БДУ — вялікая сям’я

“Я выбіраю БДУ” — менавіта пад такім дэвізам 1 красавіка ў Белдзяржуніверсітэце прайшоў фестываль факультэтаў. Мерапрыемства стала пачаткам прыёмнай кампаніі 2017 года.

Абітурыентаў вітаў рэктар БДУ акадэмік Сяргей Абламейка. “Наш універсітэт сёння — гэта вялікая дружная сям’я студэнтаў, выкладчыкаў і вучоных, — адзначыў Сяргей Уладзіміравіч. Ён падкрэсліў, што БДУ высока каціруецца ў сусветных рэйтынгах — уваходзіць у 2% лепшых універсітэтаў свету і займае другі радок сярод краін СНД.

Сяргей Абламейка расказаў пра сумесныя міжнародныя праекты з замежнымі ўніверсітэтамі і навуковымі інстытутамі, а таксама пра магчымасці стажыроўкі студэнтаў і выкладчыкаў у іншых краінах. Ён параіў абітурыентам завітаць на розныя факультэты, параўнаць іх, наведаць лабараторыі і вучэбныя аўдыторыі, пагутарыць са студэнтамі, усё абдумаць і ў рэшце рэшт зрабіць правільны выбар. “Гэта павінен быць выключна ваш выбар”, — звярнуўся да школьнікаў Сяргей Уладзіміравіч.

У гэты час ля ўвахода ў Ліцэй БДУ пачалася насычаная праграма. Тут сабраліся прадстаўнікі студэнцкіх арганізацый універсітэта і выступалі творчыя калектывы. Пярвічная прафсаюзная арганізацыя БДУ стварыла фотазону. Па словах старшыні арганізацыі Вольгі Локцевай, актывісты адказвалі на пытанні абітурыентаў, якія тычацца размеркавання і пражывання ў інтэрнатах, прадастаўлення сацыяльнай дапамогі, аздараўлення і г.д. “Дарэчы, плануецца, што ў наступным годзе колькасць месцаў у інтэрнатах БДУ будзе павялічана”, — паведаміла Вольга Віктараўна.

Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі здзіўляў наведвальнікаў запальным флэш-мобам, у якім маглі ўдзельнічаць усе жадаючыя. “Сёння наша галоўная мэта — паказаць шматграннасць універсітэта і актыўнасць нашых студэнтаў”, — адзначыў сакратар БРСМ БДУ Канстанцін Андрусевіч.

Савет стараст пабудаваў свой дыялог з абітурыентамі па прынцыпе цырымоніі “Оскар”, прымяраючы на іх маскі зорак і ўзнагароджваючы не толькі “залатым чалавечкам”, але і смачнымі сюрпрызамі. Дэвізам цырымоніі сталі словы “У БДУ ты станеш зоркай”.

Адной з самых мнагалюдных пляцовак фестывалю факультэтаў стаў стэнд творчай студыі “Мім-БДУ”, якая ўдзельнічае ў мерапрыемстве чацвёрты год запар. Студэнты студыі спрабуюць зрабіць фестываль цікавым і яскравым. “У нас існуе некалькі напрамкаў дзейнасці: мімы, аквагрым, роспіс хной, а таксама фотазоны, — расказвае кіраўнік прэс-службы “Мім-БДУ” Надзея Мархель. — Абітурыентам вельмі падабаецца наша дзейнасць. Было шмат ахвотнікаў сфатаграфавацца з мімам ці зрабіць аквагрым. Нас не міналі нават настаўнікі, якія наведалі фестываль факультэтаў разам са сваімі вучнямі”.

Псіхалагічная служба БДУ прапаноўвала абітурыентам прайсці тэсты на прафарыентацыю ці даведацца пра свой сацыятып. Таксама ў хлопцаў і дзяўчат была магчымасць азнаёміцца з апошнімі навуковымі распрацоўкамі БДУ, даведацца пра спартыўнае жыццё студэнтаў.

Ва ўнутраным дворыку Ліцэя БДУ размясціліся стэнды факультэтаў, дзе студэнты і выкладчыкі расказвалі абітурыентам пра змены ў правілах прыёму, асаблівасці творчых іспытаў, прахадныя балы мінулых гадоў на розныя спецыяльнасці і магчымасці працаўладкавання пасля завяршэння вучобы. Безумоўна, кожны факультэт хацеў паказаць сябе з самага незвычайнага і запамінальнага боку. І многім гэта ўдалося.

Напрыклад, гістарычны факультэт прадстаўлялі дамы ў доўгіх сукенках і кавалеры ў ваеннай форме, якія дэманстравалі самыя розныя танцы — пачынаючы ад старога вальса і заканчваючы карагодам.

Біялагічны факультэт прыцягваў увагу шкілетам, а таксама жывым трусом, якога можна было пагладзіць. А многія абітурыенты зацікавіліся спосабам вылучэння ДНК у хатніх умовах.

Гасцей факультэта радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій сустракаў яго сімвал — вялікая чорная варона, якая запрашала пагуляць у дартс. Па словах студэнткі 1 курса Алёны Гарчанка, калі абітурыент тройчы трапіць у адну і тую ж спецыяльнасць — гэта лёс, яе і можа разглядаць як месца далейшага навучання. Увогуле, творчасць на згаданым факультэце ўражвала: напрыклад, студэнт Уладзімір Звяруга іграў для прысутных на гітары, якую сваімі рукамі зрабіў з рыдлёўкі.

Ад стэнда хімічнага факультэта цягнуліся клубы дыму, але туды было не праціснуцца: студэнты паказвалі доследы з выкарыстаннем лёгкадаступных матэрыялаў. Іх суседзі — курсанты і выкладчыкі ваеннага факультэта — дэманстравалі зацікаўленым прыстасаванні для вымярэння радыяцыі, вызначэння відаў мікробаў, а таксама вучылі жадаючых збіраць і разбіраць зброю.

Хтосьці прывабліваў абітурыентаў конкурсамі, песнямі, пачастункамі, іншыя — абаяльнасцю і ўменнем кантактаваць з навакольнымі. Так, абітурыентам Інстытута журналістыкі БДУ расказалі, што на спецыяльнасць “Літаратурнае рэдагаванне” нельга паступаць тым, хто любіць кнігу “Старуха Баскервиль”.

“Для мяне фестываль ужо восьмы па ліку, — расказвае старажыл мерапрыемства Іван Жукаў. — І больш за ўсё мне падабаецца тое, што кожны год студэнты і выкладчыкі прыдумваюць штосьці новае. Бачна, што яны вельмі любяць свае факультэты і прыходзяць сюды, каб расказаць іншым, чаму яны самыя лепшыя”.

Ірына ІВАШКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.