Для шчырых сэрцам і добрых душой

Ветэрынарная медыцына — больш, чым навука ці прафесійнае майстэрства. Гэта філасофія, усведамленне месца чалавека ў свеце. Ветэрынарныя спецыялісты — людзі, якія пайшлі далей за астатніх у сваёй любові да жывёл, імкненні дапамагаць ім. На прасторах інтэрнэту існуе думка, што доктар лечыць чалавека, а ветэрынар — усё чалавецтва. Вось так проста і дакладна абазначана значнасць гэтай справы, складанай і маральна, і фізічна.

Ветэрынарыя, як і журналістыка, — адна з самых старажытных прафесій. Яна патрабуе глыбокіх ведаў пра тое, як пабудаваны і функцыянуе арганізм жывёлы. Урачы ветэрынарнай медыцыны займаюцца прафілактыкай, дыягностыкай і лячэннем захворванняў, прыпыняюць распаўсюджванне небяспечных хвароб. Гэтыя спецыялісты праводзяць экспертызу і дазваляюць выкарыстанне ў ежу прадуктаў харчавання, займаюцца аховай навакольнага асяроддзя, захаваннем і памнажэннем дзікай прыроды.

У Беларусі амаль 99% ветэрынарных спецыялістаў вышэйшай кваліфікацыі — выпускнікі факультэта ветэрынарнай медыцыны Віцебскай ордэна “Знак Пашаны” дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны. Мы пацікавіліся, ці проста стаць студэнтам ВДАВМ і як жывецца выпускнікам адной са старэйшых устаноў вышэйшай адукацыі краіны.


Факультэт, адзіны ў краіне

У лістападзе гэтага года факультэт ветэрынарнай медыцыны Віцебскай акадэміі ветэрынарнай медыцыны адзначыць 95-гадовы юбілей. З 1924 года і да сённяшняга дня на факультэце падрыхтавана і размеркавана ў сферы народнай гаспадаркі краіны больш за 22 тысячы спецыялістаў ветэрынарнай медыцыны. “Сёння на факультэце вучацца каля 3 тысяч студэнтаў. Штогод на вытворчасць накіроўваецца больш за 400 маладых спецыялістаў”, — расказвае дэкан факультэта ветэрынарнай медыцыны Яўген Юшкоўскі.


Навучанне на факультэце дзённае, 5 гадоў. Акрамя таго, па спецыяльнасці “Ветэрынарная медыцына” прадугледжана падрыхтоўка студэнтаў у скарочаны тэрмін атрымання вышэйшай адукацыі — тры гады і пяць месяцаў. Але гэта толькі для абітурыентаў, якія маюць сярэднюю спецыяльную ветэрынарную адукацыю. Дарэчы, зусім хутка, 31 студзеня, ФВМ адзначыць яшчэ адну круглую дату — 20-годдзе пачатку выпуску спецыялістаў, якія вучыліся па скарочанай праграме.

“Абітурыенты, якія ўжо маюць сярэднюю спецыяльную ветэрынарную адукацыю, могуць паступаць на завочную форму навучання, — працягвае размову Яўген Аляксандравіч. — У такім выпадку вучыцца ім прыйдзецца 6 гадоў. Што тычыцца кантрольных лічбаў прыёму, гэта дакладна будзе вядома толькі ў красавіку. Аднак, хутчэй за ўсё, яны застануцца на ўзроўні мінулага года: 308 чалавек на поўную форму навучання і 85 — на скарочаную”.

На факультэце ветэрынарнай медыцыны рыхтуюць урачоў ветэрынарнай медыцыны агульнага профілю і са спецыялізацыямі (гінекалогія і біятэхналогія размнажэння жывёл, ветэрынарная бактэрыялогія і вірусалогія, ветэрынарная біяхімія, хваробы дробных жывёл, птушак, свіней, ветэрынарная таксікалогія, хваробы рыб і пчол).

“Замацоўваюцца атрыманыя веды падчас вытворчай практыкі ў ветэрынарных лабараторыях і на станцыях, перадавых гаспадарках краіны, а таксама за мяжой. Нашы студэнты маюць магчымасць праходзіць стажыроўку ў 12 краінах свету: Польшчы, Германіі, Англіі, ЗША, Канадзе і інш. На факультэце таксама вучацца замежныя студэнты, бо яны ўпэўнены ў якасці адукацыі, атрыманай у Віцебскай акадэміі ветэрынарнай медыцыны”, — падводзіць вынік дэкан факультэта Яўген Юшкоўскі.

Падчас уступнай кампаніі конкурс на факультэце звычайна невялікі. У мінулым годзе ён складаў 1,1 заявы на месца. Прахадны бал з улікам сярэдняга бала атэстата і вынікаў уступных іспытаў па мове, хіміі і біялогіі дасягаў 160. Для тых, хто не патрапіў у запаветныя спісы першакурснікаў-бюджэтнікаў, ёсць магчымасць атрымаць вышэйшую адукацыю ў галіне ветэрынарнай медыцыны на ўмовах аплаты. Платнікаў штогод набіраецца каля трох дзясяткаў. Кошт навучання складае 1440 рублёў за год. Варта адзначыць, што жыллёвых праблем у першакурснікаў Віцебскай акадэміі не ўзнікае: усе студэнты забяспечаны інтэрнатам.


Шчаслівы быць ветэрынарам


У межах сваёй прафесіі выпускнікі факультэта ветэрынарнай медыцыны ВДАВМ могуць займаць розныя пасады. Спецыялісты працуюць у ветэрынарных клініках і лабараторыях, на станцыях па барацьбе з хваробамі жывёл, у лабараторыях ветэрынарна-санітарнай экспертызы, на сельскагаспадарчых прадпрыемствах, а таксама ў галіне харчовай, халадзільнай прамысловасці, на камбікормавых заводах, біяфабрыках, прадпрыемствах па вытворчасці ветпрэпаратаў.

Галоўны ветэрынарны ўрач сельскагаспадарчага вытворчага ўпраўлення “Даманава” УП “Брэстаблгаз” Сяргей Круталевіч скончыў Віцебскую дзяржаўную ордэна “Знак Пашаны” акадэмію ветэрынарнай медыцыны ў 2014 годзе. Па размеркаванні трапіў у Івацэвіцкі раён Брэсцкай вобласці.

“Раней, з’яўляючыся яшчэ студэнтам, я праходзіў на гэтым сельгаспрадпрыемстве вытворчую практыку. Калі прыехаў сюды ўжо маладым спецыялістам, сустрэлі мяне гасцінна, дом далі. Задаволены, што лёсам мне было наканавана трапіць менавіта ў Даманава. Па-першае, я вельмі люблю сваю прафесію, люблю жывёл. Па-другое, тут я сустрэў сваю жонку, стварыў сям’ю”, — прызнаецца Сяргей Мікалаевіч.

Пасля службы ў арміі Сяргей Круталевіч вярнуўся ў СВУ “Даманава” на тую ж пасаду — галоўнага ветэрынарнага ўрача. Хлопцу падабаецца, што ў гаспадарцы працуе яшчэ некалькі ветэрынарных спецыялістаў: “Хутка ў нас адкрываецца новы комплекс, і я рады, што мне ёсць з кім працаваць. Гэта вельмі важная справа, калі ты не адзін”.

Сельскагаспадарчае прадпрыемства “Даманава” мае добрую матэрыяльна-тэхнічную базу, дзякуючы чаму ў галоўнага ветэрынарнага ўрача ёсць магчымасць увасабляць у жыццё свае інавацыйныя ідэі. А іх, на шчасце, хапае.

“Калісьці ў мяне з’явілася ідэя стварыць на базе гаспадаркі ўласную артапедычную брыгаду. Сёння па пальцах можна палічыць прадпрыемствы, якія маюць такую службу. У асноўным артапедычнымі справамі займаюцца іншыя арганізацыі. 

Наш дырэктар Рыгор Касцюк падтрымаў маю ідэю, разам мы распрацавалі план, згодна з якім я з двума спецыялістамі быў накіраваны на павышэнне кваліфікацыі ў маю альма-матар — Віцебскую акадэмію ветэрынарнай медыцыны. Наведвалі заняткі для артапедаў, — з захапленнем расказвае Сяргей Мікалаевіч. — Калі вярнуліся, набылі станок для абрэзкі капытоў і зараз займаемся гэтай ¬справай. Калі вы спытаеце, якое значэнне для жывёл мае працэдура абразання капытоў, патлумачу. Раней каровы ўтрымліваліся на раллі, а зараз — на бетоннай падлозе. Ва ўмовах інтэнсіўнага вытворчага рытму, канцэнтратнага тыпу харчавання капытны рог расце вельмі хутка. Па рэгламенце капыты трэба абразаць тры разы на год. Да таго ж з гэтым звязаны шэраг захворванняў, якія мы лечым. А стаўку робім на прафілактыку”.

Сяргей Мікалаевіч упэўнены, што прафесію абраў для сябе самую лепшую, бо служыць на карысць не толькі людзям, але і жывёлам, і наогул усяму навакольнаму асяроддзю. Добра, што і ў гаспадарцы цэняць галоўнага ветэрынарнага ўрача, ідуць насустрач яго прапановам.

“У нас ёсць апарат ультрагукавой дыягностыкі, і мы маем магчымасць ажыццяўляць дыягностыку цельнасці кароў на ранняй стадыі”, — з гонарам паведамляе Сяргей Круталевіч.

Ён і яго брыгада мараць прыняць удзел у рэспубліканскім конкурсе прафесійнага майстэрства сярод ветэрынарных урачоў. У мінулым годзе ўпершыню ў Беларусі такія спаборніцтвы прайшлі ў Віцебскай вобласці, таму ў Сяргея Мікалаевіча ўсё яшчэ наперадзе. А на пытанне, ці кожны можа стаць ветэрынарам, С.Круталевіч адказвае: “Не, не кожны. Ветэрынарам можа стаць толькі ўважлівы, цікаўны чалавек. Жывёлы ж не расказваюць пра тое, што ў іх баліць. Неабходна самому зразумець, інтуітыўна”.


Вясковы доктар


Такой жа думкі прытрымліваецца ветурач аграпрадпрыемства “Скараднянскі” Ельскага раёна Гомельскай вобласці Алег Станіслававіч Івашка, які ў 1994 годзе скончыў Віцебскую акадэмію ветэрынарнай медыцыны. Ён лічыць, што прафесія ветурача — гэта дар ад Бога.

Адметна, што жыццё маладога чалавека заўсёды было звязана з сельскай гаспадаркай: яго дзед доўгі час быў санітарам на свінакомплексе, бацькі ўсё жыццё прапрацавалі ў жывёлагадоўлі.

“Я помню сябе на ферме з 5 гадоў, — дзеліцца Алег Станіслававіч. — Мне заўсёды падабалася працаваць з жывёламі. У нашай гаспадарцы на той час быў цудоўны спецыяліст Навуменка, які іх лячыў. Яго прыклад у нейкай ступені даў мне штуршок. Аб прафесіі звычайнага ўрача я нават не задумваўся, хацеў лячыць толькі гэтых бездапаможных істот”.

Усе выкладчыкі акадэміі, сярод якіх, як падкрэслівае мой суразмоўца, было 25 прафесараў, нешта ўклалі не толькі ў маладыя галовы, але і ў іх душы. Педагогі М.Сініца, А.Ятусевіч, В.Золатаў, Э.Саланека, М.Жакаў засталіся ў памяці кожнага студэнта таго часу.
“Пяць гадоў — гэта насычанае эмоцыямі асобнае жыццё. Назаўсёды запомнілася наша студэнцкае братэрства, якое аказалася самым дружным, — згадвае Алег Івашка. — Гэтае пачуццё было ў нас закладзена першапачаткова: прафесійная этыка, салідарнасць, павага да прафесіі. Да таго ж мы ўсе ўсведамлялі, у якіх умовах даводзіцца працаваць: калі доктар, які лечыць людзей, мае вузкую спецыялізацыю, то ветурач — гэта і хірург, і гінеколаг, і афтальмолаг, і дыягност у адной асобе. У нас некалі жартавалі, што выпускніку ВВІ (Віцебскага ветэрынарнага інстытута) нічога не страшна, бо гэта была добрая школа жыцця”.

Пасля вучобы А.Івашка працаваў ветэрынарным урачом. Быў намеснікам старшыні калгаса, старшынёй Ручаёўскага сельскага савета, старшынёй калгаса “Зара”, пасля — галоўным ветурачом Лоеўскага раёна і намеснікам начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі.

“На любой пасадзе трэба шмат працаваць і пры гэтым памятаць, што, незалежна ад абставін, ты павінен дапамагаць людзям. Не ўсе кіраўнікі ў сельскай гаспадарцы маюць ветэрынарную адукацыю, таму ў пытаннях, якія тычацца жывёл, часта даводзіцца падмацоўваць свае прапановы прафесійнай літаратурай. Магчыма, з першага разу пераканаць не заўсёды атрымліваецца, але другі, трэці раз — пры правільным падыходзе — яны згаджаюцца. Абгрунтоўваючы і абараняючы свой пункт гледжання, не трэба кідацца з крайнасці ў крайнасць. Няхай за гэта не пагладзяць па галаве ці панізяць у пасадзе, але час пакажа, што ты нездарма ясі свой хлеб, што нездарма вучыўся ў прафесіяналаў і ўсё жыццё назапашваў вопыт”, — перакананы Алег Станіслававіч.

У вёсках, дзе працаваў ветэрынар, нельга знайсці хат, у якія б ён не завітваў як спецыяліст. І гэта нядзіўна: колькі памятаю Алега Станіслававіча, незалежна ад яго пасады, да яго звярталіся як да ветурача. Гарадскія пляменнікі так і завуць свайго дзядзьку — “вясковы доктар”.

“Ёсць моманты, калі ты бяссільны і не можаш адмоўную дынаміку пераўтварыць у станоўчы вынік, — кажа Алег Івашка. — Гэта рве сэрца, бо ты зрабіў усё, што ад цябе залежала, і застаецца горыч. Перакрыць такое можа толькі паспяховы зыход. Можна гадзінамі стаяць на марозе, не спаць па начах, але ўсё апраўдваецца, калі сваёй працай ты выратоўваеш жыццё жывёлам”.

Алега Станіслававіча рэдка можна сустрэць сумным: ён з гумарам падыходзіць да многіх складаных сітуацый. Але калі ўсё-такі даводзіцца бачыць яго ў смутку, то яго акружэнне ведае: нешта не так на працы. На думку А.Івашкі, ветурачы — гэта выміраючы від спецыялістаў, бо яны, як ніхто, любяць сваю справу і з пункту гледжання побыту, і з маральнага боку. Алег Станіслававіч заўважае, што гэта высакародная, але няўдзячная праца: на вытворчасці ў іншага спецыяліста нармаваны працоўны дзень, а ветэрынар мабільны кожную хвіліну. Пра тое, што “вясковага доктара” могуць паклікаць у любы час, сведчыць і сямейная гісторыя: Алег Станіслававіч пасля выкліку ледзь паспеў на ўласнае вяселле.

Ідэальны працоўны дзень для А.Івашкі — дзень, калі ён робіць толькі прафілактыку захворванняў. Калі ж некаторых жывёл трэба лячыць, Алег Станіслававіч прытрымліваецца меркавання, што гэта вынік ранейшай недапрацоўкі.

“Я люблю тое, чым займаюся, люблю, калі працы шмат, але шчыра радуюся, калі ведаю, што сярод маіх гадаванцаў няма хворых ці траўміраваных, — кажа Алег Івашка. — Не таму, што можна заняцца нечым іншым, а таму, што разумею: мае дзеянні дапамагаюць і цалкам апраўданы”.

Кацярына КАВАЛЕНКА,
Міхаіл МЕЛЬНІЧЭНКА.
Фотаздымкі Міхаіла РАМАШЫНА і з архіву А.ІВАШКІ і ВДАВМ.