На шляху да мары

Неяк так склалася, што ў дарослым жыцці рэдка ажыццяўляюцца дзіцячыя мары. Магчыма, таму, што ў юнацтве дзяўчат і хлопцаў прывабліваюць складаныя для рэалізацыі прафесіі: першыя жадаюць стаць актрысамі, другія — касманаўтамі. А ёсць такая прафесія, якая заўсёды была, ёсць і будзе адной з найважнейшых, — прафесія медыка. Тысячы дзяцей мараць лячыць людзей, аднак не кожны адважваецца паступаць у медыцынскі ўніверсітэт ці каледж. Кагосьці спыняе няўпэўненасць ва ўласных сілах, іншых — складанасць навучання ці пэўныя жыццёвыя акалічнасці. А хтосьці, наадварот, верыць у сваю мару і насуперак усяму, паступова, маленькімі крокамі, набліжаецца да яе ажыццяўлення. У імкненні дапамагаць людзям няма перашкод і меж — у гэтым упэўнены героі нашага матэрыялу.

Жыццё, звязанае з медыцынай

Сёлета на лячэбны і медыка-дыягнастычны факультэты Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта былі залічаны 505 першакурснікаў. Гэта жыхары не толькі Гомельскай, але і Брэсцкай, Магілёўскай, Мінскай абласцей і нават сталіцы. Працягваецца прыём дакументаў на факультэт падрыхтоўкі спецыялістаў для замежных краін. У мінулым навучальным годзе 65 чалавек з васьмі краін свету — Індыі, Туркменістана, Пакістана, Сірыі і іншых — паспяхова скончылі навучанне па спецыяльнасці “Лячэбная справа” і атрымалі дыпломы з прысваеннем тытула “доктар медыцыны”. Выпадковых людзей у медыцынскіх універсітэтах практычна не бывае, хаця гісторыя ў кожнага свая.

Дзіяна ХАМУТОЎСКАЯ: “Ужо прайшло некалькі тыдняў вучобы, і мне вельмі падабаецца тут. У мяне выдатная група і добры куратар. Гомельскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт — найлепшы ва ўсім свеце. Палюбіла яго так, як і родную лельчыцкую гімназію. З кірункам яшчэ не вызначылася, мне здаецца, што галоўнае — быць прафесіяналам сваёй справы, любіць работу і выконваць яе сумленна”.

Дзіяна Хамутоўская, студэнтка 1 курса лячэбнага факультэта ГДМУ:

— Нарадзілася і вырасла я ў горадзе Лельчыцы Гомельскай вобласці. Магчыма, дзіўна гучыць, аднак маленькай я не хацела быць докторам, бо баялася крыві, уколаў, марыла вучыць дзяцей. Аднак з цягам часу ўсё змянілася. Мне пашчасціла вучыцца ў Лельчыцкай раённай гімназіі, якую я скончыла з залатым медалём. Дарэчы, зараз вельмі сумую па сваіх любімых настаўніках. Я ўдзячна кожнаму з іх, асабліва Ірыне Мікалаеўне Уласевіч, Андрэю Васільевічу Таргоню, Наталлі Міхайлаўне Лісіцкай, Наталлі Анатольеўне Клімянковай, Ірыне Міхайлаўне Маргун.

На працягу двух апошніх гадоў паглыблена вывучала хімію і біялогію, кожны дзень адкрываючы для сябе нешта новае, цікавае. Мне нават не спатрэбілася хадзіць да рэпетытараў, бо ўсе неабходныя веды давалі настаўнікі ў гімназіі. Вось тады да мяне і прыйшла мара вывучаць медыцыну, стаць урачом і дапамагаць людзям.

Добра памятаю, як ехала на цэнтралізаванае тэсціраванне, хвалявалася, аднак прайшла ўступныя выпрабаванні добра. Дапамагло і тое, што ў мяне было мэтавае накіраванне з Мінскай вобласці. І яшчэ адзін яскравы ўспамін: першы дзень пасля заканчэння прыёму дакументаў, з самага ранку манітору табліцу з баламі, на гадзінніку — 9:43, я бачу спісы залічаных і разумею, што паступіла — першая з мінскім накіраваннем!

Наталля Саўчыц, студэнтка 5 курса лячэбнага факультэта ГДМУ, лаўрэат спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы таленавітай моладзі:

— Вырашыла пайсці ў медыцынскі ўніверсітэт пасля заканчэння Гомельскага дзяржаўнага вучылішча алімпійскага рэзерву, дзе займалася лёгкай атлетыкай. Магчыма, дзякуючы спартыўнай выпраўцы і дысцыпліне, або дзякуючы лёсу, я без праблем здала цэнтралізаванае тэсціраванне і з першай спробы паступіла ў Гомельскі медыцынскі ўніверсітэт. Напрыканцы чацвёртага курса цвёрда вызначылася: хачу быць афтальмолагам і адначасова займацца навукай.

Васіліса Буздалкіна, студэнтка 5 курса лячэбнага факультэта ГДМУ, лаўрэат спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы таленавітай моладзі:

— А я з самага пачатку ведала, што буду доктарам, нават не ўяўляла сябе ў іншай прафесіі. І няхай гэта гучыць пафасна, аднак яно праўда. Мая мама таксама хацела бачыць мяне доктарам, хаця сама, скончыўшы медыцынскі ўніверсітэт, не працуе па спецыяльнасці. А вось знаёмыя нашай сям’і, практыкуючыя спецыялісты, адгаворвалі мяне ісці ў медыцыну. “Гэта вельмі складаная работа, грошай тут не заробіш”, — казалі яны. А я не слухала, усё роўна марыла стаць доктарам. Чаму выбрала афтальмалогію? Магчыма, з-за ўласных праблем са зрокам, а магчыма, паўплываў наш выкладчык — доктар Анас Альхадж Хусейн.

Анас АЛЬХАДЖ ХУСЕЙН: “Зараз я ўжо грамадзянін Рэспублікі Беларусь і ганаруся гэтым. У Гомелі я знайшоў сваю справу, сустрэў любімую жонку, таксама доктара, у нас нарадзіліся дзеці. Ці ўдзячны я лёсу? Так, а яшчэ я рады, што калісьці не застаўся побач з бацькам, а паехаў за сваёй марай за мяжу”.

Анас Альхадж Хусейн, асістэнт кафедры оталарынгалогіі з курсам афтальмалогіі:

— Я вырас у сірыйскай доктарскай сям’і пад горадам Алепа. Мае бацькі — педыятры, дзед лячыў людзей, браты атрымлівалі медыцынскую адукацыю. Ці марыў я пра кар’еру ўрача? Так, я нават і не думаў ні пра што іншае. Памятаю, як праводзіў час у бацькоўскім кабінеце, яшчэ мне падабалася хадзіць да яго сябра афтальмолага. Там было цікавае абсталяванне, а мяне з дзяцінства цягнула да тэхнікі.

Адразу пасля школы мы са знаёмым паступілі на падрыхтоўчае аддзяленне Кішынёўскага ўніверсітэта, вывучалі там рускую мову. Зараз я валодаю англійскай, рускай, арабскай, нямецкай, турэцкай мовамі і яшчэ вельмі цікаўлюся беларускай. У Ерэване скончыў дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт, пасля некаторы час працаваў разам з бацькам у Сірыі, займаўся педыятрыяй, аднак мяне ўсё роўна цягнула да афтальмалогіі.

У пошуках моцнай школы накіраваўся ў Маскву, сустрэў там старога сябра, які падказаў мне паехаць у Беларусь. Ужо ў Мінску даведаўся, што выдатная афтальмалагічная школа ёсць у Гомелі. Тут працаваў яе заснавальнік, сусветна вядомы даследчык і ўрач Фёдар Іванавіч Бірукоў, які стаў маім настаўнікам і навуковым кіраўніком. Разам з ім мы працавалі з 2006 да 2014 года, калі яго не стала. Я скончыў інтэрнатуру, клінічную ардынатуру, вучыўся ў аспірантуры, пакуль не пачалася вайна ў Сірыі — бацькам стала складана забяспечваць маё далейшае навучанне.

Пачаў працаваць асістэнтам кафедры ў ГДМУ, навуковым супрацоўнікам і адначасова ажыццяўляў прыватны прыём. Сумяшчаць гэта ўсё было вельмі складана, таму зараз я працую толькі на кафедры оталарынгалогіі з курсам афтальмалогіі. Клінічнай базай курса з’яўляецца аддзяленне мікрахірургіі вока Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра радыяцыйнай медыцыны і экалогіі чалавека.

Следам за дзецьмі

Ніколі не пакутуе ад недахопу абітурыентаў і Гомельскі дзяржаўны медыцынскі каледж. Штогод колькасць пададзеных дакументаў перавышае кантрольныя лічбы прыёму. Сёлета па розных спецыяльнасцях конкурс складаў ад 2 да 3 чалавек на месца. Адметна, што кожны год у каледж прыходзяць паступаць людзі, якія скончылі школу шмат гадоў назад. Яны з задавальненнем вучацца побач з моладзю, здзяйсняючы сваю запаветную мару — дапамагаць людзям.

— Летась наш каледж скончыла жанчына 1963 года нараджэння, — кажа намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Гомельскага медыцынскага каледжа Ларыса Кавалеўская. — Спадарыня Валянціна на той час ужо мела за плячыма дзве вышэйшыя адукацыі, але пажадала ажыццявіць дзіцячае жаданне і стаць медсястрой. Наколькі нам вядома, яна ўжо другі год працуе ў бальніцы.

На першым курсе медыцынскага каледжа вучыцца і Людміла Лукомская. Маці 2 дарослых дзяцей яшчэ ў дзяцінстве марыла звязаць жыццё з медыцынай. Аднак лёс склаўся так, што ў маладосці жанчына не здолела ажыццявіць сваё жаданне. Пазней на фельчара вывучыўся сын Людмілы Мікалаеўны, Гомельскі дзяржаўны медыцынскі каледж скончыла і яе дачка.

— У жыцці мне давялося перажыць дзве складаныя аперацыі. І заўсёды мне дапамагалі людзі — урачы і медсёстры. Я вельмі ўдзячна ім за гэта, — з хваляваннем успамінае Людміла Лукомская. — Пасля перажытага я многае зразумела…

Людміла Мікалаеўна вырашыла, што таксама хоча дапамагаць людзям, і ў адзін момант адчула: прыйшоў час рэалізаваць мару ўсяго свайго жыцця. Дзеці падтрымалі яе. Людміла Лукомская спадзяецца, што пасля заканчэння ўстановы адукацыі прыступіць да практычнай работы ва ўмовах стацыянара. Неяк інтуітыўна адчуваецца, што пашчасціць тым пацыентам, якіх будзе даглядаць Людміла Мікалаеўна — сціплая, спагадлівая і цярплівая жанчына.

Псіхолаг лечыць душу

Мікалай ДАРОШКІН: “Для шчасця трэба берагчы і цаніць родных, якія побач з намі. Калі нехта хвалюецца за цябе, кожную раніцу жадае добрага дня, а ўвечары — добрай ночы, то гэта ўжо і ёсць шчасце. Яно ў людзях, якія заўсёды будуць побач”.

Апошнім часам набірае папулярнасць прафесія, звязаная з медыцынай апасродкавана. Псіхолагі не ўрачы — яны лечаць душу чалавека словам, пры дапамозе разнастайных тэхнік і тэхналогій. У сваёй рабоце не выкарыстоўваюць медыцынскія прэпараты, прылады і працэдуры. Аднак іх дзейнасць таксама звязана са здароўем людзей, іх эмацыянальным станам і якасцю жыцця. У Гомельскай вобласці псіхолагаў рыхтуюць у Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Францыска Скарыны. З году ў год расце конкурс на факультэце псіхалогіі і педагогікі ГДУ.

— Я зразумеў, што хачу вывучаць псіхалогію, у 9 класе, — расказвае будучы псіхолаг першакурснік Мікалай Дарошкін з Буда-Кашалёва. Юнак хоча дапамагаць людзям у выбары будучай прафесіі, пошуках свайго прызначэння, рэалізацыі запаветных жаданняў. А яшчэ ён марыць навучыць суайчыннікаў быць шчаслівымі.

Чалавек павінен аддаваць

Па даных сацыялагічнага апытання, дарослыя беларусы ў дзяцінстве часцей за ўсё марылі стаць настаўнікамі ці ўрачамі, аднак большасць не змаглі ўвасобіць свае жаданні ў рэальнае жыццё, пра што зараз шкадуюць.
Вакол нас заўсёды знаходзіцца шмат добразычліўцаў, якія кажуць, што нічога не атрымаецца, што паступіць у медыцынскі ўніверсітэт немагчыма, а вучыцца там зусім невыносна, што псіхолагі нікому не патрэбны. Заўсёды знойдуцца крытыканы, гатовыя навесці цень на нашы мары і жаданні. Але ў жыцці перамагаюць такія людзі, пра якіх мы напісалі. Яны слухаюць голас сэрца, ідуць насустрач сваім памкненням, з верай і надзеяй перамагаюць усе іспыты лёсу.

Кажуць, што чалавеку, каб быць шчаслівым, неабходна адчуваць сябе карысным, дапамагаць, аддаваць свае сілы і энергію іншым. Медыцынскія спецыяльнасці як мага больш падыходзяць для гэтай высакароднай місіі.

Кацярына КАВАЛЕНКА.
Фота з асабістых архіваў герояў.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*