Нельга страчваць час

Нязмушаная атмасфера сустракала абітурыентаў Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта, які сёлета адзін з першых пачаў сезон дзён адкрытых дзвярэй.

Мерапрыемства прайшло ў форме дыялогу адміністрацыі БДЭУ з вучнямі выпускных класаў. Таксама старшакласнікі змаглі сустрэцца з выпускнікамі розных факультэтаў і атрымаць адказы на пытанні з першых вуснаў. Асенні дзень адкрытых дзвярэй запомніўся тым, што ў ім актыўна прынялі ўдзел бацькі школьнікаў: большасць дзяцей прыйшла на мерапрыемства з татамі і мамамі.

Колькі звычайна праходзіць адаптацыя першакурснікаў? Якія магчымасці існуюць для творчай рэалізацыі асобы? Ці магчыма стажыравацца ў іншых краінах? Што значыць сістэма двайнога дыплома? Як сумяшчаць працу, вучобу і актывісцкую дзейнасць? Гэта толькі невялікая частка з таго, чым цікавіліся абітурыенты.

— Любы факультэт, які б вы ні выбралі, — гэта брыльянт з караляў, якія ўяўляе сабой БДЭУ. І ў гэтым вы пераканаецеся ў першы ж дзень вучобы ва ўніверсітэце, — звярнулася да прысутных дэкан факультэта эканомікі і менеджменту Алена Петрычэнка.

Алена Уладзіміраўна звярнула ўвагу прысутных на важнасць правільнага афармлення дакументаў для прыёмнай камісіі, папярэдзіла пра цяжкасці, якія могуць узнікнуць у выпадку памылак (некарэктнасць у медыцынскіх даведках, няправільна выстаўлены сярэдні бал атэстата, адсутнасць пячатак ці подпісаў і інш.). А дэкан факультэта даўніверсітэцкай падрыхтоўкі Сяргей Кучук параіў старшакласнікам уважліва знаёміцца з правіламі правядзення цэнтралізаванага тэсціравання паводзін на ім.

У 2017 годзе ва ўніверсітэце была адкрыта спецыяльнасць дыстанцыйнай формы навучання “Гаспадарчае права”. А сёлета пачала дзейнічаць праграма “Эканоміка кіравання на прадпрыемстве прамысловасці”.

Выпускнікі розных факультэтаў расказалі школьнікам, дзе яны могуць працаваць пасля заканчэння ўніверсітэта, акрэслілі асаблівасці сваіх факультэтаў, расказалі, якія магчымасці адкрыліся перад імі дзякуючы ведам, атрыманым у БДЭУ. Таксама маладыя людзі падзяліліся з прысутнымі вопытам працы ў кампаніях краіны, пазнаёмілі іх з магчымасцямі сумяшчэння практычнай дзейнасці з навуковай і выкладчыцкай.

— Мы ў свой час зрабілі правільны выбар, — запэўнілі гасцей маладыя спецыялісты. — Жадаем, каб і вы правялі чатыры гады навучання ў вялікай сям’і свайго факультэта.

Ева Ярмольчык са школы № 105 Мінска цвёрда вырашыла паступаць у БДЭУ. Дзяўчына адзначыла, што ёй імпануе праца менеджара і эканаміста, таму і будучыя спецыяльнасці выбірае згодна са сваім памкненнем.
— Цяпер такі перыяд, калі нельга страчваць час: кожная вольная хвіліна аддаецца на карысць вучобе. Адпачываць няма калі. Галоўная мэта зараз — паступіць на бюджэт, — такую мэту паставіла перад сабой адзінаццацікласніца.

Ірына ІВАШКА.
Фота аўтара.