Галактыка пад засенню векавых дрэў

— Людзі думаюць, што калі мы акадэмія з невялікага гарадка, то ў нас няма ні добрай базы, ні годных умоў. Ім здаецца, што аграрны напрамак у нас адстае. Але гэтае меркаванне разбураецца, як толькі яны завітваюць да нас, — расказвае начальнік аддзела прафарыентацыйнай работы Беларускай дзяржаўнай ордэнаў Кастрычніцкай рэвалюцыі і Працоўнага Чырвонага Сцяга сельскагаспадарчай акадэміі Андрэй Гарноўскі. Сказанае знаходзіць падмацаванне ўжо на першых кроках знаёмства з установай.

Гісторыя Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі пачынаецца з 1836 года, калі царскім урадам было прынята рашэнне аб адкрыцці ў Расійскай імперыі земляробчай школы. Выбар выпаў на Горыгорацкую сядзібу — былыя ўладанні графа Салагуба ў Магілёўскай губерні, аддадзеныя казне за даўгі. Вялікая вотчына была арганізавана на англійскі манер — змяшчала ў сабе буйныя палі, лясы і бары, агароды, выганы, лугі — і нават збяднелая ўяўляла годную пачатковую базу.

Афіцыйнае адкрыццё ўстановы адбылося 15 жніўня 1840 года. Першапачаткова школа мела два разрады: вышэйшы і ніжэйшы. Першы рыхтаваў аграномаў і кіраўнікоў для дзяржаўных сядзіб, другі — “земляробчых вучняў”. Дзякуючы добрай арганізацыі вучэбнай работы, уладкаванню гаспадаркі і запрашэнню кваліфікаваных спецыялістаў-замежнікаў, школа хутка стала вядомай не толькі ў Расіі, але і ў Еўропе. Пасля школа была рэарганізавана ў земляробчы інстытут, які стаў першай у Расіі ўстановай “з правам універсітэта”. У падобных установах Еўропы на той час магло вучыцца каля 50 чалавек, а акадэмія прымала да 220.

За два дзесяцігоддзі свайго функцыянавання інстытут хутка скокнуў уперад: тут бы­ло створана першае ў свеце доследнае поле, пабудаваны конны завод з першай у Беларусі ветэрынарнай клінікай, адкрыты першая школа аўчароў, жывёльны двор, механічны завод, хімічная лабараторыя. На пастаяннай аснове пачыналі праводзіцца метэаралагічныя даследаванні, вынаходзіліся вакцыны ад эпідэмічных хвароб. А зборнікі навуковых работ “Запіскі Горыгорацкага земляробчага інстытута” былі першымі ў Расійскай імпе­рыі, дзе публікаваліся вынікі значных навуко­вых даследаванняў. Прафесары, якія пачыналі тут вучэбны працэс, імкнуліся на навуковай аснове вучыць сялян даглядаць жывёл. Дзякуючы гэтаму, Магілёўская губерня пачала ўзбуйняцца ў эканамічным плане.

Першымі навучэнцамі ўстановы былі выпускнікі семінарый. За добрую паспяховасць і прыкладныя паводзіны студэнтаў у той час узнагароджвалі дробнай жывёлай, медалямі і кнігамі з дароўнымі надпісамі. Сённяшняя моладзь адзначае, што цікава было б вяр­нуць векавую традыцыю.

У сувязі з паўстаннем 1863—1864 гг., якое падтрымалі горацкія студэнты, акадэмія была закрыта і вывезена ў Пецярбург. У выніку гэтага матэрыяльна-тэхнічная база часткова страцілася. Аднаўляць гаспадарку прыйшлося пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі. Новы штуршок развіцця ўстанова атрымала пасля Вялікай Айчыннай вайны.

Архітэктурны комплекс сучаснай акадэміі, якая раскінулася на 64 гектарах, фарміраваўся на працягу 180 гадоў. Тут можна ўбачыць будынкі, узведзеныя ў самых розных стылях: пачынаючы ад класіцызму і заканчваючы савецкім ампірам. Расказваюць, што пры закладцы першых пабудоў тут былі схаваны куфры з золатам і срэбрам. Дзякуючы сівой легендзе, кожную восень студэнты адпраўляюцца на іх пошукі — у падарожжа-квест “У пошуках скарбаў графа Салагуба”.

За гісторыю існавання акадэміі з яе сцен выйшла больш за 100 тысяч спецыялістаў, сярод іх — прэзідэнт краіны, а таксама тры дзеючыя рэктары навучальных устаноў (Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта, Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта і Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны).

Цікава, што ў Горыгорацкім земля-робчым інстытуце вучыўся Павел Бахмецьеў — прататып галоўнага героя рамана М.Чарнышэўскага “Што рабіць?”. А ў розны час ва ўстанове выкладалі Максім Гарэцкі (таксама выпускнік) і Паўліна Мядзёлка. Нярэдка з творчымі візітамі сюды завітвалі Янка Купала і Якуб Колас. Дарэчы, у батанічным садзе ёсць свая гара Парнас, дзе ўсталяваны помнік у гонар падобных сустрэч з аўтарам паэм “Курган” і “Бандароўна”.

Сёння ў Беларускай дзяр­жаўнай сельскагаспадарчай ака­дэміі атрымлівае адукацыю каля 4,5 тысячы студэнтаў дзённай формы навучання і больш за 7 тысяч завочнай. Сярод іх — 485 студэнтаў-замежнікаў з Туркменістана, Ірака, Сірыі, Кітая, Руанды, Нігерыі і іншых краін. Горацкая моладзь таксама выязджае на стажыроўкі ў Германію, Польшчу (на 4 месяцы) і Расію (на 1 месяц). Акрамя таго, у межах праграмы ERASMUS+ адбываецца абмен студэнтамі з установамі Італіі, Латвіі, у апошні час наладжваюцца сувязі з Францыяй і Кітаем.

Прафарыентацыйная работа БДСГА ахоплівае ўсе раёны краіны: за кожнай з 44 кафедр установы замацаваны пэўны рэгіён, куды спецыялісты час ад часу завіт­ваюць. Яны працуюць як з абітурыентамі, так і з выпускнікамі — гэта дазваляе ажыццяўляць наборы на дзённую і завочную форму. Адным з прадукцыйных спосабаў такой дзейнасці, па словах першага прарэктара акадэміі Андрэя Калмыкова, ва ўстанове стала анкетаванне.

З нядаўняга часу ­ўведзена практыка адкрыцця аграрных ­класаў. Падобныя падраздзялен­ні скіраваны на тое, каб дзеці ­маглі на практыцы спасцігаць асновы прафесіі і ў далейшым працяг­ваць навучанне па найбольш блізкім напрамку.

У адукацыйным працэсе, як адзначыў Андрэй Васільевіч, важным з’яўляецца ўхіл на мэтавую падрыхтоўку і яе практыкаарыентаванасць. Студэнты з 1 курса працуюць з найноўшай сельскагаспадарчай тэхнікай, спецыяльнай тэхнікай — “намацваюць” працэс. Вучэбная практыка праходзіць як на ўласных пляцоўках — рыбаводным комплексе, малочнатаварнай школе-ферме і вучгаспадарцы БДСГА, — так і на вядучых прад­прыемствах вобласці.  

Вандруючы па тэрыторыі акадэміі, можна не раз ­пачуць навуковыя гутаркі: выкладчыкі тлумачаць сваім студэнтам структуру артыкула ці ўносяць карэктывы ва ўжо гатовыя ма­тэрыялы. І гэта ня­дзіўна, бо штогод у акадэміі праходзіць больш за 50 канферэнцый. У сярэднім на кожную з 19 спе­цыяльнасцей І ступені прыходзіцца каля 10 напрамкаў навуковай дзейнасці.

Вучэбны працэс у БДСГА ажыццяўляецца на 9 факультэтах біялагічнага, інжынернага, эканамічнага і юрыдычнага профілю: агранамічны, аграэкалагічны, землеўпарадкавальны, біятэхналогіі і аквакультуры, меліярацыйна-будаўнічы, эканамічны, бізнесу і права, бухгалтарскага ўліку, механізацыі сельскай гаспадаркі і факультэт міжнародных сувязей і даўніверсітэцкай падрыхтоўкі.

Вучонымі акадэміі праводзяцца даследаванні ў розных галінах: распрацоўка канцэпцый эканамічнага развіцця, арганізацыйных мадэлей і сістэм кіравання АПК ва ўмовах рыначнай эканомікі, паляпшэнне сартавога складу сельскагаспадарчых культур, удасканаленне селекцыйна-племянной работы, распрацоўка і ўкараненне інавацыйных тэхналогій вядзення земляробства і жывёлагадоўлі і інш.

Адным з яскравых прыкладаў навуковых пошукаў з’яўляецца вывядзенне першага беларускага гатунку цвёрдай пшаніцы. Першапачаткова, калі бачыш малы снапок збожжавай культуры, падаецца, што яго вывядзенне і вырошчванне не выклікае цяжкасцей. Але тут тлумачаць: для таго каб пшаніца з’явілася ў руках навукоўцаў, спатрэбілася 15 гадоў. Спачатку гэтым займаўся прафесар Анварбек Латыпаў, пасля справу свайго настаўніка заканчвала дэкан агранамічнага факультэта Наталля Дуктава. Шмат у чым гэтаму спрыяе і практыкаарыентаванасць дыпломных праектаў. Так, ва ўстанове расказваюць, што праз асаблівасці ландшафту ў Горках не было прыродных азёр, аднак яны з’явіліся дзякуючы выпускным работам былых навучэнцаў установы.

Зялёнае каралеўства велічнага аленя

Адметнасцю акадэміі з’яўляюцца рытаўскія агароды — пляцоўкі, на якіх ужо больш за паўтара стагоддзя вырошчваюцца традыцыйныя і экзатычныя для Беларусі расліны. Вучэбна-доследнае поле атрымала назву ад імя свайго стваральніка — Міхаіла Васільевіча Рытава. Калі ідзеш праз гэтае поле, здаецца, што агароду няма канца, пакуль не сустракаеш на сваім шляху батанічны сад — адзін з найстарэйшых у краіне. 

Першапачаткова гэтая акадэмічная пярліна стваралася як навукова-даследчая лабараторыя пры Горыгорацкім земляробчым інстытуце для практычных заняткаў студэнтаў па лесаводстве, батаніцы і садаводстве. Закладка батанічнага саду пачалася ў 1840 годзе, але афіцыйна датай стварэння лічыцца 1847 год. Побач знаходзіцца дэндрарый, які займае больш за 11 гектараў і з’яўляецца помнікам прыроды рэспубліканскага значэння. Аднак каштоўнай спадчынай мінулага па праве можна лічыць і асобныя дрэвы, раскіданыя па тэрыторыі. Нельга не адчуць захапленне, калі бачыш 200-гадовыя дубы, 170-гадовыя ліпы і паўтаравекавыя таполі.

У батанічным садзе шмат работы ў любую пару года, але вясна і пачатак лета — самы насычаны перыяд. Тут працуюць як супрацоўнікі, так і студэнты. Усе хлопцы і дзяўчаты шчыруюць у цяпліцах і на калекцыйных пляцоўках: штогод каля 800 студэнтаў прахо­дзяць тут “курс маладога байца”. Ажыўленасці батанічнага саду спрыяюць і яго наведвальнікі:  зялёнае каралеўства, здаецца, ніколі не пустуе без гасцей, якіх сустракае скульптура велічнага караля лесу — аленя.

Загадчык батанічнага саду Таццяна Сачыўка ведае тут кожны куток, знаёма з усімі раслінамі на шматлікіх сектарах. Тут ёсць дрэвы і кусты, вострыя і лекавыя расліны, кветкі і расліны, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення (тут іх ласкава называюць чырванакніжнікамі). Таццяна Уладзіміраўна паказвае два дрэвы. Першае з іх — гінга двухлопасцевая. Яна не змяніла сваё аблічча за 250 млн гадоў, таму расліну па праве называюць равесніцай дыназаўраў. Другое — аксаміт амурскі. З яго мяккай кары, напрыклад, можна рабіць коркі для бутэлек. Аднак тым, хто захоча абдзерці дрэва, трэба памятаць, што на ім кара аднаўляецца на працягу 12 гадоў.

У батанічным садзе можна не толькі паглядзець на “экспанаты”, але і даведацца іх гісторыю. Хутка наведвальнікі змогуць узаемадзейнічаць з прыродай: у садзе распрацоўваецца інтэрактыўная дарожка з розных раслін, па якой кожны ахвотнік зможа прайсціся басанож.

Абітурыенту на заметку

Як паведаміў адказны сакратар прыёмнай камісіі дацэнт кафедры свінагадоўлі і дробнай жывёлагадоўлі Мікалай Кудравец, сёлета ў лічбах прыёму ў БДСГА адбыліся неістотныя змены. Усяго  ў гэтым годзе плануецца набраць 965 студэнтаў  на дзённую форму (911 чалавек за кошт бюджэту, 54 — на платнай аснове ) і 1046 на завочную (387 і 659 чалавек адпаведна).

Па словах Мікалая Іванавіча, лідарства сярод спецыяльнасцей юрыдычнага профілю належыць напрамку “Правазнаўства”; сярод спецыяльнасцей эканамічнага профілю першы кірунак — “Фінансы і крэдыт”. У інжынерным перавага па колькасці абітурыентаў належыць спецыяльнасцям “Сельскае будаўніцтва і добраўпарадкаванне тэрыторый”, “Меліярацыя і водная гаспадарка”. А лідарамі сярод біялагічных спецыяльнасцей працяглы час застаюцца “Прамысловае рыбаводства”, “Селекцыя і насенняводства” і “Ахова раслін і каранцін”. Найменшым попытам карыстаюцца “Заатэхнія” і “Аграномія”.

— Гэтыя працэсы звязаны не з запатрабаванасцю ці незапатрабаванасцю нейкай спецыяльнасці, а з месцам працы пасля заканчэння акадэміі. У сельскай гаспадарцы ніколі не бывае лёгка, якую б пасаду чалавек ні займаў, — тлумачыць Мікалай Кудравец. — Але менавіта заатэхнік, аграном і вет­урач — гэта спецыялісты з ненармаваным рабочым днём, на якіх часта трымаецца ўся гаспадарка. Яны ўвесь час знаходзяцца на рабоце: гарачая пара тут кожны дзень. У іх справе вельмі важна адчуваць людзей, умець знаходзіць падыход да любога работніка, пачынаючы ад даяркі і даглядчыка жывёлы і заканчваючы старшынёй калгаса. У такіх умовах заставацца хоча далёка не кожны, многія не спраўляюцца і ўвогуле сыходзяць з галіны. Моладзі сёння хочацца сядзець ва ўтульным кабінеце ці дома за камп’ютарам і пры гэтым зарабляць вялікія грошы, а ў сельскай гаспадарцы адразу так немагчыма. Тут наперадзе ўсяго — аўтарытэт, без яго не будзе нічога.

Адказны сакратар прыёмнай камісіі адзначае, што на спецыяльнасці “Заатэхнія” і “Аграномія” прадугледжана здача толькі двух прадметаў на ЦТ, зніжаны мінімальныя прахадныя балы.

— Многія любяць нас за гэта папракаць, — адзначае Мікалай Іванавіч. — Смяюцца, маўляў, што за дзіцячы садок такі, думаюць, што з маленькімі баламі да нас паступаюць усе. Аднак гэта ­магчымасць, якая дазволіць дзіцяці паступіць, а не згубіць год дарэмна. Бывае так, што абітурыент на ЦТ праваліць фізіку, а матэматыку здасць больш за 50 балаў, хімію на 15, а біялогію на 65. Гэта ж пра нешта гаворыць. Такія абітурыенты пасля і стараюцца вучыцца. Матываваныя навучэнцы самі матывуюць сваіх педагогаў. Мы для іх становімся не выкладчыкамі, а настаўнікамі, паколькі вучым студэнтаў не толькі асновам спецыяльнасці.

Як і ва ўсіх аграрных вышэйшых навучальных установах краіны, у акадэміі абітурыенту даецца магчымасць здаваць унутраныя экзамены. Дзякуючы гэтаму, па словах Мікалая Кудраўца, кожнаму дзіцяці можна ўдзяліць больш увагі, што губляецца на тэсціраванні. Таксама існуе пералік спецыяльнасцей, куды без экзаменаў могуць паступаць медалісты ці тыя, хто мае дыплом з адзнакай: “Аграномія”, “Селекцыя і насенняводства”, “Ахова раслін і каранцін”, “Аграхімія і глебазнаў­ства”, “Плодаагародніцтва”, “Заа­тэхнія”, “Прамысловае рыбаводства”, “Меліярацыя і водная гаспадарка” і “Тэхнічнае забеспячэнне працэсаў сельскагаспадарчай вытворчасці”.

— Прэстыж рабочага чалавека неабходна ўзнімаць, — перакананы Мікалай Іванавіч. — Глядзіце самі, куды ні кінь — рэклама айцішнікаў, спевакоў, акцёраў, каго заўгодна, толькі не рабочага. Дзецям трэба тлумачыць, што, каб дасягнуць поспеху ў сваёй прафесіі, трэба стаць спецыялістам, а не проста атрымаць дыплом.

Студэнт 2 курса спецыяльнасці “Селекцыя і насенняводства” Дзмітрый Майсевіч прыехаў у Горкі з Ліды Гродзенскай вобласці. У свой час брашуру са звесткамі пра акадэмію хлопцу прынесла матуля: да гэтага ў школу, дзе вучыўся хлопец, прыязджалі выкладчыкі з Горак. Хоць хлопец і наведаў тую сустрэчу, але не асабліва звярнуў на яе ўвагу, таму і буклет пакінуў на рабочым стале: малады чалавек планаваў паступаць ва Універсітэт МНС. Але ў час паступлення менавіта гэтая брашура скіравала юнака.

— Першае, што я ўбачыў тут і запомніў назаўсёды, — дрэвы. Вялікія такія, вельмі прыгожыя, — дзеліцца Дзіма.

Хлопцу хацелася звязаць жыццё з раслінамі. Прыхільнасць да іх праявілася ў падлетка яшчэ ў школе. У асабістай калекцыі другакурсніка налічваецца больш за 100 відаў раслін — пачынаючы ад сукулентаў і заканчваючы трапічнымі жыхарамі. Хлопец расказвае, што новыя знаёмыя, бачачы яго “экспанаты”, вельмі дзівяцца і просяць дазволу дакрануцца да іх.

Дзіма не хацеў ісці па шляху, вынайдзеным іншымі, а імкнуўся ствараць самастойна. Менавіта таму малады чалавек выбраў напрамак, звязаны з селекцыяй. Спачатку было няпроста, але зараз сярэдні бал другакурсніка амаль максімальны. І сёння

Са студэнцкага асяроддзя ў Горках нельга выпасці ні на хвіліну. Нават выпускнікі гавораць, што і праз 20 ці 30 гадоў пасля заканчэння ўстановы адчуваюць сябе яе часткай.

У першакурсніц спецыяльнасці “Бізнес і права” Дар’і Грыцко і Камілы Ібрагімавай шлях, звязаны з роднай установай, толькі пачынаецца. Трэба адзначыць, дзяўчаты прыехалі здалёку: Даша — з Гродзенскай вобласці, яе сяброўка — з Мінскай. На пытанне пра тое, як праходзіць вучэбны працэс, дзяўчаты аднагалосна адказваюць: “Цікава” і расказваюць пра тое, што ­будуць здаваць экзамен у маладзёжную добраахвотную дружыну. Кожная са студэнтак думала, што Горкі — гэта вёска, таму рашэнне паступаць сюды прыйшло да іх не адразу. У дадатак падзейнічалі расказы знаёмых, якія не адрозніваліся змястоўнасцю і праўдападобнасцю, а больш застрашвалі.

— Уявіце наша здзіўленне, калі мы прыязджаем і бачым, што гэта сучасны горад, у якім не застаецца часу на абы-што, — ажыўляюцца будучыя прававеды. — Тут ён цячэ неяк па-іншаму.

Калегу дзяўчат са спецыяльнасці “Бухгалтарскі ўлік” Глеба Шутава пужала толькі наладжванне зносін з новым калектывам, а адлегласць да дому (юнак жыве ў Оршы) хлопец называе драбязой.

— Раней я быў ізаляваны ад усіх, знахо­дзіўся больш у сабе. Калі трапіў у акадэмію, зразумеў, што гэта штуршок рабіць тое, што раней не хацеў, або тое, пра існаванне чаго не здагадваўся. Найбольшая цікавасць з’явілася да кніг, істотна пашырылася кола знаёмых і сяброў, — расказвае першакурснік.

Пакідаючы сельскагаспадарчую акадэмію, адчуваеш, быццам развітваешся з нечым родным — вялікай студэнцкай галактыкай, што за маленькі час стала часткай цябе. Калі такія пачуцці перапаўняюць выпадковага госця акадэміі, цікава, што адчуваюць яе студэнты?

Ірына ІВАШКА.
Фота аўтара.