Цэнтр адукацыі і навукі

Беларуска-Расійскі ўніверсітэт — сапраўдны навукова-адукацыйны цэнтр Магілёўскай вобласці. Тут гарманічна спалучаюцца кансерватыўнасць класічнай адукацыі і інавацыйнае развіццё. Пра тое, у якім кірунку развіваецца ўніверсітэт, нам расказаў рэктар, доктар тэхнічных навук, прафесар Міхаіл Яўгенавіч ЛУСЦЯНКОЎ.

— Міхаіл Яўгенавіч, раскажыце, што ўяўляе сабой Беларуска-Расійскі ўніверсітэт.

— Беларуска-Расійскі ўніверсітэт — гэта 8 факультэтаў, каледж, агульнаадукацыйны ліцэй, Інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў. Ва ўніверсітэце вучацца каля шасці тысяч студэнтаў. Падрыхтоўка кадраў вя­дзецца па разнастайных спецыяльнасцях і спецыялізацыях як па беларускіх, так і па расійскіх адукацыйных праграмах. Навучанне студэнтаў ажыццяўляе дасведчаны, высокапрафесійны педагагічны калектыў. Звыш 190 выкладчыкаў маюць навуковую ступень.

— Нягледзячы на складанасці апошніх гадоў, у БРУ ніколі не ўзнікала праблем з абітурыентамі. Як удаецца дасягнуць такіх вынікаў?

— Паслядоўнасць працэсу падрыхтоўкі спецыяліста можна забяспе­чыць толькі ў сістэме, падпарадкаванай прынцыпу пераемнасці, паэтапнасці, бесперапыннасці навучання. У структуры ўніверсітэта дзейнічаюць агульнаадукацыйны ліцэй, каледж, дзе можна атрымаць сярэднюю спецыяльную адукацыю. Акрамя гэтага, асаблівую ўвагу мы ўдзяляем прафарыентацыі. Істотную ролю ў арганізацыі гэтай работы адыгрывае факультэт даўніверсітэцкай падрыхтоўкі, які забяспечвае цэлас­насць працэсу прафарыентацыі, вядзе адбор і падрыхтоўку моладзі са схільнасцямі да прафесійнай дзейнасці і навуковай творчасці ў адпаведнасці з профілем універсітэта. На падрыхтоўчых курсах маладыя людзі набываюць да­статковыя веды для паступлення, набліжаюць узровень сваёй падрыхтоўкі да патрабаванняў уступных іспытаў.

На вядучых прадпрыемствах Магілёва дзейнічаюць 11 філіялаў універсітэцкіх кафедр. Непасрэдна на вытворчасці право­дзяцца лабараторныя і практычныя заняткі. Гэта дазваляе пазбе­гнуць акадэмічнай адарванасці студэнтаў ад рэальных вытворчых працэсаў і зрабіць іх прафесійную падрыхтоўку больш якаснай.

Мы актыўна ажыццяўляем рознабаковыя прафарыентацыйныя мерапрыемствы: праводзім дні адкрытых дзвярэй, экскурсіі па факультэтах і вучэбных лабараторыях, перыядычна выязджаем у сярэднія навучальныя ўстановы. Не так даўно арганізавалі для навучэнцаў агульнаадукацыйных уста­ноў універсітэцкія суботы: у шосты дзень тыдня для школьнікаў ва ўніверсітэце працуюць гурткі па робататэхніцы, электроніцы, праграмаванні.

Сёлета мы зрабілі ўпор на дыстанцыйныя формы інфармавання патэнцыяльных абітурыентаў. Навучэнцам большасці школ рэгіёна разаслалі праф­арыентацыйныя буклеты, якія дазваляюць атрымаць максімальна поўную інфармацыю пра Беларуска-Расійскі ўніверсітэт. Зараз актыўна выкарыстоўваем інфармацыйныя магчымасці ўніверсітэцкага сайта і нашых афіцыйных старонак у сацыяльных сетках для прафарыентацыйнай работы ў анлайн-фармаце.

— Адукацыйныя тэхналогіі хутка мяняюцца, перыядычна з’яўляецца не­шта новае, сучаснае, эфектыўнае. Як рэагуе на такія змены ўніверсітэт?

— Вучэбны працэс ва ўніверсітэце ажыццяўляецца ў інавацыйным рэжыме. Мы пастаянна працуем над паляпшэннем якасці навучання, адукацыйнага асяроддзя, укараненнем інавацыйных тэхналогій і даследчых методык новага пакалення. Сёння актыўна развіваецца дыстанцыйнае навучанне, існуе модульна-рэйтынгавая сістэма кантролю ведаў. Асаблівую ўвагу ўдзяляем практыка-арыентаванаму навучанню, што ажыццяўляецца праз стварэнне філіялаў вучэбных кафедр на вядучых прадпрыемствах Магілёва. Ужо дзейнічаюць 11 філіялаў. Непасрэдна на вытворчасці праводзяцца лабараторныя і практычныя заняткі. Гэта дазваляе пазбегнуць акадэмічнай адарванасці студэнтаў ад рэальных вытворчых працэсаў і зрабіць іх прафесійную падрыхтоўку больш якаснай.

— БРУ называюць рэгіянальным цэнтрам адукацыі і навукі. Наколькі гэта абгрунтавана?

— Сапраўды, наш універсітэт функцыянуе па прынцыпе адзінства адукацыі і навукі. Больш за тое, навуковая работа з’яўляецца адным з галоўных кірункаў дзейнасці ўніверсітэта.

Мы ўсяляк імкнёмся прыцягваць да навукі моладзь. У гэтым вялікая заслуга выкладчыкаў, бо толькі той педагог, які актыўна займаецца навуковымі даследаваннямі, сваім энтузіязмам можа заахвоціць студэнта, далучыць яго да пошуку новых рашэнняў. У Беларуска-Расійскім універсітэце такія выкладчыкі ёсць. Дзякуючы ім, мы актыўна папулярызуем навуковую дзейнасць сярод не толькі студэнцкай, але і вучнёўскай моладзі. З гэтай мэтай ужо не адзін год праводзім Магілёўскі фестываль навукі. Для яго ўдзельнікаў традыцыйна арганізуем насычаную праграму: выставы навуковых дасягненняў, агляды маладзёжных навуковых даследаванняў, алімпіяды, інтэлектуальныя конкурсы, семінары, лекцыі ад вядучых навукоўцаў. Усё гэта далучае моладзь да навукі.

Вельмі пашырыў магчымасці для заняткаў навукай праект Саюзнай дзяр­жавы “Развіццё адукацыйнай і навуковай дзейнасці Беларуска-Расійскага ўніверсітэта на базе інавацыйных тэхналогій”. У рамках рэалізацыі праекта і на ўласныя пазабюджэтныя сродкі мы абнавілі матэрыяльна-тэхнічную базу: закупілі ўнікальнае абсталяванне, развілі лічбавае асяроддзе ўніверсітэта. Гэта паўплывала на павышэнне якасці адукацыі, развіццё навуковай думкі сярод выкладчыкаў і студэнтаў.

Усе спецыяльнасці Беларуска-Расійскага ўніверсітэта запатрабаваны эканомікай рэгіёна і краіны, што вельмі заўважна падчас размеркавання. Колькасць заявак на спецыялістаў звычайна перавышае колькасць выпускнікоў.

— Якія перавагі для будучага развіцця атрымаў універсітэт ад рэалізацыі праекта Саюзнай дзяржавы?

— Дзякуючы праекту, у нас з’явіліся разнастайныя ліцэнзійныя праграмныя комплексы, што дазваляе вучыць студэнтаў з улікам апошніх адукацыйных тэндэнцый. Так, праграмнае забеспячэнне ANSYS, SOLIDWORKS Pre­mium дапамагае студэнтам засвойваць сучасныя метады праектавання, праводзіць спецыялізаваныя інжынерныя даследаванні на аснове аналізу лічбавых 3D-мадэлей.

Набыццё робататэхнічнага комплексу зваркі дазволіла адкрыць вучэбна-эксперыментальную лабараторыю па плазменных, тэрмамеханічных і зварачных тэхналогіях. Акрамя таго, мы абсталявалі два новыя інжынерныя камп’ютарныя класы, закупілі мультыборды і 3D-праектары. Новае праграмнае забеспячэнне з’явілася таксама ў інжынірынгавым цэнтры SimTech. Асаблівы наш гонар — лабараторыя адытыўных тэхналогій, дзе ёсць прафесійны парашковы 3D-прынтар па метале Shining EP M250, які працуе па SLM-тэхналогіі. Такога абсталявання ў краіне адзінкі. Шмат перспектыў адкрывае новая мнагапрофільная лабараторыя, абсталяваная станкамі з лічбавым праграмным кіраваннем.

Новы корпус з сучаснымі вучэбна-эксперыментальнымі лабараторыямі паступова становіцца інавацыйным цэнтрам навуковых распрацовак. Тэматыка даследаванняў вельмі разнастайная. У спецыялізаваных навуковых школах вядуцца распрацоўкі па стварэнні і ўдасканаленні канструкцый, матэрыялаў, механізмаў і прывадных сістэм, энергаэфектыўных тэхналогій. Важна, што большасць распрацовак з’яўляецца не толькі на паперы, але і актыўна ўкараняецца на беларускіх і замежных прадпрыемствах.

— Вытворчасць імкліва развіваецца. Установам адукацыі трэба паспяваць за рэаліямі часу, каб рыхтаваць кадры, сапраўды патрэбныя эканоміцы…

— Мы сочым за развіццём рынку працы і стараемся ўлічваць змены, якія там адбываюцца. Сёння ўсе спецыяльнасці Беларуска-Расійскага ўніверсітэта запатрабаваны эканомікай рэгіёна і краіны, што вельмі заўважна падчас размеркавання. Колькасць заявак на спецыялістаў звычайна перавышае колькасць выпускнікоў. Многія з іх прыходзяць на размеркаванне з рэкамендаваным месцам працы.

Сваёй асноўнай задачай мы бачым падрыхтоўку высокакваліфікаваных спецыялістаў з улікам сучасных патрабаванняў і перадавых тэхналогій. Зараз патрабуюцца кадры для інавацыйнай эканомікі, і мы гэта ўлічваем. Амаль штогод ва ўніверсітэце адкрываюцца новыя спецыяльнасці. Так, летась мы пачалі навучанне па спецыяльнасцях “Абсталяванне і тэхналогіі высокаэфектыўных працэсаў апрацоўкі матэрыялаў”, “Інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі (у праектаванні і вытворчасці)”, “Электронны маркетынг”. Сёлета аб’яўлены набор на дзве новыя спецыяльнасці бакалаўрыята — “Вытвор­часць вырабаў на аснове трохмерных тэхналогій” і “Замежнае рэгіёназнаў­ства”. Таксама адкрыты новыя напрамкі падрыхтоўкі на ўзроўні магістратуры па расійскіх адукацыйных праграмах — “Мехатроніка і робататэхніка”, “Фінансы і крэдыт”.

Адметна, што гэтыя спецыяльнасці маюць не проста прыгожыя сучасныя назвы — яны адкрываюць шырокія перспектывы для працаўладкавання выпускнікоў. Напрыклад, студэнты спецыяльнасці “Вытворчасць вырабаў на аснове трохмерных тэхналогій” атрымаюць веды ў галіне адытыўных тэхналогій, канструявання і вытворчасці машынабудаўнічых вырабаў з палімерных, металічных і іншых матэрыялаў. Яны стануць спецыялістамі па ўкараненні на прадпрыемствах новых інфармацыйных тэхналогій
3D-друку і сучасных падыходаў да вытворчасці вырабаў на аснове трохмерных тэхналогій.

Сацыяльна-гуманітарны напрамак падрыхтоўкі па расійскіх адукацыйных праграмах “Замежнае рэгіёназнаўст­ва” новы для нашага ўніверсітэта. Мы будзем рыхтаваць спецыялістаў, здольных забяспечваць дыпламатычныя, знешнеэканамічныя і іншыя кантакты з рэгіёнам спецыялізацыі, ацэнь­ваць, аналізаваць і даследаваць рэсурсы і магчымасці гэтага рэгіёна, яго сувязі з Расіяй і Беларуссю, арганізоўваць
PR-службы, рыхтаваць выставы, прэзентацыі, інфармацыйныя буклеты, рэкламныя праспекты для прадстаўлення інтарэсаў айчынных прадпрыемстваў за мяжой. Згаданая спецыяльнасць — новы крок у развіцці Беларуска-Расійскага ўніверсітэта.

Новы корпус з сучаснымі вучэбна-эксперыментальнымі лабараторыямі паступова становіцца інавацыйным цэнтрам навуковых распрацовак. Тэматыка даследаванняў вельмі разнастайная. Важна, што большасць распрацовак з’яўляецца не толькі на паперы, але і актыўна ўкараняецца на беларускіх і замежных прадпрыемствах.

Мы і далей будзем маніторыць рынак працы, эканамічныя тэндэнцыі і, калі трэба, пашырым шэраг ужо існуючых спецыяльнасцей. Так, у наступным годзе плануем адкрыць спецыяльнасць “Прыкладная матэматыка”.

— Якія перспектывы развіцця Беларуска-Расійскага ўніверсітэта вы бачыце?

— Наш універсітэт дынамічна развіваецца па многіх напрамках, і спыняцца мы не збіраемся. Ёсць шмат цікавых задум і праектаў: удасканаленне зместу і якасці адукацыі, усебаковае развіццё навуковых даследаванняў, далейшае ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы. Мы мэтанакіравана імкнёмся с­таць вядучай установай вышэйшай адукацыі ўсходняга рэгіёна Беларусі і памежных рэгіёнаў Расіі.

Гутарыла Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена ўстановай адукацыі.