Адказ на любое пытанне тэста можна знайсці ў падручніку

Нядаўна Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў прапанаваў новую паслугу для абітурыентаў — камп’ютарнае тэсціраванне. Яго асноўнай перавагай з’яўляецца тое, што вынік можна атрымаць адразу пасля завяршэння тэставай работы. Абітурыенты маюць магчымасць паўторна выканаць заданні, у якіх былі дапушчаны памылкі, выкарыстоўваючы адпаведныя “падказкі”. Пры жаданні можна азнаёміцца з аўтарскім рашэннем кожнага тэставага задання.

Нягледзячы на тое, што камп’ютарнае тэсціраванне арганізавана зусім нядаўна, абітурыенты ўжо паспелі апрабіраваць гэтую форму кантролю ведаў і ацаніць яе перавагі. Як паведаміла начальнік упраўлення па распрацоўцы і сертыфікацыі тэстаў РІКВ Наталля Аляксандраўна Шарлай, для ўдзелу ў камп’ютарным тэсціраванні ў інстытут прыязджаюць не толькі мінчане, але і жыхары іншых рэгіёнаў.

Н.А. ШарлайПрываблівае зручнасць новай формы кантролю ведаў. Абітурыент аплачвае праходжанне камп’ютарнага тэсціравання ў любым аддзяленні банка (кошт такі ж, як і рэпетыцыйнага тэсціравання), папярэдне праходзіць анлайн-рэгістрацыю на сайце РІКВ і прыязджае ў вызначаны час у інстытут з квітанцыяй аб аплаце і пашпартам.
“Сёння камп’ютарнае тэсціраванне ў Рэспубліканскім інстытуце кантролю ведаў могуць адначасова праходзіць каля 60 чалавек, — расказвае Наталля Аляксандраўна. — Да нас прыходзяць цэлымі класамі, прычым кожны ўдзельнік можа сам выбраць неабходны прадмет. Асабліва зручна іншагароднім, бо яны могуць за адзін дзень прайсці два (а пры жаданні і тры) тэсты. Гэта дазваляе ім сэканоміць і час, і грошы на праезд”.
Адметна, што камп’ютарнае тэсціраванне праводзіцца не толькі ў рабочыя, але і ў выхадныя дні. Па суботах і нядзелях — нават тройчы на дзень. Як і на цэнтралізаваным тэсціраванні, абітурыентам прапаноўваюцца тэсты па 14 прадметах.

Компьютерное тестирование-1

Камп’ютарнае тэсціраванне можна прайсці ў двух рэжымах: трэніровачным і кантрольным. Першы рэжым не абмежаваны ў часе, і пры неабходнасці абітурыенты могуць карыстацца “падказкамі”. На выкананне тэста ў кантрольным рэжыме адводзіцца столькі ж часу, колькі і на ЦТ па адпаведным прадмеце. Работа выконваецца ў камп’ютары на стандартным бланку, з захаваннем усіх патрабаванняў інструкцый.

Вынік тэсціравання абітурыент атрымлівае адразу пасля завяршэння работы. Пасля чаго ён можа зноў вярнуцца да тых заданняў, дзе ім былі дапушчаны памылкі, і азнаёміцца з правільным рашэннем. Тут жа даюцца спасылкі на адпаведную літаратуру.
“Абітурыенты павінны ведаць, што адказ на любое пытанне тэста можна знайсці ў падручніку”, — гаворыць Наталля Шарлай.
Важна адзначыць, што ў рашэнні не толькі падаецца выкананне заданняў, але і (напрыклад, па замежных мовах) некаторыя дадатковыя звесткі з граматыкі.

“Зразумела, да нас прыходзяць самыя матываваныя абітурыенты, асабліва зацікаўленыя ў выніках экзаменаў, — расказвае Наталля Аляксандраўна. — Таму яны адказна ставяцца да работы: разбіраюць прапанаваныя рашэнні, звяртаюць увагу на ўсе рэкамендацыі”.

У РІКВ вядзецца верыфікацыя матэрыялаў рэпетыцыйнага тэсціраванняТэсты па ўсіх прадметах, што сёння прапаноўваюцца на камп’ютарным тэсціраванні, па форме і структуры амаль не адрозніваюцца ад тэстаў рэпетыцыйнага і цэнтралізаванага тэсціравання, аднак напаўненне іх заданняў іншае. Багацце тэставага матэрыялу і яго пастаяннае абнаўленне на рэпетыцыйным і камп’ютарным тэсціраванні дазволіць абітурыентам усебакова праверыць свае веды. У бліжэйшыя дні інстытутам будзе прапанаваны другі варыянт тэстаў камп’ютарнага тэсціравання, вясной — трэці.
“Трэба мець на ўвазе, што пры падліку балаў на рэпетыцыйным і камп’ютарным тэсціраваннях выкарыстоўваецца тая ж методыка, што і на ЦТ, — расказвае Наталля Аляксандраўна. — А значыць, якую б форму тэсціравання для праверкі ўзроўню сваіх ведаў абітурыент ні выбраў, яго тэставы бал будзе практычна аднолькавым. Тыя абітурыенты, хто прыняў -удзел у першым этапе рэпетыцыйнага тэсціравання і зрабіў работу над дапушчанымі памылкамі, ужо адзначылі рост балаў па выніках выканання тэста на камп’ютары. Такім чынам, відавочна наступнае: своечасовая дыягностыка ведаў і асэнсаваная падрыхтоўка да ўступных іспытаў прыносяць поспех”.

Галіна СІДАРОВІЧ.

sidarovich@ng-press.by

Фота Алега ІГНАТОВІЧА.