Ім пазайздросціў бы нават Гагарын

На прыступках да Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі сабралася група падцягнутых сур’ёзных маладых людзей. Бачна нават здалёк, што ў іх адбываецца ажыўленая гутарка. Аказваецца, у цэнтры ўвагі хлопцаў знаходзіцца выкладчык — будучы кіраўнік іх дыпломных работ. Нягледзячы на пачатак года, курсанты апошняга курса маюць шмат пытанняў наконт напісання дыплома. На такой адукацыйнай ноце пачалося маё знаёмства з установай.

У структуру БДАА ўваходзяць аддзяленне сярэдняй спецыяльнай адукацыі, ваенны факультэт, факультэт грамадзянскай авіяцыі і Інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі. Паступаць ва ўстанову могуць асобы, якія маюць сярэднюю ці прафесійна-тэхнічную, сярэднюю спецыяльную, а таксама вышэйшую адукацыю. Узрост абітурыентаў — ад 17 да 21 года (сюды ўваходзяць і маладыя людзі, якім 17 споўніцца ў год паступлення або якія ўжо дасягнулі 21 года).

Прадметы ў акадэміі вывучаюцца самыя разнастайныя: “Аўтаматыка радыётэхнічных прылад”, “Метралогія, стандартызацыя і сертыфікацыя”, “Верагодна-статыстычныя мадэлі эксплуатацыі паветранага судна”, “Даследаванне аперацый і сістэмны аналіз”, “Начартальная геаметрыя. Інжынерная графіка”, “Тэорыя верагоднасцей і матэматычная статыстыка”, “Фразеалогія радыёабмену на англійскай мове”, “Культура маўлення”, “Арганізацыя кіравання паветраным рухам”, “Авіяцыйная інжынерная псіхалогія і чалавечы фактар”, “Дынаміка палёту” і інш.

Вольны час навучэнцаў акадэміі авіяцыі літаральна распісаны па гадзінах. Кожны тыдзень яны задзейнічаны ў мерапрыемствах як у сваёй установе, так і за яе межамі. Тут і спартыўныя спаборніцтвы, і інтэлектуальныя конкурсы, і культурна-масавыя мерапрыемствы.

Многія навучэнцы праводзяць вольны ад вучобы час у лабараторыях установы. Гэта не дзіўна, бо тут знаходзіцца сучаснае абсталяванне: графіравальная машына, 3D-прынтар і 3D-сканер, дзякуючы якім робяць дэталі на мінілётныя прыборы (квадракоптары). Па словах загадчыка лабараторыі Аляксандра Заікі, такія тэхналогіі часам замяняюць вялікі вытворчы цэх. Напрыклад, толькі 3D-прынтар дазваляе стварыць складаную дэталь з вялікай колькасцю адгалінаванняў без выпільвання і ўмацоўвання канкрэтных частак вырабу. Да таго ж нярэдка надрукаваная дэталь значна лягчэйшая за арыгінал. Такія тэхналогіі замацаваліся ў авіяцыі і касманаўтыцы, бо ў гэтых галінах патрабуюцца самыя трывалыя і надзейныя вырабы. Дарэчы, вырабы, выпушчаныя лабараторыяй, выкарыстоўваюцца нават у абсталяванні акадэміі авіяцыі.

Часта ў лабараторыі праводзяць даследаванні па дыпломных работах курсанты старшых курсаў. Аляксандр Фёдаравіч кажа, што адносіны старэйшага пакалення да такіх тэхналогій неадназначныя. Спецыяліст лічыць, што вельмі важна фарміраваць у моладзі інтарэс да гэтых працэсаў, бо яна не мае невыкараняльнага скептыцызму і з задавальненнем знаёміцца з новым і нязведаным.

Сярэдняя спецыяльная адукацыя

Аддзяленне прадстаўлена ва ўстанове трыма спецыяльнасцямі: “Тэхнічная эксплуатацыя тэхнічных суднаў і рухавікоў” (сёлета конкурс склаў 1,8 заявы на месца), “Тэхнічная эксплуатацыя авіяцыйнага абсталявання (прыборнае і электрасвятлотэхнічнае абсталяванне)” (1,6 заявы на месца) і “Тэхнічная эксплуатацыя авіяцыйнага абсталявання (радыёэлектроннае абсталяванне)” (конкурс — 2,1). Тэрмін навучання складае 2 гады і 10 месяцаў (на базе 11 класаў). Па заканчэнні выпускнікам прысвойваецца кваліфікацыя “тэхнік” (па напрамках спецыяльнасцей). Таксама навучэнцы могуць прайсці ваенную падрыхтоўку на малодшых афіцэраў запасу і пасля выпуску маюць права выбару — працаваць па спецыяльнасці ці працягваць службу ва Узброеных Сілах.

Па словах загадчыцы аддзялення сярэдняй спецыяльнай адукацыі Ірыны Качаргіной, з прафарыентацыйнай работай праблем не ўзнікае. Акадэмію часта наведваюць навучэнцы школ, ліцэяў і гімназій, многія прыходзяць з бацькамі. Вялікую ролю ў рабоце са старэйшымі школьнікамі адыгрываюць самі курсанты — яны праводзяць сустрэчы ў навучальных установах, адкуль выпускаліся самі.

— Раней многія мінскія курсанты ўвогуле не ведалі пра акадэмію авіяцыі, пра нас ім расказвалі іх вясковыя сябры, — дзеліцца Ірына Дзмітрыеўна. — Тое, што нашы навучэнцы прыходзяць у свае школы ў форме, выклікаючы гонар у настаўнікаў і захапленне ў старшакласнікаў, дае добры плён. Гэта моцна дзейнічае як на хлопцаў, так і на дзяўчат, і ў будучыні мы бачым іх сярод курсантаў акадэміі.

Пасля заканчэння аддзялення маладыя людзі могуць працягнуць навучанне ў іншых установах адукацыі па спецыяльнасці ў скарочаны тэрмін — 3 гады і 6 месяцаў на завочнай форме. Пры гэтым яны здаюць два вусныя профільныя іспыты.

Ваенны факультэт

На ваенны факультэт (“Тэхнічная эксплуатацыя сродкаў наземнага забеспячэння палётаў”, “Беспілотныя авіяцыйныя комплексы (па напрамках)” са спецыялізацыямі “Тэхнічная эксплуатацыя беспілотных авіяцыйных комплексаў” і “Тэхналагічная эксплуатацыя беспілотных авіяцыйных комплексаў”) дзяўчат не набіраюць. На дзённай форме за кошт рэспубліканскага бюджэту вучацца 4 гады. Пры паступленні на ваенны факультэт абітурыенты здаюць тры ўступныя экзамены ў форме ЦТ (руская або беларуская мова, фізіка і матэматыка). Узровень фізічнай падрыхтоўкі будучых курсантаў вызначаецца на іспытах па трох практыкаваннях: бегу на 100 метраў, на 1,5 кіламетра, падцягванні. Акрамя гэтага, улічваецца агульны стан здароўя, а таксама абітурыенты праходзяць прафесійна-псіхалагічны адбор.

Абітурыенты з ліку грамадзянскай моладзі да 1 красавіка падаюць заяву ў ваенны камісарыят раёна ці горада па месцы жыхарства.

Факультэт грамадзянскай авіяцыі

Падраздзяленне рыхтуе кадры па спецыяльнасцях “Тэхнічная эксплуатацыя паветраных суднаў і рухавікоў”, “Тэхнічная эксплуатацыя авіяцыйнага абсталявання (па напрамках)”, “Беспілотныя авіяцыйныя комплексы (па напрамках)” і “Арганізацыя руху і забеспячэнне палётаў на паветраным транспарце (па напрамках)”.

На першае месца з чалавечых якасцей у акадэміі авіяцыі ставяць адказнасць (у першую чаргу ў дачыненні да сваіх прафесійных абавязкаў), спакой, вытрымку і стрэсаўстойлівасць.

— Нашы выпускнікі працуюць з тэхнікай, ад якой залежаць жыцці людзей. Адна памылка можа стаць катастрафічнай, бо любая аварыя ў авіяцыі — нечае галавацяпства, недагляд, — перакананы дэкан факультэта грамадзянскай авіяцыі Уладзімір Цітоў. — Сучасная тэхніка ўлічвае чалавечы фактар, але, як правіла, адзін збой у сістэме прыводзіць да другога і г.д. На дарогах чаму ставяць спецыяльныя знакі? Таму што пэўнае месца небяспечнае, і знакі могуць папярэдзіць вадзіцеля. У авіяцыі, на жаль, такога няма, тут усё значна сур’ёзней.

Інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі

У падраздзяленне ўваходзіць кафедра англійскай мовы і эксплуатацыі паветраных суднаў. Інстытут рэалізоўвае праграмы першапачатковай (тэарэтычнай) падрыхтоўкі, вывучэння і асваення парадку эксплуатацыі па тыпе паветранага судна (перападрыхтоўка), перыядычнай падрыхтоўкі пілотаў-аматараў, пілотаў вольных аэрастатаў, мотадэльтапланаў, пілотаў-планерыстаў, лётчыкаў-назіральнікаў, штурманаў, бортрадыстаў, бортмеханікаў, інжынерна-тэхнічнага складу. Тут павышаюць прафесійныя кампетэнцыі прадстаўнікі Расіі, Літвы, афрыканскіх і іншых краін. Тэрмін перападрыхтоўкі можа займаць ад тыдня да 3,5 месяца.

— Інстытут не рыхтуе пілотаў, яны прыходзяць да нас гатовымі спецыялістамі. Мы дапамагаем перакваліфікавацца, перайсці з аднаго віду паветранага судна на іншы (напрыклад, пілота-аматара перавучваем на пілота-планерыста), — падкрэслівае загадчыца кафедры англійскай мовы і эксплуатацыі паветраных суднаў Ілона Ратгон.

Тут ажыццяўляецца першапачатковая і перыядычная падрыхтоўка ўсіх катэгорый авіяцыйнага персаналу па англійскай мове. Для лётнага і дыспетчарскага складу прадугледжана навучанне для пацвярджэння ўзроўню “Працоўны 4” і вышэй у фармаце тэста PELTA (Proficiency English Language Test for Aviation), а таксама вядзення радыёсувязі і фразеалогіі абмену на англійскай мове. Для ацэнкі навыкаў і вызначэння ўзроўню прафесійна-арыентаванай (тэхнічнай) англійскай мовы распрацавана праграма ETAT (English Test for Aviation Technicians). Інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі БДАА — адзінае ў краіне падраздзяленне, якое мае ліцэнзію на такую падрыхтоўку.

Набор на ІІ ступень атрымання адукацыі адбываецца па спецыяльнасці “Транспарт”. Маладыя людзі павінны здаць два ўнутраныя экзамены і прайсці гутарку.

З гэтага года ў БДАА адкрыта аспірантура, і ўжо сёлета выдзелена 4 месцы на падрыхтоўку маладых спецыялістаў.

Для выпускнікоў БДАА расчынены дзверы вядучых прадпрыемстваў: “Белавія”, “ТрансАвіяЭкспарт”, “Белаэранавігацыя”, Аршанскі авіярамонтны завод, аэраклубы, іх запрашаюць на працу ў прыватных самалётах. На думку дэкана факультэта грамадзянскай авіяцыі Уладзіміра Цітова, маладым людзям пазай-здросціў бы нават Гагарын.

Ірына ІВАШКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*