У Міжнародным універсітэце “МІТСО” адкрываюцца новыя спецыяльнасці

Сёлета ў Міжнародным універсітэце “МІТСО” аб’яўлены набор на новыя спецыяльнасці: “Інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі” (па напрамках) і “Сусветная эканоміка”. Пра іх асаблівасці расказала прарэктар па вучэбна-выхаваўчай рабоце і міжнародных сувязях, доктар юрыдычных навук, дацэнт Алена Фёдараўна ДОЎГАНЬ.

— Спецыяльнасць “Інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі”, — адзначае Алена Фёдараўна, — вельмі цікавая. Cправа ў тым, што спецыяльнасці, звязаныя выключна з эканомікай, паступова страчваюць сваю прывабнасць для маладых людзей, якім становіцца ўсё складаней знайсці месца на рынку працы. У той жа час колькасць юнакоў і дзяўчат, якія маюць здольнасці да праграмавання, даволі абмежаваная. Як вынік — абмежавана колькасць адпаведных спецыялістаў, таму набываюць папулярнасць так званыя мультывектарныя спецыяльнасці, як згаданая вышэй. Наш універсітэт плануе рыхтаваць выпускнікоў, якія будуць валодаць навыкамі некалькіх спецыяльнасцей і атрымліваць кваліфікацыю “інжынер, праграміст, эканаміст”. Мы перакананы, што пасля заканчэння ўніверсітэта яны з лёгкасцю знойдуць працоўнае месца і будуць запатрабаваны.

— Алена Фёдараўна, а чым абумоўлена адкрыццё спецыяльнасці “Сусветная эканоміка”?

— Наша краіна нарошчвае свой эканамічны патэнцыял, наладжваюцца гандлёвыя сувязі з краінамі-суседкамі, супрацоўніцтва з Еўрапейскім саюзам. Натуральна, патрэбны спецыялісты, падрыхтаваныя не толькі з пункту гледжання функцыянавання нацыянальнай эканомікі, але і сусветнай, якія на высокім узроўні валодаюць замежнымі мовамі. Менавіта такая падрыхтоўка прапаноўваецца студэнтам згаданай спецыяльнасці. Дарэчы, сёння не так многа ўстаноў, дзе праводзіцца навучанне па спецыяльнасці “Сусветная эканоміка”. Гэта, па сутнасці, толькі ў БДЭУ і БДУ (факультэт міжнародных адносін).

— Хто будзе выкладаць у студэнтаў спецыяльнасцей “Інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі” і “Сусветная эканоміка”?

— Ва ўніверсітэце выдатны педагагічны патэнцыял, а таксама шматлікія сувязі з міжнароднымі ўніверсітэтамі і замежнымі прафесарамі. Такім чынам, выкладанне ажыццяўляюць не толькі беларускія навукоўцы, але і замежныя. Штогод ва ўніверсітэт прыязджае некалькі замежных вучоных, каб прачытаць поўны курс лекцый на англійскай мове.

— Алена Фёдараўна, чым падаграваецца цікавасць абітурыентаў да паступлення на дадзеныя спецыяльнасці, а студэнтаў — да навукі?

— Каб зацікавіць і заахвоціць абітурыентаў, плануецца правядзенне конкурсу эсэ па трох спецыяльнасцях. Зараз ужо аб’яўлены конкурс эсэ “1000 слоў супраць тэрарызму”, які накіраваны на прыцягненне ўвагі моладзі да міжнароднага права. Плануецца правядзенне аналагічных конкурсаў для абітурыентаў у галіне працоўнага права і сусветнай эканомікі. Абітурыенты-пераможцы атрымаюць галоўны прыз — магчымасць бясплатнага навучання ва ўніверсітэце тэрмінам у 1 год пры ўмове, што яны набяруць патрэбныя балы на цэнтралізаваным тэсціраванні.

Што да студэнтаў, то актыўна вядзецца работа па іх уключэнні ў мiжнародную дзейнасць. Яны ўдзельнiчаюць i перамагаюць у мiжнародных конкурсах i канферэнцыях. Наш універсiтэт удзельнiчае ў маштабных мiжнародных праектах. З 2009 года мы актыўна супрацоўнiчаем з Міністэрствам адукацыі па праграме “Еўратуры”, што дазваляе сфарміраваць пад канкрэтную спецыяльнасць адукацыйную праграму паездкі па некалькіх краінах (Літва, Польшча, Германія i iншыя). Гэта дапамагае студэнтам вызначыць сваё месца ў напрамках, важных для іх прафесійнай дзейнасці і развіцця.

— Якія бонусы будуць мець выпускнікі згаданых спецыяльнасцей?

— Для спецыяльнасцi “Сусветная эканомiка” гэта найперш высокі ўзровень валодання замежнымі мовамі. На працягу ўсяго перыяду навучання студэнтам прапаноўваецца вывучэнне дзвюх моў — англійскай (абавязкова) і мовы на выбар (8 моў, уключаючы кітайскую), што дасць iм перавагi на рынку працы.

Гутарыла Ірына ІВАШКА.
Фота аўтара.