У школе юных хімікаў — аншлаг

Школы юных у Беларускім дзяржаўным універсітэце (а сёлета іх 17) пачынаюць новы адукацыйны сезон. Іх дзейнасць накіравана на знаёмства школьнікаў з адукацыйнай і навуковай базай факультэтаў, а таксама на падрыхтоўку да паступлення і навучання ў БДУ. Адным з першых юных аматараў навукі сустракаў хімічны факультэт. І ўжо на арганізацыйным сходзе тут быў сапраўдны аншлаг.

На першую сустрэчу з арганізатарамі хімічнай школы прыйшло больш як 200 навучэнцаў, многія — разам з бацькамі і настаўнікамі. На факультэце нават не чакалі такога наплыву жадаючых. Вядома, тут і ў мінулыя гады заўсёды было мнагалюдна, але каб такі ажыятаж — гэта ўпершыню. Зрэшты, усё тлумачыцца проста: атрымліваць веды ў самым асяродку хімічнай навукі, вучыцца ў сапраўдных даследчыкаў, нават проста быць у гэтых прапахлых хімікатамі сценах — мара кожнага, хто засынае з табліцай Мендзялеева пад падушкай.

Школа юнага хіміка — адна з самых масавых ў БДУ. У адрозненне ад іншых факультэтаў, якія пра­цуюць пераважна са старэйшымі юнакамі і дзяўчатамі, слухачамі хімічнай школы могуць стаць навучэнцы 5—11 класаў. Заняткі праводзяцца па напрамках: “Дзіўная хімія” (для самых маленькіх), “Уводзіны ў хімію” (6—7 клас), “Неарганічная хімія” і “Арганічная хімія” (усе класы), а таксама “Паглыбленая хімія” (для самых здольных). Заняткі ў школе праводзяцца з верасня па май адзін-два разы на ты­дзень.

Набор на курс “Дзіўная хімія” для вучняў 5—6 класаў быў закрыты літаральна за некалькі дзён — гэта ці не самы запатрабаваны напрамак у школе. Па сваёй аўтарскай праграме з дзецьмі працуе намеснік дэкана па вучэбна-выхаваўчай рабоце хімічнага факультэта Жанна Цабкала.

— Першыя дзеці, якія пачыналі вучыцца па праграме “Дзіўная хімія”, зараз ужо ў 8 класе, — расказвае Жанна Анатольеўна, — і мы бачым плён сваёй работы. Гэта вельмі цікаўныя маладыя людзі, якія праяўляюць цікавасць да алімпіяднага руху, спрабуюць сілы ў якасці даследчыкаў. На нашым факультэце праводзіцца канферэнцыя “Першы крок у навуку”, і традыцыйна ў ёй бяруць уд зел слухачы школы юнага хіміка, у тым ліку самыя малодшыя. Летась, напрыклад, імі было заяўлена 12(!) дакладаў, і многія з іх адзначаны прызамі. Варта сказаць, што адным з фундатараў канферэнцыі з’яўляецца вядомая хімічная кампанія Dow, прадстаўнікі якой уваходзяць у склад журы. Усе адзначаюць старанні юных хімікаў.

“Уводзіны ў хімію” — прапедэў­тычны курс, на які запрашаюцца ўсе жадаючыя. Тут задача арганізатараў — даць дзецям элементарныя веды, зацікавіць іх і матываваць на вывучэнне хіміі.

— На “Уводзіны ў хімію”, у адрозненне ад іншых курсаў нашай школы, можна зарэгістравацца і прыйсці ў любы час, нават вясной, — гаворыць Жанна Цабкала. — Раптам знойдзецца ўнікальнае дзіця, якое скажа сваё слова ў навуцы.

“Неарганічная хімія” і “Арганічная хімія” — два курсы, якія могуць наведваць дзеці любых класаў (як правіла, 8—11). Гэта ўжо сур’ёзны ўзровень, і тут, акрамя зацікаўленасці, патрэбен пэўны багаж ведаў. Улічваючы вялізную коль­касць жадаючых (а навучанне мае на ўвазе ў тым ліку работу ў лабараторыях), арганізатары пла­нуюць праз месяц заняткаў правесці тэсціраванне. У выніку ў школе застануцца самыя моцныя і матываваныя дзеці.

Зрэшты, юныя аматары хіміі гатовы вучыцца многа і не баяцца магчымых цяжкасцей. Па вопыце мінулых гадоў арганізатары веда­юць, што ёсць дзеці, якія ўмудраюцца хадзіць паралельна на абодва курсы: займаюцца 4 гадзіны запар у суботу і двойчы (па дзве астранамічныя гадзіны) — па буднях. Вось такая прага ведаў!

— Я хацеў трапіць у школу юнага хіміка яшчэ ў мінулым годзе, але пужала, што яна працуе ў галоўным універсітэце краіны. Было страшнавата, што не пацягну. Не хацелася выглядаць недарэчна, — дзеліцца думкамі дзевяцікласнік Андрэй. — А зараз вельмі рады, што ўсё ж такі рашыўся і прыйшоў сюды. Маіх ведаў па хіміі хапае, каб разумець лекцыі і ў той жа час развівацца далей. Выкладчыкі вельмі жывыя, даступныя для ўзаемаадносін — адразу відаць, што будзе цікава.

На адкрыцці новага сезона школы юных хімікаў з навукова-папулярным шоу выступілі ўдзельнікі студэнцкага праекта “Віртуозы навукі БДУ”. Студэнты прадэманстравалі дзецям эфектныя хімічныя эксперыменты, чым даказалі, што дасведчаным і творчым хімікам заўсёды ёсць чым здзівіць аўдыторыю.

Жанна Анатольеўна расказала, што на курс “Паглыбленая хімія” плануецца набраць 15 чалавек. Залічэнне ў групу ажыццяўляецца па выніках тэсціравання, бо гэта ўжо алімпіядны ўзровень падрыхтоўкі. Тут будуць расціць зорак.

— Наша школа разлічана на дзяцей, якія плануюць паступаць на хімічны факультэт БДУ, на нашых будучых абітурыентаў, — падкрэслівае Жанна Цабкала. — Мы не рыхтуем да цэнтралізаванага тэсціравання і не “латаем дзіркі” ў школьнай праграме. Наша задача — падрыхтаваць дзяцей да асаблівасцей навучання на хімічным факультэце. Яны павінны навучыцца мысліць, як хімікі.

Выкладаюць у школе супрацоўнікі хімічнага факультэта і НДІ фізіка-хімічных праблем БДУ, а таксама адораныя студэнты, якія ў свой час таксама былі “школьнікамі” на хімфаку і маюць вопыт удзелу ў міжнародных хімічных алімпіядах.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.