ФМА БДУ: з ухілам на патрэбы школы

У межах развіцця супрацоўніцтва факультэт міжнародных адносін Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта наведалі 12 школьнікаў з Верхнядзвінскага раёна Віцебскай вобласці. Двухдзённая сустрэча прайшла пад дэвізам “Беларусь Паўночная — БДУ”.

Візіт меў прафарыентацыйны характар і быў накіраваны на знаёмства будучых абітурыентаў з факультэтамі, спецыяльнасцямі і студэнцкім жыццём БДУ. У госці ва ўніверсітэт прыехалі старшакласнікі з высокай паспяховасцю, якія дасягнулі значных вынікаў у вучэбнай дзейнасці. Сярод іх — прадстаўнікі Верхнядзвінскай гімназіі, сярэдняй школы № 2 і Барковіцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы.

— Нам ужо даўно хацелася правесці сумесную акцыю, — расказвае дэкан факультэта міжнародных адносін БДУ Віктар Шадурскі. — І мы гатовы спрыяць далейшаму развіццю супольных праектаў. Можна сказаць, што падобная сустрэча — першая ластаўка ў напрамку да супрацоўніцтва.

Па словах настаўнікаў, ім хацелася б атрымаць з боку ўніверсітэцкіх выкладчыкаў надзейную навуковую падтрымку вучэбнага працэсу.

У межах сустрэчы ўдзельнікі абмеркавалі магчымае стварэнне на базе ФМА БДУ кансультацыйнага цэнтра для настаўнікаў Верхнядзвінскага раёна. Па словах арганізатараў мерапрыемства, яго дзейнасць дазволіла б педагогам атрымліваць у анлайн-рэжыме экспертныя рэкамендацыі па розных вучэбных прадметах.

Падчас візіту верхнядзвінскіх школьнікаў былі рэалізаваны дзве праграмы: навукова-адукацыйная і забаўляльная. У залежнасці ад сваіх пераваг (гісторыя, хімія ці матэматыка) хлопцы і дзяўчаты змаглі наведаць некаторыя факультэты БДУ, паслухаць лекцыі разам са студэнтамі, паўдзельнічаць у практычных занятках, завітаць ва ўніверсітэцкую бібліятэку і інтэрнаты.

З навуковай дзейнасцю маладыя людзі азнаёміліся ў Інстытуце гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук на сустрэчы з вучонымі-гісторыкамі. Старшакласнікі прынялі ўдзел у круглым стале “Верхнядзвінскі край у гісторыі Беларусі”. Пра мінулае малой бацькаўшчыны ім расказаў загадчык аддзела гісторыі Беларусі сярэдніх вякоў і пачатку новага часу Нацыянальнай акадэміі навук Васіль Варонін. Вучоны паведаміў школьнікам пра найбольш выбітных гістарычных асоб і грамадска-палітычных дзеячаў, вучоных, звязаных з іх родным горадам, і адкрыў заслону над гісторыяй старажытных пабудоў Віцебшчыны.

Завяршэннем сустрэчы сталі экскурсіі будучых абітурыентаў у Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і Нацыянальную бібліятэку.

Ірына ІВАШКА.
Фота аўтара.