Хачу вучыцца ў БДУІР

У Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі прайшоў дзень адкрытых дзвярэй. Абітурыенты даведаліся пра асаблівасці сёлетняй прыёмнай кампаніі, азнаёміліся са спецыяльнасцямі і задалі надзённыя пытанні студэнтам і выкладчыкам установы.

У гэтым годзе арганізатары дня адкрытых дзвярэй адышлі ад традыцыйнага фармату яго правядзення: замест сустрэчы ў актавай зале адбылося знаёмства абітурыентаў з кожным факультэтам. На месцах школьнікі ўзаемадзейнічалі са студэнтамі, наведвалі вучэбныя аўдыторыі, лабараторыі і навуковыя цэнтры кафедраў. Такі падыход дазволіў маладым людзям больш глыбока ўнікнуць у сутнасць выбранай спецыяльнасці, даведацца, у якіх умовах праходзіць навучанне. Для таго каб хлопцы і дзяўчаты змаглі наведаць больш пляцовак, сустрэчы прайшлі ў розны час.

На пляцоўцы электроннай бібліятэкі школьнікі мелі магчымасць стварыць асабісты электронны кабінет, навучыцца карыстацца ім падчас паступлення. Яны атрымалі кансультацыі ад прадстаўнікоў прыёмнай кампаніі, прафкама студэнтаў і Цэнтра моўнай падрыхтоўкі БДУІР.

Сёлета ў БДУІР павялічыўся набор на папулярныя ІТ-спецыяльнасці факультэта камп’ютарных сістэм і сетак, факультэта інфармацыйных тэхналогій і кіравання, а таксама на ўсе спецыяльнасці факультэта інфакамунікацый на 285 месцаў.

— Дэкрэт № 8 “Аб развіцці лічбавай эканомікі” прадугледжвае павелічэнне колькасці спецыялістаў, якія будуць абслугоўваць гэтую эканоміку. Павелічэнне колькасці месцаў — гэта ініцыятыва БДУІР і Парка высокіх тэхналогій, якую падтрымала Міністэрства адукацыі. Ва ўступнай кампаніі гэтага года мы стараемся працаваць адрасна з кожным абітурыентам, каб ён паступіў менавіта на тую спецыяльнасць, дзе будзе вучыцца з задавальненнем. Таму шмат тлумачым і кансультуем школьнікаў у сацыяльных сетках, праводзім сустрэчы, — адзначыў адказны сакратар прыёмнай камісіі БДУІР Васіль Бандарык.

Для абітурыентаў, якія выбралі спецыяльнасці, звязаныя з праграмаваннем, студэнты старшых курсаў факультэта камп’ютарных сістэм і сетак падрыхтавалі майстар-класы па апаратным забеспячэнні, мабільнай распрацоўцы, вэб-распрацоўцы і асновах крыптаграфіі. Так, студэнт 4 курса спецыяльнасці “Інфарматызацыя і тэхналогія праграмавання” Дзмітрый Рабаў вучыў наведвальнікаў універсітэта асновам вэб-праграмавання і мове праграмавання JAWA.

— Любая спецыяльнасць дае кожнаму студэнту магчымасці. Ажыццяўляць іх ці не — гэта ўжо асабістая справа кожнага, — падзяліўся са школьнікамі малады чалавек. — Увогуле, вы зразумееце, што праграмаванне — гэта магія.

Акрамя запланаваных мерапрыемстваў, у дзень адкрытых дзвярэй былі названы імёны пераможцаў конкурсу эсэ “Чаму я хачу стаць студэнтам БДУІР”. Дыпломам I ступені быў адзначаны вучань гімназіі № 2 Бабруйска Аляксей Жукаў, II ступені — Аляксандр Шумак (гімназія № 1 Пінска). Дыплом III ступені падзялілі паміж сабой Мікіта Куракін (гімназія № 2 Бабруйска) і Уладзіслаў Кір’янаў з гімназіі № 6 Брэста. Дыпломамі ў намінацыях “За нестандартны падыход у раскрыцці тэмы і вернасць традыцыям”, “За аргументаванасць і логіку выкладання”, “За імкненне да мэты” былі ўзнагароджаны Лізавета Карчэня (гімназія № 10 Мінска), Марыя Куракова (сярэдняя школа № 2 Віцебска) і Данііл Граханцаў (сярэдняя школа № 4 Салігорска) адпаведна.

Дзесяцікласнік Герман Шпрыгаў вызначыўся з будучай прафесіяй зусім нядаўна, але ўжо ўзмоцнена падцягвае веды па матэматыцы, фізіцы, праграмаванні. На дні адкрытых дзвярэй хлопец не абмінуў майстар-класы, цікавіўся многімі з’явамі, задаваў пытанні. “Я даўно прыглядаўся да ўніверсітэта, — падзяліўся юнак, — але сёння цалкам пераканаўся ў тым, што хачу вучыцца ў БДУІР”.

Ірына ІВАШКА.
Фота прадастаўлена прэс-службай БДУІР.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*