Ахоўнікі лесу

Ёсць прафесіі, у якіх не расчароўваюцца

Мала каму пашанцавала так, як першакурснікам лесагаспадарчага факультэта Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта. Гэтую цёплую яркую восень яны праводзяць на практыцы ў Негарэльскім вучэбна-доследным лясгасе. І незвычайная прыгажосць прыроды, якой у горадзе мы можам любавацца толькі па дарозе на працу ці вучобу (і назад), служыць ім шыкоўным убранствам падчас штодзённых заняткаў.

Казка негарэльскага лесу

Пачынаць студэнцкае жыццё ў Негарэлым — даўняя традыцыя лесагаспадарчага факультэта. Тут зрабілі першыя крокі ў прафесію амаль усе кіраўнікі лясной гаспадаркі нашай краіны. А сёння тымі ж сцежкамі ходзяць ужо будучыя ахоўнікі і гаспадары лесу.

Першая практыка ў Негарэлым — гэта своеасаблівае пасвячэнне ў студэнты, ці нават больш — у прафесію. І, дзе б ні працавалі выпускнікі лесагаспадарчага факультэта, якія б пасады ні займалі, кожнага з іх будуць аб’ядноўваць успаміны пра Негарэлае. Можна сказаць, што ўсе работнікі лясной гаспадаркі крышачку землякі.


Сёлета Негарэльскі вучэбна-доследны лясгас БДТУ адзначае 70- годдзе. Гэта значыць, што выраслі лясы і сады, пасаджаныя першымі супрацоўнікамі і студэнтамі (якраз той выпадак, калі чым старэйшыя, тым лепшыя). Пры гэтым гаспадарка пастаянна развіваецца і прырастае новымі вучэбнымі плошчамі і тэхнікай. На дадзены момант на тэрыторыі лясгаса выкладчыкамі сумесна са студэнтамі лесагаспадарчага факультэта закладзена больш за 100 доследных аб’ектаў.

“Якая лясная адукацыя без лясной практыкі? — гаворыць дэкан лесагаспадарчага факультэта Васіль Ярмаловіч. — Негарэльскі вучэбна-доследны лясгас — гэта своеасаблівая прыродная лабараторыя, дзе праходзіць значная частка вучэбнага працэсу (нашы студэнты праводзяць там амаль траціну свайго часу). Галоўная мэта — забяспечыць высокі ўзровень практычнай падрыхтоўкі будучых спецыялістаў лясной гаспадаркі краіны”.

Навучанне ў Негарэлым штогод праходзіць больш як тысяча студэнтаў — і не толькі лесагаспадарчага, але і шэрага іншых факультэтаў. Напрыклад, прадугледжана практыка для студэнтаў спецыяльнасцей “Лесаінжынерная справа”, “Тэхналогія дрэваапрацоўчых вытворчасцей”, “Машыны і абсталяванне ляснога комплексу” (факультэт тэхналогіі і тэхнікі лясной прамысловасці) і інш. З 2015 года ў Негарэльскім вучэбна-доследным лясгасе пачалі праходзіць вучэбныя практыкі і студэнты каледжаў — філіялаў БДТУ”.

Студэнты і выкладчыкі ў перыяд практык і падчас правядзення навукова-даследчай працы забяспечаны ўсім неабходным. У Негарэльскім лясгасе ёсць вучэбна-лабараторны корпус, выпрабавальныя цэнтры, дрэваапрацоўчы цэх, доследная паляўнічая гаспадарка, электронны цір, музей флоры і фаўны, лесанасенныя плантацыі, пастаянны лясны гадавальнік, пробныя плошчы, іншыя доследныя аб’екты. У распараджэнні выкладчыкаў і студэнтаў — дзве гасцініцы, тры інтэрнаты, сталовая, стадыён з футбольным полем і гімнастычным гарадком.

У гаражах лясгаса сабрана сучасная лесагаспадарчая тэхніка. “Няма сумнення, што непасрэднае знаёмства з сучасным харвестарам ці фарвардарам значна больш карыснае, чым вучоба ва ўніверсітэцкай лабараторыі на сімулятарах”, — кажа Васіль Аляксандравіч.

Негарэльскі вучэбна-доследны лясгас — гэта 17 тысяч га лесу, дзе студэнты адпрацоўваюць практычныя навыкі ў розных напрамках дзейнасці. 70 гадоў назад, калі лясгас толькі арганізоўваўся, навукоўцы-лесаводы нездарма выбралі менавіта гэты ўчастак на мяжы Уздзенскага і Дзяржынскага раёнаў. Тут прадстаўлены практычна ўсе тыпы лясных насаджэнняў розных драўняных відаў, якія сустракаюцца ў Беларусі: ад хвойнікаў, што растуць на лёгкіх пясчаных глебах, да ельнікаў і дубраў, якія любяць урадлівыя суглінкі.

У Негарэльскім лясгасе ёсць унікальныя прыродныя аб’екты міжнароднага значэння. У іх ліку леса-балотна-азёрны комплекс “Бяздонніца”, векавыя сасновыя насаджэнні, заказнікі рэдкіх раслін.

Гонарам лесатэхнічнага факультэта з’яўляецца батанічны сад, які быў закладзены ў Негарэлым у 1954 годзе. У апошнія гады тут праведзены маштабныя работы па яго пашырэнні і добраўпарадкаванні, і сёння плошча саду складае 25 га. Калекцыя негарэльскага дэндрарыя цяпер адна з найбуйнейшых у Беларусі і ўключае больш за 600 драўняна-кустовых парод і звыш 700 відаў дэкаратыўных, культурных і лекавых раслін з Еўропы, Азіі і Амерыкі.

Вясной 2015 года на базе батанічнага саду рэалізаваны праект па стварэнні арыгінальнай экалагічнай сцежкі “Казка негарэльскага лесу”. Студэнты, школьнікі і нават агратурысты, якія жадаюць паназіраць за раслінным светам, могуць стаць наведвальнікамі экалагічнай сцежкі. Маршрут працягласцю каля 1 км складаецца з 11 пунктаў прыпынку: “Захавальнікі саду”, “Мядзведжы куток”, “Каменная казка”, “Пчаліны мегаполіс”, “Уладанні Гаюна”, “Прыстанак мігрантаў”, “Царства голанасенных”, “У гасцях у Лазавіка”, “Залаты арэшак”, “Геаметрыя ў прыродзе”, “Кветкавая феерыя русалкі”. Экскурсія разлічана на 2—2,5 гадзіны ў залежнасці ад таго, што больш цікавіць наведвальнікаў: гісторыя і міфалогія ці прырода і расліннасць.

Лесагаспадарчы факультэт у для лясной краіны

Беларусь — краіна, багатая сваёй прыродай. Лясамі заняты 40% яе тэрыторыі, і лясістасць з кожным годам расце. Весці разумную ашчадную гаспадарку на вялікіх зялёных прасторах — галоўнае прызначэнне выпускнікоў лесагаспадарчага факультэта.

“Лясная гаспадарка — вельмі шматгранная галіна, у якой працуюць больш як 50 тысяч чалавек, — гаворыць Васіль Ярмаловіч, — прычым, у выпускнікоў ёсць мноства напрамкаў для прымянення сваіх ведаў. Так, яны могуць займацца абаронай лесу, лесааднаўленнем, інвентарызацыяй лясоў, лесапаляўнічай дзейнасцю і г.д. Або могуць звязаць сваё жыццё з лясной навукай, якая таксама шматпрофільная. Нашы выпускнікі абараняюць дысертацыі ў галіне сельскай гаспадаркі, біялогіі, тэхнічных і іншых навук”.

Дарэчы, Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт з’яўляецца базавай адукацыйнай арганізацыяй у галіне лясной гаспадаркі і лясной прамысловасці дзяржаў — удзельніц СНД. Пра якасць падрыхтоўкі сведчыць і той факт, што больш як 90% прафесарска-выкладчыцкага складу факультэта мае навуковыя ступені кандыдатаў і дактароў навук.

Сёння на факультэце ідзе падрыхтоўка па трох спецыяльнасцях: “Турызм і прыродакарыстанне”, “Садова-паркавае будаўніцтва” і “Лясная гаспадарка”. І калі на першыя дзве прыходзіць дастаткова шмат гарадскіх выпускнікоў, то на інжынераў лясной гаспадаркі паступаюць пераважна сельскія дзеці — не проста знаёмыя з лесам, а ўлюбёныя ў яго.

“Калі ў чалавека ёсць любоў і імкненне да прыроды — гэта галоўнае, — гаворыць Васіль Аляксандравіч. — Такі чалавек, як правіла, не расчароўваецца ў выбары. Наадварот, чым больш ён спасцігае прыроду, чым больш вывучае лес, тым больш хоча атрымаць ведаў для яго захавання. Нягледзячы на ўсе намаганні вучоных, лес мае шмат таямніц, і раскрыць іх давядзецца будучым пакаленням даследчыкаў”.

Для дзяцей з вёсак і райцэнтраў прадпрыемствы лясной гаспадаркі заўсёды навідавоку, і яны бачаць, што галіна дынамічна развіваецца. Трэба сказаць, што і лясгасы вядуць сур’ёзную прафарыентацыйную работу. У многіх вёсках ёсць школьныя лясніцтвы, якія апякуюцца работнікамі лясгасаў. Яны рыхтуюць сабе змену. Таму праблем з наборам на спецыяльнасць “Лясная гаспадарка” на факультэце няма. Так, тут не самыя высокія прахадныя балы, затое моладзь прыходзіць працавітая, матываваная, настроеная на работу ў галіне. І гэта не толькі хлопцы — сярод будучых інжынераў лясной гаспадаркі даволі шмат дзяўчат.

“Я заканчваў універсітэт у 1997 годзе, і сярод 28 студэнтаў нашай групы па спецыяльнасці “Лясная гаспадарка” было толькі 4 дзяўчыны, — расказвае дэкан. — Потым гендарная структура мянялася, і некалькі гадоў назад стала амаль 50:50. Але цяпер мы бачым, што зноў пачало прыходзіць больш хлопцаў. Хаця нашу прафесію нельга назваць выключна мужчынскай. Напрыклад, у мяне бацька пэўны час працаваў ляснічым у адным лясніцтве, а маці — у другім. Мы ведаем, што ў краіне ёсць жанчыны, якія працуюць на пасадзе галоўнага ляснічага. А што да іншых прафесій — інжынер па лесааднаўленні, інжынер па лесакарыстанні, інжынер па ахове і абароне лесу, то жанчын там даволі шмат. Усё залежыць ад таго, як хлопец ці дзяўчына разумеюць сваё прызванне. Калі яны гатовы прысвяціць жыццё лесу, то месца для іх заўсёды знойдзецца”.

Каго прывабліваюць вабільшчыкі?

На лесагаспадарчым факультэце дзейнічае студэнцкая дружына па ахове прыроды (была створана ў 1974 годзе як асобны студэнцкі рух). Працуе яна ў розных напрамках. Напрыклад, студэнты часта выязджаюць у рэйды, звязаныя з аховай прыроды. Раней яны нават рабілі самастойныя выезды, вылоўлівалі браканьераў, што незаконна палявалі на жывёл ці рыбачылі ў перыяд нерасту; спынялі спробы самавольнай вырубкі елак напярэдадні навагодніх свят. Зараз заканадаўства больш жорсткае, студэнты не маюць права самастойна затрымліваць парушальнікаў. Але дружына цесна супрацоўнічае з Дзяржаўнай інспекцыяй па ахове жывёльнага і расліннага свету і выязджае ў рэйды сумесна са спецыялістамі.

Дружыннікі праводзяць навуковыя даследаванні, часта выязджаюць на падлік дзікіх жывёл.

Яшчэ адзін напрамак, які зарадзіўся ў рамках дружыны, — клуб вабільшчыкаў. Каго ж трэба прывабліваць?

“Гэта асобнае мастацтва, дзе нават праводзяцца конкурсы: паляўнічыя адмысловым чынам дзьмуць у рог ці іншае прыстасаванне, імітуючы гукі жывёл, — тлумачыць загадчык кафедры турызму, прыродакарыстання і паляўніцтвазнаўства Аляксандр Казарэз. — Такія гукі прывабліваюць жывёл, і яны выходзяць з лесу. Студэнты БДТУ часта займаюць прызавыя месцы нават сярод прафесіяналаў. Так, сёлета наш студэнт у складзе каманды прафесіяналаў Беларусі прымаў удзел у спаборніцтвах вабільшчыкаў у Славеніі.

Дружыннікі праводзяць вялікую работу па інфармаванні насельніцтва ў сферы аховы прыроды, а таксама прафарыентацыйную работу са школьнікамі.

Ксілатэка

Значную адукацыйную, навуковую і асветніцкую каштоўнасць мае ксілатэка, абсталяваная ва ўніверсітэце пры падтрымцы кампаніі Coswick. Гэта своеасаблівая бібліятэка, толькі замест кніг на паліцах стаяць узоры драўніны (ксілатэка — ад грэчаскага слова ksylon, ссечанае дрэва).

Як паведаміў загадчык кафедры аховы лесу і драўніназнаўства Вячаслаў Звягінцаў, калекцыя ксілатэкі збіралася на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў і зараз налічвае каля 2,5 тысячы ўзораў драўніны.


“Зрэшты, колькасць узораў не самы важны паказчык — важней, колькі відаў прадстаўлена, — гаворыць Вячаслаў Барысавіч. — Сёння на рознай стадыі ідэнтыфікацыі ў нашай ксілатэцы маецца больш за 500 відаў як беларускіх, так і іншаземных парод з розных кантынентаў. Для параўнання: у нашай краіне асноўных лесаўтваральных відаў не больш за дзесяць. Зразумела, у калекцыі прадстаўлены не толькі асноўныя лесаўтваральныя пароды, але і ўнікальныя кусты”.

Ксілатэка, створаная на лесагаспадарчым факультэце, — гэта адзіная аформленая калекцыя не толькі ў Беларусі, але і ва ўсёй Усходняй Еўропе. І яна няспынна папаўняецца.

Вячаслаў Барысавіч штогод выязджае ў экспедыцыі. Сёлета, напрыклад, пабываў на Далёкім Усходзе, адкуль прывёз 2 чамаданы новых узораў для ксілатэкі. А нядаўна сюды прывезлі велізарных памераў кругляк дуба — старажытнага жыхара Белавежскай пушчы, які пацярпеў падчас чарговай буры. Яго ўзрост спецыялісты ацанілі ў 340 гадоў. Студэнты таксама не застаюцца ўбаку, стараюцца папаўняць калекцыю драўнінай са сваіх садовых участкаў.


Калекцыя ўражвае разнастайнасцю экспанатаў, і для студэнтаў лесагаспадарчага факультэта гэта сапраўдная скарбніца. Тут яны маюць магчымасць вывучаць будову драўніны рэдкіх і іншаземных парод; ідэнтыфікаваць прапанаваную драўніну, параўноўваючы яе з наяўнымі ўзорамі; даследаваць розныя фізічныя, механічныя ўласцівасці, такія як трываласць, цвёрдасць, зносастойкасць, даўгавечнасць і інш.

У ксілатэку часта звяртаюцца вытворцы. Напрыклад, яны набываюць драўніну, і ім важна ведаць, што яна належыць да пэўнай пароды, мае неабходную якасць. Спецыялісты могуць зрабіць адпаведную дыягностыку і даць адказы на ўсе пытанні, развеяць сумненні ці пацвердзіць здагадкі заяўніка. Здараецца, у ксілатэку звяртаюцца нават крыміналісты, каб ім дапамаглі вызначыць драўнінную пароду. Часам і гэта мае значэнне пры раскрыцці злачынстваў.

Вячаслаў Звягінцаў паказвае на стэнд з айчыннымі пародамі. Мы прывыклі, што ўсе яны такія шэранькія, але насамрэч каляровая гама значна багацейшая.


“Мы не бачым гэтых колераў, бо многія пароды не вырастаюць да вялікіх памераў, — тлумачыць Вячаслаў Барысавіч. — Напрыклад, драўніна барбарысу (я называю яго беларускім лімонам) у разрэзе вельмі прыгожага лімоннага колеру. Яшчэ больш эфектная, на мой погляд, акацыя жоўтая, ці карагана. Або наша чырвонае дрэва — крушына ломкая. У ксілатэцы прадстаўлена шмат рэдкіх парод з батанічных садоў, якія пацярпелі ў выніку буры. Напрыклад, унікальны багранік японскі — яго драўніна вельмі прыгожай тэкстуры, добра паліруецца, пры апрацоўцы становіцца быццам лакіраваная. Не кожная парода так добра ўспрымае абразіў. А вось паглядзіце: гэта парода нашай найбліжэйшай будучыні — рабінія ілжэакацыя. Прывезеная з Амерыкі, у нас яна выкарыстоўваецца пераважна для азелянення. Але калі параўнаць яе з дубам — эталонам трываласці, то яна больш даўгавечная, чым дуб, і мае высокую біяўстойлівасць”.

У ксілатэцы ўяўляе цікавасць не толькі разнастайнасць відаў, але і ўзрост некаторых узораў драўніны. Напрыклад, нам дэманструюць кавалак моранага дуба. Навобмацак ён нагадвае пластмасу — настолькі шчыльная драўніна, якая шмат стагоддзяў праляжала ў вадзе. Вучоныя рабілі радыевугляродны аналіз і ўстанавілі даволі дакладны ўз рост: больш як 6 тысяч гадоў. Яшчэ адзін узор дуба з калекцыі мае каля 9 тысяч гадоў.

“Ніводная кніга ў бібліятэцы не стаіць проста так, у кожнай павінна быць сваё месца, каб яе можна было лёгка знайсці, — гаворыць Вячаслаў Барысавіч. — І мы зараз знаходзімся на этапе каталагізацыі. Напачатку я планаваў раскласці ўсё па баках свету: Беларусь, Афрыка, Азія… Аднак зразумеў, што гэта не зусім правільны шлях, бо складана потым шукаць пароды: адна і тая ж можа расці і ў нас, і ў Амерыцы, і ў Афрыцы. Таму вырашыў пакласці ў аснову батанічную наменклатуру. Зараз думаю, як ажыццявіць дакладнае напаўненне: дубы, бярозы, ружакветныя і г.д.”

Дзеля зялёных крон

Зараз у краіне рэалізоўваецца Дзяржаўная навукова-тэхнічная праграма “Лясы Беларусі — устойлівае кіраванне, інавацыйнае развіццё, рэсурсы” (2016—2020 гг.), і яе галоўным выканаўцам прызначаны менавіта Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт. Амаль усе кафедры лесагаспадарчага факультэта далучыліся да выканання згаданай праграмы, вучоныя праводзяць даследаванні па самых актуальных праблемах лясной гаспадаркі.

Навуковая работа на факультэце вядзецца па ўсёй вертыкалі: ад даследчых лабараторый, дзе працуюць вопытныя спецыялісты, да шматлікіх студэнцкіх навуковых гурткоў. Дзейнічаюць галіновыя лабараторыі абароны лесу, ляснога насенняводства і лесааднаўлення з асновамі біятэхналогіі, а таксама майстэрня ландшафтнага дызайну.


“Лясы першымі адчулі на сабе ўплыў глабальнага пацяплення і змянення клімату, — гаворыць дэкан факультэта Васіль Ярмаловіч. — За апошнія два дзесяцігоддзі сярэдняя тэмпература павысілася на 2 градусы, пачасціліся засухі — і для дрэў гэта вялікі стрэс, яны слабеюць. А следам ідзе актывізацыя розных патагенаў і шкоднікаў, якія дабіваюць ужо знясіленыя дрэвы. Напрыклад, вяршынны караед — натуральны насельнік лесу, але раней ён пасяляўся толькі на тых дрэвах, якія паміралі натуральным чынам. А зараз, калі дрэвы аслаблены, ён пачаў масава нападаць на лясы. У сукупнасці ўсё гэта ставіць перад лясной гаспадаркай сучаснасці вельмі складаныя пытанні: а што мы будзем вырошчваць заўтра, праз 10, 20, 50 гадоў? Нам ужо цяпер трэба прыстасоўвацца да новых умоў і рабіць неабходныя захады, каб захаваць лясы”.

Па заказе і пры фінансаванні Сусветнага банка і Глабальнага экалагічнага фонду ў БДТУ распрацавалі Стратэгію адаптацыі лясной гаспадаркі да ўмоў змянення клімату да 2050 года і Нацыянальны план адаптацыі на некалькі дзесяцігоддзяў наперад (кіраўнік праекта — прафесар кафедры лесаводства Леанід Ражкоў). У дакументах змешчаны рэкамендацыі, што трэба рабіць, каб лясная гаспадарка не дапусціла страт, давала стабільны прырост драўніны і ўстойліва развівалася.

Для практыкаў-лесаводаў і вучоных барацьба з масавым усыханнем насаджэнняў і караедамі — справа гонару. Яны добра ведаюць, што кліматычныя змены не даюць часу на памылкі. І цяпер усе сілы накіраваны на выпраўленне сітуацыі.

У лабараторыі абароны лесу нам дэманструюць кліматычную камеру, дзе можна змадэляваць любы клімат і паскорыць цыклы развіцця жывых істот. Напрыклад, зараз там праводзяцца назіранні за асноўным віноўнікам масавага ўсыхання лесу — вяршынным караедам.


“Ужо на працягу года мы праводзім даследаванні біяўстойлівасці, марозаўстойлівасці жука, распрацоўваем метады абароны лесу, — расказвае Вячаслаў Звягінцаў, чыя кафедра ўзначаліла даследаванні. — Шырока прыцягваем да гэтай работы студэнтаў і магістрантаў. Вынікам стала практычнае кіраўніцтва па абароне хвойнікаў, многія рэкамендацыі выкарыстоўваюцца лясгасамі ўжо на працягу года. Напрыклад, мы даказалі, што вяршынны караед зімуе не ў лясной падсцілцы, як было апісана ў літаратуры, а ў кроне хвой. Зімы ў нас мяккія, яму не холадна. Дзякуючы гэтаму адкрыццю, нашы лясгасы ўсю мінулую зіму займаліся абаронай лесу: шукалі заселеныя караедам дрэвы, спілоўвалі і спальвалі пашкоджаныя кроны (яны відаць па змяненні колеру ігліцы на рыжы; але, на жаль, распазнаць заселенае дрэва на пачатковых этапах паталагічнага працэсу складана нават для прафесіянала)”.

Пытаюся ў Вячаслава Барысавіча, ці можа адна сапраўды халодная зіма згубіць таго ж караеда.

“Спадзяванні на добрага Дзеда Мароза марныя, — кажа вучоны. — Мы эксперыментальна высветлілі гранічную марозаўстойлівасць вяршыннага караеда. Выявілася, што жукі гінуць пры тэмпературы -36°С. Па звестках метэаролагаў, на Палессі, дзе лютуе караед, апошні раз такія адмоўныя тэмпературы былі ў 1940—1941 гг. Чакаць, што такія маразы паўторацца ў наш час глабальнага пацяплення, не варта”.

Сёння пашкоджанне лясоў караедамі мае характар стыхійнага бедства. “Масавае ўсыханне нашай асноўнай лесаўтваральнай пароды, сасны звычайнай, пачалося гадоў 5—7 назад, — заўважыў Вячаслаў Барысавіч, — але гэтая з’ява была замаскіравана пад іншыя паталагічныя працэсы. Аднак ужо ў 2016 годзе каля 1 млн м3 драўніны было нарыхтавана з сасны, пашкоджанай караедам, — вынік санітарнай вырубкі. У мінулым годзе з лясоў было вывезена ўжо 7 млн м3 драўніны ўсохлых дрэў — траціна ўсяго лесакарыстання краіны (гэта значыць, караедам было пашкоджана кожнае трэцяе спілаванае дрэва). Сёлета на гэты час нарыхтавана ўжо каля 6,5 млн м3 пашкоджанай сасны. На канец года лічба, натуральна, павялічыцца. Праблема пагаршаецца тым, што разам з вяршынным караедам расце колькасць іншых патагенаў і шкоднікаў”.

У зоне рызыкі не толькі хвоя. У 2010 годзе вучоныя ўпершыню выявілі небяспечны патаген — грыб Chalara fraxinea, які стаў прычынай масавага ўсыхання ясеня звычайнага ў Беларусі.

“Каля 20 гадоў назад гэты патаген пранік у Еўропу і знішчыў там большую частку насаджэнняў ясеня, — расказвае Вячаслаў Звягінцаў. — У Беларусі загінула ўжо 2/3 ясеневых насаджэнняў, проста на вачах знікае ўнікальная фармацыя — і гэта не толькі каштоўная драўніна, а цэлая экасістэма арганізмаў, якія могуць жыць толькі ў ясенях. Таму летам я адправіўся на Далёкі Усход, каб зразумець, чаму далёкаўсходнія (маньчжурскія) ясені ўстойлівыя да грыба Chalara fraxinea, а наш, еўрапейскі, ясень яго баіцца. Прывёз узоры. Будзем вывучаць”.

Вячаслаў Звягінцаў паказвае нам прабіркі з маленькім грыбком — гэта Phlebiopsis gigantea, на аснове якога вучоныя распрацавалі першы ў краіне біяпрэпарат для барацьбы з каранёвай губкай. Зараз ён праходзіць сістэму дзяржаўнай акрэдытацыі.

“Плануецца, што да канца года прэпарат паступіць у лясгасы і будзе шырока выкарыстоўвацца для абароны лесу, — тлумачыць Вячаслаў Барысавіч. — Ідэя распрацоўвалася на кафедры аховы лесу і драўніназнаўства некалькімі пакаленнямі вучоных. Першым пачынаў гэтую работу наш настаўнік прафесар Мікалай Ільіч Фёдараў, а мы давялі яе да завяршэння. Адной маленькай ампулы дастаткова для таго, каб абараніць гектар лесу ад шкоднага патагена. Пры гэтым кошт прэпарату невысокі”.

Вучоныя БДТУ не збіраюцца здавацца ў пошуку дзейсных сродкаў для абароны лясоў ад шкодных насякомых, небяспечных грыбоў, бактэрый і іншых мікраарганізмаў. Тут закладзена грунтоўная навуковая школа па лясной фітапаталогіі (заснавальнік — прафесар Мікалай Фёдараў), і сёння яе з поспехам развіваюць яго вучні, таксама ўжо кандыдаты і дактары навук. У студэнцкай моладзі таксама ёсць магчымасць далучыцца да гэтай школы.

Так, лес чакае ад чалавека абароны. І для тых, хто працуе ў цені зялёных крон, гэта матывацыя і стымул дзейнічаць.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.