчых лабараторый з навукаёмістым абсталяваннем, якое рэгулярна абнаўляецца. Факультэт мае цесныя сувязі з вядучымі прадпрыемствамі не толькі Гомельскага рэгіёна, але і краіны. Зараз у пяці кафедр фізічнага факультэта адкрыта сем філіялаў на такіх прадпрыем­ствах, як Гомельскі абласны тэхнагандлёвы цэнтр “Гарант”, ААТ “Інтэграл”, Гомельскі цэнтр стандартызацыі, метралогіі і сертыфікацыі, “ІВА-Гомель”, Прадстаўніцтва ТАА “D-Link International PTE Ltd.” (Сінгапур) у Рэспубліцы Беларусь, а таксама ва ўстановах адукацыі — Гомельскім гарадскім цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і мола­дзі і Гомельскім абласным цэнтры тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі.

— Сёння мы хочам выпускаць такога спецыяліста, які з лёгкасцю ўключыцца ў работу на вытворчасці, — расказвае дэкан факультэта Дзмітрый Каваленка, — і гэта якраз дасягаецца дзякуючы су­працоўніцтву з вытворчасцю. Яшчэ адзін важны вынік такога ўзаемадзеяння — гарантаванае месца працы для выпускнікоў. Даючы практычныя навыкі студэнтам у рамках філіялаў кафедр, мы рыхтуем спецыялістаў, якія адпавядаюць патрабаванням пэўнага прадпрыемства ці кампаніі.

Добрым прыкладам з’яўляецца ААТ “Інтэграл”. Нягледзячы на тое, што ён знаходзіцца ў Мінску, штогод каля 15 выпускнікоў Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта атрымліваюць на гэтым прад­прыемстве сваё першае месца працы. Як правіла, гэта тыя выпускнікі, якія добра зарэкамендавалі сябе падчас навучання.

— Прадстаўнікі завода вядуць на нашым факультэце некаторыя спецдысцыпліны, — тлумачыць схему супрацоўніцтва Дзмітрый Леанідавіч. — Так яны прыглядаюцца да студэнтаў і, пачынаючы з 3 курса, рыхтуюць з імі курсавыя, а потым і ды­пломныя праекты, гадуючы такім чынам для сябе гатовых спецыялістаў.

Тая ж схема працуе і з іншымі прад­прыемствамі, на якіх ёсць філіялы кафедр фізічнага факультэта, у тым ліку і з такімі вядучымі ІТ-кампаніямі, як “ІВА-Гомель” і EPAM Systems.

Сертыфікат як пацвярджэнне ведаў

Падчас вучобы на фізічным факультэце студэнты маюць магчымасць прайсці курсы, засвоіць розныя ІТ-праграмы і атры­маць сертыфікаты міжнароднага ўзору. Так, сеткавая акадэмія CISCO, навуковая лабараторыя якой ужо шмат гадоў паспяхова працуе на фізфаку, дазваляе будучым айцішнікам вывучаць на спецыяльным абсталяванні апаратнае і праграмнае забеспячэнне ПК і сеткавыя тэхналогіі. З кампаніяй EPAM Systems студэнты засвой­ваюць web-праграмаванне на платформе ASP.NET і Java.

На факультэце — цікавы вопыт па распрацоўцы мабільных дадаткаў на платформе Android. Курсы праходзяць у рэжыме відэаканферэнц-сувязі з Міжнародным вучэбна-навуковым цэнтрам Android Software Center, які знаходзіцца ў Чыкага. Як заўважыў Дзмітрый Каваленка, засвоіўшы неабходныя веды шляхам дыстанцыйнага навучання, студэнты бясплатна атрымліваюць сертыфікат, які, напрыклад, у самой Амерыцы абыходзіцца ў 3 тысячы долараў.— Дыплом нашай установы — гэта ўжо гарантыя якасці, — гаворыць дэкан. — Але зараз работадаўцам аднаго дыплома недастаткова, яны хочуць, каб атрыманыя ва ўніверсітэце веды былі падмацаваны адпаведным сертыфікатам.

Такі падыход да падбору кадраў Дзмітрый Леанідавіч лічыць правільным. Па-першае, гэта будуць найбольш старанныя і мэтанакіраваныя спецыялісты, бо каб атрымаць сертыфікат, трэба дадаткова займацца. Па-другое, кампаніі атрымліваюць гатовага спецыяліста, якому не прый­дзецца марнаваць час, засвойваючы спецыяльныя праграмы і асаблівасці работы кампаніі. Пры гэтым выйграюць таксама студэнты і ўніверсітэт. Для першых магчымасць атрымаць сертыфікат — гэта стымул. Яны разумеюць, што без асабістага інтарэсу, стараннасці і сур’ёзных адносін да вучобы нічога не атрымаецца. Як дарослыя людзі, якім заўтра давя­дзецца апынуцца на перанасычаным рынку працы, яны ўсведамляюць: каб мець добрую працу і добры заробак, трэба быць канкурэнтаздольным. Універсітэту ж такое супрацоўніцтва дапамагае даваць студэнтам сучасныя веды і больш якасна рыхтаваць спецыялістаў.

Запатрабаваны спецыяліст у многім стварае імідж універсітэта, асобнага факультэта, кафедры, таму фізічны факультэт не спыняецца на дасягнутым, працягвае развівацца далей. Так, су­працоўніцтва з прадстаўніцтвам кампаніі D-Link International PTE Ltd у Беларусі вылілася ў адкрыццё лабараторыі сучасных камп’ютарных сістэм і сетак. Гэта зна­чыць, што ў студэнтаў цяпер ёсць магчымасць, прайшоўшы навучанне ў лабараторыі па спецыяльнай праграме, атрымаць сертыфікат вядучага сусветнага вытворцы сеткавага абсталявання карпаратыўнага ўзроўню і прафесійнага тэлекамунікацыйнага абсталявання, якім з’яўляецца кампанія D-Link.

Паралельныя спецыяльнасці

Яшчэ адна магчымасць выпусціць запатрабаванага спецыяліста, якую факультэт даўно і паспяхова выкары­стоўвае, — даць студэнтам дадатковую спецыяльнасць у Інстытуце павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў, які дзейнічае пры ГДУ імя Францыска Скарыны. Айцішнікі такім жа чынам мо­гуць добра вывучыць англійскую мову, высокі ўзровень валодання якой гарантуе ім запатрабаванасць на міжнародным узроўні. Сёлета факультэт выпусціць фізікаў-менеджараў, якія дадаткова вывучалі эканоміку і атрымалі адпаведны дыплом інстытута.

Новы погляд надаецца і класічнай спецыяльнасці фізічнага факультэта — выкладчык фізікі і інфарматыкі. Асноўны ўпор пры падрыхтоўцы выкладчыка робіцца на фізіку, інфарматыка ж выступае як другасны прадмет. Але пры жаданні гэты прадмет можна глыбей засвоіць у Інстытуце павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў, а значыць, і пашырыць свае магчымасці ў сэнсе працоўнай дзейнасці. Многія фізікі-педагогі атрымалі дадаткова кваліфікацыю псіхолага, што дазволіць ім, напрыклад, сумяшчаць выкладанне прадмета ў школе з псіхалагічнай дапамогай вучням і калегам.

— У апошні час мы набіраем даволі вялікія групы педагогаў, спецыяль­насць “Фізіка і навукова-педагагічная дзей­насць” зноў становіцца папулярнай сярод выпускнікоў школ, — расказвае дэкан фізічнага факультэта Дзмітрый Каваленка. — Маладыя педагогі потым добра размяркоўваюцца ў агульнаадукацыйныя ўстановы, рыхтуюць для нас абітурыентаў.

Дзмітрый Леанідавіч лічыць гэта немалаважным, бо ўплыў настаўніка на выбар вучнямі прафесіі вельмі высокі.

— Калі ў размове з абітурыентамі цікавішся, чаму яны выбралі фізіку, першае, што чуеш у адказ, — параілі бацькі ці настаўнік, — дзеліцца назіраннямі суразмоўца. — Вядома, калі настаўнік скажа, што на фізічным факультэце Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта вучыцца цікава, то школьнік захоча прыйсці да нас, калі ж настаўнік скажа адваротнае — ён не прыйдзе, якую б прафарыентацыю мы ні праводзілі.

Варта сказаць, што менавіта падрыхтоўка педагогаў падштурхнула кіраўніцтва факультэта да наладжвання цеснага су­працоўніцтва з прадпрыемствамі. Падчас вучобы ва ўніверсітэце будучыя выкладчыкі фізікі праходзяць практыку ў школах і амаль з першых курсаў атрымліваюць вопыт, а скончыўшы факультэт, становяцца гатовымі настаўнікамі, могуць весці заняткі і факультатывы, класнае кіраўніцтва, запаўняць журналы і г.д. Было вырашана распаўсюдзіць гэтую практыку таксама на інжынерныя і айцішныя спецыяльнасці факультэта. Сёння можна казаць, што гэта атрымалася.

Каб упісацца ў сучаснасць

Сёння на фізічным факультэце поруч з класічнымі і даўнімі паспяхова развіваюцца новыя, прадыктаваныя патрабаваннямі часу спецыяльнасці. Сярод іх — “Праграмуемыя мабільныя сістэмы”, “Электронныя сістэмы бяспекі”, у 2016 годзе ўпершыню быў аб’яўлены набор на спецыяльнасць “Камп’ютарная фізіка”. Дарэчы, згаданыя спецыяльнасці, як кажуць на факультэце, выраслі з найстарэйшай спецыяльнасці “Аўтаматызаваныя сістэмы апрацоўкі інфармацыі”. Аднайменная кафедра — адна з магутнейшых на факультэце, дзякуючы якой фізічны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта трапіў у дзясятку лепшых факультэтаў па падрыхтоўцы IТ-спецыялістаў, складзеную Паркам высокіх тэхналогій.

Вядома, час прад’яўляе свае патрабаванні і да падрыхтоўкі спецыялістаў класічных спецыяльнасцей. Фізіка  непа­дзельна звязана з чалавекам і яго жыццядзейнасцю, ёй належыць адна з найгалоўнейшых роляў у развіцці прагрэсу. Кожная кафедра імкнецца рыхтаваць такіх спецыялістаў, якія валодаюць сучаснымі ведамі і ма­юць навыкі працы на высокатэхналагічным абсталяванні. Дасягаецца гэта найперш праз узаемадзеянне з прадпрыемствамі і арганізацыямі, дзейнасць філіялаў кафедр на вытворчасці і студэнцкіх навукова-даследчых лабараторый.

Акрамя таго, студэнты, магістранты, аспіранты і супрацоўнікі фізічнага факультэта маюць магчымасць праходзіць навуковыя стажыроўкі ў рамках розных міжнародных і сумесных праграм у вядучых міжнародных навуковых цэнтрах універсітэтаў Японіі, Фінляндыі, Украіны, Германіі, Швецыі, Кітая, Карэі, Польшчы, Славакіі, Расіі, Румыніі. Для чытання лекцый на факультэт запрашаюцца вядучыя навукоўцы з універсітэтаў і навуковых цэнтраў далёкага замежжа.

— На нашым факультэце створана вельмі добрая база, у лабараторыях устаноўлена найноўшае абсталяванне, — падводзіць вынікі дэкан фізічнага факультэта Дзмітрый Каваленка. — Нашы студэнты не проста сядзяць і рашаюць задачы, хаця гэта таксама вельмі важна, але і могуць, што называецца, фізіку пама­цаць рукамі.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*