Першыя на першым

Перад залай — незлічоная колькасць людзей, пануе смех, гоман і ажыўленая мітусня. Унутры залы — людзі ў чорным, героі “зорных войн”: многія любімыя кінаперсанажы сабраліся ў адным месцы. Думаеце, трапілі ў Галівуд? Ды не. Гэта першакурснікі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка вітаюць конкурс “Першыя на першым”.

Падрыхтоўка да мерапрыемства адбывалася на працягу навучальнага года: ва ўсіх падраздзяленнях БДПУ сярод груп першакурснікаў праводзіліся адборачныя туры. Яны ўключалі прадстаўленне групы (поспехі ў вучобе, удзел у жыцці ўніверсітэта, першыя крокі ў навуковай дзейнасці) і візітку. А ў фінале студэнты прэзентавалі свае групы ў творчых конкурсах. Па словах куратара праекта начальніка Цэнтра студэнцкай творчасці Алены Жураўскай, такі фармат дазволіў журы не толькі ацаніць акцёрскія здольнасці і крэатыўнасць удзельнікаў конкурсу, але і паназіраць за ўзаемаадносінамі ў маладых калектывах.

— Арганізоўваючы конкурс, мы хацелі не толькі ацаніць прэзентацыю груп, але і стварыць умовы, у якіх выяўляецца мікраклімат у калектывах, прасочваецца, як студэнты дапамагаюць адзін аднаму. Нам, педагогам, было вельмі цікава, як павядуць сябе першакурснікі ў новых умовах, як будзе праяўляцца іх эмпатыя. Так узнікла ідэя “Першых на першым”, — патлумачыла Алена Жураўская.
Фінальныя выступленні былі аб’яднаны агульнай тэмай — фільмамі савецкага кінематографа. Хлопцы і дзяўчаты выбралі фрагменты з любімага кіно, паводле якіх прапанавалі гледачам новую версію развіцця падзей. Так, разам з Інстытутам інклюзіўнай адукацыі гледачы апынуліся ў двары герояў фільма “Каханне і галубы”. Прысутныя паслухалі шчымлівую гісторыю дзядзькі Міці пра тое, як бервяно саслізнула на Васіля і “ўсё, засталася толькі касавокасць”, і разам са старым уцякалі ад Надзеі і бабы Шуры, узброенай рыдлёўкай. Хто ведае, ці ўдалося б пазбегнуць тумакоў, калі б на іх шляху не паўстала дыскатэка 90-х. Непераўзыдзены танцавальны дуэт Шуры і Міці запаліў залу, і ўсе прыйшлі да высновы: няхай будзе мір!
Ці задумваліся вы, як маглі б развівацца падзеі “Службовага рамана”, калі б галоўная сюжэтная лінія выбудоўвалася не паміж кіраўніком і падначаленым, а паміж студэнтам і старастай? А факультэт сацыяльна-педагагічных тэхналогій, аблюбаваўшы фразу Людмілы Калугінай “у мяне такая бездакорная рэпутацыя, што мяне ўжо даўно пара скампраметаваць”, прадставіў свой погляд на сітуацыю. Так, новы Навасельцаў вырашыў “прыўдарыць” за сваёй разумнай старастай Калугінай, каб тая дапамагла яму з курсавой работай. І, калі ён закахаўся, традыцыйна, адкрылася праўда:


— Я ад’язджаю дадому, у Оршу, — адзначыла “мымра”. — Не буду вучыцца з табой у адной групе!

— Не, гэта я сыходжу: не хачу, каб ты адлічалася праз мяне, — адказаў бязвусы Навасельцаў. — Не буду я вучыцца пад тваім кіраўніцтвам!
А “каб краіна не засталася без кваліфікаваных студэнтаў”, на дапамогу прыйшлі астатнія студэнты з групы. Так зала пазнаёмілася з байцамі нябачнага фронту — касцюмерамі, рэквізітарамі, сцэнарыстамі.

— Вы думаеце, што на сцэне задзейнічаны тры чалавекі? Гэта толькі палова праўды. Усяго гэтага не было, калі б не кожны, хто стаіць тут. Такі вось “Службовы раман”, — адзначыў малады Анатоль Яфрэмавіч.
Трэці фільм — “Іронія лёсу, ці З лёгкай парай” — у інтэрпрэтацыі першакурснікаў факультэта прыродазнаўства прывёў прысутных не на “вуліцу Будаўнікоў, дом 25, кватэра 12”, а ў адзін з інтэрнатаў БДПУ. І тое, што падзеі тут адбываліся не ў навагоднюю ноч, а ў красавіку, нікога не бянтэжыла:

— Мы адзначалі дзень нараджэння, Новы год і сесію, — патлумачыў Лукашын строгаму вахцёру Надзеі.

— А што гэта так позна?

— Ды нам стыпендыю так даюць.

І, як звычайна, на сцэне з’явіўся Іпаліт (запознены студэнт у прыгожай шапцы):

— Якая брыдота, ваш завараны “Ролтан”… Але я яго ўсё роўна з’ем!
Пасля выхаду ў свет “12 крэслаў” з Андрэем Міронавым цяжка прымераць фразу “вялікі камбінатар” да жаночага вобраза. Прынамсі, так было да выступлення дзяўчат з факультэта пачатковай адукацыі. Першакурсніцы, узяўшы штурмам прыёмную кампанію, якая набірала на факультэт толькі хлопцаў з высокім балам і асноўнай групай па фізкультуры, адваявалі сабе права вучыцца на абраным факультэце. Так прыгажуні сталі “новым пакаленнем, якое прабіла свой напрамак”.


Цяжка забыць, як Мікалай Карачанцаў у “Белых росах”, лежачы на асфальце, іграў на гармоніку. І моладзь з фізіка-матэматычнага факультэта падарыла прысутным магчымасць зноў далучыцца да героя згаданага фільма. Гэта прасочвалася не толькі ў выкананні прыгожай музыкі, але і ў вандроўцы па факультэтах БДПУ, якія ў інтэрпрэтацыі студэнтаў наведаў юны пераемнік Карачанцава, што стаяў перад выбарам прафесіі.

— Абдымі мяне, фізмат, я бягу табе насустрач! — скончыў гарманіст-першакурснік.

Не адно пакаленне гледачоў фільма “Масква слязам не верыць” з трывогай перажывала сцэну гутаркі ў падваротні. Студэнты Інстытута псіхалогіі паказалі, што ў такіх месцах можна не толькі спаганяць агрэсію і выкарыстоўваць моцныя кулакі, але і… танцаваць.

— Любы канфлікт можна вырашыць словам. Або, як мы, танцам, — пераканалі публіку будучыя псіхолагі.

З новым прачытаннем карціны “Гардэмарыны, наперад!” залу азнаёміў гістарычны факультэт. Дакладней сказаць, з тым шляхам, які першакурснікам трэба было прайсці з дапамогай машыны часу, каб трапіць на здымкі гэтага фільма. Як і іх папярэднікі, маладыя людзі здзіўлялі палымянымі танцамі і трапнымі жартамі.

Закрыла парад выступоўцаў дуэль “Трох мушкецёраў”, праўда, тут мушкецёры філалагічнага факультэта змагаліся з трыма галоўнымі ворагамі чалавецтва — хлуснёй, зайздрасцю і лянотай. Галоўнае, чаму студэнты навучылі прысутных: у любой сітуацыі трэба заставацца сабой. Першакурснікі перакананы: важней за тое, што ёсць у чалавека, можа быць толькі тое, што ёсць унутры чалавека.

Пасля агульнаўніверсітэцкага “прагляду” новых ідэй любімых твораў прыз глядацкіх сімпатый адправіўся да студэнтаў Інстытута псіхалогіі, а самай з’яднанай групай журы прызнала першакурснікаў факультэта пачатковай адукацыі. На 3-м месцы замацаваліся студэнты фізіка-матэматычнага факультэта, на 2-м — гістарычнага. Дарэчы, моладзь з гэтага падраздзялення, асвоіўшы машыну часу, паспела атрымаць узнагароду і за лепшы відэаролік (арганізатары адзначылі, што гістарычны факультэт заўсёды трымае высокую планку ў гэтым кірунку). А на 1-е месца ўпэўнена ўзняліся “мушкецёры” філалагічнага факультэта.

Ірына ІВАШКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.