Настаўнік — ключавая фігура ў грамадстве ведаў

Нядаўна ў БДПУ імя Максіма Танка адбыўся агульны сход прадстаўнікоў працоўнага калектыву, дзе абмяркоўвалася стратэгія развіцця ўніверсітэта. З асноўным дакладам на сходзе выступіў рэктар Аляксандр Іванавіч Жук, які расказаў пра сваё бачанне дзейнасці ўніверсітэта і адказаў на пытанні выкладчыкаў і студэнтаў.
З гэтай размовы можна было зразумець, што ў кіраўніцтва БДПУ ёсць сур’ёзнае імкненне да пераўтварэнняў і ўжо вызначаны канкрэтныя мерапрыемствы, якія або рэалізоўваюцца, або знаходзяцца ў працэсе дапрацоўкі. Верагодна, што ўніверсітэт ужо не будзе ранейшым. Пастаўлена амбіцыйная задача вывесці БДПУ імя Максіма Танка ў шэраг найлепшых універсітэтаў — прывабных для абітурыентаў і паважаных у асяроддзі прафесіяналаў.

Аб выніках уступнай кампаніі

Аляксандр Жук паведаміў, што сёлета істотна павялічылася колькасць абітурыентаў педагагічнага ўніверсітэта, і падзякаваў калектыву за мэтанакіраваную, актыўную, сістэмную прафарыентацыйную работу, якая і прынесла адпаведны вынік. Сёлета план прыёму на дзённую бюджэтную форму навучання выкананы цалкам.
Пры гэтым палепшыліся і якасныя паказчыкі прыёму. Ва ўніверсітэт паступілі амаль 200 выпускнікоў ліцэяў і гімназій, залічаны 100 медалістаў і ўладальнікаў чырвоных дыпломаў устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі (гэта ў 5 разоў больш, чым летась).
Зараз перад факультэтамі і кафедрамі стаіць задача разгортвання яшчэ больш маштабнай прафарыентацыйнай работы. Пачалі з адраджэння педагагічных класаў, якія ўжо функцыянуюць пры сталічнай гімназіі № 20. У планах — стварэнне педагагічных гімназій ва ўсіх абласных цэнтрах і буйных гарадах Беларусі.
Акрамя таго, ва ўніверсітэце адкрываецца вочна-завочная педагагічная гімназія, якая будзе працаваць падчас канікул у сесійным рэжыме з прыцягненнем выкладчыкаў. Для школьнікаў Міншчыны (а магчыма, і для іншых рэгіёнаў) будзе арганізавана работа рэгіянальных вочна-завочных падрыхтоўчых курсаў. На факультэтах плануецца правядзенне прадметных школьных і ўніверсітэцкіх алімпіяд.
— Мы лічым мэтазгодным прадастаўленне льгот пры паступленні на педагагічныя спецыяльнасці пераможцам не толькі абласных, але і раённых алімпіяд па прадметах, — заявіў Аляксандр Жук. — У перспектыве будзем ставіць пытанне, каб выпускнікі педагагічных класаў і гімназій таксама паступалі на педагагічныя спецыяльнасці на льготных умовах.
Адметны факт: сёлета на дзённае бюджэтнае навучанне ва ўніверсітэт паступіла ўсяго 109 выпускнікоў мінскіх гарадскіх школ (іх у сталіцы 240) — адзін першакурснік (а праз чатыры гады адзін выпускнік) на дзве школы!
— Гэтую сітуацыю трэба выпраўляць, — упэўнены рэктар. — Я заўсёды гавару: калі з кожнай школы Мінска і Мінскай вобласці да нас прыйдуць два матываваныя абітурыенты, то мы прымем на першы курс тысячу выдатных першакурснікаў, а праз 4 гады выпусцім тысячу выдатных педагогаў. Гэтую думку нам трэба данесці да кіраўнікоў аддзелаў адукацыі — тут іх будучыя кадры!

Аб місіі ўніверсітэта і адукацыйных стандартах

Адукацыйная дзейнасць універсітэта накіравана на падрыхтоўку сучаснага педагога, які павінен валодаць высокай культурай і прафесійнай кампетэнтнасцю, быць здольным творча вырашаць прафесійныя задачы, валодаць сучаснымі тэхналогіямі навучання і выхавання, усведамляць асобасную і грамадскую значнасць педагагічнай прафесіі і несці адказнасць за яе вынікі — А.І.Жук заявіў, што менавіта ў гэтым заключаецца місія педагагічнага ўніверсітэта.
— Адукацыйнае асяроддзе ўстаноў адукацыі інтэнсіўна развіваецца, і становяцца запатрабаванымі новыя функцыі педагога, — заўважыў Аляксандр Іванавіч. — Сучасны педагог павінен валодаць тэхналогіяй педагагічнай падтрымкі навучэнцаў, медыяцыі, цьютарства; умець працаваць з рознымі катэгорыямі дзяцей; упэўнена адчуваць сябе ва ўмовах інклюзіўнай адукацыі. Педагогу трэба валодаць навыкамі акадэмічнага пісьма і міжкультурных камунікацый, а таксама ўмець працаваць у камандзе і асэнсавана будаваць сваю прафесійную кар’еру.
У сувязі з гэтым Аляксандр Жук заклікаў кафедры рабіць большы ўпор на практычны складнік падрыхтоўкі.
— Мы жывём у інфармацыйным грамадастве, і рабіць стаўку на вялікія курсы лекцый (калі яны не аўтарскія) не толькі бессэнсоўна, але і шкодна, — заўважыў рэктар. — Дастаткова даць 3—4 установачныя лекцыі і ўключыць студэнтаў у самастойную вучэбна-даследчую дзейнасць па асваенні курса ў рамках індывідуальных і групавых праектаў. На семінарскіх занятках у форме дыскусіі абмяркоўваць тэарэтычныя асновы зробленага, на практычных (праз дзелавыя гульні і кейсавыя тэхналогіі) — прыкладныя аспекты, а на лабараторных, якія павінны праводзіцца на базе ўстаноў адукацыі, — адпрацоўваць навыкі прафесійнай дзейнасці.
Дарэчы, зараз ва ўніверсітэце ствараецца віртуальная школа па асноўных вучэбных дысцыплінах і шэраг рэсурсных інфармацыйных цэнтраў, якія дазваляюць арганізаваць сучасны адукацыйны працэс з шырокім выкарыстаннем ІКТ-магчымасцей.

Аб навукова-даследчай рабоце

Аляксандр Жук падкрэсліў, што сучасны педагагічны ўніверсітэт, а тым больш універсітэт будучыні — гэта навукова-адукацыйная супольнасць, здольная генерыраваць новыя псіхолага-педагагічныя веды, распаўсюджваць і выкарыстоўваць іх для ўдасканалення якасці падрыхтоўкі спецыялістаў адукацыі.
Сёння ў БДПУ імя Максіма Танка стаіць задача фарміраваць сучасны сектар псіхолага-педагагічнай навукі і забяспечваць непарыўную сувязь адукацыйнага працэсу з навуковымі даследаваннямі і інавацыйнай педагагічнай практыкай.
Аляксандр Жук паведаміў, што ўпершыню ў гісторыі ў сістэме бесперапыннай педагагічнагай адукацыі ствараецца вучэбна-навукова-інавацыйны кластар, кіруючым ядром якога стане БДПУ як вядучая ў галіне ўстанова вышэйшай адукацыі. У склад вучэбна-навукова-інавацыйнага кластара ўвойдуць універсітэты, якія забяспечваюць прафесійную падрыхтоўку педагагічных кадраў, комплексы “дзіцячы сад — профільная школа — педагагічны каледж” як сфера трансферу інавацый і база педагагічнай практыкі, а таксама ўстановы дадатковай адукацыі, навуковыя і навукова-метадычныя ўстановы. БДПУ будзе з’яўляцца каардынатарам і арганізатарам сеткавага ўзаемадзеяння ўсіх падструктур кластара.

Аб юбілейных мерапрыемствах

Праз два месяцы БДПУ імя Максіма Танка будзе адзначаць 100-гадовы юбілей, і з гэтай нагоды тут запланаваны цэлы марафон адукацыйных, культурных і спартыўных мерапрыемстваў. Ужо летам студэнты і выпускнікі БДПУ — удзельнікі турклуба “Гарызонт” узышлі на вышэйшую гару Еўропы Эльбрус і на вышыні 5642 м узнялі сцяг універсітэта.
Днямі стартаваў маладзёжны праект “Будучыя педагогі — за здаровы лад жыцця”, фундатарам якога выступіў Мінскі мотавелазавод. Да стагоддзя ўніверсітэта ён бязвыплатна перадаў 100 веласіпедаў, і цяпер кожную суботу студэнты і выкладчыкі будуць ажыццяўляць велапрабегі.
Для папулярызацыі педагагічнай прафесіі сярод старшакласнікаў аб’яўлены конкурс відэаролікаў, а таксама творчых сачыненняў пра настаўнікаў. Пераможцам абяцаны каштоўныя падарункі.
Урачысты сход, прысвечаны 100-гадоваму юбілею БДПУ імя Максіма Танка, адбудзецца 21 лістапада ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета. Там упершыню ў выкананні хору імя Цітовіча прагучаць гімн універсітэта, напісаны менавіта да юбілейнай даты.
Плануецца таксама выпуск спецыяльнага паштовага канверта “100 гадоў БДПУ імя Максіма Танка”. Ну і самае прыемнае — каля ўвахода ва ўніверсітэт будзе адкрыта скульптурная кампазіцыя “Настаўніца першая мая” — сапраўды першая ў краіне бронзавая скульптура жанчыне, якая для многіх людзей з’яўляецца амаль што другой маці.
— Стагоддзе БДПУ — гэта наш залаты юбілей, — адзначыў Аляксандр Іванавіч Жук. — Мы падыходзім да яго са слаўнай гісторыяй і дасягненнямі. Нам ёсць чым ганарыцца. Але час дынамічны. Ён дыктуе неабходнасць новых падыходаў і хуткага рэагавання на зменлівы соцыум. Таму мы бачым будучыню ўніверсітэта, маем планы па яго далейшым развіцці. Думаю, нашаму калектыву па сілах дастойна выконваць важную культурна-гістарычную місію па падрыхтоўцы педагогаў, бо педагог — ключавая фігура ў грамадстве ведаў. Ад яго залежыць адукацыя і выхаванне пакаленняў, а значыць, і будучыня краіны.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*