Маладыя эрудыты мераюцца інтэлектам

У мінулыя выхадныя Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт прымаў на сваёй пляцоўцы Рэспубліканскі школьны фестываль інтэлектуальных гульняў.

У рамках фестывалю прайшоў дзясяты чэмпіянат Беларусі па інтэлектуальных гульнях “Тройка”, дзе ўдзельнікі праходзяць тры туры, у кожным з якіх трэба адказаць на тры пытанні па трох тэмах, і “Эрудыт-квартэт” — спартыўны варыянт тэлевізійнай гульні “Свая гульня”. Акрамя таго, сёлета ў праграму фестывалю быў уключаны турнір “Што? Дзе? Калі?”, дзе каманды спаборнічалі за пуцёўкі на чэмпіянат Беларусі.У БДУ з’ехалася каля двухсот маладых эрудытаў, якія прадстаўлялі 32 каманды з Брэста, Гродна, Мазыра, Віцебска, Гомеля, Жодзіна, Ліды, Лагойска, Магілёва, Нясвіжа і Мінска. Натуральна, вядучы ўніверсітэт скарыстаўся гэтай нагодай і правёў для моладзі спецыяльную прафарыентацыйную акцыю. Патэнцыяльным абітурыентам расказалі пра асаблівасці ўступнай кампаніі і перспектывы навучання ва ўніверсітэце.

Арганізатарамі фестывалю выступілі Белдзяржуніверсітэт і грамадскае аб’яднанне “Беларуская ліга інтэлектуальных каманд”. Паколькі ўсе ўдзельнікі фестывалю — старшакласнікі, для іх было арганізавана знаёмства з БДУ. Камандам было прапанавана падарожжа па розных універсітэцкіх станцыях, на кожнай з якіх ім расказалі пра прыродазнаўчанавуковыя і гуманітарныя факультэты, пра міжнароднае супрацоўніцтва ўніверсітэта і акадэмічную мабільнасць, пра студэнцкую навуку, маладзёжныя арганізацыі і грамадскае жыццё ва ўніверсітэце. Былі і забаўляльныя станцыі, дзе маладым людзям прапаноўваліся пытанні на агульную эрудыцыю і гульні, скіраваныя на згуртаванасць і ўмацаванне каманднага духу.Як заўважыў адзін з арганізатараў фестывалю Дзмітрый Штукацер, такое падарожжа дапамагло ўдзельнікам фестывалю разняволіцца перад асноўнымі гульнямі і са свежымі галовамі ўступіць у барацьбу.

Нягледзячы на тое, што фестываль школьны, правілы гульняў былі дарослымі і пытанні няпростымі. Многія з гэтых пытанняў прыдумваліся дзеючымі знаўцамі гульні “Што? Дзе? Калі?”.

Напрыклад, у фінале гульні “Эрудыт-квартэт” прапаноўвалася тэма “Беларускiя спартыўныя клубы”, і там гучалі наступныя пытанні:

* Гэты клуб быў заснаваны на Барысаўскiм заводзе аўтатрактарнага электраабсталявання. (БАТЭ.)

* Гэты клуб прадстаўляў Беларусь у хакейнай Лiзе Чэмпiёнаў у сезоне 2016/2017. (Юнацтва-Мінск.)

* Дру Джонс, Джасцiн Грэй и Лаймонас Кiселюс гуляюць за гэты беларускi клуб. (Цмокi-Мiнск.)

* У сезоне 2015/2016 гэты клуб дабраўся ў Лізе Чэмпiёнаў да ⅛ фiналу, заняў першае месца ў адборачнай групе C. (БГК iмя Мяшкова.)

* Гэты валейбольны клуб з Баранавiч з’яўляецца шасцiразовым пераможцам чэмпiянату Беларусi па валейболе сярод жанчын. (Атлант.)У фінале гульні “Тройка” была тэма “Берлін” з наступнымі пытаннямі:

* 12 чэрвеня 1987 года гэты прэзідэнт звярнуўся да Гарбачова з заклікам знесці Берлінскую сцяну. (Рональд Рэйган.)

* Галоўным прызам Берлінскага кінафестывалю з’яўляецца “Залаты ЁН”. (Мядзведзь.)

* “Мы з калегам прыбылі з Берліна, але пра гэта не рэкамендуецца гаварыць уголас”, — запэўніў ЁН будучых прыхільнікаў саюза “Мяча і арала”. (Астап Бэндэр.)

Як паведаміў адзін з арганізатараў мерапрыемства знаўца телевізійнай гульні “Што? Дзе? Калі?” Іван Топчый, фестываль быў вельмі прадстаўнічым і ўсе каманды былі даволі моцнымі. “Цяжка назваць каманды, якія вясной будуць спаборнічаць у фінале чэмпіянату Беларусі па гульні “Што? Дзе? Калі?”, якіх не было б тут”, — заўважыў Іван.

Фестываль доўжыўся два дні, і каманды мелі магчымасць паспаборнічаць ва ўсіх трох гульнях. У выніку прызёрамі сталі 7 каманд з Мінска, Ліды і Мазыра. Каманда Ліцэя БДУ “Садзік Хана Дзавы” ўмудрылася падняцца на п’едэстал тройчы (два “золаты” і адна “бронза”) і заваявала галоўны трафей — Кубак фестывалю. (Дарэчы, калі чытача зачапіла назва каманды, то ліцэісты так мудрагеліста пастараліся абыграць імёны мэра Лондана Садзіка Хана і японскай актрысы Ханадзавы.)

Удзельнікі фестывалю ахвотна падзяліліся сваімі ўражаннямі ад спаборніцтваў. У цэлым усіх захапіў азарт, дух інтэлектуальнай барацьбы і імкненне даказаць сваю перавагу над іншымі. Але, вядома, месцаў на п’едэстале хапіла не ўсім. Некаторыя ўдзельнікі адзначылі складанасць пытанняў, асабліва ў фінале гульняў. Пры гэтым настрой у дзяцей бадзёры: ёсць прага працаваць, рыхтавацца далей і перамагаць.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*