Каб чалавек цягнуўся за мастацтвам

Многія абітурыенты задумваюцца паступіць у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў пасля канцэртаў студэнцкіх калектываў ці эмацыянальных аповедаў сяброў. Некаторыя атрымліваюць запрашэнне паступаць на конкурсах, дзяржэкзаменах у каледжах ці студыях. Але асноўная частка абітурыентаў сцвярджаецца ў прафесійным выбары на днях адкрытых дзвярэй і праслухоўваннях. Прафесійныя парады выкладчыкаў дапамагаюць добра падрыхтавацца да творчых экзаменаў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў не толькі хлопцам і дзяўчатам, але і іх родным.

Пры паступленні на большасць спецыяльнасцей БДУКМ, акрамя цэнтралізаванага тэсціравання, трэба здаць творчыя іспыты. Так, на спецыяльнасць “Харэаграфічнае мастацтва” набор праходзіць па чатырох напрамках — народным, бальным, эстрадным і сучасным танцы. Экзаменацыйных этапаў тры: на першым — “Класічны танец” — абітурыенты павінны прадэманстраваць выразнасць і пластыку рухаў класічнага танца. На другім — “Сцэнічны (конкурсны танец)” — трэба паказаць характар, манеру і харэаграфічную тэхніку. На трэцім этапе — “Кампазіцыя і пастаноўка танца” — абітурыент павінен сама­стойна скласці і выканаць сольны танцавальны эцюд (кампазіцыю) і адказаць на пытанні пра стан развіцця харэаграфічнага мастацтва. Субяседаванне з абітурыентам дапамагае камісіі вызначыць яго матывацыю і зацікаўленасць да прафесіі.

Па словах старшага выкладчыка кафедры харэаграфіі Ірыны Віктараўны Канавальчык, тыя, хто паступае на спецыяльнасць “Харэаграфічнае мастацтва”, павінны мець першасную харэаграфічную падрыхтоўку, неабходныя прафесійныя і анатома-фізічныя даныя для заняткаў харэаграфіяй.

— На хітрыкі на экзамене пайсці немагчыма: зга­дзіцеся, як можна хітрыць, стоячы ў першай пазіцыі? Абітурыент застаецца сам-насам з камісіяй і можа разлічваць толькі на свае веды. Калі можа нешта пака­заць — паказвае. Бывае, дзіця не зусім падрыхтавана, але схоплівае на ляту — гэта паказвае нам, што з чалавекам можна працаваць, — тлумачыць Ірына Віктараўна. — Камісію не трэба здзіўляць: мы хочам бачыць перад сабой найперш тых, хто прыходзіць за ведамі, за прафесіяй. Не варта імкнуцца выдзеліцца, бо самае каштоўнае ў абітурыенце — патэнцыял. 

Студэнтка 2 курса Ксенія Жыдкая выбрала кірунак спецыяльнасці “Харэаграфічнае мастацтва (народны танец)”. Сяброўства з танцамі ў яе пачалося з дзіцячага садка. У пачатковай школе імкненне ўмацавалася, і пасля 8 класа дзяўчына вырашыла: буду харэографам. Яна пераканана, што, калі абітурыент наведваў курсы і дні адкрытых дзвярэй, успрымаць атмасферу экзаменаў будзе нескладана.

— У нас звярталі асаблівую ўвагу на знешнасць і рост. Не выпускалі з поля зроку і хлопцаў (у нашай групе іх шасцёра — гэта, лічыцца, добра), — расказвае Ксюша. — Карыснымі на экзамене сталі веды хадоў беларускага танца, бо на беларускую музыку іншыя (напрыклад, украінскія ці рускія народныя танцы) не кладуцца.

Парада № 1

Памятайце: у нашай справе самае важнае — артыстызм. Нават калі недзе не дапрацаваў па тэхніцы, — пакары гледача ўсмешкай.

Прыхільнікаў спецыяльнасцей “Спевы (народныя)”, “Народная творчасць (харавая музыка акадэмічная)” і “Народная творчасць (харавая музыка народная)” шукаюць на рэспубліканскіх конкурсах, сярод выпускнікоў музычных каледжаў і калектываў самадзейнасці. Іх чакаюць тры іспыты: выканальная частка (выкананне дзвюх кампазіцый — народнай і аўтарскай, ігра на фартэпіяна і чытанне празаічнага ўрыўка ці байкі), сальфеджыа (вусна і пісьмова) і калёквіум (складаецца з пытанняў па тэмах напрамкаў спецыяльнасцей).

Ва ўніверсітэце лічыцца, што з грунтоўным багажом ведаў падысці да экзаменаў можна, калі добра папрацаваць на падрыхтоўчых курсах, наведваць кансультацыі. А абітурыентам, якія рыхтуюцца самастойна, выкладчыкі раяць кіравацца патрабаваннямі да іспытаў і дапаможнікам для паступлення. 

 Дзіяна Жукоўская з некалькіх варыянтаў (вучоба ў Расіі, Латвіі, Беларускай дзяржаўнай акадэміі ма­стацтваў і ў БДУКМ) выбрала апошні. І стала студэнт­кай напрамку спецыяльнасці “Народная творчасць (харавая музыка акадэмічная)”. Па гэтым жа напрамку першакурсніца раней вучылася ў гімназіі-каледжы мастацтваў імя І.В.Ахрэмчыка. Спачатку Дзіяна 8 гадоў займалася на фартэпіяна, але ва ўстанове адукацыі дзяўчыну змаглі пераарыентаваць. У дырыжыраванні выключную ролю займаюць эмоцыі, а іх у яе не зай­маць. Да таго ж жыве музыкай.

Дзяўчына прызнаецца, што самым цяжкім падчас іспытаў быў калёквіум. Сёлета вельмі дапамаглі на іспыце грунтоўныя веды па гісторыі беларускай музыкі. 

Парада № 2

Артыст павінен заўсёды варта выглядаць (нават той, які толькі вырашыў ім стаць) і імкнуцца наперад.

Паступаць на тэатральны кірунак спецыяльнасці “Народная творчасць”, напрамкі спецыяльнасці “Рэжысура свят (тэатралізаваныя)”, “Рэжысура свят (народныя)”, “Мастацтва эстрады (рэжысура)” — значыць, прайсці праз іспыт па акцёрскім майстэрстве, экзамен па рэжысуры і субяседаванне. У першым выпадку абітурыент чытае байку і паэтычны ўрывак, паказвае самастойна падрыхтаваны эцюд. Акрамя таго, вітаецца, калі маладыя людзі чытаюць творы ўласнага сачынення, іграюць на музычных інструментах. На экзамене па рэжысуры трэба прадставіць уласнае бачанне пастаноўкі аднаго з класічных твораў, заяўленага ў патрабаваннях, абараніць яго.

Студэнт напрамку спецыяльнасці “Рэжысура свят (тэатралізаваныя)” Уладзіслаў Кутас на творчым іспыце абараняў праект па арганізацыі дня горада Нясвіжа, па правядзенні аўтарскай гульні. Гаворыць, што свае першыя экзамены ва ўніверсітэце не забудзе ніколі.

— У маім узросце многія слухаюць сяброў. Добра, што я паслухаў бацькоў, — перакананы другакурснік. — Універсітэт — гэта шанс для абітурыентаў з небуйных школ знайсці сябе ў жыцці. Асабліва наш. Думаеце, я калі-небудзь мог падумаць, што стану ўдзельнікам спектакля “Дуброўскі” ў музычным тэатры? Паступленне ў БДУКМ — гэта казка з добрым фіналам.

Парада № 3

Не бойцеся, будзьце адкрытыя свету, захоўваючы пры гэтым уласны стрыжань.

Напрамкі спецыяльнасці кафедры мастацтва эстрады — “Мастацтва эстрады (спевы)”, “Мастацтва эстрады (інструментальная музыка)” — адны з найбольш запатрабаваных ва ўніверсітэце, таму што на выбар моладзі ўплываюць праекты “Фабрыка зорак” і “Голас”. Тут выкладчыкі праводзяць многа кансультацый, абітурыенты атрымліваюць парады спецыялістаў, могуць рэальна паглядзець на ўласныя здольнасці і ацаніць шансы на паступленне.

Абітурыентаў, якія выбралі гэтыя напрамкі, таксама чакаюць тры іспыты. На першым трэба выканаць тры кампазіцыі (як правіла, разнапланавыя): дзве з музычным суправаджэннем, адну — акапэльна (у выпадку са спевакамі), прачытаць байку. Другі і трэці — сальфеджыа і калёквіум. Для “інструменталістаў” першы этап складаецца з выканання акадэмічнай, джазавай і рок-музыкі, — расказвае старшы выкладчык кафедры мастацтва эстрады Таццяна Мікалаеўна Дробышава.

Першакурсніца Надзея Вайцяховіч пасля заканчэння Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М.І.Глінкі выбрала спецыяльнасць “Мастацтва эстрады (спевы)”. Дзяўчына прызнаецца, што, дзякуючы кансультацыям і магчымасці “адчуць” экзаменацыйную аўдыторыю, да пачатку творчых іспытаў страх амаль прайшоў. А з тымі перажываннямі, што засталіся, дапамагалі навакольныя — такія ж адкрытыя абітурыенты, як і яна.

— Мы ўсе пазнаёміліся адразу, сталі разам абмяркоўваць пытанні з калёквіума. І экзамен прайшоў хутка і спакойна. Першае, што хацелася, калі вый­шла з выпрабавання, — расказаць матулі, што ўзяла гэтую прыступку, — дзеліцца студэнтка. — Мне дапамаглі быць смелай: я заўсёды сумняваюся ў сваіх здольнасцях. Але на гэта пакутуюць многія выканаўцы: для большасці з іх, нават самых гарманічных у сваёй справе, няма мяжы для развіцця.

Парада № 4

Уважліва прачытайце экзаменацыйныя патрабаванні, дасканала прапрацуйце матэрыял і вазьміце яго за арыенцір. Слухайце выкладчыкаў на курсах і кансультацыях, і, галоўнае, прыслухоўвайцеся да іх: гэта дакладна вам не перашкодзіць. Верце ў сябе!

Тры іспыты па напрамку спецыяльнасці “Народная творчасць (інструментальная музыка)” уключаюць у сябе традыцыйнае сальфеджыа, калёквіум і прафесійны іспыт. Трэба выканаць два сачыненні — п’есу і твор буйной формы. Па словах Вольгі Аляксандраўны Немцавай — загадчыка кафедры народна-інструментальнай творчасці, напрамак “Інструментальная музыка” аб’ядноўвае добра падрыхтаваных выканаўцаў, якія валодаюць рознымі інструментамі (акардэон, баян, мандаліна, цымбалы і іншыя).

— Набор залежыць ад вынікаў абітурыентаў. Калі лепшыя адзнакі (балы) будуць у дзесяці баяністаў, то і залічаны будуць дзесяць баяністаў, — тлумачыць Вольга Аляксандраўна.

Удалым заканчэннем творчых іспытаў выкладчыкі лічаць залічэнне абітурыентаў, падчас якога цяжка зрабіць выбар, бо з лепшых трэба выбраць найлепшых.


Студэнты папярэджваюць абітурыентаў, што трэба быць гатовымі да сур’ёзнай індывідуальнай работы па-за заняткамі.

— Нас ужо не напружвае, што позна прыходзім дадому, таму што ад стомленасці пасля насычанага дня застаецца радасць. Адбыць заняткі і сысці — гэта не пра наш універсітэт. Паверце, тыя, хто прыходзіць сюды проста так, надоўга не затрымліваюцца, — запэўніваюць маладыя людзі.

Мы імкнёмся спрыяць развіццю беларускай культуры. Трэба ўплываць на асяроддзе, быць прыкладам не толькі на сцэне, але і ў жыцці.

Ірына ІВАШКА.
Фота з асабістага архіва герояў.