Першыя спробы

Працягваецца першы этап рэпетыцыйнага тэсціравання. Для абітурыентаў, якія маюць намер паступаць ва ўстановы вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, гэта выдатны шанс праверыць свае веды. Напрыканцы этапу ў іх будзе магчымасць азнаёміцца з рашэннем тэставых заданняў, выканаць работу над памылкамі і акрэсліць шляхі найбольш эфектыўнай падрыхтоўкі да ЦТ.

Вельмі важна, што ў ходзе рэпетыцыйнага тэсціравання можна набыць тэхнічныя навыкі запаўнення бланка адказаў і псіхалагічна падрыхтавацца да будучых іспытаў. Умовы максімальна набліжаны да ЦТ: за парушэнне правіл могуць гэтак жа адхіліць ад выканання работы. Адзінае, што на рэпетыцыйнае тэсціраванне дазваляецца прыходзіць з ксеракопіяй пашпарта. Хтосьці яшчэ толькі атрымлівае дакумент, хтосьці здаў яго на візу — розныя бываюць выпадкі, але гэта не перашкаджае абітурыентам выпрабаваць свае веды на РТ.

На факультэце даўніверсітэцкай адукацыі БДУ рэпетыцыйнае тэсціраванне прайшлі ўжо больш за 1000 чалавек. Як паведамілі арганізатары, для праходжання выпрабаванняў прыязджаюць не толькі мінчане, але і іншагароднія абітурыенты, як будучыя выпускнікі, так і дзесяцікласнікі, а таксама тыя, хто ўжо скончыў школу.

У мінулую пятніцу, калі мы наведаліся на факультэт, тут быў сапраўдны аншлаг: рэпетыцыйнае тэсціраванне па рускай і беларускай мовах праходзілі 140 чалавек. На пытанне, хто ўжо мае вопыт здачы РТ, палова аўдыторыі падняла рукі.

— Калі ласка, выключыце мабільныя тэлефоны, — звярнулася да абітурыентаў адказны арганізатар тэсціравання. — Не бязгучны і не вібрарэжым! Тэлефоны трэба выключыць і схаваць у сумкі. Нельга размаўляць і выкарыстоўваць дапамогу іншых асоб.


Арганізатар вельмі падрабязна тлумачыць абітурыентам парадак запаўнення бланкаў, інструктуе наконт правіл паводзін на тэсціраванні. РТ — гэта праверка не толькі ведаў, але і адказнасці.

Абітурыенты, з якімі мы размаўлялі, гавораць, што нацэлены прайсці ўсе тры этапы рэпетыцыйнага тэсціравання. Дзякуючы нізкаму кошту ўдзелу ў выпрабаваннях (7 рублёў за адзін вучэбны прадмет), можна праверыць сябе тройчы: на пачатку, у сярэдзіне і ў канцы навучальнага года. Гэта дапаможа своечасова выявіць прабелы ў ведах і аптымізаваць падрыхтоўку. Акрамя таго, у многім арыентуючыся на вынікі РТ, абітурыенты будуць рабіць прафесійны выбар: профіль падрыхтоўкі, спецыяльнасць, установу адукацыі.

Вядома, што рэпетыцыйнае тэсціраванне праводзіцца па матэрыялах Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў і апрацоўка бланкаў, разлік вынікаў ажыццяўляецца па тэхналогіі цэнтралізаванага тэсціравання. Аднак мала хто задумваецца, што РТ — гэта такі ж працаёмкі, энергазатратны працэс, як і ЦТ.

Установы адукацыі, дзе праводзіцца рэпетыцыйнае тэсціраванне, забяспечваюць увесь працэс — пачынаючы са светлых аўдыторый і заканчваючы неабходнай канцылярыяй, не кажучы ўжо пра тое, што арганізацыяй РТ займаюцца дзясяткі людзей.

— Мы павінны раздрукаваць усе неабходныя матэрыялы, забяспечыць абітурыентаў чарнавікамі, мець у запасе гелевыя ручкі, — гаворыць супрацоўнік факультэта даўніверсітэцкай адукацыі БДУ Аксана Пятрэнка. — Акрамя таго, мы самі дастаўляем тэставыя работы на праверку ў РІКВ.


У Рэспубліканскім інстытуце кантролю ведаў усе работы праходзяць складаную верыфікацыю, што дазваляе ажыццявіць іх якасную машынную праверку. На працягу трох этапаў рэпетыцыйнага тэсціравання тут ідзе напружаная работа, каб абітурыенты з усёй краіны своечасова атрымалі свае вынікі.

Дарэчы, у Рэспубліканскім інстытуце кантролю ведаў праводзіцца таксама камп’ютарнае тэсціраванне. Гэта зручна для тых, хто хоча адразу ж атрымаць вынік. Ёсць магчымасць паўторна выканаць заданні, у якіх былі дапушчаны памылкі, і азнаёміцца з аўтарскім рашэннем прапанаваных заданняў.

І рэпетыцыйнае, і камп’ютарнае тэсціраванне дазваляе абітурыентам праверыць і падцягнуць веды, набыць тэхнічныя навыкі запаўнення бланкаў, асвоіцца псіхалагічна. Арганізатары гавораць, што першыя рэпетыцыйныя тэсты дзейнічаюць на многіх абітурыентаў ацвераджальна: вынікі часта не такія высокія, як чакалася. Аднак гэта паказвае на тое, што трэба больш працаваць. Тыя, хто ўмее правільна інтэрпрэтаваць і выкарыстоўваць вынікі рэпетыцыйнага тэсціравання, дэманструюць рост і развіццё.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*