Паступальны рух да поспеху

Віцебскі дзяржаўны тэхнічны каледж адкрывае тры новыя запатрабаваныя спецыяльнасці для выпускнікоў 11-х класаў: “Аўтасэрвіс”, “Электроніка механічных транспартных сродкаў” і “Вылічальныя машыны, сістэмы і сеткі”.


ВДТК — адна з вядучых устаноў адукацыі краіны. Колькасць навучэнцаў тут на сённяшні дзень перавышае 1,5 тысячы чалавек, гэта найбольш высокі паказчык сярод устаноў ПТА і ССА вобласці. У каледжы рэалізуюцца дзённая, вячэрняя, завочная формы атрымання адукацыі. Больш за тое, у навучэнцаў ёсць выдатная магчымасць адначасова з сярэдняй спецыяльнай атрымаць прафесійна-тэхнічную адукацыю. Тэрмін навучання па кожнай кваліфікацыі ў вячэрняй форме складае адзін год, а гэта значыць, што за тры гады вучобы, акрамя дыплома аб сярэдняй спецыяльнай адукацыі, пры жаданні можна набыць яшчэ тры рабочыя кваліфікацыі — кожны год новую. На вячэрнюю форму атрымання адукацыі запрашаюцца асобы, якія маюць агульную базавую, агульную сярэднюю, сярэднюю спецыяльную, вышэйшую адукацыю, студэнты дзённай і завочнай форм навучання — практычна кожны, хто жадае вучыцца.

Традыцыйнымі для ВДТК з’яўляюцца спецыяльнасці архітэктурна-будаўнічага напрамку, у гэтай сферы назапашаны велізарны вопыт. Аб якасці падрыхтоўкі будучых спецыялістаў сведчаць іх перамогі на конкурсах прафесійнага майстэрства як абласнога і рэспубліканскага, так і міжнароднага ўзроўню: напрыклад, у маі прадстаўнікі каледжа ў складзе беларускай зборнай WorldSkills Belarus удзельнічалі ў чэмпіянаце краін — членаў Еўразійскай прасторы ў рамках фіналу V Нацыянальнага чэмпіянату “Маладыя прафесіяналы (WorldSkills Russia)” у Краснадары і прывезлі адтуль пераможнае “серабро”. Развітая матэрыяльна-тэхнічная база, моцны кадравы патэнцыял, цесныя ўзаемасувязі з прадпрыемствамі-работадаўцамі, інавацыйныя і лепшыя класічныя методыкі выкладання — усё накіравана на фарміраванне і развіццё творчай, рознабакова развітой асобы, сапраўднага майстра сваёй справы.

Па дакладным разліку

Акрамя традыцыйных, штогод установа адукацыі адкрывае новыя спецыяльнасці. Так, у мінулым годзе пачалася падрыхтоўка па спецыяльнасцях “Арганізацыя перавозак і кіраванне на аўтамабільным і гарадскім транспарце” на дзённай форме і “Санітарна-тэхнічнае абсталяванне будынкаў і збудаванняў” на завочнай форме навучання. У 2017 годзе каледж прапануе адразу тры новыя запатрабаваныя спецыяльнасці для выпускнікоў 11-х класаў: “Аўтасэрвіс” з кваліфікацыяй “аўтамеханік 5-га разраду”, “Электроніка механічных транспартных сродкаў” з кваліфікацыяй “тэхнік-электронік” і “Вылічальныя машыны, сістэмы і сеткі” з кваліфікацыяй “тэхнік”. На ўсе пералічаныя спецыяльнасці прадугледжаны прыём абітурыентаў на бюджэтнай і платнай аснове.

Новыя спецыяльнасці заўсёды не толькі новыя магчымасці, але і пэўная рызыка. Сёння яны займаюць першыя радкі ў рэйтынгу папулярных сярод абітурыентаў і запатрабаваных у наймальнікаў, а што будзе праз два-тры гады? Ці не застануцца выпускнікі лішнімі на рынку працы, калі кадравыя запыты зменяцца? У каледжы запэўніваюць: сітуацыя на кантролі. Па-першае, практыка паказвае, што прадстаўнікі тэхнічных спецыяльнасцей у любым выпадку будуць мець прыярытэт, бо роля рэальнага сектара эканомікі пастаянна ўзрастае. Па-другое, у самой установе адукацыі, вобразна кажучы, трымаюць руку на пульсе.

— Каб пазбегнуць перанасычанасці рынка па асобных напрамках падрыхтоўкі, мы практычна штогод уносім змяненні ў пералік спецыяльнасцей, — тлумачыць адказны сакратар прыёмнай камісіі каледжа Вольга Арышчанка. — Як варыянт магчыма павелічэнне або скарачэнне набору, чаргаванне прыёму на адну і тую ж спецыяльнасць з інтэрвалам у адзін-два гады або адкрыццё падобных спецыяльнасцей, скарэкціраваных згодна з пажаданнямі работадаўцаў.

Прафарыентацыйная кампанія ў ВДТК пачынаецца з 1 верасня. Каледж праводзіць маніторынгавыя даследаванні сярод навучэнцаў выпускных і перадвыпускных класаў, вызначае прафесійныя чаканні будучых абітурыентаў, складае рэйтынг прывабнасці прафесій. Адначасова ідзе інтэнсіўная работа з прадпрыемствамі і арганізацыямі — заказчыкамі кадраў. Толькі ў выпадку, калі сфарміравана неабходная колькасць заявак і разам з тым пацверджана зацікаўленасць абітурыентаў у атрыманні канкрэтнай новай спецыяльнасці, можна гаварыць пра яе адкрыццё. Такім чынам установа адукацыі забяспечвае запатрабаванасць сваіх выпускнікоў і практычна заўсёды — прыём на конкурснай аснове.

Тэхнікі ў пашане

— Устойлівае павелічэнне колькасці спажыўцоў паслуг аўтасэрвісу прывяло да фарміравання спрыяльнай кан’юнктуры рынку ў азначанай сферы, — каменціруе дырэктар каледжа Аляксандр Ласякін. — Сучасны аўтамеханік — высокакваліфікаваны спецыяліст шырокага профілю. Попыт на аўтамабілі толькі расце, прапарцыянальна павялічваецца і патрэба ў правядзенні рамонту і, адпаведна, у спецыялістах. Папярэдне мы правялі маркетынгавыя даследаванні запытаў на спецыялістаў з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй па гэтым напрамку. У выніку быў выяўлены дэфіцыт спецыялістаў па выкананні тэхнічнага абслугоўвання і рамонту аўтамабіляў. Адкрыццё ў каледжы падрыхтоўкі высокакваліфікаваных аўтамеханікаў дасць магчымасць забяспечыць кадрамі сферу тэхнічнага абслугоўвання і рамонту машын, створыць аптымальныя ўмовы для рэалізацыі інтэграванай адукацыйнай праграмы і далейшай пераемнасці ўзроўняў адукацыі.

На цяперашні час каледж забяспечвае атрыманне кваліфікацыі ўзроўню ССА па спецыяльнасцях “Будаўніцтва дарог і транспартных аб’ектаў” і “Арганізацыя перавозак і кіраванне на аўтамабільным і гарадскім транспарце”. Па шэрагу вучэбных дысцыплін яны набліжаны да новай спецыяльнасці “Аўтасэрвіс”. Як падкрэсліваюць у прыёмнай камісіі, менавіта ўзаемадзеянне спецыяльнасцей аднаго напрамку дазваляе ўстанове адукацыі максімальна эфектыўна выкарыстоўваць транспартна-тэхналагічныя сістэмы, матэрыяльныя і чалавечыя рэсурсы.

Электроніка на змену механіцы

Рынак аўтамабільнай электронікі ўваходзіць у чацвёрку найбольш развітых і перспектыўных сектараў электроннай прамысловасці, якая, у сваю чаргу, таксама імкліва развіваецца і з’яўляецца найбуйнейшай галіной сусветнай прамысловасці. Тэхналогія праектавання і эксплуатацыі транспартных сродкаў з кожным годам удасканальваецца: у сучаснай аўтамашыне механічныя часткі ўсё больш замяняе функцыянальная і надзейная электроніка. З цягам часу колькасць заснаваных на ёй сістэм павялічваецца, расце і попыт на прафесіяналаў адпаведнага профілю.

— Праз маркетынгавыя даследаванні патрэбы ў кадрах з падрыхтоўкай узроўню ССА мы выявілі недастатковую забяспечанасць спецыялістамі па дыягностыцы электронных сістэм і датчыкаў аўтамабіляў, — адзначае Вольга Арышчанка. — У сувязі з гэтым адначасова са спецыяльнасцю “Аўтасэрвіс” адкрываем набор па спецыяльнасці “Электроніка механічных транспартных сродкаў”. Дысцыплінарна-модульны падыход дапаможа найбольш эфектыўна выкарыстоўваць розныя электронна-дыягнастычныя сістэмы, а ў канчатковым выніку будзе садзейнічаць павышэнню якасці рамонту складаных дэталей аўтамабіля, бяспекі і камфорту дарожнага руху.

Падрыхтоўка па новых спецыяльнасцях адкрывае новыя магчымасці для павышэння манеўранасці і рэйтынгу каледжа на рынку адукацыйных паслуг, росту прывабнасці для патэнцыяльных абітурыентаў, удасканалення кадравай структуры арганізацый — заказчыкаў кадраў.

Сучасныя ІТ-тэхналогіі ў каледжы

У наш час камп’ютарам належаць вядучыя ролі не толькі на транспарце. ІТ-тэхналогіі прымяняюцца паўсюдна, пачынаючы ад дакументаабароту і заканчваючы аўтаматычным праграмным кіраваннем на заводах.

— У сферы сучасных тэхналогій апрацоўкі інфармацыі павышаецца актуальнасць падрыхтоўкі спецыялістаў па праектаванні і эксплуатацыі вылічальных машын, сістэм і сетак для высокапрадукцыйных камп’ютараў, — працягвае размову дырэктар каледжа. — Актыўна развіваюцца тэхналогіі распрацоўкі паралельных праграм, размеркаваных і сеткавых дадаткаў, спосабы пабудовы і адміністравання вылічальных сетак перадачы даных, метады апрацоўкі графічнай інфармацыі, лічбавай апрацоўкі сігналаў і малюнкаў, абароны інфармацыі ў камп’ютарных сетках. На цяперашні час мы рыхтуем кадры па спецыяльнасці ўзроўню ССА “Тэхнічнае абслугоўванне тэхналагічнага абсталявання і сродкаў робататэхнікі ў аўтаматызаванай вытворчасці”. Трэба сказаць, што гэты кірунак таксама вельмі прывабны і перспектыўны. Да таго ж па шэрагу дысцыплін, якія вывучаюцца, ён блізкі да новай спецыяльнасці “Вылічальныя машыны, сістэмы і сеткі”. Мяркуецца, што ўзаемадзеянне дзвюх роднасных спецыяльнасцей дасць шматузроўневы эфект: ад аптымізацыі выкарыстання наяўных камп’ютарных модуляў і сістэм да паляпшэння якасці адукацыі і эфектыўнасці кіравання сістэмай адукацыі з улікам сучасных ІТ-тэхналогій.

Выпускнікі згаданага профілю могуць актыўна прыцягвацца да работы, звязанай з перапрацоўкай вялікіх аб’ёмаў інфармацыі. Асаблівасці функцыянальных абавязкаў маладых спецыялістаў будуць залежаць ад галіновай скіраванасці прадпрыемстваў: эканоміка і кіраванне, банкаўская сфера, энергетыка, адукацыя, рэклама, медыцына, машынабудаванне, вытворчасць інтэрнэт-паслуг. Істотны момант: набор запланаваны на базе 11-х класаў. Такім чынам, шанс спраўдзіць сваю мару і рэалізавацца ў выбранай прафесіі атрымліваюць нават тыя абітурыенты, хто па тых ці іншых прычынах не паступіць ва ўстановы вышэйшай адукацыі. Так праз пераемнасць ступеняў адукацыі не проста забяспечваецца прынцып яе бесперапыннасці і кадравыя запыты, але і скарачаюцца дзяржаўныя выдаткі на падрыхтоўку спецыяліста з вышэйшай адукацыяй у IT-сферы. Дарэчы, па інфармацыі прыёмнай камісіі, на ўзроўні ССА ў нашай краіне падрыхтоўка па спецыяльнасці “Вылічальныя машыны, сістэмы і сеткі” ў 2017 годзе будзе ажыццяўляцца толькі ў ВДТК.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота Юрыя СЕРГУНА.