Трактарысты дасягаюць поспехаў

У мінулым годзе Іўеўскі дзяржаўны сельскагаспадарчы прафесійны ліцэй адзначыў 40-гадовы юбілей. Да гэтай даты калектыў падышоў з добрымі вынікамі. За чатыры дзесяцігоддзі прамысловасць і сельская гаспадарка краіны атрымалі звыш 8 тысяч запатрабаваных спецыялістаў, а ліцэй не раз займаў высокія месцы ў конкурсе на лепшую арганізацыю работы ўстаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі Гродзенскай вобласці.

Ліцэй — адзіная ў Іўеўскім раёне ўстанова прафесійнай адукацыі. І гэта не стварае лёгкія ўмовы існавання. А можа, наадварот, патрабуе ад калектыву самаадданай працы для таго, каб быць прывабным для сённяшніх маладых людзей, перад якімі адкрыты свет, і паехаць на вучобу ў любы куток Беларусі для іх не праблема.

З гісторыі. Першая назва сучаснага ліцэя — Іўеўскае сельскае прафесійна-тэхнічнае вучылішча № 63 механізацыі сельскай гаспадаркі. Потым было перайменаванне ў СПТВ № 197, яшчэ праз час — у Іўеўскае дзяржаўнае прафесійна-тэхнічнае вучылішча № 197 сельскагаспадарчай вытворчасці. І вось з 2006 года — Іўеўскі дзяржаўны сельскагаспадарчы прафесійны ліцэй. У першы год стварэння ўстановы навучэнцы адной групы спецыяльнасці “Механізатар сельскай гаспадаркі” займаліся ў недабудаваным вучэбным корпусе, а ўвесь калектыў складаў 15 чалавек.

З дня сённяшняга. У 2019/2020 навучальным го­дзе па васьмі  кваліфікацыях у ліцэі вучыліся 182 чалавекі. Зараз у ліцэі працуе 108 чалавек, у тым ліку 15 выкладчыкаў і 18 майст­роў вытворчага навучання.

— Наша задача — зрабіць усё, каб мы маглі ганарыцца сваімі выпускнікамі, бацькі — сваімі дзецьмі, а Беларусь — высакакласнымі спецыялістамі, — гаворыць дырэктар ліцэя Тадэвуш Янавіч Юруш. — Прафесіяналізм і самааддача педагагічнага калектыву, падтрымка і паразуменне з боку бацькоў, актыўная ўцягнутасць навучэнцаў у адукацыйны і выхаваўчы працэс — вось асновы поспеху нашага ліцэя.

Тут ганарацца спецыялістамі, якія аддалі навучальнай установе па 40 гадоў жыцця. Радуюцца, калі былыя выпускнікі вяртаюцца ў ліцэй у статусе калег і таварышаў, а гэта майстры вытворчага навучання  Яніна Іосіфаўна Дагіль, Часлаў Станіслававіч Бурнос, Аляксандра Іванаўна Жукоўская, загадчык вытворчасці Наталля Францаўна Латарэвіч, кухар сталовай Наталля Леанідаўна Шарлан.

У ліцэі ўдзяляюць вялікую ўвагу матэрыяльна-тэхнічнай базе: створаны 9 вучэбных кабінетаў для агульнаадукацыйных дысцыплін, 10 кабінетаў па спецыяльных прадметах, 13 лабараторый і майстэрань — па слясарнай і будаўнічай справе, будове і эксплуатацыі аўтамабіляў, халадзільных установак, кулінарыі і інш.

Важным элементам падрыхтоўкі спецыялістаў з’яўляецца вучэбная гаспадарка. Яна налічвае амаль 370 гектараў, з іх пасяўная плошча 299,6 гектара. На палях вучэбнай гаспадаркі выконваецца праграма вытворчага навучання па прадмеце “Арганізацыя вытворчасці механізаваных работ у сельскай гаспадарцы”.

— Рынак працы не стаіць на месцы, становяцца ўсё больш запатрабаванымі такія прафесіі, як вадзіцель аўтамабіля катэгорыі “С”, машыніст халадзільных установак, слесар па рамонце аўта­мабіляў і сельскагаспадарчых машын, трактарыст-машыніст катэгорый “А”, “В”, “D”, тынкоўшчык, электраманцёр па абслугоўванні і рамонце электраабсталявання, — гаворыць намеснік дырэктара ліцэя па вучэбна-вытворчай рабоце Часлаў Барысавіч Гарбачэўскі. — Нашы выпускнікі заўсёды 100-працэнтна размяркоўваюцца. Яны выхо­дзяць у прафесійнае жыццё з добрым веданнем аб рацыянальным выкарыстанні энергетычных рэсурсаў, правілах тэхнічнай эксплуатацыі аўтамабіляў, парадку і спосабах правядзення тэхнічнага абслугоўвання і рамонту аўтамабіляў і сельгастэхнікі. Сёння нашы выпускнікі працуюць на многіх прадпрыемствах краіны.

Дагаворы з арганізацыямі — заказчыкамі кадраў дазваляюць не толькі размяркоўваць туды выпускнікоў. Гэтыя арганізацыі становяцца базай практыкі, месцам, дзе будучыя спецыялісты могуць праявіць сябе яшчэ падчас навучання. Такія дагаворы заключаны з упраўленнем сельскай гаспадаркі і харчавання Іўеўскага райвыканкама, Беларускай атамнай электрастанцыяй, Іўеўскім лясгасам, прадпрыемствам “БудСельГрад” Іўя.

Ліцэй з’яўляецца вядучай установай прафесійна-тэхнічнай адукацыі краіны па напрамку “Навукова-метадычнае забеспячэнне прафесійна-тэхнічнай адукацыі па кваліфікацыі “трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці катэгорый “А”, “В”, “D”. У рамках рэалізацыі інавацыйнай дзейнасці тут распрацаваны электронныя сродкі навучання, адзначаныя дыпломамі Міністэр­ства адукацыі. Акрамя таго, выкладчыкі ліцэя стварылі інтэрактыўную гульню па энергазберажэнні і рацыянальным выкарыстанні прыродных рэсурсаў “#Экономьиграя”, інтэрактыўную гульню “Я ў вадзіцелі пайшоў”, электронны адукацыйны рэсурс “Зернеўборачны камбайн “Ліда-1300”.

Сёлета на абласной выставе інавацыйнай і тэхнічнай творчасці навучэнцаў і работнікаў устаноў прафесійнай адукацыі за распрацоўку і выраб незалежнага падвойнага кіравання трактара майстар вытворчага навучання Часлаў Станіслававіч Бурнос заняў 2-е месца ў намінацыі “Сродкі навучання”. У намінацыі “Сельская гаспадарка” ліцэй быў адзначаны 1-ым месцам за распрацоўку і выраб бульбасаджалкі і культыватара-акучніка, зробленага пад кіраўніцтвам механіка Андрэя Станіслававіча Садохі.

Валерыя Варно скончыла Іўеўскі ліцэй у мінулым годзе і зараз працуе электраманцёрам у жыллёва-камунальнай гаспадарцы Ашмян.

— Веды, якія я атрымала ў ліцэі, дазволілі мне хутка ўліцца ў калектыў, ліцэй стаў для мяне выдатнай стартавай пляцоўкай на шляху ў прафесію, — гаворыць Валерыя.

— Пасля заканчэння ліцэя я ўладкаваўся механізатарам ва ўнітарнае сельгаспрадпрыемства “Азот Агра” Іўеўскага раёна, — расказвае выпускнік мінулага года Даніла Сцяпанаў. — Ва ўборачнай 2019 года працаваў памочнікам у вопытнага механізатара, перадавіка вытворчасці Генадзя Мар’янавіча Шапуць­кі (ён скончыў Іўеўскі ліцэй у 1983 годзе). Працаваць з такім чалавекам — адно задавальненне: дасведчаны, заўсёды дае слушныя парады.

І такіх спецыялістаў выйшла са сцен ліцэя нямала. Тут вельмі ганарацца выпускнікамі розных гадоў: гэта бацька і сын Генадзь Мар’янавіч і Аляксандр Генадзьевіч Шапуцькі — вядомая ў Іўеўскім раёне дынастыя механізатараў, Сяргей Міхайлавіч Бажын — кіраўнік КСУП “Суботнікі”, Ігар Іванавіч Арыка — галоўны спецыяліст упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Іўеў­скага райвыканкама, Уладзімір Казіміравіч Бужынскі — дырэктар філіяла № 413 Ліды ААТ “ААБ Беларусбанк”, Юрый Іванавіч Ярошка — інспектар Іўеўскай раённай энергагазінспекцыі і іншыя.

У 2008 годзе Іўеўскі сельскагаспадарчы ліцэй увайшоў у Рэспубліканскую вучэбна-навукова-вытворчую асацыяцыю “Аграінжынер”, што дало магчымасць значна палепшыць якасць адукацыі інжынерна-педагагічных работнікаў і навучэнцаў. Выпускнікі ліцэя могуць працягнуць адукацыю ў каледжах і атры­маць больш высокую кваліфікацыю. А падчас навучання ў ліцэі ёсць магчымасць атрымаць дадатковую спецыяльнасць, вадзіцельскае пасведчанне катэгорыі “С”. Дадатковыя веды і кампетэнцыі навучэнцы ліцэя атрымліваюць і на занятках факультатываў “Энергазберажэнне і эканомія электрычнай энергіі”, “Фізічная культура і здароўе”, “Падрыхтоўка моладзі да шлюбу і сям’і” і інш.

— Сёлета ў ліцэй плануецца прыняць 87 чалавек, — гаво­рыць  намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Жанна Вацлаваўна Федаровіч. — Хачу падкрэсліць, што у ліцэі 34 гады вядзецца падрыхтоўка па спецыяльнасці “Аддзелачныя і будаўнічыя работы” з прысваеннем кваліфікацыі “тынкоўшчык. Маляр” тэрмінам навучання 2 гады для асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. У гэтым го­дзе таксама адбудзецца набор па гэтай спецыяльнасці. Акрамя заказа на падрыхтоўку спецыяліста, мы бачым сваю задачу і ў выкананні сацыяльнай і выхаваўчай функцый і падтрымліваем усіх, хто прыходзіць да нас вучыцца.

У ліцэі ствараюць умовы для ўсебаковага развіцця патэнцыя­лу навучэнцаў ва ўсіх сферах. І напаўняюць выхаваўчую прастору рэалізацыяй маладзёжных ініцыя­тыў. Таму дасягненняў тут нямала.

Так, у гала-канцэрце Рэспубліканскага фестывалю мастацкай творчасці навучэнскай і студэнцкай моладзі “АРТ-вакацыі” ў маі мінулага года сярод больш як 80 выступоўцаў быў і навучэнец Іўеўскага дзяржаўнага сельскагаспадарчага прафесіянальнага ліцэя Данііл Прыма. Чым так крануў прафесійнае журы хлопец з Іўя? Для ўдзелу ў творчым конкурсе ён выбраў байку свайго земляка Анатоля Генадзьевіча Гарачава “Трактарыст” і быў узнагароджаны дыпломам І ступені па выніках абласнога этапу і дыпломам ІІ ступені Рэспубліканскага фестывалю мастацкай творчасці навучэнскай і студэнцкай моладзі “АРТ-вакацыі — 2019”.

— Педагагічная падтрымка адораных навучэнцаў ажыццяўляецца праз уключэнне іх у работу аб’яднанняў па інтарэсах, сацыяльна значную дзейнасць, удзел у рабоце грамадскіх аб’яднанняў, органаў вучнёўскага самакіравання, у конкурсах абласнога і рэспубліканскага ўзроўню, дзе нашы навучэнцы і педагогі становяцца пераможцамі і прызёрамі, — гаворыць педагог-арганізатар ліцэя Наталля Пятроўна Цвяткова.

Дасягненні 2020 года:

  • дыплом I ступені Міністэрства адукацыі ў Рэспубліканскім конкурсе віртуальных музеяў “Вялікая Перамога: 75 мірных гадоў!” на сайтах устаноў прафесійнай адукацыі ў намінацыі “Віртуальны музей” — кіраўнікі праекта — педагог-арганізатар Наталля Пятроўна Цвяткова, намеснік дырэктара Жанна Вацлаваўна Федаравіч, інжынер-праграміст Самуіл Алеевіч Палтаракевіч;
  • дыплом  I ступені ў Рэспубліканскім аглядзе інавацыйнай і тэхнічнай творчасці навучэнцаў і работнікаў устаноў прафесійнай адукацыі  — кіраўнік механік Андрэй Станіслававіч Садоха;
  • 2-е месца ў рэспубліканскім конкурсе “Бібліятэка — цэнтр духоўнай асветы і выхавання” ў намінацыі “Патрыятычнае вы­хаванне на праваслаўных традыцыях” — кіраўнік бібліятэкар Таццяна Віктараўна Шаўчук;
  • дыплом I ступені абласнога этапу Рэспубліканскага конкурсу фотаработ “Мой край родны”;
  • дыплом ІІІ ступені за ўдзел у абласных спаборніцтвах па зімовым мнагаборстве “Здароўе”;
  • дыплом ІІ ступені за ўдзел у абласных спаборніцтвах па валейболе — кіраўнік каманды выкладчык фізічнай культуры і здароўя Валерый Міхайлавіч Завадскі.

Валанцёрскі рух у Іўеўскім ліцэі актыўна дзейнічае з 2007 года. Члены валанцёрскага атрада “Крок насустрач” штогод прыво­дзяць у парадак воінскія пахаванні і брацкія магілы на старых могілках Іўя, помнік воінам, якія загінулі падчас Вялікай Айчыннай вайны ў вёсцы Красоўшчына. Валанцёры актыўна ўдзельнічаюць у акцыі “Клопат”, праводзяць дабрачынныя канцэрты ў дамах з кругласутачным знаходжаннем для асоб пажылога ўзросту. Хлопцы штогод бяруць удзел у раённых велапрабегах “Ад помніка да помніка”, акцыях “Чысты лес”, “Мой горад”, велаэкскурсіях “Па дарогах малой радзімы”.

— За сорак гадоў калектыў перажыў шмат радасных падзей, і кожны год мы з лёгкім сумам і ў той жа час з надзеяй адпраўляем у дарослае жыццё нашых выпускнікоў, — гаворыць Тадэвуш Янавіч Юруш. — А наперадзе — сустрэча з нашымі новымі навучэнцамі, для якіх Іўеўскі ліцэй стане не проста месцам атрымання прафесіі, але і домам, дзе яны будуць вучыцца жыццю, творчасці, сяброўству. І дзе да іх прыйдзе першы поспех.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фотаздымкі прадастаўлены ўстановамі адукацыі.