Мары здзяйсняюцца

Гісторыя поспеху ўнікальнай установы адукацыі

Чалавеку неабходна марыць. Але важна таксама не закінуць свае мары. Трэба ўмець знаходзіць у сабе сілы для дзеянняў, для рэалізацыі задуманага ў рэальнасці. Такога меркавання прытрымліваецца дырэктар Магілёўскага прафесійнага агралесатэхнічнага каледжа імя К.П.Арлоўскага Георгій Маліноўскі.

Георгій Мікалаевіч кіруе каледжам з 1987 года. За амаль 30 гадоў гэтая ўстанова адукацыі змянілася да непазнавальнасці. А ўсё дзякуючы таму, што дырэктар, а разам з ім і педагагічны калектыў, і навучэнцы не баяцца ўвасабляць у жыццё нават самыя грандыёзныя мары і задумкі.

Ад школы механізацыі да каледжа

Гісторыя ўстановы пачалася яшчэ ў ваенныя гады. У 1944 годзе была адкрыта школа механізацыі сельскай гаспадаркі. Першымі вучнямі сталі былыя франтавікі, а матэрыяльная база складалася з камбайна, некалькіх трактароў і сельскагаспадарчых машын. Нягледзячы на цяжкасці таго часу, установа адукацыі не толькі рыхтавала прафесійныя кадры, але і развівалася. Неўзабаве школа механізацыі стала сельскім вучылішчам, потым — вышэйшым прафесійным вучылішчам, а ў 2001-м была пераўтворана ў прафесійны агралесатэхнічны каледж.

Сучасны каледж спецыялізуецца на падрыхтоўцы і перападрыхтоўцы кваліфікаваных рабочых і спецыялістаў для аграпрамысловага комплексу, лясной гаспадаркі, гандлю і іншых галін эканомікі. Пералік прафесій вельмі шырокі: трактарыст-машыніст, вадзіцель, слесар па рамонце сельскагаспадарчых машын або аўтамабіляў, ляснік, вальшчык лесу, егер, агент па забеспячэнні, аператар ЭВМ, прадавец, механік, тэхнік лясной гаспадаркі, таваразнаўца, наладчык аўтаматызаванага тэхналагічнага абсталявання ў жывёлагадоўлі. Акрамя таго, навучэнцам прадастаўлена магчымасць атрымліваць адукацыю на ўзроўні прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі па дзённай і завочнай формах навучання.— Спецыяльнасці перыядычна абнаўляюцца з улікам маніторынгу рынку працы. Мы імкнёмся да таго, каб рыхтаваць кадры, якія рэальна патрэбны эканоміцы. Так, зараз навучанне адбываецца па трох асноўных напрамках: механізацыя сельскай гаспадаркі, лясная гаспадарка, камерцыйная дзейнасць. Фарміруючы кваліфікацыі, зыходзілі з таго, што ў нас ёсць добрая зямля, якую трэба апрацоўваць, выдатныя лясныя ўгоддзі, якія трэба дагля­даць, ды і сфера гандлю таксама інтэнсіўна развіваецца. Таму нашы выпускнікі заўсёды запатрабаваны, — гаворыць дырэктар Георгій Маліноўскі.

Належным чынам ажыццяўляць вучэбны працэс у каледжы дазваляе развітая матэрыяльна-тэхнічная база. На сённяшні дзень яна ўключае ў сябе тры вучэбныя корпусы, мехдвор з рамонтнымі майстэрнямі і пунктам тэхабслугоўвання, аўтадром, трактарадром, вучэбную гаспадарку, конна-спартыўную базу, вучэбныя ўчасткі і палігоны, спартыўны комплекс, сталовую, Дом культуры, два інтэрнаты, бібліятэку, маладзёжны цэнтр, музеі.

Дарэчы, матэрыяльная база тут пастаянна ўмацоўваецца. Штогод на абнаўленне каледжа вылучаецца каля 200 тысяч рублёў пазабюджэтных сродкаў. Гэта дазваляе падтрымліваць вучэбныя кабінеты, лабараторыі, майстэрні і іншыя памяшканні ў адпаведнасці з патрабаваннямі.

Вучаць працаваць

Вялікая ўвага ўдзяляецца ў каледжы ўкараненню інавацыйных адукацыйных тэхналогій. Упор робіцца таксама і на практыкаарыентаванасць заняткаў, бо галоўнае для прафесійнай установы адукацыі — наву­чыць моладзь працаваць. На думку Георгія Маліноўскага, сучасныя выпускнікі павінны адразу ўключацца ў вытворчасць, не разгойдваючыся доўга ад тэорыі да практыкі. Таму навучэнцы тут вывучаюць не плакаты, макеты і муляжы, а сапраўдныя лясныя ўгоддзі, адпрацоўваюць практычныя ўменні ў заасадзе, знаёмяцца з найноўшай тэхнікай.

— У кабінеце аўтамабіляў мы сваімі сіламі ўсталявалі тры аўтаматычныя рухавікі. У кабінеце трактароў маецца трактар МТЗ- 3022 у разрэзе і рухавік трактара Т-150. Усе агрэгаты працуюць і прыводзяцца ў дзеянне пры дапамозе электроннага пульта. Магчымасць убачыць усе дэталі, паназіраць за іх працай — для навучэнцаў гэта лепш за любы падручнік. Вывучэнне тэм на практыцы значна паскарае працэс пазнання, спрыяе лепшаму засваенню неабходных прафесійных навыкаў, — адзначае Георгій Мікалаевіч.

Па яго меркаванні, практыкаарыентаванасць неабходна ўкараняць паўсюдна. На жаль, пакуль гэтага бракуе. Як бракуе і падтрымкі ўстаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі арганізацыямі, якія выступаюць заказчыкамі кадраў.

— Патэнцыяльных работадаўцаў неабходна задзейнічаць у падрыхтоўцы кадраў. На дадзены момант заказчыкі толькі наракаюць на недахоп рабочых і спецыялістаў, але ніякіх істотных крокаў да ўдзелу ў іх навучанні не робяць, — адзначае Георгій Маліноўскі.

У якасці прыкладу дырэктар расказвае гісторыю з падрыхтоўкай у каледжы вальшчыкаў лесу. Каб выпускаць больш прафесійных рабочых, педагагічны калектыў распрацаваў новыя вучэбныя планы, закупіў спецыяльныя сімулятары для адпрацоўкі практычных уменняў. Для якаснага навучання рабоце на сучаснай лесанарыхтоўчай тэхніцы не хапае толькі непасрэдна яе самой. Кіраўніцтва каледжа звярталася па падтрымку ў розныя арганізацыі лясной гаспадаркі, але дапамогі не атрымала.

— Такая пазіцыя заказчыкаў кадраў прыводзіць у здзіўленне. На мой погляд, яны павінны быць зацікаўлены ва ўмацаванні матэрыяльнай базы прафесійнай школы, бо інвестыцыі ў адукацыю — гэта інвестыцыі ў эканоміку. Да таго ж без неабходных навыкаў маладыя рабочыя могуць папросту “загубіць” дарагую тэхніку. Варта задумацца і аб змене падыходу да праходжання вытворчай практыкі навучэнцамі. Зараз, прыбыўшы на прадпрыемства, вучні рэдка дапускаюцца да ўдзелу ў працы. Але чым больш у іх магчымасцей прымяніць тэарэтычныя веды на справе, тым вышэйшы ўзро­вень іх прафесійнай падрыхтоўкі, — падкрэслівае Георгій Мікалаевіч.

Для павышэння якасці падрыхтоўкі

Вучэбны працэс у агралесатэхнічным каледжы наладжаны якасна. Тым не менш кіраўніцтва і педагагічны калектыў пастаянна працуюць над яго паляпшэннем. Для ўдасканалення падрыхтоўкі навучэнцаў ва ўстанове перыядычна рэалізоўваюцца эксперыментальныя і інавацыйныя праекты. А 7 гадоў таму ў якасці структурнага падраз­дзялення тут быў створаны рэсурсны цэнтр.

Па словах дырэктара, цэнтр стаў месцам канцэнтрацыі матэрыяльна-тэхнічных і педагагічных рэсурсаў, якія накіраваны на павышэнне адукацыйнага ўзроўню навучэнцаў.

— Для належнай арганізацыі навучання нашы майстры прайшлі стажыроўку ў рэспубліканскім вучэбным цэнтры Мінскага трактарнага завода і на аб’яднанні “Гомсельмаш”. Была таксама распрацавана і ўкаранёна спецыяльная вучэбна-праграмная дакументацыя. Адпаведнае ў цэнтры і тэхнічнае абсталяванне. У лабараторыі трактароў прадстаўлены розныя іх мадэлі. Для адпрацоўкі практычных навыкаў у нас ёсць вучэбнае тэхналагічнае поле, — расказаў Георгій Маліноўскі.

Сёння пры цэнтры ажыццяўляецца падрыхтоўка, перападрыхтоўка і павышэнне кваліфікацыі па дагаворах з рэгіянальнымі цэнтрамі занятасці насельніцтва, прадпрыемствамі і асобнымі грамадзянамі. Але асноўны ўпор робіцца на адукацыю навучэнцаў аднапрофільных устаноў адукацыі вобласці. Штогод праз рэсурсны цэнтр праходзяць звыш 500 вучняў.

На думку Георгія Мікалаевіча, стварэнне такіх цэнтраў, таксама як і аптымізацыя, — патрабаванне часу. Функцыянаванне вялікай колькасці аднапрофільных кале­джаў і ліцэяў эканамічна немэтазгоднае. А стварэнне адукацыйных кластараў, далучэнне слабых устаноў да мацнейшых дапаможа і скараціць бюджэтныя выдаткі, і палепшыць якасць падрыхтоўкі кадраў.

Выхаванню — асаблівая ўвага

Мэта адукацыі на сучасным этапе — выхаванне ўсебакова развітой асобы. Таму, акрамя атрымання грунтоўнай адукацыі, падчас навучання ў каледжы моладзь з цікавасцю праводзіць і свой вольны час. Тут імкнуцца напоўніць жыццё юнага пакалення натхненнем, прагай да пазнання і творчасці. Робяць гэта, далучаючы навучэнцаў да заняткаў у гуртках прафесійна-тэхнічнай ці мастацка-эстэтычнай накіраванасці, спартыўных секцыях. Пералік іх вельмі разнастайны, таму кожны малады чалавек можа рэалізаваць сябе ў тым, што яму падабаецца. Наогул, у каледжы склалася спрыяльная сістэма ўзаемаадносін паміж педагогамі і навучэнцамі, сфарміраваўся прыязны мікраклімат у калектывах вучэбных груп, што садзейнічае дасягненню добрых вынікаў у працы і вучобе.

Акрамя прафесійнай падрыхтоўкі, у каледжы лічаць неабходным падрыхтаваць моладзь да дарослага жыцця. Для гэтых мэт ва ўстанове стварылі кабінет эстэтычнага выхавання. На факультатыўныя заняткі ў ім ходзяць абсолютна ўсе навучэнцы. Падчас такіх урокаў педагогі праз звычайную гутарку, абмеркаванне вучаць маладых людзей этыцы, эстэтыцы, расказваюць, як правільна будаваць сямейныя адносіны, паводзіць сябе ў розных жыццёвых сітуацыях.

Асабліва важным у каледжы з’яўляецца грамадзянска-патрыятычнае выхаванне навучэнцаў. Ды і як жа інакш? Навучальная ўстанова размясцілася ў вёсцы Буйнічы, дзе на пачатку Вялікай Айчыннай вайны ішлі самыя жорсткія баі па абароне Магілёва. Вучні захоўваюць памяць пра тыя падзеі, даглядаючы мемарыяльны комплекс “Буйніцкае поле”. Яны таксама аказваюць усялякую падтрымку ветэранам вайны. А два гады назад сіламі педагогаў і навучэнцаў на тэрыторыі каледжа быў адноўлены нямецкі ваенны дот і створана маштабная музейная экспазіцыя.

— На ідэю аднавіць дот адгукнуліся майстар вытворчага навучання Віктар Куцапалаў і яго вучні. Праца аказалася нялёгкай і расцягнулася надоўга, але вынік апраўдаў затрачаныя намаганні, — расказвае дырэктар установы адукацыі.

Паводле яго слоў, вакол адноўленага дота зрабілі сетку акопаў, узвялі назіральную вышку, зямлянку, стварылі Алею Герояў, паставілі гарматы. Была знойдзена ўся інфармацыя пра баі за вызваленне вёскі Буйнічы, баі непасрэдна каля гэтага дота. Аказалася, што тут быў здзейснены сапраўдны подзвіг. Група салдат стралковай роты 364-га стралковага палка 2-га Беларускага фронту пад камандаваннем лейтэнанта Мяльнова на падручных сродках фарсіравала Днепр і знішчыла на беразе агнявыя кропкі праціўніка, забяспечыўшы пераправу праз раку ўсяго батальёна.

— Лейтэнант Мяльноў быў практычна аднагодкам нашых навучэнцаў. Напэўна, таму іх так уразіў яго подзвіг. Хлопцы нават зрабілі рэканструкцыю таго бою. Больш за тое, дэталёва ўзнаўляць тыя падзеі нашы навучэнцы цяпер будуць штогод, бо гэта найлепшым чынам дазваляе ім зразумець сутнасць патрыятызму, мужнасці, гераізму, — адзначыў Георгій Маліноўскі.

На кантролі ў каледжы і прафілактычная работа з падлеткамі. Прычым яна ажыццяўляецца на ўласным прыкладзе і індывідуальным падыходзе да кожнага навучэнца. Каб дасягнуць станоўчага выніку, часам выкарыстоўваюць і досыць жорсткія меры. Напрыклад, некалі за курэнне тут прымушалі бегаць кругі па стадыёне. Такі крок дазволіў навучэнцам добра засвоіць: здароўе і курэнне — паняцці несумяшчальныя. І вось ужо больш за 20 гадоў на тэрыторыі кале­джа не сустрэнеш курыльшчыкаў.

— Працуем мы і над скарачэннем правапарушэнняў сярод навучэнцаў. У рабоце з цяжкімі падлеткамі галоўны прафілактычны рэсурс — душэўныя адносіны і бацькоўскі клопат. Такі падыход спрыяе перавыхаванню дзяцей. Поўнай адсутнасці правапарушэнняў пакуль не дасягнулі, але росту супрацьпраўных паводзін сярод навучэнцаў не назіраецца, — падкрэсліў Георгій Мікалаевіч.

Не проста мараць, а дзейнічаюць

На тэрыторыі агралесатэхнічнага кале­джа сёння знаходзіцца ўнікальны аб’ект — заасад. Гэта і вучэбная лабараторыя, падобнай да якой няма ні ў адной установе адукацыі краіны, і турыстычнае месца, якое ўваходзіць у пералік асноўных славутасцей абласнога цэнтра.

Мара стварыць заасад з’явілася ў дырэктара пасля наведвання прафесійнай установы ў бельгійскім горадзе Льеж. Там Георгій Маліноўскі ўбачыў вальеры з жывёламі, якія выкарыстоўваліся ў арганізацыі вучэбнага працэсу, вытворчай практыкі навучэнцаў. Ідэя аб стварэнні нечага падобнага ў Буйнічах знайшла падтрымку ў мясцовых улад — і работа закіпела. Да ажыццяўлення задумкі падключыўся педагагічны калектыў, навучэнцы. Згуртаваная праца і захопленасць агульнай справай здзей­снілі цуд: праз кароткі прамежак часу на пустэчы паўстаў дзівосны заасад.На плошчы ў 160 гектараў размясціліся больш за 30 вальераў для ўтрымання жывёл, адміністрацыйны будынак, гаспадарчы блок, кавярня, аўтастаянка для гасцявога транспарту, зоны адпачынку, міні-чыгунка, турыстычная экалагічная сцежка, пляцоўкі для назірання. Сёння ў калекцыі дзікіх звяроў і птушак — зубры, плямістыя і высакародныя алені, ласі і казулі, козы і муфлоны, вярблюды, дзікі, мядзведзі, ваўкі, лісы, тыгр, рысь, янотападобныя сабакі, барсукі, пясцы, страусы, глушцы, фазаны, совы, шматлікія віды свойскіх жывёл. Для ўсіх іх у заасадзе створаны ўмовы пражывання, максімальна набліжаныя да натуральных.

Характэрна, што турыстычны патэнцыял тут пастаянна ўдасканальваецца. Не так даўно па ініцыятыве кіраўніка каледжа была адноўлена частка воднага шляху па рацэ Днепр “З варагаў у грэкі”. Для наведвальнікаў, якія прыбываюць па вадзе, пабудавалі спецыялізаваную лесвіцу. У планах — стварэнне канатнай дарогі, каб такім чынам у заасад маглі трапіць і людзі з абмежаванымі магчымасцямі. Будучай вясной ля прычала з’явіцца яшчэ адзін цікавы аб’ект: майстры і навучэнцы ўжо прыступілі да будаўніцтва варажскага карабля-дракара.

Больш маштабныя ідэі пакуль затрымаліся на месцы з-за недахопу фінансавання. А між тым задумкі вартыя: пабудова музея рыб з трыма заламі, дзе, акрамя акварыумаў, размесцяцца экспазіцыі паляўнічай зброі і трафеяў, рэканструкцыя руін сядзібы Піпінберг, што знаходзіцца на тэрыторыі заасада, узвядзенне пяці аграэкадамоў. Дарэчы, як плануе дырэктар, аграэкадамы дазволяць не толькі годна прымаць гасцей, але і стануць базай для арганізацыі навучання па новых спецыяльнасцях — пакаёвак і экскурсаводаў. Пакуль гэтыя мары застаюцца ў фазе праектаў. Але адмаўляцца ад іх у каледжы не збіраюцца. Будуць шукаць рэзервы, дапамогу звонку, каб у будучыні і яны абавязкова рэалізаваліся.

Поспех спрыяе згуртаванасці

У навучальнай установе няма праблем з наборам абітурыентаў, выпуск­нікі кале­джа заўсёды запатрабаваны на рынку працы.

Тут імкнуцца ісці ў нагу з часам, павышаючы якасць навучання, укараняючы ў вучэбны працэс сучасныя тэхналогіі. На высокім узроўні ў каледжы арганізавана і работа па астатніх напрамках адукацыйнай дзейнасці. Як вынік — установа на працягу шэрага гадоў знаходзіцца ў лідарах працоўнага спаборніцтва сярод прафесійных каледжаў Магілёўшчыны. А сёлета ўдастоена права занясення на рэспубліканскую Дошку гонару.

Па словах дырэктара Георгія Маліноўскага, дасягнуць такіх поспехаў было б складана без згуртаванага калектыву. Зараз у каледжы працуе звыш 150 педагогаў і майстроў вытворчага навучання. Многія з іх маюць вышэйшую або першую кваліфікацыйную катэгорыю, 30 — з’яўляюцца выдатнікамі адукацыі. Але ўсе без выключэння — прафесіяналы сваёй справы.

Вучні майстра вытворчага навучання Валерыя Фёдаравіча Неўмяржыцкага так якасна навучаны ваджэнню, што на міні-трактары могуць задняй падвескай прасунуць нітку ў іголку. Усе свае веды і ўменні ўкладвае ў навучэнцаў і выкладчык Мікалай Мікалаевіч Навальнёў. Не так даўно яго вучні занялі ўвесь пераможны п’едэстал на рэспубліканскім конкурсе сярод будучых работнікаў лясной гаспадаркі. Кіраўнік фізічнага выхавання Анатоль Адамавіч Кавалеўскі ўсяляк далучае навучэнцаў да заняткаў фізкультурай і спортам. І яго старанні не праходзяць дарма. Прадстаўнікі каледжа займаюць прызавыя месцы ў спаборніцтвах, спартакіядах рознага ўзроўню. Не адстаюць ад вопытных калег і маладыя педагогі. Выпускнік каледжа, цяпер майстар вытворчага навучання Дзяніс Казырэнка ўмее знайсці падыход да кожнага вучня. Творча і прафесійна працуюць намеснікі дырэктара Алена Анатольеўна Лунгіс, Таццяна Анатольеўна Мартынава, Наталля Анатольеўна Цішкова, Пётр Іванавіч Скрылёў, Анатолій Пятровіч Астраўскас.

…Сумеснымі стараннямі педагагічны калектыў агралесатэхнічнага каледжа і яго ініцыятыўны кіраўнік дасягнулі многага. Але спыняцца на дасягнутым тут і не думаюць. Будуць працягваць развівацца, рухацца наперад, робячы ўсё магчымае для далейшага ўдасканалення ўзроўню адукацыі сваіх вучняў.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара і з архіва
Магілёўскага прафесійнага агралесатэхнічнага каледжа імя К.П.Арлоўскага.