Абмяркоўваем разам

Міністэрства адукацыі запрашае абмеркаваць змены фармату ўступнай кампаніі 2022 года.

Прапаноўваецца, што выпускнікі 11-х класаў у форме нацыянальнага экзамену (сумешчаны выпускны і ўступны іспыт) будуць здаваць адну з дзяржаўных моў (рускую ці беларускую) па выбары і а­дзін з профільных прадметаў, неабходных для паступлення ва ўстанову вышэйшай адукацыі.

Па выніках нацыянальнага экзамену балы будуць пераведзены ў адзнаку па 10-бальнай шкале, якая пойдзе ў атэстат аб агульнай сярэдняй адукацыі, а таксама будзе выдадзены сертыфікат з указаннем колькасці балаў для паступлення ва ўстановы вышэйшай або сярэдняй спецыяльнай адукацыі.

Па астатніх прадметах у атэстат выстаўляюцца гадавыя адзнакі, атрыманыя ў 11 класе.

Агульныя прынцыпы правядзення нацыянальнага экзамену як сумешчанай формы выпускных іспытаў і ЦТ (рассадка, правілы правядзення і інш.) будуць ідэнтычныя тым, што выкарыстоўваюцца пры арганізацыі цэнтралізаванага тэсціравання.

Пры жаданні абітурыенты могуц­ь дадаткова прайсці ЦТ па адным профільным прадмеце (матэматыка, фізіка, замежная мова і г.д.), што пашырыць магчымасці выбару спецыяльнасцей для паступлення.

Абітурыенты, якія скончылі школу ў папярэднія гады, здаюць ЦТ па рускай ці беларускай мове (па выбары) і ў абавязковым парадку па другім профільным прадмеце для спецыяльнасці, на якую плануецца паступленне. Каб пашырыць магчымасці выбару, яны таксама могуць дадаткова здаць ЦТ па любым прадмеце.

Для абітурыентаў усіх спецыяльнасцей прадугледжаны ўнутраны экзамен па першым профільным прадмеце (матэматыка, фізіка, замежная мова, творчасць, фізічная культура і інш). Па гуманітарных спецыяльнасцях здаецца гісторыя Беларусі.

Агульную суму балаў пры залічэнні ўтвараюць: бал на ўнутраным іспыце ва ўніверсітэце (першы профільны прадмет); балы двух сертыфікатаў ЦТ (па беларускай або рускай мове і другім профільным прадмеце), атрыманыя на нацыянальным экзамене (для выпускнікоў бягучага года) і (або) атрыманыя па выніках удзелу ў ЦТ (для выпускнікоў папярэдніх гадоў і бягучага года); сярэдні бал атэстата аб агульнай сярэдняй адукацыі.

З прапановамі Міністэрства адукацыі можна азнаёміцца на сайце ведамства ў рубрыцы “Абмеркаванні” (http://edu.gov.by/proekty/izmenenie-formata-vs/).

Заўвагі і прапановы просяц­ь дасылаць на электронны адрас [email protected] (з пазнакай “Змена фармату ўступнай кампаніі”), а таксама праз спецыяльна створаны бот у Telegram (https://
t.me/MinEducatFeedback_bot)
. Іх раз­гледзіць міжведамасная рабочая група па распрацоўцы новай рэдакцыі правіл прыёму ва ўстановы вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі.

Падрыхтавала Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.