Чалавек сам павінен зрабіць свой жыццёвы выбар

Сёлетняя ўступная кампанія вызначалася шэрагам новаўвядзенняў. Пра тое, як яны паўплывалі на якасны і колькасны набор абітурыентаў, нам расказала адказны сакратар прыёмнай камісіі БДУ Людміла Міхайлаўна ХУХЛЫНДЗІНА.

— Людміла Міхайлаўна, ніжнія значэнні тэставых балаў дзейнічалі і ў папярэднія гады, але сёлета разам са зніжэннем агульнай колькасці абітурыентаў яны істотна паўплывалі на сітуацыю. Многія ўстановы адукацыі не змаглі ажыццявіць набор з першага разу і мусілі рабіць другую ітэрацыю. Раскажыце, як складваліся справы ў галоўным універсітэце краіны, ці шмат вашых патэнцыяльных абітурыентаў засталося за парогам?
— У БДУ ўвядзенне мінімальнага парога практычна не адбілася на прыёме. Мы правялі добры набор практычна па ўсіх спецыяльнасцях. Зрэшты, быў недабор (2 чалавекі) на спецыяльнасць ваеннага факультэта “Хімія (радыяцыйная, хімічная і біялагічная абарона)”. Справа ў тым, што адбор праводзілі ваенкаматы, і колькасць абітурыентаў, якія атрымалі накіраванне, аказалася недастатковай — некаторыя маладыя людзі не пераадолелі мінімальны парог. Калі ж планка была зніжана, на згаданую спецыяльнасць нават стварыўся конкурс.
Другая спецыяльнасць, на якую быў недабор, — гэта “Фізіка” (напрамкі “Кіраўніцкая дзейнасць” і “Навукова-вытворчая дзейнасць”). Агульная колькасць месцаў, якія засталіся вакантнымі, — 25. На жаль, мы не атрымалі дазволу правесці на гэтыя месцы дадатковы набор, хаця многія абітурыенты цікавіліся і чакалі, што такая магчымасць будзе.
Акрамя таго, адно вольнае месца засталося на спецыяльнасці “Беларуская філалогія”. Тут таксама не было дадатковага набору, таму што абітурыентам трэба здаваць унутраны экзамен.
На жаль, мы бачым, што колькасць жадаючых вывучаць родную мову і літаратуру (гэтак жа як і колькасць абітурыентаў, якія здаюць беларускую мову на ЦТ) з году ў год скарачаецца, і гэта вельмі прыкра. Больш за тое, у абітурыентаў, якія паступаюць на “Рускую філалогію” і “Беларускую філалогію”, розныя ўступныя выпрабаванні, а таму магчымасці перападаць дакументы няма (хаця вучэбныя планы на абедзвюх спецыяльнасцях даволі блізкія). Мы прааналізавалі гэтую сітуацыю і будзем выступаць з ініцыятывай, каб з 2016 года (пералік уступных выпрабаванняў на 2015 год ужо зацверджаны) абітурыенты, якія паступаюць на спецыяльнасці “Руская філалогія” і “Беларуская філалогія”, здавалі ў якасці ўступных выпрабаванняў і рускую, і беларускую мову. Адначасова прапаноўваем адмяніць вусны экзамен па літаратуры. Многія абітурыенты хацелі б падаваць дакументы, ведаючы свае шансы на паступленне, а дадатковы экзамен ва ўніверсітэце пужае некаторых паступаючых, бо нясе пэўную рызыку. Мы лічым, што, калі наша прапанова будзе рэалізавана, гэта вырашыць сітуацыю з паступленнем на “Беларускую філалогію” не толькі ў БДУ, але і ў іншых універсітэтах.

— Скажыце, а як паўплывала ніжняя планка на платны прыём?
— Тут сітуацыя таксама параўнальная з мінулымі гадамі: тыя факультэты, якія заўсёды набіралі платнікаў, набралі іх і сёлета. У той жа час вядома, што вялікая колькасць абітурыентаў фізіка-матэматычнага профілю не пераадолела вызначаны парог, а таму на прыродазнаўчых факультэтах прыём на платнае навучанне не выкананы ў запланаваным аб’ёме.
Напрыклад, на фізічным факультэце ў нас усяго тры платнікі. Адзін з іх нават не браў удзелу ў конкурсе на бюджэтнае навучанне, адразу падаў дакументы на платнае. Другі з даволі высокімі баламі паступіў на факультэт радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій БДУ (бюджэт), але потым адлічыўся і паступіў ужо на фізфак. А трэці малады чалавек паспяхова скончыў ліцэй, меў вельмі высокія балы, але пасля ЦТ паехаў з бацькамі адпачываць і не паспеў у тэрмін падаць дакументы на бюджэтнае навучанне. Ён не звярнуў увагу, што сёлета тэрміны прыёму дакументаў змяніліся. Такая вось крыўдная гісторыя. Зрэшты, у гэтых маладых людзей ёсць шанс перавесціся на бюджэтныя месцы пры ўмове, што ў іх будзе высокая паспяховасць.

— Сёлета ў правілы прыёму была ўведзена норма, якая дазваляе падаваць у прыёмную камісію дакументы замест абітурыентаў іх давераным асобам, калі на гэта ёсць уважлівая прычына (хвароба, удзел у міжнародных конкурсах і спаборніцтвах, службовая камандзіроўка і г.д.). Магчыма, калі б такі дазвол распаўсюджваўся на ўсіх абітурыентаў, такіх прыкрых сітуацый, пра якую вы расказалі, не здаралася б…
— Паступленне ва ўніверсітэт — гэта вельмі сур’ёзная падзея ў жыцці чалавека, і я лічу, што чалавек сам павінен зрабіць свой выбар. А так атрымліваецца, з аднаго боку, мы гаворым, што маладыя людзі інфантыльныя і не ўмеюць прымаць рашэнні, а з другога — хочам ісці наперадзе і слаць саломку. Вось у прыёмную камісію заходзіць абіту-рыент — сапраўдны велікан і просіць дазволу напісаць заяву… з мамай, каб нічога не наблытаць. “Ён ніколі нікуды без мяне не хадзіў”, — просіцца і мама. Аднак гэта ня-правільна. Абітурыенты могуць і павінны быць адказнымі за свае дзеянні.
Сёлета ў нас не так шмат людзей падавалі дакументы па даверанасці. Але я ўпэўнена, што, калі б дазволілі рабіць гэта без уважлівай прычыны, дакументы за дзяцей падавалі б пераважна бацькі!

— У гэтым годзе медалісты маглі паступаць на шэраг педагагічных спецыяльнасцей без экзаменаў. Ці былі такія спецыяльнасці ў БДУ?
— Сапраўды, без экзаменаў можна было паступаць не на ўсе спецыяльнасці. Напрыклад, “Беларуская філалогія”, пра якую мы ўжо казалі, не ўвайшла ў адпаведны пералік Міністэрства адукацыі.
У БДУ медалісты паступалі на навукова-педагагічныя спецыяльнасці механіка-матэматычнага, біялагічнага, хімічнага і геаграфічнага факультэтаў. І трэба сказаць, што яны даволі актыўна скарысталіся гэтай магчымасцю. У папярэднія гады ва ўмовах аб’яднанага прыёму абітурыенты паступалі на педагагічныя спецыяльнасці ў апошнюю чаргу, а сёлета, дзякуючы медалістам, там нават узраслі прахадныя балы.

— Таксама адбыліся змены ў прыёме пераможцаў Рэспубліканскай алімпіяды па грамадазнаўстве. Як гэта паўплывала на якасць набору на адпаведныя спецыяльнасці?
— У нашым універсітэце гэта перш за ўсё спецыяльнасці “Міжнародныя адносіны” і “Міжнароднае права”, куды ў папярэднія гады пераможцы алімпіяды паступалі без экзаменаў. Сёлета гэтым маладым людзям выстаўлялася 100 балаў па грамадазнаўстве. З-за гэтага прахадныя балы крыху знізіліся, але цяпер у многіх абітурыентаў з’явіўся шанс паступіць на згаданыя спецыяльнасці (летась на спецыяльнасць “Міжнароднае права” па агульным конкурсе змог прайсці толькі адзін чалавек).

— Сёлета быў таксама адменены асобны конкурс для сельскіх і гарадскіх выпускнікоў. Скажыце, Людміла Міхайлаўна, як змянілася прапорцыя ці працэнт сельскіх дзяцей застаўся на ўзроўні мінулых гадоў?
— Колькасць сельскіх выпускнікоў зменшылася, сярод першакурснікаў іх 5,8% (у лепшыя гады было да 10%), але прычыну мы яшчэ не аналізавалі. Як вядома, зменшылася агульная колькасць абітурыентаў, скарачаецца колькасць сельскіх школ…
Што да асобнага конкурсу для сельскіх і гарадскіх выпускнікоў, то раней там былі праблемы. Напрыклад, калі на пэўную спецыяльнасць падаваў дакументы толькі адзін сельскі выпускнік (нават з нізкімі баламі), мы ўсё роўна былі абавязаны залічыць яго. Чалавек фактычна паступаў па-за конкурсам, а гэта ну ніяк не адпавядала прынцыпу сацыяльнай справядлівасці. Зразумела, гэта выклікала шматлікія пытанні ў тых, хто, маючы значна большыя балы, заставаўся за бортам.

— Новымі правіламі прыёму дазваляецца паступаць на мэтавую падрыхтоўку незалежна ад месца жыхарства і адзнак у дакуменце аб адукацыі, прычым мэтавыя месцы могуць выдзяляцца на любых спецыяльнасцях у даволі вялікіх аб’ёмах. Многія апасаліся, што мэтавая падрыхтоўка стане масавай. Скажыце, ці павялічыўся сёлета ў БДУ мэтавы набор?
— Так, магчымасці для павелічэння мэтавага набору з’явіліся, але далёка не ўсе прадпрыемствы і арганізацыі паспяшаліся накіраваць у Міністэрства адукацыі адпаведныя заяўкі. Таму мэтавы набор застаўся ў нас прыкладна на ўзроўні мінулага года.
На жаль, засталася і ранейшая праблема, якая характэрна перш за ўсё для педагагічных спецыяльнасцей. Справа ў тым, што на нейкім этапе абітурыенты вельмі хочуць паступіць і бяруць мэтавыя накіраванні. Потым яны здаюць ЦТ і трапляюць у цікавую сітуацыю. Напрыклад, яны атрымліваюць вельмі высокія балы і разумеюць, што мо-гуць паступіць і без мэтавага накіравання. Або, наадварот, недабіраюць патрэбных балаў і ўвогуле не могуць удзельнічаць у конкурсе. І калі арганізацыя выдала толькі адно мэтавае накіраванне, то залічваць на адпаведнае мэтавае месца няма каго. У такім выпадку прыёмная камісія мае права самастойна шукаць чалавека, які б пагадзіўся паступіць на гэтае месца. Безумоўна, цяпер у нас з’явіўся большы прастор для пошуку, бо калі раней мы маглі прапаноўваць мэтавыя месцы толькі жыхарам сельскай мясцовасці і малых гарадоў, то цяпер абмежаванняў няма. Але ўсё роўна сёлета нам давялося прыкладаць немалыя намаганні, каб план мэтавага набору быў выкананы.

— Раскажыце, Людміла Міхайлаўна, якія новаўвядзенні чакаюць абітурыентаў 2015 года?
— На геаграфічным факультэце на дзённай форме навучання мы збіраемся адкрыць новы напрамак падрыхтоўкі — “Геадэмаграфія”, а на завочнай форме — спецыяльнасць “Космааэракартаграфія”, куды будзем прымаць у тым ліку і на скарочаны тэрмін. Гаворка ідзе пра выпускнікоў устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі (спецыяльнасць “Геадэзія”).
Разглядаецца пытанне, каб на спецыяльнасці “Дызайн” Дзяржаўнага інстытута кіравання і сацыяльных тэхналогій БДУ адкрыць яшчэ адзін напрамак — “Дызайн касцюма і тканін”. Верагодна, што ў гэтым жа інстытуце будзе адкрыта спецыяльнасць “Дзяржаўнае кіраванне і права”, якая зараз узгадняецца.
Набор на спецыяльнасць “Дакументазнаўства” (гістарычны факультэт) будзе весціся толькі па адным напрамку — “Інфармацыйнае забеспячэнне кіравання”. На другі напрамак — “Дакументацыйнае забеспячэнне кіравання” — набор у будучым годзе не плануецца.
Вядома, што ў 2015 годзе змяняюцца ўступныя выпрабаванні на спецыяльнасць “Правазнаўства” (замест матэматыкі абітурыенты будуць здаваць замежную мову). Такім чынам, у абітурыентаў, якія паступаюць на спецыяльнасці “Міжнароднае права” і “Правазнаўства”, набор сертыфікатаў будзе супадаць, а гэта значыць, што ў іх будзе менш абмежаванняў: тыя, хто не паступіць на факультэт міжнародных адносін, змогуць падаць дакументы на юрыдычны. Можна меркаваць, што прахадныя балы на юрфаку ў сувязі з гэтым крыху павялічацца.
І яшчэ адно новаўвядзенне чакае абітурыентаў 2015 года, якія будуць паступаць на спецыяльнасць “Геалогія і разведка карысных радовішчаў”. Замест геаграфіі ў якасці ўступнага экзамену ім трэба будзе здаваць фізіку. Гэтае рашэнне наўрад ці парадуе аматараў геаграфіі, бо пераможцы прадметнай алімпіяды вельмі часта паступалі менавіта на гэтую спецыяльнасць.

— Дзякуй, Людміла Міхайлаўна, за цікавую гутарку.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.