Творчая энергія тэхнічнага ўніверсітэта

Днямі ў Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце адбыўся фінал штогадовага конкурсу “Лепшая вучэбная група БНТУ — 2018”. На галоўнай універсітэцкай сцэне сабраліся самыя дружныя, самыя крэатыўныя, самыя паспяховыя ў вучобе групы з 15 факультэтаў, каб паказаць свае артыстычныя таленты. Па выніках гэтага этапу конкурсу стала зразумела: БНТУ — не толькі тэхнічны, але і творчы ўніверсітэт.


Да фінальнага выступлення на сцэне групы прайшлі даволі доўгі шлях. Напачатку ім давялося прайсці адбор на сваіх факультэтах. Улічвалася паспяховасць у вучобе, дысцыплінаванасць (адсутнасць пропускаў і правапарушэнняў). Групы, якія былі дэлегаваны на ўніверсітэцкі конкурс, падрыхтавалі партфоліа і відэавізітоўкі, дзе пастараліся найбольш ярка прадставіць свае поспехі і традыцыі, а яшчэ спаборнічалі ў спартыўных і інтэлектуальных выпрабаваннях. І вось, нарэшце, фінал — “Дамашняе заданне”, якое групы прэзентавалі ў перапоўненай зале. Конкурс праводзіцца ў БНТУ ўжо шосты раз, таму студэнты і выкладчыкі стараюцца не прамінуць гэтае яскравае шоу і падтрымаць прадстаўнікоў сваіх факультэтаў. Дарэчы, арганізатары конкурсу адзначаюць, што з кожным годам выступленні ўдзельнікаў становяцца ўсё больш прафесійнымі.

Адметна, што сёлета некалькі творчых нумароў на сцэне прадэманстравалі і студэнты каледжаў БНТУ. Плануецца, што ў наступным годзе яны таксама прымуць удзел у конкурсе на лепшую вучэбную групу.

Як паведамілі арганізатары, у сёлетнім конкурсе на розных этапах былі задзейнічаны больш як 800 чалавек. Акрамя студэнтаў, у конкурсных мерапрыемствах актыўны ўдзел бралі куратары груп і студэнты-куратары. Многія з іх разам са сваімі падапечнымі выходзілі на сцэну, танцавалі, спявалі. І нават некаторыя дэканы падтрымалі групы сваіх факультэтаў праз удзел у здымках прэзентацыйных відэаролікаў.

Варта сказаць некалькі слоў пра сістэму куратарства, якая вельмі развіта ў БНТУ і прыносіць добры плён, што асабліва бачна ў працэсе падрыхтоўкі і правядзення згаданага конкурсу. За групамі тут замацоўваюцца не толькі выкладчыкі (на ўвесь тэрмін навучання), але і студэнты-куратары з ліку старшакурснікаў. Такія студэнты ўсяляк дапамагаюць сваім групам на працягу першых двух гадоў навучання.


— Мы называем сябе сям’ёй, — гаворыць Марыя Кананенка, студэнт-куратар групы другакурснікаў будаўнічага факультэта (спецыяльнасць “Экспертыза і кіраванне нерухомасцю”), якая і перамагла ў конкурсе. На пытанне, што дапамагло групе выйграць, дзяўчына сказала: “Творчасць, інтэлект і незвычайная з’яднанасць!”

Студэнтка 4 курса спартыўна-тэхнічнага факультэта Ганна Антончык, чыя група ўжо другі раз прымала ўдзел у конкурсе, але другі раз спынілася ў кроку ад п’едэстала, расказала, што падрыхтоўка і ўдзел у конкурсных спаборніцтвах вельмі з’ядноўваюць.

— Мы амаль што жылі ў адным пакоі, аддаючы ўвесь вольны час творчасці, — прызнаецца Ганна. — БНТУ дае бязмежныя магчымасці, і не толькі для вучобы, але і для паўнавартаснага актыўнага жыцця. Тут развіта студэнцкае самакіраванне, шмат творчых і спартыўных мерапрыемстваў. Кожны студэнт можа знайсці сабе занятак па інтарэсах і праявіць свае здольнасці.

Студэнцкая група — адна з асноўных суполак, з якіх складаецца адзіны мнагатысячны калектыў БНТУ. Тут маладыя людзі здабываюць веды і першыя прафесійныя навыкі, знаходзяць сяброў (часта — на ўсё жыццё). І падобныя конкурсы, дзе раскрываюцца лідарскія якасці, творчыя таленты, спартыўныя і інтэлектуальныя здольнасці, вызваляюць стваральную энергію, даюць студэнтам упэўненасць у сабе і імкненне дасягнуць большага.

Вучэбная група будаўнічага факультэта, якая перамагла ў конкурсе, атрымала пераходны кубак “Лепшая група БНТУ”, на якім будзе выгравіравана яе назва. Акрамя таго, яна возьме ўдзел ва Усерасійскім злёце лепшых акадэмічных груп, што адбудзецца ў Ніжнім Ноўгарадзе (Расія). Усе ўдзельнікі конкурсу атрымалі смачныя пірагі і прыемныя падарункі ад спонсараў. Дарэчы, сёлета арганізатары пастараліся і прыцягнулі ў спонсары такія вядомыя кампаніі, як ААТ “Камунарка”, Мінскі холадакамбінат № 2, Навукова-тэхналагічны тэхнапарк БНТУ “Палітэхнік” і інш.

— Проста вучыцца было б, напэўна, сумна, — гавораць Ганна і Марыя. — А вось такія конкурсы робяць студэнцкае жыццё насычаным, яркім, запамінальным.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота прадастаўлены арганізатарамі конкурсу.