Супергероі, якія ведаюць розныя мовы

Каб эфектыўна камунікаваць, людзям трэба добра разумець адзін аднаго. Гэта асабліва важна, калі дыялог вядуць носьбіты розных моў. Часта ў пабудове паспяховай камунікацыі могуць дапамагчы толькі кампетэнтныя перакладчыкі. Большасць беларускіх спецыялістаў такога профілю рыхтуюць на перакладчыцкім факультэце Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта.

Ганна Лясняк.

Гісторыя падрыхтоўкі перакладчыцкіх кадраў у МДЛУ пачалася ў 1960-я гады з аддзяленняў пры розных факультэтах. У перыяд хрушчоўскай “адлігі” ў Савецкім Саюзе пашырыўся спектр міжнародных сувязей з Кубай, Тунісам, Алжырам, Сірыяй, Егіптам, Марока і іншымі краінамі, павялічылася колькасць замежных студэнтаў. Тады падрыхтоўка перакладчыкаў была скіравана найперш на забеспячэнне палітычнай, ваеннай і эканамічнай сфер.

Калі паўстала вострая патрэба ў перакладчыцкіх кадрах, у 1969 годзе быў створаны факультэт з аднайменнай назвай. З улікам спецыфікі дзейнасці і асаблівасцей краін, куды адпраўляліся спецыялісты, на факультэт некаторы час прымалі толькі хлопцаў. Пасля да груп юнакоў далучыліся дзяўчаты. Таксама пэўны час у інстытуце існавала ваенная кафедра, дзе рыхтавалі ваенных перакладчыкаў. Выпускнікоў тых гадоў дэкан перакладчыцкага факультэта Аляксандр Паніматка называе элітай перакладчыцкай прафесіі.

Сёння на перакладчыцкім факультэце рыхтуюць па спецыяльнасці “Сучасныя замежныя мовы (па напрамках)”. Выпускнікі атрымліваюць кваліфікацыю “лінгвіст. Перакладчык” (з пералікам моў). На 3 курсе маладыя людзі спыняюцца на спецыялізацыях (у залежнасці ад асноўнай мовы) “Спецыяльны пераклад”, “Сінхронны пераклад” ці “Мастацкі пераклад”.

У межах спецыялізацыі “Спецыяльны пераклад” студэнты вучацца вуснаму і пісьмоваму перакладу дакументаў рознай скіраванасці. Юнакі і дзяўчаты працуюць з тэхнічнай, навуковай, эканамічнай дакументацыяй, вывучаюць асаблівасці перакладу дыпламатычных тэкстаў, тэкстаў з ІТ-індустрыі і да т.п.

Спецыяліст па сінхронным перакла­дзе павінен мець аператыўнае мысленне, імгненную рэакцыю і захоўваць у памяці значны аб’ём інфармацыі. Атрымаць згаданую спецыялізацыю можа не кожны, студэн­ты адбіраюцца па выніках паспяховасці, тэсціравання і субяседавання. Да таго ж, сінхронны пераклад — адзін з найбольш складаных відаў вуснага перакладу. Аднак высілкі студэнтаў падчас вучобы не дарэмныя: атрымаўшы спецыялізацыю, маладыя людзі могуць су­праваджаць міжнародныя перамовы і канферэнцыі рознага ўзроўню, займацца перакладамі кінафільмаў і відэаматэрыялаў.

Спецыялізацыя “Мастацкі пераклад” — найбольш творчая сярод астатніх. Яе выбіраюць схільныя да літаратурнай дзейнасці хлопцы і дзяўчаты, якіх вабіць свет мастацкай літаратуры. Студэнты гэтага напрамку асвойваюць пераклад драматургіі, прозы, паэзіі і літаратурнай крытыкі.

“Перакладчыцкая прафесія як раней, так і зараз застаецца вельмі запатрабаванай, нягледзячы на распаўсюджанасць машыннага перакладу. Акрамя таго, з’явілася шмат новых напрамкаў перакладу: аўдыявізуальны, сацыяльны (пераклад тэкстаў, датычных да аховы здароўя, органаў правасуддзя), пераклад-рэдагаванне, транскрэацыя і інш. Попыт на кадры значны, і мы задавальняем патрэбы рынку працы спецыялістамі высокага класа”, — адзначае Аляксандр Пятровіч.

Словы дэкана пацвярджаюць сёлетнія лічбы прыёму. Так, на англійскую мову план набору складае 20 бюджэтных і 168 платных месцаў, на нямецкую — 8 бюджэтных і 16 платных. Колькасць бюджэтных месцаў на іспанскую мову складае 6 чалавек, платных — 18.

Пры паступленні беларускія абітурыенты павінны мець сертыфікаты ЦТ па адной з дзяржаўнай моў, замежнай мове і гісторыі Беларусі. Замежнікі, у прыватнасці абітурыенты з Казахстана, Кыргызстана, Таджыкістана і Расіі, здаюць ЦТ па рускай і замежнай мове, а таксама па сусветнай гісторыі).

Аляксандр Паніматка заўважае, што набор на першую мову — англійскую і нямецкую — праводзіцца штогод,  на іспанскую і французскую — або штогод, або праз год з улікам патрэб рынку працы. Залічэнне на  “рэдкія мовы” (арабскую, турэцкую і японскую) адбываецца раз на 5 гадоў. Так, у наступным годзе плануецца набор на японскую мову, праз год — на арабскую.

Андрэй Якубоўскі.

Якія мовы вывучаць дадаткова, студэнт можа выбраць з пераліку 12 еўрапейскіх і ўсхо­дніх моў: англійскай, нямецкай, французскай, іспанскай, італьянскай, шведскай, нідэр­ландскай, кітайскай, японскай, карэй­скай, арабскай і турэцкай. Авалодванне другой мовай пачынаецца з 2 курса. Некаторым студэнтам за час навучання ўдаецца выву­чыць 5 моў (2 абавязковыя і 3 дадатковыя). Поспех у гэтай справе залежыць ад часу і здольнасцей асобнага студэнта. У вывучэнні “трэціх моў”, як іх называюць на факультэце, зацікаўлены таксама пасольствы і дзяржаўныя ведамствы. У межах вывучэння многіх моў (напрыклад, венгерскай, фінскай, карэйскай, японскай, кітайскай, іспанскай, араб­скай і інш.) прадугледжаны стажыроўкі ў летніках ці стыпендыяльныя праграмы на I і II ступенях вышэйшай адукацыі. На факультэце ёсць магчымасць наведваць бясплатныя факультатывы па фінскай і венгерскай мовах.

Студэнтамі перакладчыцкага факультэта з’яўляюцца каля 400 маладых людзей з Кітая, Турцыі, Туркменістана, Ірака, Ірана, Бахрэйна, Украіны і інш. Геаграфія падраздзялення ахоплівае 26 краін.

Падчас вучобы маладыя людзі знаёмяцца з такімі дысцыплінамі, як “Практыка вуснага і пісьмовага маўлення”, “Практычная граматыка”, “Практычная фанетыка”, “Аў­дзіраванне іншамоўнага маўлення”, “Тыпалогія мовы”, “Гісторыя мовы”, “Уводзіны ў мовазнаўства”, “Агульнае мовазнаўства”, “Рэгіёназнаўства”, “Краіназнаўства”, “Асновы перакладу”, “Тэорыя перакладу”, “Сінхронны пераклад”, “Рэфератыўны пераклад”, вывучаюць прадметы, звязаныя з перакладам мастацкай літаратуры, драматургіі і інш. Выкладаюць іх як беларускія спецыялісты-практыкі, так і запрошаныя выкладчыкі — носьбіты замежных моў. Амаль усе педагогі — практыкі, перакладчыкі найвышэйшага класа. Многія з іх працавалі ў лінгвістычных службах Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, пасольствах. Маладзейшыя выкладчыкі задзейнічаны ў перакладах буйных беларускіх спектакляў  (апошні праект — пераклад спектакля А.Дударава “Вечар” на кітайскую і англійскую мову). Некаторыя спецыялісты і зараз суправаджа­юць міжнародныя візіты, перакладаюць трансляцыі сустрэч сусветных лідараў.

Значную ролю ў падрыхтоўцы перакладчыкаў адыгрываюць цэнтры мовы і літаратуры, размешчаныя на тэрыторыі ўніверсітэта. На гэтых пляцоўках прадстаўлена літаратура па вывучэнні мовы, гісторыі і культуры пэўнай краіны і пануе “моўная атмасфера таго ці іншага рэгіёна”. Так, для студэнтаў адкрыты цэнтры арабскай, турэцкай, венгерскай, іспанскай, нямецкай, англійскай моў  і інш. Таксама на факультэце імкнуцца адсочваць навінкі вучэбнай літаратуры замежных выдавецтваў. Істотную частку вучэбнага працэсу студэнты праводзяць у залах сінхроннага перакладу і камп’ютарных класах. Такія аўдыторыі аснашчаны перакладчыцкімі кабінкамі і сродкамі, якія мадэлююць рэальную прафесійную дзейнасць. Пры ўдасканальванні вымаўлення студэнты праслухваюць запісаны голас са спектраграмай, якая паказвае, наколькі вымаўленне канкрэтнага студэнта супадае з узорным варыянтам. У межах мемарандума аб узаемаразуменні з ААН факультэт мае доступ да гласарыяў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, матэрыялаў Генеральнай асамблеі, відэазапісаў з перакладамі, выкананымі іх спецыялістамі, што дазваляе параўноўваць розныя версіі перакладу. Акрамя таго, дзякуючы мемарандуму, студэнты могуць стажыравацца ў Дэпартаменце па справах Генеральнай асамблеі і канферэнцыйным кіраванні ў Нью-Ёрку ці Жэневе, камунікаваць са спецыялістамі гэтага падраздзялення ва ўніверсітэце.

Па словах Аляксандра Паніматкі, выпускнікі факультэта працуюць па ўсім свеце (больш чым у 40 краінах) — у міжнародных арганізацыях (ААН, ЮНЕСКА, МАГАТЭ), гандлёва-эканамічных фірмах, Міністэрстве замежных спраў, Міністэрстве эканомікі, Міністэрстве адукацыі, Міністэрстве ўнутраных спраў, пасольствах Беларусі за мяжой і г.д. Гэта, на думку Аляксандра Пятровіча, лепшы доказ якаснай падрыхтоўкі выпускнікоў перакладчыцкага факультэта.

Ганна Лясняк сёлета скончыла 1 курс. Дзяўчыну вабіць свет псіхалогіі, літаратуры, валанцёрства. А яшчэ ёй падабаецца дапамагаць людзям, дзяліцца добрым настроем і энергіяй. Захапленне нямецкай мовай Ганна адкрыла ў сабе ў 7 класе і з таго часу не развітваецца з ім.

 “Нейкі час матуля спрабавала пераканаць мяне ў тым, каб я выбрала спецыяльнасць, хоць і звязаную з мовамі, але больш практычную. Аднак некалькі месяцаў заняткаў з рэпетытарам па матэматыцы пераканалі ўсіх у тым, што я абсалютны гуманітарый, — успамінае студэнтка. — Я мэтанакіравана выбрала наш факультэт, бо быць перакладчыкам для мяне — значыць спалучаць у сабе некалькі культур, жыць рознымі жыццямі адначасова і захоўваць гнуткасць мыслення. Правучыўшыся год, яшчэ больш пераканалася, што перакладчыцкі факультэт — самае спрыяльнае месца для мяне. Удзячна факультэту не толькі за веды: тут я знайшла людзей, блізкіх мне па духу. Дзякуючы гэтаму, я адчуваю змены ў сваіх думках, у светапоглядзе, і не магу не радавацца. Асабліва на гэта паўплывалі інтэрнацкія сябры, бо ў інтэрнаце сціраюцца ўзроставыя межы і нівеліруюцца асобасныя адрозненні”.

Засяленне ў інтэрнат — адно з самых яркіх уражанняў дзяўчыны пра факультэт. У гэты час першакурснікі звычайна хвалююцца і змагаюцца з першымі “дарослымі” страхамі: “З кім паселяць? Як мы паладзім? Як арганізоўваць побыт?” Апасенні Ганны тады развеялі пяцікурсніцы-суседкі, якія купілі для першакурснікаў торт і зрабілі іх першы вечар удалечыні ад дому асаблівым.

Ганна расказвае пра мерапрыемствы, якія праводзяцца студэнтамі для студэнтаў як у межах вучэбнага працэсу, так і ў вольны час, апісвае дзейнасць валанцёраў факультэта. У многіх мерапрыемствах яна або паў­дзельнічала, або плануе гэта зрабіць у найбліжэйшы час. За год навучання дзяўчына таксама паспрабавала сябе ў прафесійным плане: была перакладчыкам дзіцячых лістоў у арганізацыі “SOS-Дзіцячыя вёскі”.

“Неаднойчы чула думку, што лiнгвiстычная адукацыя — гэта несур’ёзна. Не тое, што быць iнжынерам, напрыклад. Я з гэтым не згодна: 5 год ва ўніверсітэце дазваляюць вырашыць, чаго ты чакаеш ад сваёй будучыні, закладваюць базу. А далей кожны сам выбірае вектар свайго развіцця i рэалізацыi”, — пераканана Ганна.

Андрэй Якубоўскі — сёлетні выпускнік перакладчыцкага факультэта (спецыялізацыя — “Мастацкі пераклад”). Некалі хлопец выбіраў паміж БДУІР і медыцынскім універсітэтам. Карэктывы ўнесла пытанне маці: “Сынок, а ты не думаў паступіць у МДЛУ? Ты ж добра ведаеш англійскую мову”.

“У школе я мала ўвагі звяртаў на англійскую мову: яна чамусьці здавалася мне сумнай. Але тады падумалася: чаму б не зрабіць так, каб мова стала маім моцным бокам? Так я апынуўся ў МДЛУ. Мне вельмі падабалася чытаць, але не ўсе творы былі даступныя па-руску ці па-беларуску. Гэтую праблему я вырашыў выправіць, стаўшы перакладчыкам. Запытаў у прыёмнай камісіі: “Куды трэба паступіць, каб змяніць літаратурны свет?” Мне параілі ў будучыні звярнуць увагу на маю спецыялізацыю. Так я і зрабіў, — гаворыць Андрэй. — У першы дзень на факультэце я быў уражаны.  З самага пачатку ведаў, што буду вучыцца ў лепшых выкладчыкаў. Пра многіх з іх чуў раней: некага бачыў па тэлевізары, іншых ведаў як перакладчыкаў любімых кніг”.

Праз год вучобы хлопец лічыў факультэт не проста месцам атрымання адукацыі, а “домам па-за межамі дома”. Першае месца для студэнта заўсёды займалі заняткі перакладам, але на факультэце ён таксама атрымаў шмат магчымасцей для творчасці — малады чалавек пачаў пісаць гісторыі, друкавацца ў газеце, валанцёрыць. Гэты час ён называе лепшым у жыцці.

“Пераклад — гэта не толькі мова, гэта менталітэт, шырокі кругагляд, веды ў самых розных сферах жыцця. Таму сапраўдны перакладчык — гэта майстар, пісьменнік, паэт, эканаміст, прамоўца, тэолаг, юрыст у адным чалавеку! Перакладчык — супергерой, які ведае ўсё і на некалькіх мовах”, — лічыць Анд­рэй.

Ірына ІВАШКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА і з архіва Г.Лясняк.