Першыя 100 гадоў пройдзены

Сёння, 10 снежня, Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт адзначае 100-гадовы юбілей. Святочныя мерапрыемствы з гэтай нагоды доўжацца ўвесь тыдзень.

Ужо ў панядзелак у галоўным корпусе БНТУ разгарнулася адразу 7 выстаў, якія расказваюць пра гісторыю і развіццё галоўнага тэхнічнага ўніверсітэта краіны. Напрыклад, на выставе “Савецкі інжынер — Весці БНТУ” можна паглядзець архіўныя выпускі мнагатыражкі Палітэха за апошнія 65 гадоў і параўнаць іх з каляровымі нумарамі, што выдаюцца ва ўніверсітэце з 2011 года. Навукова-тэхналагічны парк БНТУ “Палітэхнік” прадстаўляе свае інавацыйныя распрацоўкі, у тым ліку медыцынскую тэхніку, а спартыўна-тэхнічны факультэт — трэнажоры ўласнай вытворчасці. На выставе творчых работ дэманструюцца вырабы студэнтаў і выкладчыкаў архітэктурнага факультэта, архітэктурна-будаўнічага каледжа і маладых навукоўцаў БНТУ.

З нагоды юбілею ва ўніверсітэце адкрылі каля дзесяці імянных лабараторый, кафедр і аўдыторый. Такім чынам на розных факультэтах вырашылі ўвекавечыць імёны папярэднікаў, якія стваралі славу Палітэху і айчыннай прамысловасці. Таксама ў БНТУ адрадзілі старую традыцыю ўшаноўваць лепшых прадстаўнікоў універсітэта за дасягненні ў адукацыйнай, навуковай, інавацыйнай і іншых сферах і адкрылі Дошку гонару. Не забылі і аб прадпрыемствах — заказчыках кадраў: ва ўніверсітэце разгорнута выстава іх інавацыйнай прадукцыі.

Яркім момантам юбілейнага тыдня стала адкрыццё побач з галоўным корпусам скульптурнай кампазіцыі “Крышталь ведаў” і закладка “капсулы часу”, дзе ўсе жадаючыя маглі пакінуць сваё пасланне нашчадкам. Тут жа завяршылася эстафета юбілейнага агню, які з 1 верасня пабываў ужо на дзясятках прадпрыемстваў, дзе працу­юць выпускнікі Палітэха.

Цяпер у БНТУ вучыцца 31 тысяча студэнтаў, магістрантаў, аспірантаў. Прафесарска-выкладчыцкі склад налічвае 1600 чалавек, большасць з якіх маюць вучоныя ступені і званні. Ва ўніверсітэце дзейнічае 16 факультэтаў, колькасць спецыяльнасцей і спецыялізацый дасягнула 140. Акрамя таго, працуюць Міжнародны інстытут дыстанцыйнай адукацыі і сумесныя факультэты інжынернай адукацыі з іншымі краінамі.

Палітэх — гэта ўжо брэнд, вядомы не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі. Сёння значная частка аўтамабіляў, электрастанцый, дарог, мастоў, жылых комплексаў нашых гарадоў — плён працы выпускнікоў БНТУ. Важна адзначыць, што ў свой час з Палітэха выйшлі Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт, Беларуска-Расійскі ўніверсітэт, Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўніверсітэт, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі. І ад іх БНТУ таксама прымае віншаванні. Свае вітанні Палітэху дасылаюць выбітныя навукоўцы, прадпрымальнікі, кіраўнікі буйных прамысловых прадпрыемстваў Беларусі і замежжа.

На жаль, ва ўмовах пандэміі святочную праграму прыйшлося аптымізаваць і частку маштабных мерапрыемстваў адкласці на наступны год. У прыватнасці, на больш спакойны час вырашылі перанесці адкрыццё скульптурнай групы “Студэнты БНТУ” каля галоўнага корпуса ўніверсітэта. Такім чынам, юбілейныя падзеі на гэтым тыдні не завершацца. Галоўны тэхнічны ўніверсітэт краіны ўступае ў новы год і ў новы век з вялікімі планамі і вялікімі надзеямі.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.­