Рэбрэндынг геафака: прывабнасць, аўтарытэт і стымул

Зусім нядаўна абітурыентаў — прыхільнікаў прыродазнаўчых навук спасцігла навіна: геаграфічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта перайменаваны ў факультэт геаграфіі і геаінфарматыкі.

— Геаграфічны факультэт — адно з найстарэйшых падраздзяленняў БДУ (сёлета нам спаўняецца 85 гадоў), і геаграфія як галіна ведаў — адна з самых старажытных у свеце. Многія думаюць, што геаграфія — кансерватыўная, нерухомая навука, але гэта зусім не так. У сучаснай геаграфіі зараз адбываюцца змяненні, і перш за ўсё гэта відаць у падыходах да збору інфармацыі і апрацоўкі даных. Раней географу трэба было адпраўляцца ў экспедыцыю, а зараз гэтую функцыю бяруць на сябе новыя метады і абсталяванне: квадракоптары, апараты дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі. Любую мясцовасць можна даследаваць на адлегласці. Цяпер географы — гэта эксперты ў тэрытарыяльным аналізе і планаванні. Часта ў гэтым спецыялістам дапамагаюць геаінфармацыйныя тэхналогіі. Факультэт пастаянна ўкараняе ў сваю работу такія ноу-хау, таму мы вырашылі, што ёсць патрэба ў пашырэнні назвы, — тлумачыць дэкан геаграфічнага факультэта Дзмітрый Курловіч.

Як адзначыў Дзмітрый Міраслававіч, перайменаванне мае некалькі мэт: рэбрэндынг для павышэння прывабнасці факультэта для абітурыентаў, узмацненне аўтарытэту ў арганізацый — заказчыкаў кадраў і стымулюючы фактар для развіцця на факультэце навуковых даследаванняў у галіне геаінфарматыкі, лічбавай картаграфіі, апрацоўкі даных дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі і геаінфармацыйнага карта-графавання.

Сёння геаграфічны факультэт БДУ адзіны ў краіне рыхтуе спецыялістаў на першай ступені вышэйшай адукацыі ў галіне
геаінфарматыкі(спецыяльнасці “Геаінфармацыйныя сістэмы” і “Космааэракартаграфія”). Дарэчы, у апошнія гады павышаная цікавасць абітурыентаў назіраецца пры паступленні менавіта на гэтыя кірункі.

Па словах Дзмітрыя Курловіча, на пачатковым этапе ў вучэбны працэс уведзены сучасныя метады вывучэння Зямлі з выкарыстаннем аэракасмічных звестак, спадарожнікавых сістэм, беспілотнікаў. Моц набываюць і навуковыя даследаванні па геаінфарматыцы, лічбавай картаграфіі і геаінфармацыйным картаграфаванні. У найбліжэйшы час таксама плануецца адкрыццё ўзбуйненай спецыяльнасці магістратуры “Землеўладкаванне, кадастры, геадэзія і геаматыка” з асобнай прафілізацыяй “Геаматыка”. У межах спецыяльнасці “Геаграфія” вядзецца работа над прафілізацыяй “Дыстанцыйнае зандзіраванне і прасторавы ГІС-аналіз”. Адметнасцю напрамку стане навучанне на англійскай мове.

У межах “Геаінфармацыйных сістэм” і “Космааэракартаграфіі” студэнты спасцігаюць метады геаінфармацыйнага і геастатыстычнага аналізу, трохмернага мадэлявання, складання лічбавых і вэб-карт. А пасля заканчэння вучобы такія спецыялісты запатрабаваны ў галінах, звязаных з касмічным маніторынгам зямной паверхні, ацэнкай эфектыўнасці прыродакарыстання, стану сельскагаспадарчых пляцовак і лясоў, аналізам карт і планаў населеных пунктаў. Так, выпускнікі геаграфічнага факультэта ўдзельнічалі ў стварэнні зямельна-інфармацыйнай сістэмы Рэспублікі Бела-русь, геапартала зямельна-інфармацыйнай сістэмы, публічнай кадастравай карты Беларусі, ГІС-сістэм рэестра адміністрацыйна-тэрытарыяльных і тэрытарыяльных адзінак краіны, рэестра найменняў вуліц і дарог і шэрага іншых праектаў.

Пра актуальнасць падобных змен сведчыць тое, што спецыялізацыі, звязаныя з геаінфарматыкай, папулярны і ў іншых падраздзяленнях БДУ: выкладчыкі геафака праводзяць заняткі з курсантамі ваеннага факультэта (спецыяльнасць “Геаінфармацыйныя сістэмы”), выкладаюць асобныя дысцыпліны для студэнтаў Інстытута бізнесу БДУ і хімічнага факультэта.

Ірына ІВАШКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА