Ці трэба на тэсціраванні вучыць абітурыентаў доказу тэарэмы Піфагора?

Нават самы лянівы чытач праз розныя інфармацыйныя рэсурсы можа знайсці шмат матэрыялаў аб месцы і ролі цэнтралізаванага тэсціравання ў адукацыйным працэсе. Аднак час ад часу ў сацыяльных сетках (і не толькі) сустракаюцца сумніўныя меркаванні, якія не адпавядаюць рэчаіснасці.
Мы неаднойчы звярталі на гэта ўвагу бацькоўскай і настаўніцкай грамадскасці.
Паспрабуем у чарговы раз…

Довад першы. Быццам бы тэставыя заданні не спрыяюць развіццю творчых здольнасцей падлеткаў.
На самай справе
Гэта не з’яўляецца задачай тэсціравання. Падчас тэставых іспытаў правяраюцца веды абітурыентаў, якія трансфармуюцца ў пэўныя ўменні. Не трэба блытаць мэты вучэбнага працэсу і функцыі кантролю за якасцю адукацыі.
Творчыя здольнасці вучня развіваюцца падчас навучання ва ўстанове адукацыі. Настаўнік, у адпаведнасці з нарматыўнымі дакументамі Міністэрства адукацыі, вольны ў выбары дыдактычных сродкаў навучання. Ад яго педагагічнага майстэрства залежыць, наколькі эфектыўна структура і змест матэрыялу, які вывучаецца, арганізацыя практычных і лабараторных заняткаў, формы кантролю могуць фарміраваць так званыя творчыя здольнасці будучага абітурыента.
Доказ вучнямі тэарэм ля дошкі на ўроках геаметрыі спрыяе як замацаванню імі вучэбнага матэрыялу, так і развіццю логікі. Менавіта таму для настаўніка важна, каб вучань не толькі запомніў формулу тэарэмы Піфагора c2=a2+b2, але і зразумеў, што ў любым прамавугольным трохвугольніку квадрат даўжыні гіпатэнузы роўны суме квадратаў даўжынь катэтаў, і мог гэта даказаць.
Мы ж не ставім пад сумненне дзеянні інспектара ДАІ пры праверцы ім падчас экзамену ў курсанта аўташколы навыкаў ваджэння. Для экзаменатара важна, каб курсант правільна выканаў усе манеўры на дарозе, а не растлумачыў правілы праезду на нерэгулюемым скрыжаванні. Тое ж патрабуецца і ад абітурыента на цэнтралізаваным тэсціраванні — паказаць сваю адукаванасць, а не шляхі да яе.
Між тым нашы тэставыя заданні патрабуюць творчага падыходу пры іх выкананні. Напрыклад, на іспыце па геаграфіі пры вызначэнні тыпу расліннага покрыва ў экватарыяльным кліматычным поясе абітурыент не зможа даць правільны адказ, калі ён не разумее, у якой залежнасці паміж сабой знаходзяцца прыродныя кампаненты.
Парадак разважанняў абітурыентаў для атрымання адказу на заданне тэста можа быць наступным:
Геаграфічнае становішча экватарыяльнага кліматычнага пояса (нізкія шыроты, дзе сонца ўвесь час у зеніце) спрыяе фарміраванню высокіх тэмператур на працягу года.
У вобласці нізкага атмасфернага ціску, які характэрны для гэтага кліматычнага пояса, фарміруюцца вятры пасаты, якія на працягу ўсяго года прыносяць з акіяна на сушу вялікую колькасць вільгаці.
Такім чынам, у гэтым поясе высокія тэмпературы і выпадае многа ападкаў. Адзначаныя прыродныя фактары спрыяюць росту вільготных экватарыяльных лясоў. Такі адказ адпавядае аднаму з прапанаваных у тэставым заданні дыстрактараў.
Прывядзём яшчэ прыклад задання з сёлетняга тэста па біялогіі:
Для вывучэння працэсу акамадацыі ў чалавека на рознай адлегласці ад вачэй падыспытнага размясцілі пяць аднолькавых прадметаў:
1-шы — на адлегласці 12 м, 2-гі — 20 см, 3-ці — 150 см, 4-ты — 6 м, 5-ты — 60 см.
У якой паслядоўнасці падыспытны павінен разглядаць прадметы, каб хрусталік паслядоўна змяняў сваю форму ад найбольш выпуклай да больш плоскай?
Для паспяховага выканання задання неабходна было ведаць, што азначае акамадацыя, і разумець, што пры разгляданні блізка размешчаных прадметаў хрусталік вока становіцца выпуклым, а калі погляд накіраваць удалечыню — плоскім. Значыць, дзякуючы акамадацыі хрусталіка, адлюстраванне заўсёды (пры адсутнасці паталогіі) праецыруецца на сятчатку вока.
Адсюль вынікае, што абітурыент, якога навучылі рацыянальным правілам працы, зможа справіцца з заданнямі тэста, што і пацвярджаюць многія ўдзельнікі іспытаў.

Довад другі. Быццам бы тэсціраванне “падрывае вучэбны працэс у школе: настаўнікі муштруюць дзяцей пад тэсты”.
На самай справе
Вучэбны працэс у школе можа быць дэзарганізаваны толькі пры няўдалым, як цяпер кажуць, менеджменце. У творчага дырэктара заўсёды ўсё ладзіцца. Форма ж кантролю за якасцю адукацыі можа ўплываць на матывацыю навучэнцаў да вучэбнай дзейнасці.
Трэба прызнаць, што ў некаторых установах адукацыі склалася заганная практыка: вучэбны працэс у выпускных класах будаваць не на аснове падручнікаў, а па тэставых заданнях нашага інстытута. Такі падыход стварае ўражанне, быццам бы школа афіцыйна вымушана не вучыць, а рыхтаваць сваіх выпускнікоў да тэставых іспытаў. Гэта самая прымітыўная, неэфектыўная і няўдалая методыка навучання. Такое вось рэпетытарства на базе ўстаноў адукацыі!
Шкада, што гэтая практыка мае месца ў некаторых сталічных школах, дзе работа ідзе па вынесеных з рэпетыцыйнага тэсціравання заданнях. Такая методыка не толькі падрывае вучэбны працэс, але і дыскрэдытуе школу, цэнтралізаванае тэсціраванне і наш інстытут.

Довад трэці. Быццам бы наяўнасць часткі А (пытанні з выбарам адказаў) у тэсце дазваляе ўгадаць правільны адказ.
На самай справе
Зыходзячы з сусветнага вопыту, трэба прызнаць, што абсалютна ва ўсіх краінах, дзе прымяняюцца тэставыя формы кантролю, ёсць заданні з выбарам адказу (частка А). Шматлікія даследаванні, праведзеныя ў гэтых краінах, не выявілі скажэння вынікаў тэсціравання з прычыны верагоднасці ўгадвання адказаў.
Сусветна вядомая Лонданская школа эканомікі і палітычных навук сваім абітурыентам на ўступных экзаменах прапануе 30 заданняў тэста па матэматыцы выключна з выбарам адказу (частка А). Заўважым, што ў нас таксама 30 заданняў, дзе 18 з іх — у частцы А і 12 — у частцы В (адкрытага тыпу, без выбару адказу). Экзамен у Лонданскай школе патрабуе больш інтэнсіўнай работы, бо на выкананне тэста адводзіцца толькі 1 гадзіна. А нашым абітурыентам можна карпець аж да 3 гадзін!
Цяжка западозрыць брытанцаў у тым, што яны свядома падвяргаюць сістэму рызыцы, даючы абітурыентам права выбару заданняў толькі закрытага тыпу. Праблема так званага ўгадвання адказаў іх не турбуе.
Сёлета мы правялі даследаванні па згаданай праблеме: вылучылі за тры апошнія гады аднолькавыя тэмы тэставых заданняў, якія маюць поўнае падабенства па ступені складанасці, кампаноўцы і характары матэрыялу, які правяраецца. Прывядзём параўнальны аналіз вынікаў выканання заданняў часткі А тэста па рускай мове.
Слитное и раздельное написание предлогов, союзов, наречий (базовые случаи)

Год Усе ўдзельнікі іспытаў (% выканання) Абітурыенты, якія скончылі ўстанову адукацыі ў год правядзення тэсціравання (% выканання)
2014*2013

2012

26,9025,43

27,48

34,6035,21

36,16

*У 2014 годзе — заданне А11.
Калі пагадзіцца з нашымі апанентамі, што абітурыенты ўгадваюць адказы ў частцы А, то мы б назіралі іншую карціну. Аднак мы бачым вялікую ступень карэляцыі вынікаў як усіх удзельнікаў, так і тых, хто скончыў школу ў год правядзення іспытаў. Гэта магчыма толькі пры свядомай рабоце над заданнямі.
Такое пастаянства вынікаў пацвярджае, што ўплыў угадвання на выкананне заданняў часткі А вельмі перабольшаны. Не можа стыхійны працэс такой вось “гульні” даваць стабільныя вынікі.
Адзначым таксама, што нашы спецыялісты штогод праводзяць абнаўленне зместу (мадэлей, тыпаў і форм заданняў) тэстаў на 15—20%. Гэта робіцца з мэтай як пастаяннай ратацыі заданняў для максімальнага ахопу зместу ўсяго курса, так і для процідзеяння прыёмам муштры абітурыентаў з боку асобных настаўнікаў і рэпетытараў.
Калі ж мы параўналі аднатыпныя заданні адкрытай і закрытай частак тэста, то выявілі, што некаторыя з іх маюць больш высокі працэнт выканання ў частцы В, чым у А. Так, у раздзеле “Производящее и производное слово” бездакорна выканалі заданне ў частцы В 38,40%, усяго 11,28% — у частцы А. На наш погляд, прычыны ў наступным: заданні часткі В маюць меншы аб’ём матэрыялу, які правяраецца, у іх адсутнічаюць дыстрактары, якія адцягваюць увагу, паколькі абітурыент сам фармулюе адказ.
Адсюль вынікае, што частка А тэста выконвае не менш важную ролю ў вызначэнні ўзроўню падрыхтоўкі абітурыентаў. Адмаўленне ад часткі А толькі парушыць раўнавагу паміж заданнямі рознай формы і не будзе спрыяць аб’ектыўнай ацэнцы ўзроўню падрыхтоўкі абітурыентаў.
Акадэмік РАА В.Болатаў, спасылаючыся на няўдалы, на яго думку, эксперымент у Расіі па ліквідацыі часткі А ў тэстах па матэматыцы на АДЭ, адзначае, што гэта не толькі не змяніла сітуацыю ў лепшы бок, а, “наадварот, сталася так, што ў бягучым годзе ўстаноўленага парога можна было дасягнуць пры выкананні толькі трох задач з пачатковай і базавай школы” (!) (http://www.ug.ru/archive/57124). Важкі контраргумент ад вядомага вучонага і аўтара ўкаранення тэставых тэхналогій у адукацыйны працэс у Расіі.

Чацвёрты довад. Быццам бы тэсціраванне спрыяе пашырэнню інстытута рэпетытарства. Цяпер без рэпетытара ва ўніверсітэт не паступіш.
На самай справе
Трэба адзначыць, што рэпетытарства было заўсёды. Можна пагадзіцца толькі з тым, што гэтая форма падрыхтоўкі да паступлення раней не насіла такога масавага характару, як цяпер. Аднак у савецкі час спрабавалі паступаць у ВНУ не больш за 20% ад агульнай колькасці выпускнікоў школ. Цяпер жа на цэнтралізаванае тэсціраванне рэгіструецца каля 90% з ліку тых, хто скончыў школу ў год паступлення.
Варта прызнаць, што з заменай традыцыйнай формы ўступных экзаменаў на цэнтралізаванае тэсціраванне адбыўся рост колькасці абітурыентаў з розным узроўнем падрыхтоўкі. Дадатковы попыт запатрабаваў і большай колькасці рэпетытараў. У апошні час з’явіліся розныя прыватныя адукацыйныя цэнтры, дзе старшакласнікам прапануюцца паслугі ў падрыхтоўцы да цэнтралізаванага тэсціравання.
Школы і некаторыя настаўнікі арганізуюць розныя формы дадатковых адукацыйных паслуг як для будучых абітурыентаў, так і для вучняў малодшых класаў. Нельга назваць прымальным вынаходствам сітуацыю, калі школьны настаўнік замежнай мовы прапануе сваім пяцікласнікам ліквідаваць недахопы ў ведах з настаўнікам-рэпетытарам са свайго ж калектыву. На маю думку, ухваленне рэпетытарства ў школах наносіць шкоду адукацыйнаму працэсу на ўроках. Пазаўрочная работа па падрыхтоўцы вучняў да ўступных іспытаў становіцца больш значным кампанентам у адукацыйным працэсе, чым вучэбная дзейнасць настаўніка на ўроку.
Пра што ж сведчаць нашы назіранні?
Трэба адзначыць, што культ рэпетытарства склаўся дзякуючы народнаму погаласу аб безальтэрнатыўнасці гэтай формы падрыхтоўкі. На самай справе мы сустракаліся з выпадкамі, калі заняткі з рэпетытарам не апраўдвалі надзеі бацькоў абітурыентаў.
Звычайна абітурыенты, якія дэманструюць на тэсціраванні высокія вынікі, не карыстаюцца паслугамі рэпетытараў. Гэта тая частка выпускнікоў, якія мэтанакіравана рыхтуюцца два-тры апошнія гады да паступлення на вызначаныя загадзя факультэты (спецыяльнасці). Ніякі конкурс ва ўніверсітэты не з’яўляецца перашкодай для старшакласнікаў, якія вывучаюць вучэбныя дысцыпліны на профільным узроўні. Вядома, што гэта пераважна выпускнікі гімназій, ліцэяў і школ, дзе апошнія два гады вучэбныя дысцыпліны вывучаліся на профільным узроўні.
Амаль усе абітурыенты, чые сертыфікаты ўпрыгожваюць 100-бальныя ці блізкія да іх вынікі, абыходзяцца без рэпетытараў. Яскравы прыклад з уступных іспытаў мінулага года, калі дзве абітурыенткі ўпершыню ў нашай гісторыі атрымалі 100 балаў па ўсіх прадметах.
Больш за астатніх, для пэўнай падстрахоўкі, займаецца з рэпетытарамі найбольш матываваныя частка абітурыентаў — выпускнікі агульнаадукацыйных школ. Дарэчы, штогод каля паловы ад усёй колькасці абітурыентаў, якія ўдзельнічаюць у тэсціраванні, складаюць менавіта яны.
Другая палова камплектуецца з выпускнікоў устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, а таксама тых, хто сярэднюю адукацыю атрымаў некалькі гадоў назад. Вось гэтая частка абітурыентаў за рэдкім выключэннем дэманструе на цэнтралізаваным тэсціраванні нізкія вынікі: у 2—2,5 разу ніжэйшыя, чым у тых, хто ідзе ў студэнты пасля заканчэння ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі. У іх і запыты невысокія, яны і да рэпетытара звяртаюцца рэдка. Маўляў, паступлю — добра, не пераадолею парог — таксама не трагедыя.
Рэпетытары не вельмі шкадуюць аб тым, што да іх не звяртаюцца абітурыенты гэтага кантынгенту. Працаваць з імі цяжка, а вынікі іспытаў застаюцца нізкімі.
Што вядома з сусветнай практыкі падрыхтоўкі абітурыентаў?
У краінах Еўропы абітурыентам можна стаць толькі пасля 12—13 гадоў навучання ў агульнаадукацыйнай установе. Як правіла, гэта выпускнікі ліцэяў. Звычайна абітурыенты выбіраюць спецыяльнасць ці факультэт з улікам профілю ліцэя, у якім яны вучацца. У некаторых краінах адміністрацыі ліцэяў па-за межамі вучэбнага плана бясплатна праводзяць для сваіх навучэнцаў дадатковыя заняткі па праграмах выбраных імі спецыяльнасцей.
Мне разам з калегамі пашанцавала азнаёміцца з вопытам такой работы ў адным з гуманітарных ліцэяў горада Кальяры (Італія). Дарэчы, там даволі прывабная структура навучальнай установы: 5+3+5. Гэта значыць, што на профільныя прадметы адводзіцца 5 гадоў з 13-гадовага навучання ў ліцэі.
У Швецыі пасля заканчэння 12-гадовай школы для будучых студэнтаў універсітэтаў праводзіцца абавязковая дадатковая гадавая падрыхтоўка на паглыбленым узроўні.
Па даных маніторынгавага даследавання, праведзенага Нацыянальным інстытутам адукацыі ў снежні 2013 года, 15% з ліку апытаных бацькоў старшакласнікаў упэўнены, што іх дзецям рэпетытар не патрэбен, 26% пакуль не плануюць звяртацца да іх паслуг.
Але ўсё ж рэпетытар іншы раз больш прывабны для бацькоў і іх дзяцей, чым школьны настаўнік. Так, аўтары згаданага даследавання сцвярджаюць, што “ў занятках з рэпетытарам вучняў прыцягвае даступнае тлумачэнне вучэбнага матэрыялу”. Я мяркую, школе тут ёсць над чым задумацца…

Мікалай ФЯСЬКОЎ,
дырэктар Рэспубліканскага інстытута
кантролю ведаў.