Рыхтуй веды ўвосень

На вуліцы кастрычнік — а значыць, стартаваў першы этап рэпетыцыйнага тэсціравання. Гэта добрая магчымасць, каб праверыць веды і намеціць шляхі эфектыўнай падрыхтоўкі да ЦТ.

Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў прапануе прайсці рэпетыцыйнае тэсціраванне па 15 вучэбных прадметах з прадастаўленнем рашэння заданняў для работы над памылкамі. Зараз на сайце РІКВ ёсць кантакты больш чым сотні ўстаноў адукацыі (7 з іх у Мінску), на базе якіх можна прайсці РТ. І гэты пералік па меры заключэння новых дагавораў будзе дапаўняцца.

Рэпетыцыйнае тэсціраванне праводзіцца ў тры этапы:

  • кастрычнік — снежань 2020 г.
  • студзень — люты 2021 г.
  • сакавік — красавік 2021 г.

На кожным этапе прапаноўваюцца новыя тэсты. Такім чынам, абітурыенты могуць праверыць сябе тройчы: у пачатку, у сярэдзіне і ў канцы навучальнага года. Гэта дапаможа своечасова выявіць прабелы ў ведах і аптымізаваць падрыхтоўку. Акрамя таго, у многім арыентуючыся на вынікі РТ, абітурыенты будуць рабіць прафесійны выбар — вызначацца з профілем падрыхтоўкі, спецыяльнасцю, установай адукацыі.

Кожны пункт тэсціравання вызначае ўласны графік правядзення РТ па вучэбных прадметах. Але ўсюды яно праводзіцца па матэрыялах, прадастаўленых РІКВ. Апрацоўка бланкаў адказаў і разлік вынікаў ажыццяўляецца па тэхналогіі ЦТ.

Па словах арганізатараў, першыя рэпетыцыйныя тэсты часта даюць не той вынік, на які разлічвае абітурыент. Аднак пужацца і панікаваць не варта. Нізкі бал, асабліва на першым этапе, указвае на тое, што давядзецца болей працаваць. Усе тэсты заснаваны на змесце школьнай праграмы, таму трэба браць падручнікі і даганяць упушчанае.

Вельмі важна, што ў ходзе рэпетыцыйнага тэсціравання можна набыць тэхнічныя навыкі запаўнення бланка адказаў і псіхалагічна падрыхтавацца да ЦТ. Арганізатары падрабязна тлумачаць абітурыентам парадак запаўнення бланкаў, а таксама правілы паводзін на іспытах.

З улікам складанай эпідэмічнай сітуацыі ў пунктах правядзення РТ усім удзельнікам іспытаў настойліва рэкамендуюць мець маску і пальчаткі.

Для зручнасці абітурыентаў і аператыўнага вырашэння ўсіх пытанняў РІКВ распрацаваў адзіную сістэму рэгістрацыі ўдзельнікаў рэпетыцыйнага тэсціравання. Так, каб прайсці РТ, абітурыент павінен стварыць на сайце РІКВ асабісты кабінет і самастойна зрабіць заяўку, выбраць пункт, дату і час правядзення кожнага іспыту, вучэбны прадмет і мову прадстаўлення тэста.

Кошт удзелу ў рэпетыцыйным тэсціраванні (у тым ліку за прадастаўленне рашэнняў заданняў) — 7.60 рублёў за адзін вучэбны прадмет. Аплата ажыццяўляецца праз сістэму “Разлік” адзінай разлікова­інфармацыйнай прасторы (АРІП) з указаннем асабістага рахунку, атрыманага пры рэгістрацыі ў асабістым кабінеце.

Падрабязную інфармацыю можна знайсці ў раздзеле РТ/Памятка ўдзельніку РТ на сайце РІКВ.

Пасля завяршэння рэгістрацыі прапануецца раздрукаваць пропуск на кожны сеанс рэпетыцыйнага тэсціравання. Зрэшты, калі такой магчымасці няма, абітурыент можа прад’явіць арганізатарам РТ нумар рэгістрацыі, пазначаны на пропуску.

Акрамя таго, у пункце тэсціравання неабходна мець пры сабе дакумент, які сведчыць асобу (пашпарт, від на жыхарства, пасведчанне бежанца), або пасведчанне аб нараджэнні, гелевую (капілярную) ручку з чорнымі чарніламі, просты калькулятар (на тэсціраванні па фізіцы і хіміі).

Згодна з рэкамендацыямі па правядзенні рэпетыцыйнага тэсціравання абітурыентам забараняецца фатаграфаваць і выносіць з аўдыторыі педагагічныя тэсты; мяняцца бланкамі адказаў і месцамі ў аўдыторыі; выкарыстоўваць дапамогу іншых асоб для выканання тэставых заданняў; рабіць пазнакі ў бланках педагагічных тэстаў; дзяліцца зместам педагагічных тэстаў у інтэрнэце і ў СМІ.

Вынікі рэпетыцыйнага тэсціравання ўдзельнікі могуць бачыць у асабістым кабінеце на сайце РІКВ. Пасля завяршэння кожнага з этапаў РТ (першага этапу — у 20­х чыслах снежня, другога — у 20­х чыслах лютага, трэцяга — у 20­х чыслах красавіка) абітурыенты атрымаюць рашэнні заданняў для правядзення работы над памылкамі.

Таксама абітурыенты могуць прайсці рэпетыцыйнае тэсціраванне ў дыстанцыйнай форме. На сайце Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў змешчаны тэсты па 15 вучэбных прадметах. Доступ да іх неабмежаваны, гэта значыць праверыць свае веды можна праз інтэрнэт у любы час з любога месца. Выпрабаванне ў дыстанцыйнай форме бясплатнае.

Як і на вочным РТ, абітурыенты могуць азнаёміцца са структурай тэстаў, методыкай работы з імі, а таксама з тэхналогіяй запаўнення бланка адказаў. Зручна, што вынік можна атрымаць адразу пасля заканчэння работы. І гэта не толькі атрыманыя балы, але і кансультаванне з разборам заданняў.

На сайце РІКВ прыведзены ўзор бланка адказаў і дадзена падрабязная інструкцыя па яго запаўненні. Таксама абітурыентам прапаноўваецца паглядзець відэаролік з тлумачэннямі.

Кожны пункт тэсціравання вызначае ўласны графік правядзення РТ па вучэбных прадметах. Але ўсюды яно праводзіцца па матэрыялах, прадастаўленых РІКВ. Апрацоўка бланкаў адказаў і разлік вынікаў ажыццяўляецца па тэхналогіі ЦТ.

Такім чынам, магчымасці, каб праверыць свае веды і аптымізаваць падрыхтоўку, адкрыты для кожнага. Дарэчы, у адрозненне ад ЦТ, рэпетыцыйнае тэсціраванне могуць праходзіць не толькі навучэнцы выпускнога класа, але і дзесяцікласнікі.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.