У БДУІР — новая лабараторыя

На факультэце тэлекамунікацый Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі адбылося адкрыццё міжкафедральнай навукова-вучэбнай лабараторыі “Аптычныя сістэмы”. Гэта ўжо 29-я па ліку лабараторыя, адкрытая ў БДУІР з мэтай падрыхтоўкі сучасных спецыялістаў для высокатэхналагічных галін. Яна аснашчана ўнікальным абсталяваннем, якога няма ні ў адной іншай установе адукацыі краіны.

У цырымоніі адкрыцця лабараторыі прынялі ўдзел студэнты і прафесура БДУІР, а таксама прадстаўнікі Нацыянальнай акадэміі навук, Міністэрства сувязі і інфарматызацыі, профільных прадпрыемстваў. Такая ўвага сведчыць пра тое, што адкрыццё лабараторыі з’яўляецца падзеяй не толькі для ўніверсітэта, але і для галіны сувязі.

Як паведаміў першы прарэктар БДУІР Анатоль Мікалаевіч Осіпаў, ва ўніверсітэце створаны чатыры ўзроўні практыка-арыентаванай падрыхтоўкі спецыялістаў. Першы ўзровень — гэта філіялы кафедр на прадпрыемствах  Мінска (сёння іх ужо 25), дзе студэнты праходзяць вучэбную і вытворчую практыку, ажыццяўля­юць курсавое і дыпломнае праектаванне. Другі ўзровень — сумесныя навукова-вучэбныя лабараторыі. Трэці ўзровень — міжнародныя адукацыйныя цэнтры вядучых кампаній свету: IBM, Microsoft, SAP, National Instruments, Cisco. І, нарэшце, чацвёрты ўзро­вень — бізнес-інкубатар, дзе студэнты атрымліваюць практычныя навыкі, рэалізуючы ўласныя ідэі.

“Аснашчэнне сучасных навукова-вучэбных лабараторый каштуе вельмі дорага, таму эфектыўна канцэнтраваць сродкі і рабіць іх міжкафедральнымі, — сказаў Анатоль Мікалаевіч. — Лабараторыя “Аптычныя сістэмы” створана на базе кафедр метралогіі і стандартызацыі і сістэм тэлекамунікацый. Тут можна весці адукацыйны працэс і адначасова навуковыя даследаванні, што, несумненна, будзе спрыяць павышэнню якасці падрыхтоўкі будучых спецыялістаў”.

Ідэю стварэння міжкафедральных навукова-вучэбных лабараторый адобрылі і практыкі. “Сёння ў галіне тэлекамунікацый выкарыстаўваецца вялікая колькасць стандартаў і рэкамендацый, каб абсталяванне розных вытворцаў якасна ўзаемадзейнічала, — заўважыў дырэктар ЗАТ “Інстытут інфармацыйных тэхналогій” М.Л.Грынштэйн. — Таму вельмі правільна, што лабараторыя “Аптычныя сістэмы” ўзнікла на базе адразу дзвюх кафедр: метралогіі і стандартызацыі і сістэм тэлекамунікацый. Гэта дазволіць універсітэту рыхтаваць спецыялістаў, якія, з аднаго боку, разбіраюцца ў апаратуры і сучасных тэхналогіях перадачы інфармацыі, а з другога боку, ведаюць існуючую нарматыўную базу, у тым ліку міжнародныя стандарты”.

Трэба сказаць, што Інстытут інфармацыйных тэхналогій зрабіў свой унёсак у аснашчанасць новай універсітэцкай лабараторыі. На цырымоніі адкрыцця дырэктар М.Л.Грынштэйн перадаў студэнтам вымяральны прыбор, выраблены ў яго інстытуце.

“Вельмі важна, што БДУІР увесь час абнаўляе вучэбную базу, бо тэхналогіі хутка старэ­юць, тэлекамунікацыі пастаянна развіваюцца, — адзначыў першы намеснік міністра сувязі і інфарматызацыі Іван Васільевіч Рак. — Сёння валаконна-аптычныя лініі сувязі пракладзены на 70% сельскіх АТС і ў най­бліжэйшыя 2—3 гады шырокапалосны інтэрнэт будзе на кожнай сельскай станцыі. І мы чакаем новых спецыялістаў — высокакваліфікаваных інжынераў, навукоўцаў, кіраўнікoў рознага ўзроўню, — якія будуць і далей развіваць нашу галіну, забяспечваць яе перадавымі тэхналогіямі, што дазволіць прапанаваць спажыўцам самыя сучасныя паслугі на ўсёй тэрыторыі краіны па нізкім кошце”.

У сваю чаргу прадстаўнікі ўніверсітэта выказалі спадзяванне на тое, што ­ўдзел прадстаўнікоў акадэмічнай навукі і прадпрыемстваў рэальнага сектара эканомікі ў падрыхтоўцы спецыялістаў будзе пашырацца, бо менавіта туды ў канчатковым выніку ­ідуць працаваць выпускнікі ВНУ. І шляхі падрыхтоўкі спецыялістаў павінны вызначацца перш за ўсё патрэбамі галіновых прадпрыемстваў.

“Зараз лабараторыя “Аптычныя сістэмы” ўводзіцца толькі пасля першага этапу закупак абсталявання: яе аснашчэнне яшчэ бу­дзе працягвацца, — паведаміў на цырымоніі адкрыцця лабараторыі загадчык кафедры метралогіі і стандартызацыі прафесар Аляксандр Леанідавіч Гурскі. — Пасля другога этапу, калі завершыцца ўвесь цыкл закупак, лабараторыя будзе адпавядаць усім сучасным патрабаванням, што дазволіць рыхта­ваць спецыялістаў самай высокай кваліфікацыі, а таксама магістраў і кандыдатаў навук”.

Галіна СІДАРОВІЧ.
[email protected]