Тэсты пастаянна ўдасканальваюцца

Цэнтралізаванае тэсціраванне — гэта самы адказны і хвалюючы этап уступнай кампаніі. Зразумела, абітурыентаў цікавіць пра ЦТ усё: якія тэсты ім прапануюць, наколькі яны якасныя, ці будуць адрознівацца сёлетнія заданні ад мінулагодніх і тых, што былі на рэпетыцыйным тэсціраванні? Гэтыя і іншыя пытанні мы адрасавалі дырэктару Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў Юрыю МІКСЮКУ.

— Юрый Іванавіч, вядома, што ў апошні час вялася сур’ёзная работа над тэстамі. Якія задачы вырашаліся ў працэсе гэтай работы?

— Хачу адзначыць, што работа над удасканаленнем тэстаў вядзецца пастаянна. Асноўная задача — стварыць найбольш спрыяльныя ўмовы для абітурыентаў, якім важна прадэманстраваць набытыя веды. На першым месцы — веды, а тэст — гэта інструмент, які дазваляе іх раскрыць. Таму тэсты ўвесь час дапрацоўваюцца, шліфуюцца, пастаянна пераглядаецца база: калі нейкія матэрыялы ўжо не адпавядаюць школьнай праграме, то яны выдаляюцца.

Толькі якасныя тэсты дазваляюць аб’ектыўна параўнаць абітурыентаў паводле наяўных ведаў. Калі гаварыць аб падрыхтоўцы да ЦТ 2018 года, то ішла работа над тым, каб тэсты былі аднолькавымі па складанасці, добра дыферэнцыравалі абітурыентаў, мелі аптымальную структуру. Вялікая ўвага надавалася таму, каб яны не выходзілі за межы школьнай праграмы, адпавядалі адукацыйным стандартам, падручнікам і вучэбным дапаможнікам, якія выкарыстоўваюцца ў вучэбным працэсе.

Рэгістрацыя абітурыентаў для ўдзелу ў ЦТ будзе праводзіцца з 2 мая па 1 чэрвеня.

— Былі створаны прадметныя рабочыя групы, што праводзілі экспертызу тэставых заданняў. Якія вынікі іх работы?

— Адзначу, што ў гэтыя групы ўваходзілі дасведчаныя настаўнікі-практыкі, метадысты. Яны прааналізавалі заданні, прапанаваныя на ЦТ 2017 года, на іх адпаведнасць вучэбным праграмам. Такая ж работа праводзілася ў Акадэміі паслядыпломнай адукацыі ў працэсе стажыровак настаўнікаў. У выніку было ўстаноўлена, што змест заданняў ЦТ адпавядае праграмам уступных выпрабаванняў і вучэбным праграмам, падручнікам, вучэбным дапаможнікам. У той жа час эксперты выказалі некаторыя прапановы па ўдасканаленні тэставых заданняў. Гэта ўжо знайшло адлюстраванне на рэпетыцыйным тэсціраванні (трэці этап) і цэнтралізаваным тэсціраванні 2018 года.

У прыватнасці, па грамадазнаўстве была выказана заўвага, што ў заданнях ЦТ не заўсёды выкарыстоўваўся асноўны вучэбны матэрыял параграфа, а на першае месца вылучаўся дадатковы матэрыял. У дачыненні да замежных моў эксперты ўказалі на тое, што ў заданнях бракуе матэрыялу краіназнаўчай скіраванасці, і яны не заўсёды раскрываюць маўленчыя кампетэнцыі абітурыентаў. Некаторыя заўвагі былі агучаны і па іншых прадметах. Адзначу, што мы ўлічылі ўсе нюансы.

Па кожным прадмеце была праведзена дадатковая прапрацоўка. Напрыклад, калі гаварыць пра фізіку, то заданні носяць практыка-арыентаваны характар, што дазваляе раскрыць разуменне абітурыентамі сэнсу фізічных з’яў, законаў. Тое ж тычыцца хіміі, біялогіі, геаграфіі. У тэстах па матэматыцы і іншых прадметах, дзе патрабуюцца вылічэнні, лічбавыя значэнні падабраны такім чынам, каб мінімізаваць вылічальныя памылкі абітурыентаў. У заданнях, дзе выкарыстоўваецца ілюстрацыйны матэрыял, нават яго каляровая гама падабрана так, каб быць пазнавальнай, такой, як гэта пададзена ў падручніках. З тэстаў па беларускай мове выключаны ўсе моўныя з’явы, якія ў розных вучэбных дапаможніках прадстаўлены па-рознаму. І так па кожным прадмеце.

Абітурыентам, якія сістэматычна працавалі ў школе, прасцей падрыхтавацца да ЦТ. Але і ў тых, хто мае пэўныя прабелы ў ведах, сёння ёсць магчымасць падцягнуць іх. РТ і наступнае кансультаванне дапаможа выявіць хібы і скарэкціраваць падрыхтоўку.

— Ці будуць нейкія змены ў структуры тэстаў?

— Структура тэстаў не зменіцца. Агульная колькасць заданняў размеркавана па тэмах у адпаведнасці з іх значнасцю, аб’ёмам у падручніках. Як заўсёды, будуць прапанаваны заданні пяці ўзроўняў складанасці, што дазволіць якасна ранжыраваць абітурыентаў па іх узроўні ведаў. Заданні падабраны такім чынам, каб яны былі раўназначнымі для ўсіх варыянтаў, што прапаноўваюцца абітурыентам на ЦТ. Што да спецыфікацыі тэстаў, то з ёй можна азнаёміцца на сайце нашага інстытута.

— Абітурыенты часам наракалі, што змест задання як быццам адпавядае школьнай праграме, але яго падача занадта мудрагелістая, што заблытвала…

— Работа над тэстамі вядзецца пастаянна. У прыватнасці, аналізуецца, як абітурыенты адказваюць на тыя ці іншыя пытанні, у чым прычына памылак. Усё гэта дазваляе забяспечыць карэктнасць тэставых заданняў.

Сёння мы можам фіксаваць, што па выніках праведзенага аналізу зроблена карэкціроўка экзаменацыйных матэрыялаў для правядзення ЦТ-2018. Усе яны прайшлі неаднаразовую як унутраную, так і знешнюю экспертызу.

— Сёлета РІКВ упершыню прапанаваў абітурыентам дыстанцыйнае тэсціраванне. Наколькі яно папулярнае? Як шмат людзей скарысталіся магчымасцю праверыць свае веды праз інтэрнэт?

— Сапраўды, з 1 лютага мы прапанавалі абітурыентам бясплатна прайсці дыстанцыйнае рэпетыцыйнае тэсціраванне. Усе жадаючыя, не пакідаючы дома ці ўстановы адукацыі, з любога месца, дзе ёсць прылада з выхадам у інтэрнэт, маюць магчымасць прайсці выпрабаванне на сайце нашага інстытута. Абітурыенты адразу атрымліваюць вынік сваёй работы з указаннем правільных і няправільных адказаў, спасылкамі на старонкі падручнікаў, дзе можна паўтарыць тую ці іншую тэму, і кансультацыю па прадмеце.

На сённяшні дзень дыстанцыйнае тэсціраванне прайшлі ўжо каля 50 тысяч чалавек.

Трэба сказаць, што па-ранейшаму карыстаецца папулярнасцю і традыцыйнае, бланкавае, рэпетыцыйнае тэсціраванне. Яно вельмі карыснае для нас, бо дазваляе ўдасканальваць заданні, і мае важнае значэнне для абітурыентаў. РТ дапамагае праверыць веды на пэўным этапе падрыхтоўкі, выявіць магчымыя прабелы і вызначыць, як іх ліквідаваць. Акрамя таго, дапамагае абітурыентам псіхалагічна падрыхтавацца да ўступных выпрабаванняў. Адпрацаваўшы тэхналогію, на ЦТ яны могуць цалкам засяродзіцца на выкананні заданняў.

Як паказвае практыка, тыя, хто бярэ ўдзел ва ўсіх трох этапах РТ, паляпшаюць свае вынікі прынамсі на 8—10 балаў, па некаторых прадметах — да 14 балаў. Хачу адзначыць, што гэта сур’ёзнае павелічэнне. Вядома, што атрыманыя балы немагчыма перавесці ў 10-бальную сістэму шляхам простага дзялення на 10. І дадатковыя балы дапамагаюць маладым людзям трапіць у вобласць сапраўды высокіх ацэнак.

— Сёлета пачынае выкарыстоўвацца норма, якая прадугледжвае двухгадовае дзеянне сертыфікатаў ЦТ. Гэта значыць, што абітурыенты могуць скарыстацца леташнімі сертыфікатамі…

— Так, але абітурыенты павінны мець на ўвазе, што сёлета павысіліся парогавыя значэнні ЦТ па першым профільным прадмеце. Гэта значыць, што можа быць сітуацыя, калі мінулагодніх балаў будзе недастаткова для ўдзелу ў конкурсе ва ўстановы вышэйшай адукацыі. Тым, хто мае намер скарыстацца леташнімі сертыфікатамі, трэба ўпэўніцца, што іх балы з’яўляюцца здавальняючымі. У адваротным выпадку неабходна зноў прайсці ЦТ і паспрабаваць атрымаць больш высокія вынікі.

Заданні падабраны такім чынам, каб яны былі раўназначнымі для ўсіх варыянтаў, што прапаноўваюцца абітурыентам на ЦТ. Што да спецыфікацыі тэстаў, то з ёй можна азнаёміцца на сайце РІКВ.

— Што вы пажадаеце абітурыентам за 2 месяцы да ЦТ?

— Хачу пажадаць ім поспехаў і нагадаць, што цэнтралізаванае тэсціраванне — гэта экзамен, які правярае веды. Дасягнуць высокіх вынікаў без належных ведаў немагчыма. Таму, як да любога экзамену, трэба рыхтавацца, паўтараць і сістэматызаваць пройдзены матэрыял і падысці да гэтага з усёй адказнасцю.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*